За морам Герадота
дзікунскі дзіўны край:
Там палявалі готы
i кельтская турбота
Ў сэрцах - мёдам у сотах.
Ты грай, валынка, грай!
Там замкі не будуюць,
Бо твань ляжыць паўсюль
І падатковы чуе:
Ніхто не ўратуе
Калі ў дрыгве бядуеш-
Ні Бог, ні князь, ні круль
Хай дзіркі ў кішэнях-
Ёсць шаблі ды нажы.
Жыццё тут летуценна,
Пад сонцам ды у цені
Крыжы, крыжы, крыжы...
Купец? Тады дрыжы.
Палескія піраты
Як птушкі ды вужы-
Сваёй не маюць хаты,
Брудны ўсе, барадаты,
Іх не стрымаюць краты,
Байцы, што не кажы.
За морам Герадота
Дзікунскі дзіўны край
Пірацкая басота
дадасць усім турботы-
Шукае лёгкіх злотых…
Ты грай, валынка, грай!