Литературный портал Графоманам.НЕТ — настоящая находка для тех, кому нравятся современные стихи и проза. Если вы пишете стихи или рассказы, эта площадка — для вас. Если вы читатель-гурман, можете дальше не терзать поисковики запросами «хорошие стихи» или «современная проза». Потому что здесь опубликовано все разнообразие произведений — замечательные стихи и классная проза всех жанров. У нас проводятся литературные конкурсы на самые разные темы.

К авторам портала

Публикации на сайте о событиях на Украине и их обсуждения приобретают всё менее литературный характер.

Мы разделяем беспокойство наших авторов. В редколлегии тоже есть противоположные мнения относительно происходящего.

Но это не повод нам всем здесь рассориться и расплеваться.

С сегодняшнего дня (11-03-2022) на сайте вводится "военная цензура": будут удаляться все новые публикации (и анонсы старых) о происходящем конфликте и комментарии о нём.

И ещё. Если ПК не видит наш сайт - смените в настройках сети DNS на 8.8.8.8

 

Стихотворение дня

"партитура"
© Нора Никанорова

"Крысолов"
© Роман Н. Точилин

 
Реклама
Содержание
Поэзия
Проза
Песни
Другое
Сейчас на сайте
Всего: 304
Авторов: 0
Гостей: 304
Поиск по порталу
Проверка слова

http://gramota.ru/

Юргінія
Частка першая
Пад Польшчай

      Штурхаючы  хлопцаў і дзяўчат, Лявон Жыгула выбег з пуні Гардзея Лусты, дзе ішла вечарынка, як уджалены. Яго распірала злосць. Каб перад танцамі дзе-небудзь каўтануў з добры кілішак самагонкі, то не здабраваць бы тады гэтаму прайдзісвету і бабніку Аркадзю Круталёву з Шаркоў. Гэта ж трэба: той ужо два разы, апярэдзіўшы Лявона, запрасіў, а дакладней – проста нахабна выцягнуў за руку з гурта дзяўчат на танец Усцю Жамойсцікаву. А пасля танца, у перапынку, прынёс дзяўчатам, дзе была і Усця, вялікі букет вяргіняў.
Да гэтых танцаў Лявон не надта да Усці і прыглядаўся: дзяўчат у вёсцы хапала. Праўда, зграбная постаць, высокія грудзі, якія літаральна распіралі паркалёвую сукенку, чарнавалосая, з шэрымі вачыма Усця падабалася многім хлопцам. Але на гэты раз у Лявона, як у таго галоднага ваўка, быццам з-пад носа ўкралі яго здабычу. Гэта яго раззлавала больш за ўсё.

Лявон Жыгула, высокі шыракаплечы дзяцюк з вечна непаслухмянымі, як леташняя шарстуха , ільнянымі валасамі, абветраным тварам і загарэлымі крэпкімі рукамі лічыўся ў вёсцы зайздросным жаніхом. Але ў яго не было такой бесцырымоннасці і нахабства, як у Круталева, калі той заляцаўся да дзевак. Лявону было ўжо за двадцаць пяць, і прыйшла пара жаніцца, але ён усё ніяк не мог знайсці пару ў сваёй  вёсцы Вірулі. Праўда, была ў яго дзеўка ў  суседняй вёсцы Крупіна, дзе жыла далёкая радня. Колькі разоў, будучы там на танцах, ён сустракаўся з той высокай бялявай Веркай, нават аднойчы праводзіў яе да дому. Але маці, якую за худзізну і наравісты характар у вёсцы звалі ўсе Кастусяй, неяк даведаўшыся, што сын сустракаецца з гэтай бязроднай наймічкай Веркай, сказала, як адрэзала:
   - Яна табе не пара! Выбірай у сваім сяле. Скора во будуць, я чула, на хутары з вёскі ссяляць, зямлю дзяліць. А ў цябе толькі заляцанні ў галаве.
   Яно і праўда, думаў Лявон, успамінаючы пра Усцю. Адыйшоў далей ад пуні, дзе былі танцы, закурыў самакрутку з самасада.  
   Чарговы танец скончыўся, і з пуні сталі выбягаць расхрыстаныя хлопцы і разгарачаныя дзяўчаты. Лявон лавіў позіркам ладную фігурку Усці, але яе не было відно.  “Няўжо гэты круцель дзе-нібудзь ціскае яе пад застрэшкам, на леташнім сене?” Ад гэтай думкі ў Лявона зноўку закіпала злосць на Аркадзя, нават на тую ж Усцю, якая не адбрыла гэтага круцяля.
   “А яна і сапраўды ніштаватая дзяўчына - пераконваў сябе Лявон. – Маленькая, спрытная, працавітая”...
   Дом, дзе жыла Усця з бацькамі, стаяў крыху воддаль ад сядзібы Кастусі, а землі Жамойсцікаў за вёскай былі таксама побач, усяго цераз дарогу, што вяла праз лес у вёску Аблогі.   Усця была ў сям’і самай меншай: яе заўсёды маглі абараніць, калі што якое, трое старэйшых братоў, высокіх чарнавалосых дужых.
Калі яны былі занятыя іншай работай, часцяком баранаваць ворыва даводзілася і Усці. Работа гэта для жанчын не лічылася цяжкай. У вёсцы ніхто з дарослых не сядзеў без справы, асабліва ж летам, у гарачую пару.     Лявон часцяком бачыў, як, падаткнуўшы спадніцу, завіхаецца Усця на сваёй зямлі.  Ці калі жне жыта, ці збэрсаючы стажкі сена на лагу. Жыгула між волі заўсёды любаваўся і прыгожымі нагамі Усці, і усімі яе спрытнымі рухамі.
                                  
Негасцінная сустрэча

   Лявон страпянуўся ад сваіх думак, растаптаў недакурак і падаўся да хлопцаў, якія яшчэ курылі і гаманілі ля раскрытых дзвярэй Гардзеевай пуні. Вясковая моладзь збіралася ці сюды, каб патанцаваць на прасторы, ці у вялікую хату Гардзея на званы канцэрт нейкіх заезджых артыстаў. Было гэта часцей на святы, на Будскі фэст летам, ці восенню, у дзень Незалежнасці Польшчы. Праўда, каб трапіць на канцэрт, трэба было заплаціць адзін злоты, а яны ніколі  ў вяскоўцаў не былі лішнімі. Хаця моладзь магла наладзіць танцы і без канцэрта  ці падрыхтаваць яго і самастойна. Але на гэта павінен быць дазвол або самага пана Шашыцкага з гміны , ці мясцовага асадніка  Акалота. І галоўнае, каб увесь канцэрт: п’ескі, байкі ці песні гучалі толькі на польскай мове.
   Аднойчы, гады са тры таму назад, па смелай прапанове Аркадзя Круталёва з Шаркоў вірульская моладзь парушыла гэта правіла і многія спевы ды байкі гучалі на беларускай мове, прытым з крытыкай паноў і асаднікаў. За гэта двое хлопцаў з Віруляў атрымалі ў пастарунку па дзесяць бізуноў, а сам Круталёў, казалі, на некалькі сутак трапіў аж у турму  ў Вілейку. Пасля гэтага ён некуды надоўга знік, а вясковыя хлопцы неяк адкупіліся ад арышту, і ўсе засталіся дома.
   І потым ужо на гулях моладзі дарослыя дзецюкі, а больш настаўнікі мясцовай школы, якія часцей  за ўсё і ладзілі канцэрты, абрывалі малых падшыванцаў, якія, дражнячыся, спрабавалі заводзіць беларускія песні. Каму была ахвота зноў каштаваць бізуноў ці трапляць за краты?
   Рэўнасць і невядомасць грызлі сэрца Лявона, і ён рашыў дачакацца канца танцаў, высачыць Круталёва, і лепш за ўсё яго аднаго. Навошта? Ён і сам добра не разумеў. Ну, хаця б папужаць, адвучыць ад Віруляў. Хай цешыцца з дзеўкамі ў сваіх Шарках-Барках!
   Калі ужо стала святлець на усходзе неба і ўсе сталі разыходзіцца з танцаў, Лявон, мяркуючы,   па якой дарозе будзе вяртацца да радні Круталёў, рашыў прычакаць яго ля густых кустоў бэзу, што раслі ўздоўж гасцінца. Там рэчка Віраўлянка давала нырца пад мост, каб прадоўжыць потым свой шлях аж да Беразіны.
   Аркадзь вяртаўся не адзін, а з нейкім незнаёмым хлопцам, крыху ніжэйшым за яго, але яшчэ больш хударлявым, чым сам Круталёў.
  - Пачакай, - нечакана выйшаў з-за кустоў бэзу Лявон. – Ты, - звярнуўся ён да незнаёмага хлопца, - можаш прайсці адзін? Мне тут Аркадзю   колькі слоў сказаць трэба.
        Той нешта мэкнуў і нага за нагу падаўся па гасцінцу наперад.
     -  Так, - падступіў да Круталёва Лявон і схапіў таго за грудзі, - ты  ў нашу вёску больш ні нагой! Ясна?!   Пэўна, вірульскіх хлопцаў не знаеш ці пра Ігнася забыўся? Дык мы цябе быстра адвучым ад нашых дзевак. Малісябогу, што я цвярозы. А то я цябе тут жа, на гасцінцы, на ўсе жыццё адвучыў бы вяргіні ім  дарыць. Ты-ы зразумеў?! Запомніў?!.
     Аркадзь паспрабаваў вырвацца, але Лявон яшчэ мацней сціскаў шыкоўны касцюм на грудзях Круталёва, аж трэснуў верхні гузік.
     - Я... гэта... Ты чаго? Я ж нічога. Мы яшчэ паглядзім хто каго, - мэкаў Аркадзь, спрабуючы ні то вырвацца, ні то напужаць Лявона.
     - Ты?! Мне пагражаць?! – яшчэ больш раззлаваўся Лявон. Ён рэзка развярнуўшы Аркадзя спіной так спрытна, даў яму нагой у мяккае месца, што той,  спатыкаючыся, праляцеў  крокаў пяць, і літаральна ўзрыў носам жвір на  гасцінцу.
     Да яго падбег напарнік, які курыў воддаль за крокаў дзесяць, дапамог падняцца небараку і яны разам, ні слова ні сказаўшы, амаль подбегам рушылі па гасцінцу ў бок вёскі Марозаўка. Казалі, што там, за тры кіламетры адсюль, жыла нейкая радня Круталёва.
     Лявон пастаяў яшчэ крыху на гасцінцы, пакуль не прайшлі нервовыя дрыжыкі ва ўсім целе і, закурыўшы, паціху пацягнуўся міма  пуні Гардзея Лусты да сваёй сядзібы.
     Віднела…
     А ў пуні пасля чарговага перапынку ва ўсю іванаўскую,   відаць, на адыходзіны, зноў забухаў бубен, заіграў баян ды заплакала скрыпка. Толькі Лявону не хацелася больш туды ісці. Там, напэўна, яшчэ заставаліся і Усця, і яе браты, і іншая моладзь не толькі з Віруляў, але і з Марозаўкі, Баркоў і іншых суседніх вёсак. Такія танцы, з вялікім аркестрам музыкаў, наладжваліся звычайна ў вёсках па чарзе, дзесьці праз два-тры тыдні ці нават радзей.
    Жыгулу турзалі сумненні: а ці яго гэта Усця? Можа ёй даспадобы вось такія нахабныя хлопцы, як гэты хлышч Аркадзь? Ад аднаго толькі нетутэйшага імя Лявона зноў сталі біць дрыжыкі, асабліва, калі ён успамінаў, як гэты Круталёў тэатральна, з паклонам прыпаднёс букет вяргіняў дзяўчатам, сярод якіх была і Усця...

Малатарня

   Пуня Гардзея Лусты была быццам на далоні. Як зрэшты  і ў большасці гаспадароў у вёсцы Вірулі, яна стаяла крокаў за паўсотні ад іншых дваровых пабудоў: а раптам пажар? Тады хоць дом і хлявы застануцца.  А так...    З усіх бакоў вакол пуні свабодна гуляе вецер, і сена ці снапы нават і пад страхой сохнуць у любую пагоду. Тры сцяны адной паловы будыніны, дзе гаспадар звычайна кладзе на зіму сена, ячменную ці аўсяную салому, зроблены з сухіх бярозавых калоў,   няшчыльна, як частакол, пастаўленых   вертыкальна. А страха трымаецца на тоўстых яловых шулах, звязаных зверху і знізу двума-трыма доўгімі бярвеннямі. Высокая і стромкая страха з пачарнелай ад часу драніцы, залобкі, закрытыя няшчытна дошкамі з вялікімі вокнамі для скразняка – усё гэта рабіла забудову вельмі здатнай для прасушкі і захоўвання корму для скаціны. Разам с тым такая пуня, раздзеленая на дзве роўныя палавіны, была вельмі трывалай  і не баялася ніякай віхуры.
   Як правіла, дбайныя і багатыя гаспадары ў адной палове пуні насцілалі не прыбітую цвікамі падлогу з ачасаных з аднога боку яловых ці сасновых плашак. Нацярушаную скрозь іх мякіну, гаспадыня, калі трэба было, падымала подлогу, брала яе, запарвала ў цэбрах , і, дадаўшы адыходаў зерня ці зацірухі з грубай мукі, давала скаціне. У добрай гаспадыні нічога не прападала.
   Летам   Гардзеева  пуня  амаль пуставала. У ёй замест ачасаных уручную плашак падлога была зроблена з габляваных і шчыльна падагнаных дошак. Таму моладзь і наладжвала тут танцы. Другіх вялікіх будынін у Вірулях, як, зрэшты, і ў другіх суседніх весках, не было. Зразумела, што танцы ў яго пуні прыносілі для Лусты многа клопату. Але і гаспадару перападала трохі злотых: дзецюкі ў вёсцы напярэдадні дамаўляліся, па колькі іх збіраць, каб добра аддзячыць і музыкаў, і гаспадара.
   Злева ад двайных і шырокіх дзвярэй, як заехаць з возам снапоў ці сена, у другой палавіне пуні падлогі звычайнай не было, а толькі   утрамбаваны ток з гліны. Тут, калі была няўпраўка ці ішлі дажджы, можна было ўручную, цапамі, разаслаўшы сухія снапы на ток, малаціць ячмень ці жыта, а зрабіўшы скразняк, потым веяць зерне.
   У Гардзея Лусты,  у   другой палавіне пуні стаяла сапрўдная жалезная малатарня. Ці то польская, ці нямецкая. За польскім часам гэта было рэдкасцю: далёка не ўсякі гаспадар мог сабраць не адну сотню злотых, каб купіць такую цуда-машыну. А круцілі малатарню пад застрэшкам на вуліцы двое коней, што былі ўпрэжаны ў вялікае драўлянае самаробнае кола дыяметрам са тры-чатыры метры з дубовымі зубамі наверсе, насаджанае на тоўстую, з галаву, бярозавую дылю. Праз сістэму жалезных валоў і шківоў рух кола перадаваўся праз дзірку ў сцяне пуні на саму малатарню. Там работнікам заставалася толькі паспяваць падаваць у яе барабан сухія снапы жыта ці ячменю, а потым збіраць зерне ў мяшкі.
   Яшчэ падлеткам Лявон Жыгула ці іншыя хлопцы, або седзячы зверху на кані, або паганяючы яго ззаду, круцілі такім чынам тут, у Гардзея Лусты, малатарню. Было чуваць, як за сцяной гудзе яе барабан.    
Лявон, седзячы на кані, іншы раз нават мог задрамаць ад аднастайнага руху і гулу за сцяной. Ужо тады ён марыў мець такую ж малатарню ў сваёй гаспадарцы, калі вырасце. Але гэта была занадта смелая задумка па тым часе. І яго маці Кастуся, ды і другія бяднейшыя вяскоўцы звычайна дамаўляліся з Лустай аб аплаце малацьбы, а потым па чарзе прывозілі сюды, у пуню, свае  снапы і за дзень-паўтара абмалочвалі іх.
   Таму з Гардзеем ніхто ў вёсцы не хацеў заводзіць нейкія перацяжкі : яго трохі пабойваліся, але і паважалі, бо ён не быў прагавіты. І ён сам, і сын, і нявестка з жонкай – усе, калі надыходзіла гарачая пара, працавалі і на полі, і на таку. Зямлі ў іх было не так і многа, але ўся яна была добра уробленая і ўгноеная, ды і ляжала блізка ля сядзібы. Ураджаі ў Лусты амаль заўсёды былі лепшымі, чым у іншых вяскоўцаў, і таму многія з іх яму патаемна зайздросцілі. А той выпісваў нейкія часопісы па агранаміі аж з Варшавы. Нават пасадзіў па вычытаных рэкамендацыях сад. Маладыя яблынькі ў яго сталі прыносіць плады ўжо дзесьці праз тры-чатыры гады.
   Умеў і любіў чалавек гаспадарыць. Ні гультаёў, ні п’яніц у яго сям’і не было.
   Аб гэтым, як і ўсе ў вёсцы, ведаў і Лявон. Знаў ён, што маці Усці і Гардзей былі братам і сястрой, хаця надта і не радніліся. Бацькі Усці мелі неблагую гаспадарку, але жылі бядней за Лусту. Жамойсцікі мелі і грошы, і неблагі дом, і ўсю жыўнасць, якая трэба на вёсцы, а вось зямлі ў іх было мала. Толькі старэйшую дачку яны аддалі замуж і аднаго сына жанілі. Астатнія трое дзяцей жылі  разам.
Як і ўсе старыя людзі, бацькі Усці зрэдку прыходзілі на вясковыя вечарынкі: пасядзець на лаўцы дзе-небудзь у кутку, пацікаваць, хто з кім танцуе, абгаварыць фанабэрыстых хлопцаў ці дзевак. Жамойсцікі ведалі, што Лявон заглядаецца на іхнюю Усцю, што хлопец ён спакойны, разважны і працавіты. Жыгула любіў сялянскую работу, асабліва рыхтаваць зямлю, каб пасеяць сеяць жыта ці бульбу, араць утравелы папар.
          -   Я ніяк не ўразумею гэтага Яфіма Шворана. Ну, у якога дачка Клава кульгавая, - пасля работы ці палуднуючы, быццам скардзячыся маці, даводзіў Лявон. – Ну як гэта можна весці баразну накшталт, як наша рэчка Віраўлянка: то ў адзін бок, то ў другі? Га! Ён кажа: конь, маўляў, вінаваты. А ты, гаспадар, на што? Хоць і задуха ў грудзях, хоць і рукі ўжо вісяць, як гнілыя жэрдзі, а плуг у руках нада крэпка дзяржаць. А то што ж скажуць людзі?  Каб у мяне была свая зямля...
  - Дык жаніся, - падбухторвала маці. – Чаго цягнеш. Вунь і Усця, суседка, на выданні...
Вядома ж, Жамойсцікі былі не супраць,  каб Лявон узяў замуж іх Усцю: усё ж  меньш стане ў хаце едакоў. З гэтым пагадзілася і маці Лявона, калі той нарэшце надумаўся  ісці да Жамойсцікаў у сваты: усё ж-такі свая дзеўка, вясковая. Ды і не гультайка.  

Неспадзяваная сустрэча

   Не сказаць , каб у Лявона ўспыхнула да Усці нейкае асаблівае пачуццё пасля танцаў у пуні, калі ён выставіў Круталёва на пасмешышча і прагнаў з Віруляў. Той з тыдзень туляўся ў Марозаўцы ў сваёй радні, баючыся паказацца з хаты на людзі з падрапаным аб жвір тварам. Куды толькі яго фарсістасць знікла.
   Даведаліся аб тым выпадку і ў Вірулях. Аб гэтым шапталіся старыя, пацяшалася і моладзь. Баяліся, што Круталёў пойдзе жаліцца да солтыса, што справа можа дайсці і да суда. Аб гэтым, канечне, знала і Усця. Лявонава “навука”Аркадзю яе не толькі смяшыла, але і вымушала нечакана трапятаць сэрца. Значыць, яна падабаецца Лявону! Гэта ж ён, рызыкуючы, заступіўся за яе: чужых жа хлопцаў тады на танцах разам з Круталёвым было многа.
   І сапраўды, у той год ні Аркадзь, ні яго хаўруснікі (казалі нават, што яны нейкія палітычныя з Усходняй Беларусі) у Вірулях больш на танцах не паказваліся. Хаця, бывала, што падобныя зняслаўленыя хлопцы з другой вёскі праз нейкі час, збіралі з паўтара дзесятка сваіх сяброў, прыходзілі на танцы з адной мэтай – адпомсціць за крыўду і абразу. Дзякуй Богу, такога ў той год не здарылася.
   Хаця яшчэ падлеткам Лявон бачыў, як біліся хлопцы ў хаце старога Кузьмы ў вёсцы Аблогі. Тады яны амаль напалавіну разламалі па цагліне грубку ў чыстай палове хаты, дзе былі танцы, пабілі вокны, паламалі зэдлікі і лаўкі. Толькі стражнікі і змаглі ўціхамірыць потым раз’юшаных п’яных кавалераў. Дваіх, хто распачаў бойку, кажуць, тады пасадзілі ў турму ў Вілейцы.
Часцяком распачынаў бойкі на танцах і старэйшы брат Усці Ігнат.Той і ў школе правучыўся больш за Лявона гады на два, чым і ганарыўся, і быў гатоў у адзін момант ускіпець, калі што было не па-ягонаму. Брата пабойваліся і многія віраўлянскія, асабліва ж чужыя хлопцы, якія прыходзілі ў Вірулі на танцы. Ён заўсёды у бойках дабіваўся свайго.
   Пасля заручын, калі Лявон з дзядзькам Сцяпанам схадзілі да Жамойсцікаў у сваты, трэба было рыхтавацца да вяселля. А дома ж ў  старой маці -яшчэ трое меншых дзяцей: брат і дзве сястры. А айчым зноўку некуды надоўга падаўся ў заробкі. Грошай у доме не было. І Лявон рашыў сам падзарабіць на вяселле ў вёсцы Выганы, у далёкага родзіча Мірановіча. Той, казалі, часцяком неяк прабіраўся па балоту за граніцу, на савецкую старану, пераносіў на польскі бок дарагія каньякі, футру і нават золата, быў вопытным гандляром. Нядаўна ён сам вярнуўся з заробкаў аж з Франціі. Лявон ведаў, што ў таго ёсць грошы і што прывёз ён адтуль нямала крамнага касцюмнага матэрыялу і для жанчын, і для мужчын.
   Цэлых два месяцы Жыгула працаваў на  сядзібе Мірановіча. Касіў, араў. Нават паспеў зрубіць невялічкую лазню. У гаспадара сыноў не было, а толькі старэйшая дачка на выданні ды ее сястрычка годоў пяці. Жонка ж захварэла на спінную грыжу і цяжкую работу рабіць не магла. А зямлі ў Мірановічаў было многа. Лявон сялянскай работы не баяўся, але натрудзіўшыся, каб не цягнуцца за тры вярсты дамоў на  начлег, часцяком заставаўся спаць ці то ў сенцах на самаробнай канапе, ці то на сене ў пуні.
   Неяк раз, вяртаючыся з поля, босы, напрацаваны, ён неўзнарок сустрэўся на дарозе з яшчэ больш схуднелай, але не менш прывабнай Веркай. Валасы яе былі пафарбаваны ў нейкі руды, ледзь не чорны колер.
    - А ты чаго тут аціраешся? У такім выглядзе? – крыху адступіўшыся, стрэльнула яна шэрымі вачыма на яго палапленую камізэльку.
     - Радня тут у мяне. Памагчы во трэба. Жонка ж у гаспадара хварэе, - засаромеўся Лявон, і каб неяк сабрацца з думкамі палез у кішэню за самасадам.
     - А ты ўсё гуляеш? Бачу, цвіцеш, як вяргіня. Усё жаніха новага шукаеш?
     - Дурненькі ты, Лявонка, - ласкава глянула Верка ў вочы і ўзяла яго за гузік на камізэльцы. Ледзь прыкметна пацягнула да сябе.
     На Лявона дыхнула пахам нейкіх дарагіх духоў. Твар Веркі аказаўся так блізка, што ён ледзьве стрымаўся, каб не пацалаваць дзяўчыну ў падмаляваныя паўадкрытыя вусны. “Што ж гэта я, - пранеслася ў галаве. – Я ж заручыўся з Усцяй. Я ж...”.
     Лявон успомніў, як гады два назад яны танчылі з Веркай у іх вёсцы, як праводзіў яе да дому і першы раз у жыцці пацалаваўся з дзяўчынай. Было неяк і сорамна, і прыемна. Аж затрапятала сэрца.
      А сёння тое трапятанне зноўку ўспыхнула, як сухая шарстуха пасля зімы на лагу. Быццам не зважаючы, што Лявон увесь зардзеўся ці то ад успамінаў, ці ад яе непрыкрытай блізкасці, Верка загадкава панізіла голас:
     - А што ты будзеш рабіць уночы? Няўжо толькі спаць? А можа прыдзеш да хаты Хвядота? Помніш, дзе танцы былі? Там увечары мы ўсе часцяком збіраемся. Ціхан з гармонікам прыйдзе. Ты не думай, Аркадзя там не будзе. Казалі, ён некуды за граніцу падаўся.
     Напамін пра Круталёва, як стрэмкай кальнуў у сэрца. Лявон зразумеў, што Верка здзекуецца, прыніжае яго, а не сапраўды запрашае на сустрэчу. Тая зразумела, што ляпнула лішняе і адразу ж дадала:  
     - Ты, Лявонка не крыўдуй на мяне. Я ж так, ненаўмысна сказала. Я цябе так даўно не бачыла. Мне многа чаго табе трэба сказаць...
     Але Лявона не адпускала крыўда на Верку і злосць на Аркадзя. На сябе. На гаспадара Мірановіча, у якога ён працаваў. Жыгула разумеў, што з такой дзеўкай можна толькі  добра пагуляць, а сям’ю не зладзіш. Ён чуў у вёсцы, што палюбоўнікам  у яе быў і той жа самы Аркадзь, і другія хлопцы. Усё гэта ўзнімала нябачную сцяну недаверу паміж Лявонам і Веркай. Хаця яна ўсміхалася так таямніча і прызыўна, як артыстка з невялічкага перасоўнага тэатра Батлейка, які аднойчы прыязджаў у Вірулі. Верка сціпла апусціла вочы і зноўку прыцягнула Лявона да сябе за гузік камізэлькі. Жыгула гатоў быў здацца. Можа, дзяўчына і сапраўды нешта мае да яго?
     А тады, на канцэрце той Батлейкі, выступалі два такія прыгожыя хлопцы, артысты, высокія, падмаляваныя, з вытанчынымі манерамі, што ўсе вірульскія дзяўчаты гэтак жа, як і Верка, прызыўна і наўмысна гучна смяяліся. Толькі каб на іх звярнулі увагу. Была тады сярод дзяўчат і Усця. Вясковыя ж хлопцы, як заўсёды гуртаваліся ля парогу.
     Зарабіўшы грошай ў Мірановіча, Лявон купіў у краме ў Паленаве, дзе размяшчалася і гміна, першы ў жыцці касцюм, боты, крамную кашулю, і справіў вяселле з Усцяй.

Жыццё на хутары

     За некалькі гадоў да прыходу Саветаў па вёсцы пайшлі чуткі, што палякі ў некаторых ваяводствах пачалі праводзіць парцэляцыю, гэта значыць  прадаваць цераз банк малазямельным сялянам дзяржаўную ці памешчыцкую зямлю. Так пачалася камасацыя – высяленне жыхароў вёсак на хутары. Тыя вяскоўцы, якія мелі дастаткова зямлі і прытым у адным ці двух аблогах і блізка ад сваіх сяліб, не асабліва радаваліся гэтаму. Ім і так было добра. Яны баяліся, што ад іх надзелаў могуць якую частку адрэзаць для будучых хутаранцаў, каб не было церазпалосіцы. Як сцвяржалі самі палякі, галоўнай мэтай высялення вяскоўцаў на хутары, маўляў, і было якраз жаданне не дапусціць яе. Хаця, канечне, былі і другія больш глыбокія  і сапраўдныя палітычныя матывы.
     Баяліся рассялення з вёскі і сераднякі: трэба ж было і  хату, і другія пабудовы на хутар неяк перавезці ці пабудаваць новыя, і адначасова паспець з усімі работамі ў полі. А лішніх рук ні ў каго, лічы, не было.
     К таму часу Лявон ужо меў сям’ю. Усця нарадзіла яму дзвюх дачок і сына. А жылі ўсе пакуль у адной хаце з маці: сям’я Лявона, яго дзве меншыя сястры і брат. Таму, калі да Жыгулаў прыйшла чарга высяляцца, Лявон асабліва не працівіўся гэтаму. Значыць і у яго будзе нарэшце свая зямля. Яе падзялілі так, што яму дастаўся хутар, вялікі аблог, з трох бакоў акружаны лесам. Ад вёскі дзесьці з вярсту будзе. Ды й што гэта за зямля была: гектары са тры-чатыры кустоўя, малады сасоннік у балацявіне, які ўсе называлі Барысаўкай, старыя лагі, зарослыя даўно не кошанай шарстухай. Ды яшчэ з гектар балота ля Віраўлянкі, вярсты за тры ад вёскі. Ворыва ж было многа, але зямля ўся там  бедная. То  шэры падзол, то пясок, на якіх нават пырнік расці не хацеў без гною. А скуль жа яго браць, калі ў гаспадарцы ўсяго адзін конь, кароўка,   парсючок,  ды авечка з ягняткамі.  
     Лявон, урабляючы зямлю, душыў у плузе і каня, валіўся з ног і сам, а жыццё лепшым не станавілася. І калі Усця зацяжарыла чацвёртым дзіцём, ён, неяк будучы п’яным, у роспачы ад гэтай навіны па-сапраўднаму раззлаваўся на яе:
     - У нас і так ужо трое дзяцей. Куды яшчэ чацвёртага!? Чым карміць усіх будзем? Ты думай, што цяпер рабіць. Вунь, кажуць, у Альхоўцы ёсць доктарка. Яна дапаможа ад дзіцяці збавіцца...
    - Што ты, Лявонка, - перахрысцілася Усця. – Гэта ж грэх вялікі! Крый Божа! Няможна так, ані.
     - Кажу табе, тваю маць! Рабі, што хочаш, але каб чацвёртага не было. Адзін сын у мяне ўжо ёсць. Падрасце. Як-небудзь справімся па гаспадарцы. Яму і зямля застанецца. Дочкі ж замуж выйдуць...
     Усця спрабавала нешта сказаць у апраўданне, што, маўляў, гэта ж і ты вінаваты, што п’яным дамагаўся мяне. Але Лявон, брыдка вылаяўшыся і бразнаўшы дзвярыма, выбег у сені. Але потым, відаць перадумаўшы вярнуўся.
     - А можа гэта і не ад мяне дзіцё!? Я ж відзеў, як ты з гэтым Круталёвым летась  каля крамы пераміргвалася. Забылася, як ён букет вяргіняў-юргіняў у руках цацкаў? Ты ж тады дамоў вярнулася толькі пад вечар. Дзе столькі часу была, сучка?!
     Усця захінулася ў  запечак, сціснулася ў жменьку, не ведаючы за сабой аніякай віны. Але Лявон нечакана выхапіў з качарэжніка вілачнік і з усёй сілы, нават не гледзячы куды, пачаў збіваць жонку. Больш наравіў трапіць па падросшаму ўжо жывату.
     - Я... Лявонка, міленькі , - прасілася Усця, хаваючы ад удараў жывот. – Я ж ніколі ні духам, ні мыслямі... Пашкадуй хоць дзіцятка. Ні я, ні яно – не вінаватыя мы....
     Сарваўшы на жонцы злосць, бадай што больш на сваё няўдалае жыццё, на няўменне зарабіць грошай на дзяцей ці каб купіць яшчэ цялушку або другога каня, Лявон бразнуў на падлогу вілачнік. Дрыжачымі рукамі, як заўсёды для заспакаення стаў скручваць цыгарку. На крыкі бацькі і маці прыбеглі з вуліцы дочкі Тася і Жэня, выпаўз з-пад ложка яшчэ зусім маленькі сын Толя.
      Усця няўсцешна галасіла і ад болю, і ад роспачы і невінаватасці, як па нябожчыку.
      - А за што ж мне такое гора?! А што ж я не так раблю ў хаце? А мне ж і пажаліцца няма каму. Ніхто не заступіцца. А мае ж вы дзеткі, я ж стараюся. І ночы не сплю, каб што і спрасці, каб і выткаць палатна. Дзякуй богу, вы ж не голыя. А дзетачкі ж вы мае, родненькія!...
     Лявон, відаць крыху працверазеўшы і супакоіўшыся,  затаптаў прама на падлозе недакурак і прыгразіў:
    - Будзеш яшчэ блытацца пад нагамі ці пярэчыць – заб’ю! Дзе ты схавала адгон?! Дай глыток. У сярэдзіне і так усё гарыць.
     Самагонку Лявон гнаў не часта. За польскім часам гэта лічылася сур’ёзным злачынствам. Праўда, жывучы на хутары, ён не надта і асцерагаўся. А выпіваў тады, калі, як ён лічыў, яму трэба было падняць настрой, забыцца на ўсё сваё нялёгкае жыццё.
     Не чакаючы адказу ад Усці, ён, быццам нейкую нежывую істоту, адсунуў у бок жонку і палез у заложнік  з двух палічак. Там звычайна жонка хавала ўсялякія самаробныя лекі, стаяла паўлітровая бутэлька з тафялёўкай. Гэта было першае і бадай адзінае ў той час лякарства ад парэзаў, дзіцячых драпін ці стрэмак. А рабіла Усця тафялёўку з набухшых пупышак маладзенькай таполі, збіраючы іх увесну ў вёсцы. А потым усё гэта залівала самагонным першаком.
     Тады, калі Лявон бачыў ее ля крамы, Усця, толькі што назбіраўшы пупышак, якраз і раілася з вясковымі кабетамі, як лепш іх настойваць. На самагонцы-першаку, ці на крамнай гарэлцы. Адкуль тады ля іх узяўся  гэты Круталёў ды яшчэ з букетам кветак, Усця так і не зразумела. Каму іх нёс, невядома. Ён толькі паздароўкаўся з кабетамі і падаўся па гасцінцы да дома старога Яўгена Шворана. У таго заўсёды можна было знайсці што выпіць.
      І трэба ж, гэту карціну ўбачыў Лявон, які  па сваёй справе ехаў на падводзе воддаль ад крамы да радні ў Баркі. Тады ён нічога не сказаў жонцы, бо і гаварыць не было чаго. А іншы раз, добра падпіўшы, у яго душы ўспыхвалі рэўнасць і злосць, як сухі сасновы лапнік на кастрышчы, і тады ён без усялякай сувязі ўспамінаў той выпадак, каб толькі за нешта зачапіцца.

Прывід калгасаў

      У Усці і ў думках ніколі не было заляцацца да  Круталёва. Праўда, пасля замужжа і нараджэння дзяцей, яна хоць крыху і распаўнела, але па-ранейшаму была прывабнай кабетай: ёй жа было ўсяго толькі трыццаць. А Круталёў, казалі ў вёсцы, як быў халасцяком, так і застаўся. Ні сям’і, ні кала, ні двара. Усё за нейкае лепшае жыццё агітаваў маладых вяскоўцаў. Расказваў, як заможна і весела жывуць за мяжой, ва Усходняй Беларусі. Але яму мала хто і верыў.
Самыя смелыя сталыя мужчыны, неяк, падкупіўшы злотымі, салам, маслам ці яйкамі польскага стражніка на граніцы, што была адразу ж за вёскай Марозаўка, пераходзілі яе ноччу па балоце. Там уціхую, як і той Мірановіч, мянялі прадукты на соль, запалкі, дзяшовую крамную адзежу, нават нейкую драбязу і зноў жа, па дамоўленасці з тым жа  стражнікам, менавіта ў ягоную змену непрыкметна ні для каго вярталіся назад.
     У прыгранічных вёсках, і далей – у Вірулях ці Аблогах – вяскоўцы усё не ведалі пра “заможнае” жыццё ва Усходней Беларусі. Там ніколі не было хутароў, людзі жылі ў вёсках, сціснуўшы дамы адзін ля аднаго, як тыя бульбіны ў кошыку. Не дай бог, пажар – і згарэць магла добрая палавіна вёскі.
      А гэтыя незразумелыя калгасы... Калі і бароны, і калёсы, і скаціна – усё было агульнае. Людзям жа за работу нічога не плацілі, а ставілі  толькі ў ведамасцях палачкі-працадні. Прысядзібнай зямлі можна было мець не больш за шэсцьдзесят сотак, а то і менш. Гэта як старшыня калгаса захоча. Як  пражыць з сям’ёй на такім кавалачку зямлі, за што купляць хлеб, апратку, калі не было грошай?. На тыя ж самыя працадні позняй восенню выдавалі сялянам па сто ці па трыста, рэдка калі больш, грамаў зерня. Ну, можа яшчэ давалі сенакос.
     Адтуль, з-за мяжы, прасочваліся чуткі, што ў Германіі занадта нахабна паводзіць сябе іхні  галоўны канцлер – Гітлер, што ён ужо захапіў некалькі краін і нацэліўся на Польшчу. Казалі, што немцы перш-наперш знішчаюць усіх яўрэяў. Тыя не ведаюць, куды бегчы ад вайны, якая вось-вось можа пачацца ва ўсёй Еўропе.

Віраўлянскія гандляры

   У Вірулях было аж тры сям’і яўрэяў. Як і ўсюды, яны і тут гандлявалі, прадавалі каўбасы ці масла, запалкі, іголкі, ніткі, збіралі  рыззё. Нават развозілі і прадавалі самаробны квас у бочках. Мелі яшчэ і нейкі гешэфт с банкамі, таму  ў  іх заўсёды былі грошы. Пад працэнты ў гандляроў можна было пазычыць і добрую суму, але давалі яны злотыя толькі надзейным людзям. Кажуць, што Гардзей Луста ў свой час якраз і пазычаў грошы  у вірульскага яўрэя Вульфы Лейбы, каб купіць малатарню.        
   Вульф заўсёды хадзіў, задраўшы галаву, як быццам да нечага прыглядваўся, прыслухоўваўся. Быў ён не злаблівы, спакойны, нават крыху затарможаны. Гаварыў працяжна, абдумваючы кожнае слова. З Лейбы за яго спіной крыху пасмейваліся і нават дражнілі і яго самога, і яго тоўстую, як тая мыдлёўка  жонку Голду. Яна звычайна хадзіла па гасцінцы, перакульваючыся, як качка, з нагі на нагу.  Ці то да родзічаў, ці пасядзець з вясковымі кабетамі ды папляткарыць. Нават і летам яна захінала плечы ў цёплую зімовую хустку ў вялікую шэрую клетку, хавала не толькі плечы, якія ў яе, відаць, мерзлі і летам, але і твар. Быў ён у Голды занадта “пародзісты”: вялікія павыпінаныя вусны, гарбаты нос з “бульбінай” на канцы, і заўсёды нечым нашмальцаваныя,  здалёк здавалася,быццам мокрыя валасы.
   Вясковыя хлапчукі-падшыванцы гадоў па дзесяць-дванадцаць дражнілі тоўстую, а таму цяжкую на пад’ём Голду, тыцкаючы на ее нос. А тая, пакуль паспявала, крэкчучы, падняцца, дык дзеці ўжо разбягаліся, хто куды. Потым за жонку заступаўся сам Вульф. Часцяком, калі побач аказваліся дарослыя, скардзіўся:
    - Ну чаго яны лезуць і дражняцца? Яна ж для мяне самая лепшая. Го! Паглядзеў бы ты на яе маімі вачыма…
      Аднойчы двое заезджых яўрэяў прывезлі на падводзе бочку з самаробным квасам,    нейкія жалезныя пруткі ці дрот, розныя ніткі,  шпулькі, фарбы і іншую драбязу . Штосьці яны  прадавалі за злотыя, нешта мянялі на рыззё. Едучы па вёсцы, заўсёды гучна крычалі:
    - Бабкі, бабкі, нясіце трапкі! Нясіце торбы і купляйце фарбы!
      І пакупнікі знаходзіліся, бо крама ў вёсцы была бедная, ды і цяснілася яна ў маленькім закутку, дзе жылі вірульскія яўрэі. А заезджых, якія самі прывозілі тавар, лічы, у двор, вясковыя жанчыны сустракалі прыязна: усё ж –такі не трэба нікуды хадзіць і не траціць часу. Нехта расплочваўся злотымі, хтосьці – тымі ж трапкамі. А мужчыны, беручы бутэльку крамнай гарэлкі, плацілі колцам самаробнай каўбасы ці шматам сала, іншы раз украдзенымі з дому. Адкаркваўшы бутэльку, яны, бывала, замест платы налівалі прадаўцам па добраму кілішку. Тады, змораныя далёкай дарогай і гарачынёй, ды яшчэ каўтануўшы гарэлкі, заезджыя гандляры, напраўлялі каня на дарогу да дому і ціха драмалі, а то і засыналі пад тарахканне калёс.
      Гэта аднойчы заўважылі хлапчукі з шайкі падлеткаў. Яны падцэліліся і выцягнулі  з недапітай бочкі з квасам шпунт. Пакуль гандляры прачнуліся ды агледзеліся, пітва ў бочцы засталося не больш вядра. Тыя падумалі, што ад дрыжэння шпунт адваліўся сам, бо ляжаў ён тут жа, побач з дзіркай.
     У другі раз, калі гандляры добра заснулі, хлапчукі ціхенька, прама на гасцінцы завярнулі паслухмянага каня з калёсамі назад, і павозка паехала не туды, куды было трэба гандлярам, а ў далёкія Пунічы. Толькі на паўдарозе, калі пачало ўжо цямнець, аматары дармавой гарэлкі спахапіліся, што едуць не туды.
      І зноў, хто зрабіў такую шкоду, самі гандляры так і не даведаліся. А хлапчукі ж не маглі не пахваліцца сваімі штукамі перад дарослымі, і хутка ўжо ўся вёска ведала пра іх выкрутасы. С таго часу заезджыя гандляры ў Вірулях з’яўляліся рэдка, хаця вяскоўцы ведалі, што ім нават выдалі патэнт на гандль. Казалі, што бацька аднаго са штукароў, даведаўшыся, што такое прыдумаў яго сын, адлупцаваў таго дзягай  і на гадзіну паставіў у кут на соль і гарох.

Парабак Матаронак

       Над Вірулямі займалася зара. Туман, што цягнуўся белымі пасмамі па лугавіне ўздоўж Віраўлянкі, паволі напаўзаў на сонныя сядзібы вяскоўцаў. Сям-там, насупраць зямельных надзелаў не выселеных на  хутары вірульцаў, за платамі, сплеценымі з тонкіх бярозавых ці лазовых пруткоў таўшчынёй з вялікі палец, сівелі дзе-ні-дзе копкі пахучага мурагу. Тут луг быў роўны, без курганоў і кратовых грудак, і таму яго касілі да самай зямлі, быццам брылі.  Атава, калі скора пасля касьбы праходзілі дажджы, вырастала хутка. А калі хто мог пасыпаць на сваю дзялку падгнілага пілавіння, змяшанага з гноем ад курасадні ці прывезці старога лісця з лесу, там трава расла тлустая, шчытная, як на стрыжанай галаве ў падлеткаў.
       Жыгула часцяком успамінаў, як ён, яшчэ будучы не жанатым, сам, не чакаючы напаміну маці, уставаў летам яшчэ ўпрыцемку, браў уласна пакляпаную з вечара касу і босы, робячы доўгі і шырокі след па роснай сцежцы, ішоў паўз суседскіх агародаў на матчыну дзялянку на лузе. Цяжкаваты брусок муляўся ў кішэні штаноў, а самаробная, з бярозы, сцябачка , надзетая на акоссе, лёгка і рытмічна пляскала па спіне. Ад халоднай расы ногі спачатку стылі, але потым, калі праходзіў ужо са два першыя пракосы,  пачыналі гарэць ні то ад калючага восьця скошанай травы, ні то ад лёгкай стомы.
      Тады Лявон прывычным рухам лёгка ўганяў акоссе ў зямлю, браў у рукі брусок ці сцябачку, і над аціхлай аселіцай раздаваўся рытмічна металічны свіст: чаха-чаха, чаха-чаха. Праз які час такі ж ці трохі глухаваты свіст ад вастрэння касы адзываўся і далей, ля самага гасцінца. Або нават чуўся з-за кустоў, што раслі ўздоўж Віраўлянкі, зарослай  нізкім, чэзлым сасоннікам.
     Нягледзечы, што трава на лугавіне была амаль да калена і стаяла густой сцяной, касіць Лявону было лёгка. Гэта паддавала яму спрыту і сілы, і ён толькі радаваўся, што пракосы атрымліваюцца прамыя і трава лажыцца без чубукоў .
     Жыгула любіў, калі маці, падаіўшы карову і адагнаўшы яе ў вясковы статак, прыносіла яму на касьбу у гліняным кубку яшчэ цёплага, працэжанага   малака.
     - Не спяшайся, сынок, - лагодна журыла маці. – Ты і так, лічы, раней за іншых ў вёсцы пачаў касьбу. Лепей бы менш уночы на сяле бадзяўся с хлопцамі. А то во, ня выспаны, ускудлачаны нейкі, - спрабавала яна прыгладзіць узмакрэлыя валасы сына.
      У той дзень, калі сонца ўжо стаяла даволі высока над  старымі пакручастымі бярозамі, што раслі ўздоўж гасцінца, у вёсцы пачаўся нейкі незразумелы вэрхал. Крычалі мужчыны, грукалі калёсы па выбітым бруку адзінай у вёсцы вуліцы, жаласліва галасіла нейкая кабета. Лявон кінуў касьбу і падаўся да хаты. Ад маці даведаўся, што нехта ля кустоў на гасцінцы, насупраць сядзібы асадніка  Акалота, вывесіў чырвоныя стужкі – сімвал камуністаў, якія правілі   тады ва  Усходняй  Беларусі. Лявон не надта разбіраўся, што гэта значыць, але, перакусіўшы і, як быў босы, выбег на вуліцу.
     Аказалася, што чырвоныя ленты заўважыў і зняў солтыс Мяжыцкі. Солтыс не стаў шукаць вінаватага, а проста схапіў парабка Матаронка, які ужо колькі гадоў служыў, як ён лічыў, свайму пану. Парабку не было яшчэ і сарака, але выглядаў ён гадоў на дзесяць старэй. Матаронак не меў сям’і, зімой і летам хадзіў у нейкай старой раскідайцы без гузікаў. Быў цягавіты да работы. Шырокая худая спіна была крыху сагнутая, быццам ён толькі што зняў з яе цяжкі мяшок зерня і не паспеў выпрастацца.  
     Што б яму ні даручаў Акалот, той усё рабіў так шчыра, быццам яму за гэта няйначай, як заўтра павінны былі даць медаль. Ён не курыў. Калі ўлетку заскарузлая ад поту зрэбная кашуля пачынала прыліпаць да цела, Матаронак проста садзіўся ў цянёк, здымаў старую вопраць, паказваючы худыя незагарэлыя грудзі з рэдзенькім, пасівелым ужо шчаціннем.
    Калі работы на сядзібе ў Акалота было крыху менш, гаспадар пазычаў парабка другім вяскоўцам. Каму гной з хлявоў трэба было выкінуць, другому – у лес па дровы з’ездзіць, некаму  - мяць уручную лён на ільнамялцы. І ўсюды Матаронак шчыраваў не горш, як у свайго гаспадара. За гэта людзі плацілі не яму, а  Акалоту. Ці злотымі, ці зернем,  альбо салам. Вяскоўцы шкадавалі парабка і ў час працы імкнуліся хаця б  добра яго накарміць.
Матаронак ніколі не вучыўся ў школе, не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. Праўда, казалі, што гаспадар, яшчэ калі маладзейшым узяў парабка на сваю сядзібу,   ў першую ж зіму неяк змог навучыць таго лічыць да ста, складаваць ды адымаць.  Вяскоўцы, беручы Матаронка ў пазыкі, грошы яму не давалі, бо ведалі, што ад прагнага Акалота ён нічога не схавае. Асаднік, неяк дазнаўшыся ад людзей, што адзін гаспадар даў яму за шчырую работу адзін злоты, усёж-такі адабраў яго. Пасля гэтага ён доўга не пускаў парабка на вёску ў заробкі, і карміў так, што той хадзіў, духі падцяўшы.
     Солтыс, звязаўшы рукі Матаронка за спіной, прывёў яго ў вёску. Тут, у цэнтры, дзе расла амаль стогадовая ліпа, ад якой, казалі, і пачаліся калісьці Вірулі, ужо былі паліцыянты. На віду ва ўсіх вяскоўцаў яны ўчынілі парабку допыт с катаваннем.
     - Кажы, хто табе загадаў павесіць стужкі?! – лютаваў паліцыянт і біў парабка палкай. – Хто навучыў!? Ты што, за Саветы? За камуністаў? За калгасы?!
     Матаронак енчыў ад болю, спрабаваў адхінуцца ад удараў, вырываўся і крычаў. З усіх канцоў вёскі,   пачуўшы енкі парабка, збягаліся людзі. Хто з палкамі, хто з віламі. Яны ўжо ведалі, што таго за нешта падазраюць, але не верылі, што гэта  менавіта ён вывесіў чырвоныя стужкі насупраць хутара Акалота. Да гэтага дня пэўна, Матаронак,  і не чуў такога слова “камуністы” і тым больш не мог ведаць, чым яны займаюцца і навошта ім трэба вывешваць тыя стужкі ці флажкі. Праўда, ён чуў, што такімі ж, ці большымі, прывязанымі да даўжэзных тонкіх вяровак, звычайна абцягваюць логава ваўкоў, і тады тыя баяцца нават падыходзіць да іх. Так паляўнічым лягчэй падпільнаваць і знішчыць воўчую зграю. Чаму Акалот, солтыс і усе паліцыянты так напужаліся якіхсці невялікіх стужак, Матаронак ніяк не мог уразумець. Яны ж, здаецца людзі, а не ваўкі. Чаго ім чырвані баяцца? А зрэшты....
     Паліцыянтаў і парабка акружылі ўзбуджаныя з каламі ды віламі вяскоўцы,  гатовыя адбіць акрываўленага парабка. І ўлады, далей ад бяды, рашылі завезці таго да каменданта Пыха аж у Пунічы.  Ён ва ўсім разабраўся і солтысу прышлося пасля прасіць прабачэнне ў Матаронка. А з дваіх паліцыянтаў знялі пагоны і павезлі да пракурора аж  у вёску Куранец. Што было з імі далей, вірульцы не ведалі.
     Пасля таго выпадку ў Вірулях і мужыкі, і бабы яшчэ доўга, як кажуць, перабіралі костачкі   мясцовых асаднікаў, солтыса і наогул усіх людзей у пагонах. Напэўна, пра гэты выпадак даведаліся і ў  Вілейскім ваяводстве, а можа нават і ў самой Варшаве. Улады зразумелі, што калі людзі вось так падымаюцца ўсе разам, грамадой, каб абараніць сябе, зламаць іх можна толькі, калі яны будуць жыць паасобку.
     Так гэта ці не, але Польшча пайшла як бы на дабраахвотнае высяленне з вёсак малазямельных сялян на хутары.  Там кожны сам сабе гаспадар. Яму некалі будзе хадзіць мітынгаваць на сяло ці спасцігаць нейкую там палітыку. Галоўнае для хутаранца, як зрэшты і для ўсіх вяскоўцаў: у лепшы час узараць зямлю, пасеяць збажыну і паспець яе ўбраць. Выпрацаваная стагоддзямі сялянская мудрасць дыктавала све правілы: лепш выжываў той, хто мае зямлю, не баіцца ніякай працы на ёй і ўмее распарадзіцца яе здабыткамі. Простыя сяляне ніякай палітыкай не цікавіліся.

Малацьба

      Чаго баялася Усця, тое і здарылася: другі сынок, які нарадзіўся амаль перад самым прыходам Саветаў,  у жніўні 1939 года, быў хваравітым і капрызным. Нават і ўлетку ў яго не праходзіла прастуда. Хадзіць ён пачаў дзесьці года ў паўтара. Маці не магла ніяк спачатку зразумець, чаму Сцяпанка, як  назвалі сына, пяройдзе, бывала, хату і садзіцца на падлогу. Ступні ножак былі ў яго нейкія плоскія, і не па ўзросту доўгія.
     - Мамачка, ножкі баляць, - скардзіўся падросшы Сцяпан.
     Усця грашыла на тое, што калі Лявон пабіў яе, цяжарную, дасталося тады і хлопчыку, яшчэ не народжанаму. А можа, гэта павітуха Альжбета, жонка старэйшага брата Ігната, якая прымала роды ўсіх дзяцей Усці , і скалечыла  ножкі хлопчыка?
     Сядзець з малым маці было некалі: у хаце ж ужо было чацьвёра малых. Саміх двое. Так што дзеці ў асноўным раслі самі па сабе. За меншымі ўжо добра прыглядала старэйшая сястра Тася, хаця ёй і самой было ўсяго гадоў восем.
     - Ты, дачушка, збяры тут у гародзе ахрап’я. Ну, лісця там ад буракоў ці капусты. Для парсючка. Пасячы секачом, пасып трохі леташняй мукі. Ну, што мышы папсавалі. Залі цёплай вадой і дай яму ў старой драўлянай рашцы, - наказвала Усця. Жалезнае вядро не бяры. І Сцяпанку не забуць памяняць штонікі, калі ён іх змочыць. А ў абед дай сыраквашы с бульбачкай. Толькі яе аблупіць трэба – мне ж некалі. А каб смачней было, памачы яе ў соль. Яна там, у заложніку, у драўлянай ступачцы стаіць. А ў шафэчцы , што ля печы, у бутэльцы ёсць трошкі алею... А потым, дачушка, прыбяжы ка мне на поле. Я ж адна не упраўлюся там..  
     Тася і сама ўжо добра ўсё ведала. Як карміць падцёлка, які пасвіўся на ланцугу за пуняй, што даваць меншым дзецям на абед. Маці з сярпом ішла на самы  край поля, дзе Лявон пасеяў жыта, і рупілася яго жаць. Ужо і так суседка па хутару Ганна, жонка Панаса Шылы, пачала жніво дні тры назад, і амаль увесь загон сагнала да граніцы з Лявонавай зямлёй. Усця, праўда, асабліва не зайздросціла суседцы: на доўгім загоне ў той стаяла ўсяго з пяток мыдлёвак. А ў яе на першым такім жа загоне – ужо восем. Жыта ўрадзіла няблага. Стаялі цёплыя жнівенскія дні і трэба было спяшыць.
     І Лявону, як гаспадару, таксама клопатаў хапала. Ён ўжо ачысціць ад старой саломы другую палову пуні, дзе быў гліняны ток, каб было куды звазіць снапы. Ужо не першы год ён дасушваў жыта ў мыдлёўках. На сонцы ды са жнівенскім вецярком яны за тыдзень, каб толькі дажджу не было, высыхалі так, што хоць адразу можна было малаціць. Праўда, малатарні не было. Вазіць снапы да Гардзея Лусты? А чым плаціць?
     А сваіх цапоў  у пуні хапала:  пачынаючы з маленькіх і лёгкіх, для дзяцей, і трох-чатырох вялікіх і цяжкіх – для Лявона, Усці, ці каго з дужых мужчын, каторых можна было запрасіць на малацьбу.
     Жыгула часцяком зваў на гэта, па яго меркаванню – сапраўднае свята, Усціных братоў, калі ў тых быў час. Іншы раз прасіў пазычыць у асадніка Акалота яго парабка Матаронка. Трэба было спяшыць: бо і мышы могуць патачыць снапы, і адсырэюць яны, калі будуць доўга ляжаць на гліняным таку.
Неяк раз, калі Лявон своечасова не змог абмалаціць снапы і не дамовіўся з Гардзеем Лустай на малатарню, мышы, лічы з чвэрць зерня папсавалі. Праўда, яно зусім не прапала: разам з мякінай яго заварвала кіпенем Усця. Потым давала такую мешанку карове,  падмешвала разам з дробнай бульбай і свінням.
     Усця заўсёды рупілася па гаспадарцы і сама, і падросшых дачок да хатняй работы прывучала. Але ўправіцца з усім адмыслова, каб у двары і ў хаце было чыста, паспявала не ўсягды. Яна баялася, што Лявон, як і перад нараджэннем Сцяпанкі, калі прывалачэцца дамоў нецвярозым, можа да нечага прычапіцца і нават зноўку збіць у порхаўку. Усця ўжо і не ведала, як дагадзіць гаспадару. Яна ў  свой час дапамагала яму лаціць новы хлеў, падаючы на кроквы яшчэ сырыя даўжэзныя латы , цягала гліну, калі масцілі ток у пуні ці варыўні. Але Лявон мала калі быў Усцяй задаволены.
     - Паварочвай, кажу, тваю маць! – крычаў ён, седзячы на кроквах, як лацілі хлеў. – Ды не тым бокам. Павярні. Глядзі, куды пхнеш!...
     - А куды мне глядзець? – узмалілася Усця, ледзь трымаючы цяжкую лаціну.
     - Я табе зараз пакажу, куды. Як на Круталёва, ці ў Батлейцы на артыстаў, дык ты ведала, куды глядзець. Ці там, на гасцінцы, калі гэты круцель табе вяргіні ў рукі тыцкаў.
    -  Ды  не мне. Нашто яны мне, - баючыся яшчэ больш раззлаваць Лявона, спрабавала апраўдацца Усця. – Там жа і Волька, і Хрысціна былі. Я ж не ведаю, куды ён ішоў з тымі квятамі і каму хацеў іх падарыць.

Пажар

     Лявон любіў працаваць з дрэвам. Мог і цяслярнічаць, і бандарнічаць. Калі быў час, а неабходнасць зарабіць грошай  была заўсёды, наймаўся да каго-небудзь з вяскоўцаў рубіць лазні ў просты вугал. Іншы раз плату браў харчам, а нейкую частку – нават і самагонкай. Гэта, праўда, здаралася часцей тады, калі, паставіўшы кроквы, на будыніну, дзе звычайна трэба было ладзіць шчыт , ён на самым версе прыбіваў са дзве-тры галінкі бярозы ці елкі. Такі вось быў сваеасаблівы вянок усёй працы. Тады гаспадар па даўняй вясковай звычцы мусіў не толькі поўнасцю разлічыцца з Лявонам, але яшчэ і ставіў на стол бутэльку, якую іншы раз яны і распівалі разам.  
     Прыносіў Жыгула дамоў і грошы. Не магла ж Усця адна наткаць на сваіх кроснах на ўсю вялікую сям’ю тоўстага суконнага палатна, ці ільнянога – для бялізны. І фарбу трэба ж было купляць, ніткі, іголкі. А Лявону – тапары, пілы, габэлькі . Ды ці мала чаго ў гаспадарцы патрэбна, што зрабіць сваімі рукамі было не магчыма. Праўда, Лявон ужо і сам навучыўся вырабляць з старых грушаў ці яблыняў тыя ж габэлькі, розныя адборнікі, каб майстраваць цэбры, рашкі, кадушкі, ваконныя рамы. Узімку першая палова хаты звычайна ператваралася ў сапраўдную сталярную майстэрню. Напілаваўшы ўручную з тым жа Матаронкам ці яшчэ з кім тонкіх дошак, або купіўшы іх у Пунічах на пілараме, ён сушыў іх то на гарышчы над сенцамі, то, парэзаўшы на патрэбны памер, на які тыдзнь клаў на печ.
     Кадушку, маслабойку, яшчэ які драўляны  посуд  Жыгула рабіў спрытна і нядоўга. Абручы да іх іншы раз заказваў у кузні. У самаробнам верстаку, на якім можна было і дошкі габляваць, і паз выбіраць, пад адкідным вечкам звычайна захоўваўся ўвесь куплёны і самаробны сталярны інструмент. Зверху на ім ляжаў сяннік, на якім Лявон часцей за ўсё і спаў. Вярстак служыў яшчэ і канапай, а ў трох аддзяленнях з дзверцамі быў склад розных дошчачак, кіянак , рубанкаў ды вялікіх габэлькаў. Сюды не мелі права лезці ні Усця, ні тым больш дзеці.
     У тыя дні, калі бацька рабіў ці кадушку для засолкі агуркоў або капусты, ці ваконную раму, у хаце стаяў востры і прыемны пах смалы-жывіцы. Больш за ўсё любіў гэтыя вечаровыя гадзіны Цішка, самы меншы сын Лявона. Ён нарадзіўся здаровенькі гады праз два пасля Сцяпана, і быў вельмі падобны на маці: такі ж чарнявы, з блакітнымі як у бабулі вачыма, невялічкі, і круглы як той піражок. Ніякіх цацак, вядома ж, у Лявонавых дзяцей ніколі не было, і Цішка, падросшы, каб нікому не замінаць, збіраў абрэзкі дошчачак велічынёй  з далоню і, седзячы у вуглу на якой-небудзь старой ватоўцы, будаваў з іх домікі ці нават “палацы” на два-тры паверхі. А ўнутры іх жылі колцы смалістых габлюшак . Яны і былі асноўнымі насельнікамі гэтага царства.
     Усця ў гэтыя вечары звычайна прала кудзелю ці воўну, рыхтавала клубкі нітак, каб ўвесну, як толькі пабольшае дзень і пакуль яшчэ рана садзіць агарод, бульбу ці ярыну, паставіць кросны ў чыстай, больш прасторнай палове хаты. Старэйшыя дзеці, якія хадзілі ў школу, звычайна садзіліся бліжэй да святла лямпы, што вісела высока над сталом на доўгай драціне, прыбітай да бэлькі. Калі ў ёй заканчвалася газа, Лявон, нават не знімаючы шкла, адкручваў галоўку з кнотам і асцярожна падліваў яе туды  з бутэлькі. Неяк раз, калі  зняўшы шкло, гэта хацела зрабіць старэйшая сястра Тася, ад агню кнота газа нечакана ўспыхнула. Каб не маці, якая накрыла агонь старой пасцілкай, ў хаце мог бы ўспыхнуць сапраўдны пажар. Добра, што газа, якой трохі вылілася прама на стол, гарэла тут жа, а не на падлозе, якая амаль на цэлую ступеню была засыпана сухімі смалістымі габлюшкамі.
     Калі агонь патушылі, у хаце яшчэ доўга стаяў цяжкі смурод, і вялікую лямпу, якая была пакуль гарачая, рашылі  больш не запальваць. Усця прынесла з заложніка, маленькую газнічку. Але пры ёй можна было чытаць ці пісаць толькі камусьці аднаму. Прасці лён ці габляваць  было цёмна. Тася і сама спужалася за гэты невялікі пажар, і ад бацькі ёй дасталося дзягай.
     - Ніякіх слёз! – сціраючы стол, ужо спакайней папікаў дачку Лявон. – І каб больш я такога  не відзеў! Газу нада наліваць загадзя, днём, калі лямпа патушана. А хочаш наліць, калі гарыць, то не знімай шкло. Ясна ?!
     Лявонавы дзеці ведалі, што ў суседней вёсцы Марозаўцы, агонь, успыхнаўшы ад лямпы, калі ў  доме заставаліся адны малыя дзеці, і  хата, і ўсе будынкі, згарэлі. Добра, што самі засталіся жывыя. Здарылася гэта вясной, калі толькі сышоў снег. Як былі неадзетыя і босыя, так і выбеглі яны на вуліцу зваць па дапамогу. Потым пагарэльцы хадзілі ўтраіх, як жабракі  па вёсках і прасілі ў людзей што-небудзь апрануць і з’есці.

Песні Базыля Гарошкі

     Багаты хутар пані Яроцкай стаяў паміж вёскамі Вірулі і Марозаўка. У яе было больш двадцаці гактараў зямлі, вялікая сядзіба, густа абсаджаная, як звычайна гэта бывае ўздоўж чыгункі, падстрыжанымі елачкамі. Гаспадыня мела каля дваццаці кароў, некалькі коней   і другую скаціну. А яшчэ пані трымала свой млын, які славіўся, лічы, на ўвесь павет. Малоць зерне сюды прывозілі іншы раз аж з далёкага Куранца.
       Млын знаходзіўся ў мураваным будынку з чырвонай цэглы. Вялікія круглыя вокны па баках пад стромкай страхой з чырвонай чарапіцы і наогул уся будыніна нечым напамінала ні то царкву, ні то касцёл. Адзіныя шырокія дзверы, што выходзілі на штучную сажалку, часцей за ўсё былі адкрытымі. Млын быў, лічы, адзінай цаглянай будынінай на гэты лясны і глухаваты куток Паленаўскай гміны. Жыхары навакольных вёсак даўно ахрысцілі яго Мурам.
     Пані Яроцкая трымала двух парабкаў, а на час пасяўной ці жніва, калі на сяле трэба было берагчы кожную пагодлівую хвіліну, яна наймала яшчэ на работу і малазямельных вяскоўцаў не толькі з Віруляў і Марозаўкі, а нават і з больш аддаленых вёсак. Нехта, як напрыклад, яе уласныя парабкі, працавалі ў яе за харчы з невялічкай даплатай грашыма. А сяляне з хутароў – хто за насенне, іншыя - за бляшанку адстоенага малака і нават за колькі вазоў гною.
     Яроцкая з’яўлялася на полі, у хлявах ці ў млыне заўсёды нечакана для работнікаў. Звычайна яна ціхенька пад’язжала на брычцы-двуколцы, засланай стракатай пасцілкай. Каваныя поручні і высокія рысоры прыдавалі брычцы пэўны шык. А калёсы былі высокія, амаль па два аршыны , абабітыя чорнай гумай. Нават, калі яна ехала па каменнях, яны ніколі не бразгаталі. Кажуць, што гэтую двуколку яна заказвала аж у Беластоку. У брычку быў упрэжаны малады буланы жарабок з белай плямай на ілбе і такімі ж белымі кароценькімі шкарпэткамі на задніх нагах.
Калі Яроцкая заўважала, што чалавек прысеў перакурыць, а работа яшчэ не зроблена, то без увагі на ўзрост, на тое, хто быў перад ёй – мужчына ці жанчына – яна магла з усяго размаху сцебануць работніка цяжкім бізуном, якім паганяла жарабца. Але часцей за ўсё яна, не надта разбіраючыся, пазбаўляла чалавека, нават і не вінаватага, платы за ўвесь дзень работы. А сваіх парабкаў за такую правіннасць саджала на хлеб ды соль.
     Найміты спрабавалі скардзіцца ў гміну ці павет на самадурства пані, але ўсе тамашнія начальнікі ведалі гарачы нораў Яроцкай і не вельмі хацелі мець з ёй справу. Ды і падкормлівала паненка суддзяў і пракурора  так шчыра, што чарговую скаргу якогасці селяніна яны вырашалі ў асноўным на яе карысць. Паступова Яроцкая ўпэўнілася, што яна – непадсудная, і, наогул, ні ў чым ніколі не бывае вінаватай.
     Да пачатку восені 1939 года пані Яроцкая, якая мела нядрэнную адукацыю па  агранаміі,   ведала многае і аб тым, што наогул робіцца ў свеце. І пра грамадзянскую вайну і Іспаніі, і што Гітлер, захапіўшы без баявых дзеянняў Аўстрыю і Чэхаславакію, наважыўся напасці  на Польшчу. І пані крыху пацішэла. Але змяніць   нораў  і адносіны да сваіх работнікаў не мгла і не хацела. Была яна такая скнара, што за капейку магла дубцом жабу да Куранца гнаць. Прагавітая да грошай яна гатова была вяроўкі з работнікаў віць.
     Ведаў гэта і Базыль Гарошка, найміт з суседніх Віруляў, які не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. Ён быў меньшым з сыноў у вялікай сям’і Гарошкаў і жыў у бацькоўскім доме. Двое старэйшых братоў ужо завялі свае сем’і і разам з зямельнымі надзеламі аддзяліліся ад бацькі. Базыль жа застаўся на абрэзаным кавалачку бацькоўскай зямлі, як наследнік. Па завяшчанню яму заставаліся і старая бацькава сядзіба, і трохі ворнай зямлі, і з гектар сенакосу. Са сваім надзелам Базыль, худы, жылісты ўжо гадоў пад трыццаць дзяцюк  з доўгай, як у таго жураўля вечна голай шыяй, спраўляўся, бадай, раней за усіх ў вёсцы. Бацькі даўно падбухторвалі яго жаніцца, і той, каб зарабіць грошай на якую-небудзь крамную апратку і боты  і зладзіць потым вяселле, часцяком наймаўся да пані Яроцкай на работу.
     Любая вясковая праца была яму не ў навіну. Асабліва Базыль любіў вясну, калі прыляталі ўжо шпакі і заводзілі спеў другія птахі. Пад іх музыку ён араў папар, сеяў збажыну, баранаваў ворыва. Часцяком, ідучы за плугам, ён мармытаў пад нос нейкія песні, нават прыдумваў нешта сваё на вядомыя ўсім матывы. На вясковыя вячоркі, што ладзіліся ля хаты ці ў пуні Гардзея Лусты,  як хлопец-перастарак,  Базыль ужо не хадзіў. Але ад старэйшых вірульцаў ведаў і пра вайну ў Іспаніі, і пра Гітлера, і пра сельскае калгаснае жыццё за граніцай – ва Усходняй Беларусі.
     Ён дазнаўся, што там няма батракоў і наймітаў, што Саветы прагналі паноў, і людзі, маўляў, працуюць на сябе, а не на нейкіх там Яроцкіх ці Заблоцкіх. Пра гэта ён чуў у асноўным ад Круталёва, які некалькі разоў бываў за мяжой. Базыль верыў, што Саветы могуць зрабіць працоўнага чалавека шчаслівым. Таму і песні-вершы, якія неяк самі сабой складваліся ў яго чубатай галаве, і былі менавіта аб гэтым. Ён не зласліва праклінаў паноў і вельмі хацеў, каб гэтыя летуценныя радкі неяк запісаць.
    - Паслухай, Косця, - папрасіў ён неяк пляменніка, сына старэйшага брата, які ўжо скончыў шэсць класаў, - а ты мог бы запісаць мае песні, га? Разумееш, я іх ужо колькі часу ў галаве трымаю. Нават паўтараю. Ды яны ўсёроўна забываюцца.
     - Я, нават, не знаю, дзядзька, - засумняваўся і запярэчыў для выгляду Кастусь. – Гэта ж ня можна. А як пані Яроцкая дазнаецца? Засудзіць жа могуць...
     Але Базыль, гледзячы, што пляменнік амаль што згодзен памагчы, пачаў па памяці чытаць верш пра саму пані Яроцкую. Кастусь аж пазайздросціў таленту дзядзькі. А той  не то чытаў, не то спяваў пра тое, што Яроцкая жыве, як тая сава, і ня  ведае сама, якая яна скнара. “Калі на мне кажух ліхі, то і суддзя да мяне глухі. Што і казаць: Яроцкая,суддзя, пан і кат – адзін аднаму сястра і брат. Я вось хоць і бываю галодны, але хачу быць свабодны. Нідзе пані Яроцкая не дзенецца: цягаў воўк, пацягнуць і воўка!.”  
     Кастусь слухаў гэтыя не заўсёды зразумелыя спевы-вершы, але яны яму падабаліся, хаця і былі страшнымі.  І ён усё ж рашыў запісаць дзядзькаву творчасць. А каб старонні чалавек не здагадаўся, беларускія песні і вершы дзядзькі Базыля ён запісваў польскім,  гэта значыць лацінскім алфавітам. Але на беларускай мове. Пазней Гарошка прасіў Кастуся прачытаць лістоўкі і іншую забароненую літаратуру на польскай, расійскай, ці беларускай мовах, якія перадаваў яму Круталёў. Хлопчык яшчэ не ўсё разумеў з прачытанага, але яму было прыемна, што дзядзька просіць яго займацца такой дарослай і надта рызыкоўнай справай. Кастусь ганарыўся, што хавае такі вялікі сакрэт дзядзькі Базыля не толькі ад бацькоў, а нават і ад равеснікаў. А так хацелася пахваліцца тайнай, пераказаць хоць адзін смелы верш дзядзькі каму-небудзь з вясковых хлапчукоў.
     У той вераснёўскі дзень Базыль Гарошка баранаваў на сядзібе ў пані Яроцкай толькі што пасеянае жыта. Ківаючы ў такт ходу галавой, конь ішоў лёгка. Хлопец раз-пораз торгаў лейцамі, каб ён не збіваўся з паласы, а сам уголас распяваў сваю чарговую песню пра пані.
Была тая восеньская пара, калі ўжо былі звезены з палёў мыдлёўкі жыта, засціртаваны і прыціснуты накрыж жэрдкамі ля хлявоў, у каго не было пуні, стажкі з сенам ці балотнай асакой для коз. Было чуваць, як дзесьці на вёсцы нехта малоціць цапамі збажыну.  Ляніва, пэўна, каб толькі сагрэцца, брэшуць сабакі. Нязыркае, але даволі яшчэ гарачае вераснёўскае сонца прыпякала  як заўсёды голую даўгую шыю, расхрыстаныя грудзі і чубатую галаву Базыля. Босыя ногі патаналі ў цёплай раллі.
Гарошка, як, дарэчы, і большасць вяскоўцаў на такой рабоце, хадзіў басанож. Загон з жытам быў доўгі , на добрыя сотні дзве крокаў, і цягнуўся ўздоўж  дарогі, што вяла да хутара пані Яроцкай. За зубы бараны часцяком чапляліся  каўтуны пырніку, і Базыль, напяваючы песню,спыняў каня, садзіўся на кукішкі і выбіраў траву.
     Добры настрой  абарвала сама гаспадыня, якая, як заўсёды   нечакана і ціха, пад’ехала  з-за  спіны на мяккіх колах двуколкі.
     - Ты што ж гэта, паскуднік, тут вярзеш?! Хто цябе навучыў такой песні? Гэта значыць я – сава-удава і вялікую крыўду людзям раблю? Я ж табе, боўдзілу, злотымі плачу, я ж.... Я цябе ў турме згнаю, я!...
     Пані Яроцкая аж захлібнулася ад злосці, але толькі з лёскатам стрэльнула ў паветры бізуном, як гэта ўмеюць рабіць звычайна пастухі, і турзанула за лейцы жарабца. Двуколка таксама ціха, як і пад’ехала, ірванула ўздоўж елачак, што акружалі хутар, і паімчала ў двор пані.
     Назаўтра ў вёску прыехалі паліцыянты. Перакапалі ўсё ў доме Гарошкі, знайшлі самаробны сшытак з вершамі, і завезлі ў пастарунак у Паленава і Базыля, і перапісчыка вершаў-песень Кастуся.
     - Я ж нічога не знаю, - бажыўся хлапчук на допыце, - што мне казаў дзядзька, я тое і запісваў. А што гэта за Саветы такія, дагэтуль нават і ня чуў.  
      А Базыль таксама гнуў сваю лінію: маўляў,   гэта я для сябе, каб забыцца. Я ж нікому пра гэтыя вершы не казаў і не чытаў іх. І пяю іх для сябе, каб весялей было на рабоце. Хай сама пані Яроцкая падцвердзіць. Я...
     Але дзядзьку ўсё роўна закавалі ў наручнікі, а што рабіць з трынаццацігадовым хлапчуком, у гміне пакуль не рашылі. Потым хацелі арыштаваць не толькі  Базыля, але і яшчэ траіх маладых мужыкоў з вёскі Вірулі, якія падпалі пад падазрэнне, што і яны чытаюць забароненыя лістоўкі і выступаюць супраць Яроцкай і ўсіх паноў, падпанкаў і асаднікаў.
     Але літаральна, 17 верасня над гасцінцам у Вірулях з боку Куранца ў напрамку на Пунічы праляцеў нейкі самалёт, які нарабіў грукату і страху для вяскоўцаў. А ў Паленаве з’явіліся савецкія афіцэры і салдаты. Яны і вызвалілі Базыля  і Кастуся з пастарунка. Тыя пехатой ужо к вечару таго ж дня вярнуліся ў Вірулі.
     У Заходнюю Беларусь прыйшлі першыя Саветы.
  
     Першыя Саветы
Частка другая
Фільтрацыя
   Аркадзь Круталёў з’явіўся ў Вірулях дні праз тры пасля прыходу чырвонаармейцаў у Паленаўскую гміну. Быў ён у паўвайсковым фрэнчы з цёмна-зялёнага сукна з вялікімі накладнымі кішэнямі. Галіфэ былі абшыты паміж каленяў блішчастай чорнай скурай. Халявы фарсістых ботаў, сабраных “у гармонік”, падперазаны вайсковым рэменем фрэнч і скураная чорная шапка, надзетая набакір, -  увесь франтаваты выгляд выдаваў у ім  задаволенага лёсам чалавека.
   А яшчэ больш яму хацелася быць вялікім начальнікам, каб яго не толькі слухаліся мясцовыя жыхары, а і баяліся. Дзеля гэтага ў яго на рамяні, злева збоку, вісела кабура. Быў у ёй пісталет ці не, вірульцы не ведалі, але стараліся іншы раз не пярэчыць першаму старшыні сельсавета, які  размяшчаўся ў  вялікім шматпакаёвым доме Вульфа Лейбы. Яшчэ за месяц да прыходу Чырвонай арміі той, прадаўшы сваю краму, калёсы, збрую, гандлёвыя прылады і іншае дабро,  кудысьці знік з вёскі.  
   У Круталёва па-ранейшаму не было сям’і, але ў будынку сельсавета ён размясціў не толькі ўласную кватэру, а  і трымаў свайго сакратара, які яшчэ гадоў дзесяць назад, пры Польшчы, хадзіў з ім на танцы. Тоўсты, як мянтуз, з тлустым, аж блішчастым тварам Апанас Баўтрук звычайна сядзеў ціха ў баку і корпаўся ў нейкіх паперах.
   У адным з пакояў сельсавета на атынкаванай сцяне, заклеенай шпалерамі, вісела жалезная скрынка тэлефона, стаяў вялізны, як панскі ложак, відаць, яшчэ гаспадарскі стол з чарнільніцай-невылівайкай з празрыстага шкла, ляжалі нейкія дакументы.
   У адной з баковак будынка ў хуткім часе адкрылі хату-чытальню з невялікай бібліятэчкай, а ў другой – пошту. У самым вялікім памяшканні з чатырма вокнамі звычайна праходзілі сходы вяскоўцаў. Тут жа, калі гэта трэба было Круталёву, праводзілі дазнанні ці нават допыты вінаватых  прыехаўшыя на розныя разборкі з райцэнтра Пунічы вайскоўцы ў сіняй форме. І хаця сам Круталёў допыты не вёў, ён амаль заўсёды сядзеў у вялікай зале. Круціў у руках, не закурваючы, крамную цыгарэту ды хітравата паглядаў з-пад ілба на вяскоўцаў, якіх дапытвалі. Фактычна менавіта ад яго залежала, каго прывядзе на допыт міліцыянер Мікіта Шашок, малады яшчэ хлопец з суседней вёскі Краты. За нейкую правіннасць ён пры Польшчы сядзеў у турме, а цяпер вось сам дапамагаў вяскоўцам туды трапіць.
   Круталёў упіваўся сваёй уладай, асабліва здекуючыся з старых непісьменных мужыкоў і кабет. Акрамя цяжкай працы на зямлі, яны  ніякай  палітыкай не займаліся і  больш нічога не ведалі і не ўмелі. Асабліва ж не маглі даказаць сваю праўду ці невінаватасць.
        Перад  новай уладай   камуністы, партыйныя кіраўнікі раёна і вобласці, якія ў асноўным прыйшлі разам з вайскоўцамі з Усходняй Беларусі, паставілі задачу: адфільтраваць насельніцтва ўсіх вёсак сельсавета, каб выявіць сярод людзей замаскіраваных “ворагаў народа”, кулакоў, а дакладней –  праціўнікаў   савецкага ладу жыцця.
   І Круталёў са сваімі памагатымі, сакратаром Апанасам Баўтруком, які, па чутках, нават недзе вучыўся юрыдычным навукам, і міліцыянерам Мікітам Шашком, выяўлялі “ворагаў”   даволі  паспяхова. Перш-на-перш склалі спісы былых падпанкаў, асаднікаў, святароў, леснікоў, паштароў – адным словам, усіх, хто так ці інакш служыў польскім уладам. І было не важна, чым яны пасля прыходу Саветаў сталі займацца: хто сам араў-сеяў, хто, згубіўшы багацце,  наняўся да сялян-сераднякоў на часовую работу. Буйныя ж памешчыкі, як і яўрэі, прадаўшы, што можна яшчэ да падзення Польшчы, з вялікімі грашыма збеглі далей на Захад, у Францыю ці нават у Англію.
   - Ведаю я вашу польскую гнілую душонку, - крычаў Круталёў, калі міліцыянер Шашок збіраў такіх людзей на фільтрацыю ў сельсавет. – Як былі вы кравапіўцамі, так і засталіся. У-у, гады! Я вас усіх наскрозь бачу.
   Праз колькі часу, ужо ў 1940 годзе, многіх адфільтраваных сабралі разам і на падводах пад аховай чырвонаармейцаў павезлі на чыгуначную станцыю ў Паленава. “За спробу ўцячы – растрэл!”. Такое суровае папярэджанне ніхто парушаць і не збіраўся: за месяц да гэтага ў суседнім сельсавеце траіх уцекачоў, якіх таксама везлі на станцыю ў Паленава, усё ж растралялі. Яны нават не паспелі прабегчы і сотні крокаў да бліжэйшага лесу, як прагучалі выстралы.
   Усё гэта вымушала вяскоўцаў маўчаць, цярпець, тым больш, што фільтрацыя прадаўжалася і канца ёй не было відаць. Па распараджэнню ўладаў ва ўсіх хутаран і вяскоўцаў абрэзалі “лішнюю” зямлю, у асноўным – ворную. Яе ў свой час людзі набылі за ўласныя грошы.  Ніхто не меў права валодаць больш, чым дванаццаццю гектарамі зямлі. Абрэзалі яе і ў Гардзея Лусты, а  ў  асадніка Акалота забралі ўсю. Цяпер на яго сядзібе застаўся жыць парабак Матаронак. Ён нават паспеў напярэдадні ажаніцца. Узяў такую ж, як і сам, не адукаваную нязграбную і нават крыху касавокую дзяўчыну Агату, якая  засядзелася ў дзеўках. Праўда, калі ў іх адзін за адным пайшлі дзеці, улады яго з сядзібы выселілі ў вялікую старую лазню былога гаспадара з даўно згніўшай падлогай. А на сядзбу Акалота засялілі сям’ю прыезжага доктара Аўсяновіча, які наладзіў там прыём хворых. З часам пабудовы сядзібы былі перастроены, і там, на хутары Забор’е, з’явілася першая вясковая амбулаторыя, а многа пазней – і бальнічка.
   Збіраючыся ў нядзелю ці калі вечарам па прывычцы ля двара Гардзея Лусты, у цэнтры вёскі пад старой ліпай, вірульцы, хто быў больш пісьменны, пераказвалі прачытаныя ці пачутыя звескі аб непазбежнай вайне з немцамі.      
   - А што ж вы думаеце, немец толькі Польшчу праглынуў, і ўсё?, - даводзіў керхаючы стары Яфім Шворан.
    Як і іншых расійскіх салдат, яго ў 1914 годзе на імперыялістычнай вайне немцы атакавалі аднойчы атрутным газам. З таго часу ён заўсёды кашляў. Але на зайздрасць маладзейшым мужчынам, калі даводзілася парыцца разам з імі ў вялікай лазні Жамойсцікаў, Шворан, не баючыся гарачыні,  падоўгу хвастаўся бярозавым ці дубовым венікам, чым усіх зганяў з палка. І ўсё падсцёбваў:
   -  Ану, падкінце  яшчэ  духу!
   Няспешна закурваючы самакрутку (усім абяцаў, што заўтра ж кіне курыць), разважліва прадаўжаў:
  -  Немец, кх, кх, ён такі, - зноў керхаў Яфім, - калі пераможа – то будзе здзеквацца з цябе. А калі ты возьмеш верх, то можа нават поўзаць перад  табой, біць паклоны, каб толькі выжыць. Але затоіць злосць. Немец паважае толькі сілу. Я іх знаю. Ваяваць умеюць. Ён і перад Саветамі не спыніцца – усёроўна вайна будзе. Бачыце, як хутка яўрэі зніклі? Немцы ж іх усіх знішчаюць. І ў самой Германіі, і ў Польшчы. Пад корань. Ага... Ды і паны самі паз’язджалі некуды.
   Яго падтрымаў і Дзям’ян Бушэвіч. Дзям’яна і яшчэ некалькі маладых вяскоўцаў з Паленаўскай гміны ў 1938 годзе забіралі ў польскую армію. У час акупацыі Польшчы немцамі ён трапіў у палон і амаль цэлы год працаваў на баўэра недзе ля Гданьска. Атруціўшы гаспадарскую аўчарку – ахоўніка, ён з напарнікам збег адтуль і неяк праз Літву дабраўся да вёскі.
   Прадчуваючы вайну і набліжэнне часу, калі ўсіх вяскоўцаў загоняць у калгасы, тыя, хто меў добры ўласны лес, сталі рэзаць і прадаваць яго за мяжу. А скупляў бярвенні і вёз іх на чыгуначную станцыю ў Паленава адзіны, яшчэ застаўшыся там, яўрэй Шаптовіч. Прадаў уласны лес і былы польскі ляснік Юзюк Славінскі.
  - А дзе ты будзеш сабе дровы секчы? – падкулупнуў яго Жамойсцік, бацька Усці.
  - Ты за мяне не бядуй, - знайшоўся Юзюк. – А хаця б і ў тваім лесе насяку. А што? Не дасі? А ў цябе і пытацца ніхто не будзе.
  Відаць Славінскі, як ляснік, даўно ведаў, што хутка лес, як і “лішнюю” зямлю, Саветы таксама адрэжуць, і ён адыйдзе дзяржаве. Так потым і здарылася: па распараджэнню ўлад увесь страявы лес у сялян Марозаўскага сельсавета ды і ва ўсёй Вілейскай вобласці быў перададзены дзяржаве.
   У хуткім часе пасля прыходу Саветаў Круталёў, дэманструючы уменне хапаць жар чужымі рукамі і спадзеяючыся, што і яму, як старшыні сельсавета, нешта перападзе, аб’явіў, што можна рабаваць былыя сядзібы паноў і падпанкаў. Сталыя вяскоўцы, канечне, разумелі, што якія б  не былі яны прагныя, а браць чужое не можна. І перад суседзямі сорамна так рабіць, і перад Богам грэшна.  Калі ж сама дзяржава нешта аддасць бяднякам ад панскага багацця, тады іншая справа.
   А вось двое нежанатых братоў Свіркуноў з вёскі Аблогі, даведаўшыся пра дазвол старшыні сельсавета, з’явіліся з ружжом на  сядзібу  асадніка Франака Каліновіча. Дома аказалася толькі жонка. Пад пагрозай забойства браты рабавалі, маўляў, незаконна нажытае дабро: адзенне, посуд, харчы. Сам гаспадар к таму часу памёр. Быў ён чалавекам незлаблівым і не прагавітым. Ніколі не меў парабкаў. А калі не спраўляўся што рабіць сам з  сям’ёй па гаспадарцы, то наймаў за злотыя дужых мужчын ці жанчын з суседніх Аблогаў. У асноўным жа асаднік быў, як кажуць, сваім чалавекам у вёсцы, хоць і жыў асобна, за кіламетр на хутары. Ды і жаніўся, закахаўшыся, на вясковай дзяўчыне Ірыне, у якой, да таго ж, не было ніякага пасагу.
   Браты Свіркуны, канечне, гэта ведалі. Але пажывіцца дармаўшчынай вельмі карцела. Тым больш, яны спадзяваліся, што калі сельсавет дазволіў, то за гэта нічога не будзе.
   Калі ўсё каштоўнае, што бачылі вочы і ўмяшчалася ў мяшкі, браты аднеслі бліжэй да маста, яны рашылі яшчэ і прыстрашыць гаспадыню:
  - Кажы, дзе схавала грошы? Дзе золота? Гавары, а то ўтопім?
   Сядзіба асадніка, акружаная з усіх бакоў маладымі ліпамі, падстрыжанымі на еўрапейскі манер кустамі агрэсту, парэчак, нізкарослых вішань, гародчыкам з ужо  адцвітаючымі жоўтымі вяргінямі стаяла воддаль ад ракі Віраўлянка. На ёй гаспадар для праезду на  хутар у свой час пабудаваў высокі мост. Ён нават спрабаваў тут, побач ля яго, паставіць млын. Але для пад’ёму ўзроўню вады трэба было б збудаваць плаціну. Тады Віраўлянка заліла б лугі многіх вяскоўцаў. А вадзіцца  з імі і нажываць сабе ворагаў яму не хацелася. З часам завадзь, якая засталася каля маста, зарасла з берагоў асакой. Але была па-ранейшаму даволі глыбокай і прасторнай. Тут нават вадзіліся шчупакі і самы, як падняць крыгай.
   Гаспадыня хутара, перапуджаная, у расхрыстанай камізэльцы і распушчанымі валасамі, мокрая ад слёз прасілася ў Свіркуноў пашкадаваць яе. А яны, ап’янеўшы  ад знойдзенай у камодзе на кухні крамнай гарэлкі, толькі яшчэ больш ускіпалі ад злосці і патрабавалі  грошы. Яны былі ўпэўнены, што ў асадніка Каліновіча павінна быць многа золата.
   - Не скажаш, дзе схаваныя грошы, – утопім!, - у адзін голас зноў і зноў крычалі браты і нават пацягнулі ўжо Каліновічыху да ракі.
   - А дзеткі ж вы мае, - малілася кабета. – Я ж усе злотыя, што мы збіралі з нябожчыкам Франакам, аддала дзецям, як тыя паехалі летась вучыцца ў Варшаву. Няма цяпер каму мяне бараніць. За што мне такое горайка? Я ж бацькоў вашых знаю. Няўжо гэта яны вам сказалі такое рабіць?. Як жа зямля такіх носіць, як вы? Ці на вас управы няма? Што гэта за савецкая ўлада такая, калі можна здзеквацца з слабейшага, адзінокага?!
   Крыкі і мальбу аб спасенні ад рабаўнікоў здалёк пачулі нейкія чужыя мужчыны, якія ўдваіх з пілой і тапаром ехалі на падводзе міма хутара Каліновіча, відаць, у лес па дровы. Кінуўшы раскудлачаную, ледзь жывую ад страху старую жанчыну ля моста, браты кінуліся з нарабаваным цераз кусты, нацянькі да вёскі.
   Потым аб гэтым выпадку даведаліся і ў  Вірульскім сельсавеце, і нават у райцэнтры. Што-кольвек Свіркуны паспелі ужо спажыць, але ўсё ж большасць давялося вярнуць гаспадыні.  Братоў забралі ў раён прыехаўшыя аддтуль конныя міліцыянеры. Круталёва, як падбухторшчыка братоў ды і другіх абібокаў і гультаёў на грабяжы багатых маёнткаў, як ён лічыў – “ворагаў” савецкай улады, знялі за гэта з пасады старшыні сельсавета. Казалі, што ён усё ж неяк выкруціўся, і цяпер аціраецца недзе за былой польскай граніцай, у Бягомальскай зоне, дзе Саветы ўсталяваліся ўжо вельмі даўно.
   А фільтрацыя ў Вірулях, Аблогах, Марозаўцы і іншых вёсках сельсавета прадаўжалася і далей. Партыйныя кіраўнікі разам з работнікамі раённага аддзела дзяржбяспекі разумелі, што пачынаць выхоўваць у мясцовага насельніцтва павагу да новай улады трэба яшчэ са школы. Дзеля прафілактыкі і каб нагнаць страху іншым, яны арыштавалі адзіную тады ў вёсцы сям’ю настаўнікаў малодшых класаў Наталлі і Пятра Гоманаў. За што, і самі толкам не маглі ім растлумачыць. Маўляў, вы прымушалі  дзяцей маліцца, вучыць чужую, польскую мову, выхоўвалі павагу да панскай Польшчы. Да таго ж высветлілася, што Пётр Сямёнавіч быў афіцэрам царскай арміі. І наогул мясцовае насельніцтва трэба было рыхтаваць да першых выбараў у мясцовыя Саветы. Адукаваных жа людзей, якім бы верылі сяляне, на вёсках, лічы, не было.
   Але зразумеўшы, што акрамя гэтых настаўнікаў, маленькіх дзяцей у вёсцы вучыць больш некаму, сям’ю Гоманаў хоць і застрашылі, аднак былі вымушаны накіраваць у Полацкае педвучылішча перавучвацца на выхаванне вучняў па савецкай сістэме адукацыі. Дзяцей жа вырашылі вярнуць на адзін клас назад. Хто, напрыклад, скончыў чатыры класы, вярталі назад у трэці. І так паступалі не толькі ў Вірулях, а і ва ўсім раёне і вобласці. І нават з тымі, хто паспеў скончыць сем класаў. Новай, Савецкай уладзе былі патрэбны паслухмяныя “вінцікі”. Яны павінны любіць не сваю зямлю і працу на ёй, а, маўляў, дзеля свайго і дабрабыту ўсёй сям’і – камуністаў, калгасы, калектыўную працу на карысць новай, як яны сцвярджалі, шчаслівай радзімы.
   Праўда, у дакляраванае шчасце вяскоўцы не надта і верылі. Але яны былі вымушаны дэманстраваць, што вельмі любяць новую Савецкую уладу. Вясной 1940 года, калі многія вяскоўцы ўжо распачалі сеяць ярыну, з раёна паступіла каманда: правесці ў Марозаўскім сельсавеце святочны мітынг з нагоды нейкага першамая, новага савецкага свята. Вядома ж, ніхто асабліва ісці на мітынг не спяшаўся, акрамя батрака Матаронка, малазямельнага Базыля Гарошкі, сакратара сельсавета Апанаса Баўтрука, міліцыянера Мікіты Шашка, новага старшыні сельсавета Мікалая Прэнта ды двух прадстаўнікоў з раёна. Яны загадалі Шашку галопам імчаць на кані за паўтары-дзве вярсты ў вёскі Баркі і Аблогі, каб сабраць і прывесці ў Вірулі як мага больш людзей. Літаральна пад бізуном ішлі сяльчане на сходку, а хтосьці, калі Шашок асабліва не пільнаваў, хаваўся па шляху ў вёску ў дварах знаёмых ці сваякоў. Людзям жа некалі было слухаць прамовы, бо пачалася ўжо сяўба.
   Як і ўсе людзі, Жыгула моўчкі слухаў пышную прамову раённага начальніка, ківаў галавой, але думаў аб адным: каб хутчэй вярнуцца да сявенькі. Ён з дзяцінства ведаў, што вясновы дзень год корміць.
   А раённае кіраўніцтва, упэўненае, што толькі яно ведае, калі, што і як трэба рабіць на пасяўной у вёсцы, складала планы работы, а хто не хацеў іх выконваць, тых назначала “ворагамі народа і савецкай улады”. Неяк у вёску Аблогі як раз міма хутара Лявона Жыгулы, (ён бачыў здалёк), на брычцы паехаў, відаць, вялікі начальнік. Бо за ім ззаду ехалі конна і міліцыянер Шашок, і новы старшыня сельсавета Прэнт, худы чорны даўганогі дзяцюк у паўвайсковым, модным тады фрэнчы.
   Потым аблогаўскія мужчыны неяк апавядалі Лявону, як упаўнаважаны, які прыехаў аж з самой Вілейкі, загадваў аднаму з сяльчан сеяць ячмень у гразь. Маўляў, гэта новая методыка, і ты пакажаш прыклад усім. Таму, канечне, прыйшлося сцярпець гэты прымус. Але ні ў Аблогах, ні ў другіх вёсках ніхто так сеяць не стаў. Ячмень жа – гэта не авёс, з гразі ён не вылезе, а проста дарма прападзе.
   І Лявона, і другіх вяскоўцаў здзіўлялі і злавалі патрабаванні Прэнта і яго начальнікаў складваць планы правядзення пасяўной. Яны настойвалі праводзіць па два-тры сходы на тыдзень, на якіх указвалі сялянам, дзе, на якіх землях, калі і як трэба сеяць. І яшчэ прымушалі пісаць справаздачы аб гэтым у сельсавет, а той рапартаваў у раён.
   - Не будзеце сеяць так, як мы кажам, то арганізуем калгас і ўсю зямлю туды перададзім, - гразіўся Прэнт.
   Калгасаў баяліся ўсе, бо трохі ўжо ведалі, як пры іх жывецца ва Усходняй Беларусі. Адтуль праз зону загароды, якая заставалася на былой граніцы нават і пасля прыходу Саветаў, у Марозаўскім сельсавеце ўсе ж з’яўляліся адтуль калгаснікі, якія змаглі неяк перабрацца ў польскую зону. Яны сцвярджалі, што на іхнія працадні там, лічы, нічога не плацілі. Ды і землі там былі часцей за ўсё пясчаныя, падзолістыя, камяністыя, адным словам – бедныя. Таму ўсе імкненні новых уладаў у Марозаўскім ды і ў іншых сельсаветах ухваліць тамашняе калгаснае жыццё вяскоўцы ўспрыймалі здзекліва, часцей за ўсё моўчкі. Але не верылі ім.
                              
Залатая сярэдзіна

   Лявон прыйшоў з вёскі дзесьці ў поўдзень. Бразнуўшы клямкай дзвярэй і пераступіўшы парог, сеў на канапу і пачаў павольна расшпільваць камізэльку. З другой палавіны хаты выглянулі дочкі Тася з Жэняй. Паказаўся як заўсёды мурзаты Сцяпанка са старэйшым братам Толем. Яны цікавалі, п’яны бацька ці не. Дзякуй богу, той быў цвярозы.
   - Дзе маці? –запытаў Лявон.
   - Хадзіла варочаць сена. А цяпер, пэўна, у хляве малую цялушку поіць, - адазвалася Тася.
     - Ідзі пазаві, - кіўнуў бацька. – І хутчэй, кажу! Чаму ў хаце не падмецена? Што вы тут паўдня рабілі? Бяры венік, - наказаў Лявон меншай Жэні, - ды падмяці падлогу. Вунь ён стаіць у качарэжніку. Як вам не сорамна...
   Дзеці замітусіліся, пачалі збіраць, хто раскіданую адзежыну, хто абрэзкі дошчачак, з якіх хлопчыкі ладзілі дзіцячыя “палацы” і складваць у сплецены з жоўтых сасновых карэнняў невялікі кошычак. Лявон плёў іх узімку, калі іншай работы не было. А карэнні драў з маладых сосенак у сваёй Барысаўцы, якую за ім замацавалі разам з ворывам яшчэ палякі, як высялялі на хутары.
    - Дзе ты была так доўга, - як да вінаватай звярнуўся Лявон да Усці, калі тая, выціраючы аб фартух  мокрыя рукі, зайшла ў хату. – Дай што з’есці. Бульба ж, пэўна, засталася з раніцы? Ці хлеба скарынку, - незлабліва сказаў Лявон.
   Усця, не падымаючы вочы, каб не сустрэцца позіркам з Лявонам, і нічога не адказваючы, палезла ў печ, дастала чыгунок з вараным, яшчэ гарачым бацвіннем. Гаспадар сам схадзіў у варыўню за апошняй, самай меншай булкай спечанага дома хлеба. Каб гэты самы каштоўны харч не папсавалі мышы, ён захоўваўся на шырокай ліпавай дошцы, падвешанай на дроце да столі. У вараўні заўсёды было паўзмрочна, пахла цвіллю і сырасцю. Ля маленькага нізкага, менш аршына, акенца, стаялі жорны, ляжалі, каб не рассохліся, старыя цэбры. У кутку чарнела вялікая, на дваццаць вёдраў дубовая кадушка з бярозавым сокам. Усця як заўсёды накідала туды зверху крыху падсмажанага ячменю, скарынак хлеба і дабавіла друбінку дражджэй. І сок ператварыўся ў падкіслы аскомісты напітак.  Ён заўсёды быў халодны, аж зубы ломіць, калі п’еш. Лявон звычайна наліваў яго ў бутэльку, калі ішоў на паўдня на касьбу, ехаў у лес па дровы ці нават на кірмаш.
   - А можа ты дзе прыхавала кілішак адгону? – Лявон няспешна рэзаў хлеб, чакаючы адказу Усці. Падставіўшы левую руку, каб не сыпаліся крошкі на падлогу, ён змятаў іх з настольніка і сыпаў у рот.
   - Зноў ты за сваё? – незлабліва і нават баючыся парушыць нейкую ценькую нітачку ўзаемаразумення і дабрыні, не чакаючы ад Лявона адказу, азвалася жонка. – Што, ня можна без гэтага абыйсціся? Ладна, пайду пашукаю.
   Усця добра помніла, што балючую рану не трэба дражніць, і ведала звычку Лявона пасля крэпкай самагонкі гнаць яшчэ і колькі бутэлек адгону. Яна часцяком хавала іх дзе-небудзь у сенцах або ў вялікім, як схавацца двум чалавекам,  куфры, які бацька, даў ёй, як пасаг.  Куфар заўсёды стаяў у  сенцах , збоку ад  дзвярэй ў хату. У ім Усця звычайна захоўвала дзіцячую споднюю бялізну, кавалкі саматканага  льнянога палатна, свае старыя дзявочыя сукенкі і баціставыя сачыкі. У ільняных торбачках Усця трымала у ім сушоныя суніцы, чарніцы ды маліны, каб лячыць дзятву ад прастуды. Тут пахла адразу і нафталінам, і нейкімі духамі ці адэкалонам, і нават сушанымі грыбамі. У куфар, акрамя Усці, ніхто не меў права лазіць і што коль-век браць. Акованы меднымі, але пачарнеўшымі ужо ад часу абручамі, ён запіраўся на вялікі, як у клеці, замок. Ключ ад яго Усця звычайна хавала  ці   за пазухай, ці ў патаемным месцы ў сенях.
   - Во, дзяржы, - падала Усця мужу з паўбутэлькі адгону. – Лепей бы ты яго збярог. Ці новую гарэлку давай зробім. Вунь, кажуць, у вёсцы і на хутарах Саветы зноў пачалі абразаць зямлю. І да нас жа дабяруцца. Можа, во каго пачаставаць прыдзецца: хоць і бальшавікі яны, але ж людзі. Няўжо могуць палавіну нашага ворыва забраць? Хай бы лепш Барысаўку ды кусты абразалі.
   - Ім  не ўкажаш, - крэкнуўшы пасля глытка адгону, заўважыў Лявон і пачаў сёрбаць бацвінне з варанай абіранай бульбай. – Я вось толькі з вёскі. Зайшоў да Гардзея Лусты: трэба было аддаць яму новую сцябачку – я даўно абяцаў. У яго ужо былі і наш сусед Панас, і стары Шворан. Усе кажуць, што могуць абрэзаць не толькі большую частку ворнай зямлі, але і лес, у каго ёсць у надзеле. Сапраўды, хай бы ўжо лепш нашу Барысаўку забралі, бо з яе пакуль аніякай карысці няма. Толькі дурніцы ды журавіны дзе-ні-дзе на курганах растуць. Калі яшчэ тыя ж сосны на гэтым балоце вырастуць...
   Усця прысела на рагу шырокага стала з суцэльнай ліпавай дошкі, зморана склала на каленях пачырванелыя і абветраныя рукі і не перабівала Лявона, каб толькі ён ад чаго-небудзь не ўзлаваўся. Яна ведала, што маўчанка любы гнеў тушыць. А мужык, сапраўды палагаднеўшы ад выпітага, усё абураўся на новыя парадкі Саветаў. І на самадурства старшыні сельсавета Прэнта, і на яго памагатага Апанаса Баўтрука. Усцю здзівіла, што Лявон раіўся з ёй як з раўнёй: як ім жыць далей пры Саветах.
   - Лета во ідзе. Трэба ж у восень падаткі плаціць і за зямлю, і за скаціну. А яшчэ ж нам неабходна здаць дзяржаве нормы зерня, бульбы, масла, воўны, яек. Таксама ж авечыя і свіныя скуры. Во, а як быць з лесам? Мне ж трэба нарыхтаваць і вывезці ў Паленава на чыгуначную станцыю пяцьдзесят кубоў лесу. З кім пілаваць, на чым вазіць? Конік жа ў нас адзін. Не вывезу – могуць і цюрму пасадзіць. Дзе браць сілы, як знайсці грошы? Можа падгадуем цялушку ды прададзём яе на кірмашы у Малінаве? Зноў жа, ягняткі падрастуць. А калі к таму часу і свіння апаросіцца, то і парасят колькі збудем...  
   - Што ж нам, толькі адна кароўка і застанецца? Вунь колькі роцікаў накарміць трэба. І апратку нейкую дзецям і сабе купіць: у рыззі ж на вёску не пойдзеш – засмяюць. Ды й табе во на зіму кажушок новы не пашкодзіць, - уставіла сваё слова Усця.
   - Ты зноў пра сваю вёску ды сяло, тваю маць! – не даслухаўшы довады Усці стукнуў кулаком па стале Лявон. - Відаць, адгон ужо цюкнуў яму у галаву. – У каторы раз сваю юргінію будзеш выдумваць?! Знаю, куды ты цэліш. Толькі няма твайго Круталёва. Прагналі гэтага жываглота з пасады. Дзіўлюся, як ён толькі не дазволіў рабаваць такіх, як Гардзей Луста, Панас Шыла ці нават мы. А можа ты ўжо надумалася, як яго ўлагодзіць, калі ён раптам вернецца?!
   Забытая рэўнасць успыхнула ў сэрцы Лявона, як разлітая  на стале газа з лямпы. Злосць была не столькі на Усцю, колькі на гэтую бязвыходнасць у жыцці, на вялікія падаткі, на абсеўшых дзяцей, якія галоднымі вачыма моўчкі патрабавалі і харчу, і нейкага адзення, ды наогул – лепшага жыцця.
   Усця спалохалася, аж кашуля да спіны прыліпла. Яна не стала чакаць, пакуль Лявон зусім разбушушуецца, і выскачыла з-за стала. Сцяўшы зубы і ўгнуўшы галаву, ледзь стрымліваючы слёзы, моўчкі выслізнула з хаты. Ведаючы гарачы нораў бацькі, калі той быў на падпітку, дзеці зашыліся на печ, баючыся што пад гарачую руку і па іх спіне пагуляе дзяга.
   Лявон дапіў прама з бутэлькі адгон, са звонам дзынкнуў пустой бутэлькай аб стол і нават не пытаўшыся, елі  ўжо дзеці або не, глянуў на печ:
   - Даешце тут, - паказваючы на стол , сказаў бацька. – А ты, Тася, пакармі Сцяпанку. І прыбярыце чыста хату. Я ўвечары пагляджу, які ў вас тут парадак будзе.
   Лявон закурыў самакрутку, ляпнуў дзвярыма і падаўся на вуліцу. Пахадзіў па двары, але Усці нідзе не заўважыў. Сеў на высокі драўляны ганак. Ці то ад рэўнасці, ці то ад адгону і моцнага тытуню, ад злосці на гэтыя Саветы, якія ніяк не даюць простаму земляробу ўзбіцца на роўныя рэйкі жыцця, у вісках  запульсавала кроў, быццам галаву білі цяжкай доўбняй. Яшчэ гэта Усця са сваім сялом! Лявон дзесьці глыбока ў  душы, канечне, разумеў, што жонцы ні да якіх гуляў, дзеці ж абселі яе, як квактуху піскляты. Не да гуляў жонцы. Яна і так ледзве паспявала нешта гатаваць у печы, карміць дзяцей і скаціну, мыць бялізну, шыць для дзяцей сукеначкі ці штонікі, слепячы з іголкай  вочы ля вакна.  
   Аднак Лявон ніяк не мог прызнацца сабе, што ён не мае права злавацца на Усцю – гонар не дазваляў. У першыя гады пасля вяселля, калі быў у гуморы, ён, бывала, грубавата туліў яе да сябе, нават насуперак яе жаданню, наровячы залезці ёй пад спадніцу і ўсё ганарыўся:
   - Мы, Жыгулы, такія. Любому дадзём рады. Нас усе ў вёсцы ведаюць.  Не тое, што твае Жамойсцікі. Твой жа брат, гэты даўгалыга Ігнат, нават калок не ўмее зачасаць, як трэба.
   Усця спрабавала нешта пярэчыць, супраціўляцца, але Лявон, быццам жартуючы, валіў яе дужымі рукамі на пасцілку і заціскаў рот няўмелым, затое моцным пацалункам… Змораныя, яны потым сцішана ляжалі на леташнім сене ў пуні. Лявон тады ўслых марыў, як яны  аддзеляцца ад маці, завядуць сваю гаспадарку, нараджаюць сыноў. “Каб былі наследнікі і вучыліся аж у Варшаве, каб у кожнага потым таксама быў свой дом, свая зямля”.
   У такія часы Усці здавалася, што яна і сапраўды кахае гэтага крэпкага хлопца, што бацька аддаў яе замуж не за зямлю, якой у свекрыві было многа, а за дбайнага гаспадара. Руплівага касца, здатнага цесляра, файнага танцора. А Лявон і сапраўды, будучы яшчэ кавалерам, мог на танцах у заклад з музыкай ператанчыць амаль што любога вірульскага хлопца. Праўда, той жа Круталёў дэманстраваў не толькі польку ці абэрак, а яшчэ на зайздрасць вясковым кавалерам вельмі прыгожа танчыў падыспан, нейкія факстрот ці танга. І заўсёды умеў як бы выпадкова так прыціснуць дзяўчыну да сябе, што тая ні то ад шчасця, ці то ад задухі і слова вымавіць не магла. Хаця, праўда,  не ўсе вясковыя дзяўчаты ўмелі кружыцца ў танцы і ўправа, і ўлева. Тады Круталёў, асабліва калі быў трохі выпіўшы і ад гэтага яшчэ больш нахабны, мог сказаць, каб усе пачулі “Бервяно ты неачасанае”. Кінуўшы дзяўчыну сярод круга выхопліваў з гурта другую. З ім і баяліся танчыць вясковыя паненкі каб прынародна не абсмяяў, але ж потым, калі ўсё ім удавалася, нават выхваляліся адна перад адной. А хлопцы зайздросцілі такому суперніку, не паказваючы гэтага адкрыта, і наравілі калі-небудзь пры ўдалым выпадку неяк адпомсціць.
   Як даўно гэта было...        
                                            

Горкі цукар

   На вяселлі Лявона і Усці, акрамя куфра, падушак ды яшчэ якой драбязы, стары Жамойсцік даў дачцы, як пасаг, сто рублёў золатам. Маўляў, мы не такія ўжо і бедныя.  Але тыя грошы Усця так і не спажыла: нічога смачнага не з’ела і крамнага не купіла ні сабе, ні Лявону. Той адразу ж схаваў грошы. Колькі не пыталася потым Усця, гаспадар спрабаваў толькі няўмела маніць, дзе яны дзеліся. Маўляў, пазычыў іх пад працэнты Яўрэю Вульфу. Потым казаў, што яны пайшлі на куплю яшчэ двух гектараў ворыва.
   З часам,  каб неяк адчапіцца, злуючыся на гэтыя допыты, ды і з-за рэўнасці літаральна кожны позірк жонкі ў бок якога-небудзь маладога мужыка з другой вёскі Лявон дэманстратыўна ўспрымаў, як яе флірт ці нават памкненне да большай блізкасці. Усця ўжо баялася нават хадзіць адна з хутара ў краму, як тады казалі – на сяло.  Ёй тады было чуць болей за трыццаць і яна яшчэ не згубіла жаноцкай прывабнасці. Шэрыя вочы з пад доўгіх вейкаў звычайна глядзелі на чалавека дапытліва і асцярожна. Патаемная ўсмешка аднымі толька вачыма і краёчкамі поўных вуснаў быццам абяцалі чалавеку нешта забароненае, але надта жаданае. Ведаючы гэта, Усця часцей за ўсё сама апускала вочы, баючыся, што які малады мужчына ці нежанаты дзяцюк падумае, што яна з ім хоча сустрэцца яшчэ раз. Тады ўся яе файная  фігурка з чорнымі косамі, схаванымі пад тонкай хустачкай, высокімі грудзьмі, поўнымі і заўсёды ружовымі, як у нявесты, шчокамі здавалася меншай, сціскалася, бы той дзіцячы шарык.
   Часцей за ўсё, каб адвесці душу, “схадзіць насяло”, Усця ішла на блізкі хутар да Альжбеты, жонкі  брата Ігната. Яна хоць і была крыху старэйшай, але добра разумела залувіцу. Тая ведала, што Лявон  раўнуе яе да “кожнага пня”, нават б’е, і тое, што яна нічым не вінаватая перад ім. Часцяком Усця прыходзіла да яе, збітая і заплаканая. І ўсё ж  братава жонка зайздросціла Усці, бо сама нарадзіла толькі дваіх, а ў Усці к таму часу было ўжо  пяцёра дзяцей. І кожнаму з іх Альжбета з’яўлялася хроснай  мамкай, якая прымала кожныя роды. І калі падросшыя хрэснікі прыходзілі да іх на хутар за якой-небудзь патрэбай, усе яе так і звалі – “мамка”. Альжбеце гэта, канечне, вельмі фэнціла , але яна, нават ведаючы, што Лявонавы дзеці заўсёды хочуць есці, не спяшалася даць ім кавалачак хлеба ці тым больш чаго-небудзь салодкага.
   У Жыгулаў у доме не бывала тады ні куплёных цукерак, ні нават друбіначкі цукру. Такую смакату Лявон з Усцяй маглі купіць звычайна толькі, калі пабываюць ў познюю восень на кірмашы ў Малінаве. Там удавалася зпадцішка прадаць ці трохі воўны, ці нават галоўку масла, ці вытканага дома тонкага палатна або не перазімаваўшага баранчыка. Тады Усця ішла ў краму да гандляроў, прасіла адкалоць ад вялікай галоўкі  сіняватага на выгляд цукру кавалачак памерам з два кулачкі. Яго даводзілася потым дзяліць па якой друбіначцы паміж дзецьмі, лічы, да самой вясны.  
   Таму і цукар, і яшчэ нейкія прысмакі Усця хавала пад замком у куфры. Цукар звычайна яна прыносіла ў хату, закручаны ў саматканую белую прасцінку і адбівала  па маленькаму кавалачку жалезным таўкачом. Толя, бывала, адамкнуўшы знойдзеным ключом куфар, баяўся нарабіць грукату, і толькі спрабаваў неяк угрызнуць салодкую спакусу. Не здолеўшы гэта зрабіць, шукаў і знаходзіў схаваныя тут жа сухія маліны ці чарніцы, кідаў іх у рот жменяй, рассыпаючы па ўсім куфры. Калі за гэтай справай яго падлоўлівалі меншыя дзеці, ён, каб тыя нічога не сказалі маці, даваў пакаштаваць патроху і ім.
   Вядома ж, Усця, калі потым па нейкай патрэбе адкрывала куфар, заўважала, што нехта без яе лазіў туды. Падазрэнне на старэйшых дачок адпадала адразу: тыя ўжо часцяком працавалі разам з маці ў полі або па яе даручэнню корпаліся на агародзе. Іншы раз “прадаваў” Толю меншы брат Сцяпан, бо таму не заўсёды ўдавалася палізаць цукар або пакаштаваць сушаных ягад. Канечне ж, Толю за гэтыя цукровыя прыгоды пападала ад маці. Але калі ён стаў дзяліцца з братамі, і ўсе потым маўчалі, хрышчэнне дзягай наступала для ўсіх. Аднак страшней за ўсё былі словы маці:
   - Вось прыйдзе бацька, я яму ўсё раскажу!
   - Мамачка, мы... Я больш не буду, - прасіўся Толя, расціраючы на твары слёзы    салодкай ад цукру рукой.
   Усця, канечне, разумела, што дзецям вельмі хочацца салодкага. Але і пры Польшчы, і з прыходам Саветаў той жа цукар ці сушаныя ягады былі, як лякарства ў сям’і. Захоўвала яна, як  кажуць, на “чорны дзень” і сушанае лісце мяты, агрэсту, вішань. А зімой заўсёды трымала на гарышчы маленькі кошычак з журавінамі. Калі хто з дзяцей учадзее  у лазні ці, не дай бог, нават хто ў доме, тады Усця прымушала захварэўшага класці ў вушы мерзлыя журавіны. Маўляў, гэта адцягне чад і зменшыць боль. Невядома, дапамагалі тады ягады ці проста чалавек пераставаў думаць аб хваробе, аднак пакуль мерзлыя ды халодныя журавіны адтайвалі ў вуху, хвораму станавілася лягчэй .
   Падобным чынам лячыла маці  ў дзяцей і болі ў жываце, мяркуючы, што гэта – глісты. Памацаўшы вуснамі галаву, ці гарачая яна, наказвала:
   - Лезь на печ, пагрэй жывот. І ляжы доўга, не варочайся. А потым панюхай кнот з малой газнічкі. Яна там, на коміне стаіць. Пах газы павінен памагчы.  
   Бывала, што такія хворыя, сагрэўшыся, проста засыналі, бо печ нават улетку была заўсёды цёплая. Паліць у ёй Усці даводзілася кожны дзень: і для сям’і трэба было нешта зварыць, і для скаціны згатаваць нейкага варыва.
    Асаблівым у доме быў дзень мыцця адзежы, які Усця наладжвала разы два ў месяц. За два тыдні збіралася цэлая гара і ніжняй бялізны, і тонкай верхней вопраткі, і крамных купленых сачыкаў, дзявочых сукенак, хустачак. Усё ж такі ў хаце было сем чалавек: у сярэдзіне 1941 тода ў сям’і Жыгулаў нарадзіўся ўжо трэці хлопчык і назвалі яго Цішкам.
   У пральны дзень Усця спецыяльна добра напальвала печ, каб нагрэць амаль да чырвані вялікія, з тры-чатыры кулакі, камяні. За дзень перад гэтым маці клікала памагчы старэйшую дачку Тасю, якая выбірала ў вядро попел з грубкі ў чыстай палове хаты ці з загнеткі ў вялікай печы. Перад тым, як кідаць у чатырохвядзёрны цэбар напаленыя ў печы камяні, каб ускіпяціць такім чынам у ім ваду, яе налівалі на дно менш палавіны. Інакш каменні  маглі б прапаліць цэбар. А потым на замацаваную на яго ручках  старую зрэбную пасцілку Усця сыпала попел і праз яго  працэжвала ваду. Так яна станавілася больш мяккай, бо мыла ў той час не хапала, а часцей і не  было зусім.
   - Дачушка, варочай камяні качаргой! Хутчэй! – падганяла Усця ў такія хвіліны Тасю.
А той не хапала на гэта ні сілы, ні спрыту. Камянёў, якія маці на засланцы ці на старой патэльні выхоплівала з агню і кідала ў цэбар, было многа. Не дай бог каторы з рук маці упаў бы на нагу. У такі дзень не толькі ля печы, але і ва ўсёй хаце стаяла пара, ляцелі ва ўсе бакі гарачыя пырскі, пахла мокрым попелам. Тут жа, побач, круціліся і малыя дзеці, якіх даводзілася літаральна з гвалтам адганяць  ад гарачых камянёў  і ад цэбра з варам.
   Толькі калі ён астываў, Усця, асцерагаючыся, каб не абпаліць рукі, па чарзе брала  з цэбра якую кашулю ці дзіцячыя штонікі  і ўжо ўручную мыла іх асобна ў вялікім драўляным карыце.
   Калі ў такі дзень і час Лявон прыходзіў дамоў палуднаваць, ён асабліва не чапляўся да Усці. Але ўсёроўна сам не наліваў сабе якой заціркі ці кіслай капусты: на стол міску ставіла жонка ці дачка. Ён быў упэўнены, што менавіта жанчыны павінны былі абслугоўваць мужчыну за сталом. Так было заведзена і ў яго сям’і, калі ён жыў з маці, так  лічылі і ўсе мужчыны ў вёсцы. А тое, што жанкам ці мацеркам даводзілася ад цямна да цямна працаваць па гаспадарцы, лічылася нейкай іх павіннасцю.  
   - Ну што ў вас, у баб за работа, - звычайна вяла кпіў Лявон з Усці. – Вось я, скажам, прывёз з лесу воз дроў, накасіў стог сена, узараў папар, змайстраваў цэбар... Во, гэта відаць. А вашай, бабскай работы ня відна. Хаця, - згаджаўся Лявон  больш сам з сабой, - баба ў хаце займае тры вуглы: дзеці, кухня і гарод. А мужык – адзін вугал, але ж затое самы адказны і важны.
   - А ты во сам стань, паспрабуй, - прыбіраючы мокрай далонню валасы з ілба і не перастаючы мыць, пакуль не астыла вада,  спрабавала пярэчыць Усця. – Заўтра ж во, субота. Наша чарга  лазню цепліць. Ты не забыўся?.
   На тры хутары, дзе побач жылі жанатыя Жамойсцікавы сыны, была адна   вялікая лазня, якую збудаваў яшчэ сам бацька. І паліць у ёй печ па-чорнаму даводзілася па чарзе праз кожныя два тыдні. Стаяла яна, як, зрэшты, і ва ўсіх вяскоўцаў, воддаль ад сядзіб за  сотню-паўтары крокаў. Ці мала што. Калі, не дай бог, успыхне знячэўку, то толькі адна яна і згарыць. Праўда, і ваду ў дзве вялізныя бочкі было  далёка насіць, і дровы  цягаць на сабе.
   А хутар Жыгулы стаяў даволі далёка ад лазні, бадай што з паўкілометра. Праўда, ваду  Лявон насіў з калодзежа старога Жамойсціка, а вось дровы цягаў ён на спіне аж з свайго хутара.
   Пакуль Цішка быў маленькі, Усця гадоў да трох брала яго мыцца ў лазню разам з усімі кабетамі. Звычайна яны мыліся пасля мужчын, але вось аднойчы, неяк зімой, Лявон сказаў, як адрэзаў:
   - Усё, хопіць! Пара ўжо хлопцу мыцца з мужчынамі.
   - Няхай яшчэ хоць да лета Цішка паходзіць са мной. Маленькі ж яшчэ. Пасля лазні можа і прастудзіцца, - спрабавала пярэчыць Усця. – Яму і так хадзіць цяжка. Ды і старэйшыя хлопчыкі...
   - Я паўтараць ня буду, - абарваў жонку Лявон. – Калі што, прынясу на сабе. А зімой – на падсанках прывязу.
   І сапраўды, восенню ці вясной, калі было золка і гразка, Лявон спачатку укручваў пасля лазні ў цёплую посцілку і прыладжваў за спіну Сцяпана, а перад сабой нёс на руках Цішку. З усіх дзяцей ён шкадаваў яго больш, чым старэйшых сыноў. Хутчэй таму, што хлопчык быў самы маленькі. Калі бацька ў такія рэдкія хвіліны браў яго на рукі, Цішка ласкава прыціскаўся распараным у лазні тварыкам да калючай бацькоўскай шчакі, чуў ад яго пах тытуню і адчуваў тады сябе самым шчаслівым. У звычайныя дні Лявон ні яго, ні старэйшых братоў ці сясцёр асабліва не песціў, бо і сам рэдка быў у гуморы.
   Разы два-тры на год, на праваслаўныя Каляды, Вялікдзень ці на Тройцу, калі нельга было нічога рабіць у полі ці на двары, Лявон дазваляў сабе і ўсім дамашнім адчуць свята. Перад Калядамі, напрыклад, на Багатую куццю, калі ўдавалася выгадаваць і закалоць парсючка, на стале, засланым адпрасаваным святочным абрусам, дзе пад ім заўсёды павінна было ляжаць самае лепшае мурожнае сена, з’яўляліся не толькі міска са звычайнай ці тушонай бульбай, агуркі, квашаная капуста, але і смажаныя сала, і пячонка. Тады Лявон, быццам просячы, казаў Усці:
   - Ну, што? Нясі бутэльку...
   Тая, вядома ж , чакала гэтага і не ўпіралася. Перад тым як наліць сабе, Усці і друбіначку, толькі на дне чаркі, подросшай ужо старэйшай Тасі, Лявон, устаўшы, мармытаў сабе пад нос нейкую малітву, хрысціўся і зноўку садзіўся за стол. Пакуль ён гэта не зробіць, ніхто не меў права ўзяць са стала нават якую скарыначку хлеба, хоць усе ужо даўно глыталі слінькі.
   У кожнага за сталом было сваё, назаўсёды замацаванае месца. Злева ад бацькі сядзелі старэйшыя Толя і Сцяпан. Насупраць – дочкі. Цішка, як самы маленькі, сядзеў у тарцы стала. Яму маці заўсёды ставіла асобную місачку, бо хлопчык не мог, не ўстаючы, так далёка дацягнуцца да агульнай міскі, з якой ела ўся сям’я. Асобных талерак для кожнага з едакоў у доме не было. Старэйшых сыноў або дачок, якія неспадзявана  разлівалі з лыжак ежу, Лявон прывучаў да парадку асобым спосабам. Ён моўчкі, аблізаўшы сваю цяжкую жалезную лыжку, біў наводмаш ёю па ілбе вінаватаму. Іншы раз лыжку замяняла рэзка выцягнутая  са штаноў дзяга . Пасля такога “хрышчэння” за сталом яшчэ доўга было ціха, бо нават ад болю плакаць было нельга.
   Часцей за ўсё лыжкай даставалася старэйшым братам, бо тыя наравілі нечым зачапіць Цішку. То нагой пад сталом таўкануць, то пад локаць піхнуць, каб і ён разліў тую ж зацірку ці булён. Бацькі разумелі, што старэйшыя проста зайздросцяць меншаку, бо Усця, бывала, падкладывала ў яго місачку нечага самага лепшага і смачнейшага. Калі дзеці падраслі ўжо і навучыліся сябе весці за сталом, як трэба, Лявон, перад тым як сесці за стол, ні да каго канкрэтна не звяртаючыся, жартаўліва пытаўся:
   - Ну, што? Пазавём дзягу разам есці?
   А ў той вечар, на куццю, бацька, сеў за стол і  загадкава ўсміхаючыся, жартаўліва загадаў:
   - А цяпер кожны залезце рукой пад абрус і намацайце у сене  па адной травіначцы. У каго яна акажацца самая даўжэйшая, таму ўвесь год будзе шчасціць. А калі я ці маці выцягнем па самай доўгай травіне, то на нашай зямлі добра ўродзіць жыта, будзе многа скаціны.
   У такія хвіліны, калі бацька быў не толькі ў гуморы, а нават дазваляў сабе і жарты, усе ўжо і так былі шчаслівыя. Прыдуманы дзядамі звычай гадаць на куццю, выцягваючы сена з-пад абруса, збліжалі ў такія моманты кожную вясковую сям’ю, якія б звадкі не былі ў ёй дагэтуль. Ды і перад Калядамі лічылася абавязковым дараваць адзін аднаму крыўды, а перад Богам – моўчкі пакаяцца ў грахах.
   Ні на куццю, ні тым больш на самі Каляды нельга было лаяцца між сабой, дзецям – не слухаць бацькоў. Лічылася вялікім грахом рабіць нейкую важную сялянскую работу, да прыкладу, ехаць у лес па дровы, завіхацца ў хлявах ці ў пуні.
   Назаўтра Усця, як звычайна ў свята, пасля агульнага сытага сняданку, прыбраўшыся ў хаце і накарміўшы скаціну, надзявала кажушок з высокім белым каўняром, завязвала рудую шарсцяную хустку і ішла або на хутар да Альжбеты ці ў вёску да каго-небудзь з сябровак “насяло”.
   Недзе далёка і глыбока ў сэрцы яна, нават баючыся сама гэтага, хавала надзею, што неспадзявана можа сустрэцца са сваім даўнім дзявоцкім кавалерам, невялікім чарнавалосым спрытным хлопцам, сынам небагатага лесніка з суседняй Марозаўкі. Усця ведала, што ў яго ў Вірулях ёсць радня, і Вінцук, як на польскі манер звалі дзецюка, часцяком прыязджае на вялікія святы ў іх вёску. Той, канечне, быў жанаты, меў двое дзетак і, магчыма, нават забыўся на Усцю. Тым больш ён ведаў, што ў той аж пяцёра дзяцей,што Лявон хоць і дбайны гаспадар, але ў сям’і паводзіць сябе як дэспат. Вінцук разы са два бачыўся мімаходзь з сваёй былой каханкай, размаўляў, але разумеў, што былое не вернеш.
   Яшчэ гадоў дзесяць- дванаццаць таму, калі ён халасцяком з гуртам сваіх вяковых хлопцаў прыходзіў у Вірулі на вечарынку, яго позірк заўсёды з чародкі дзяўчат выхопліваў менавіта Усцю. Пэўна ад таго, што і сам быў невысокі, і як і яна, такі ж чарнявы, Вінцук быў нясмелы і чырванеў перад тым, як запрасіць дзяўчыну на танец. Усця танчыла з многімі кавалерамі: і з тым жа Лявонам, і з Круталёвым, але толькі з Вінцуком ёй было асабліва прыемна. Ён браў яе за руку крыху халаднаватымі, але ўчэпістымі пальцамі і заўсёды, як бы ненаўмысна імкнуўся прыціснуць іх да сваіх грудзей. Усця не моцна, больш для прыліку, адпіхвала ад сябе кавалера, каб не падумаў хто, што яна сама да яго ліпне. Аднак у душы марыла хоць яшчэ адзін раз  убычыцца з ім, але ужо не на танцах.
   Вінцук, канечне, гэта адчуваў, і калі Усця была з вірульскімі дзяўчатамі на танцах у іх вёсцы, яму нават неяк раз пашчасціла праводзіць яе да дому. Ішлі праз зімовы маўклівы лес па наезджанай санямі дарозе і не маглі нагаварыцца. Ці то ад боязі цемнаты, ці ад замілавання да кавалера, яна ўсё мацней трымалася за яго руку. Калі хлопец мякка прыцягваў Усцю да сябе, каб пацалаваць, у той як ад марозу дрыжэлі вусны. Ім зусім не хацелася раставацца.
    -Ты такі дужы, Вінцучок, і нікога не баішся у лесе, - буркавала нізкім прызыўным голасам Усця.
   Аб гэтых провадах многа пазней даведаўся і Лявон, але пакуль быў не жанаты і не пасватаны, не папікаў Усцю за гэта. Яна ж і замуж выйшла не таму, што гэты высокі і крэпкі Жыгула з русымі, як лён непаслухмянымі валасамі быў лепшы, чым Вінцук. Проста яна ведала, што стары Жамойсцік ніколі не аддасць яе за гэтага невялічкага чарнявага хлопца. Тым больш, што ў яго бацькоў зямлі было мала, а ў вёсцы тады больш за ўсё цанілі багатых жаніхоў. А ў маці Жыгулы, у Кастусі, зямлі хапала, і ажаніўшыся ён мог атрымаць даволі вялікі надзел. Лявон, канечне, трохі падабаўся Усці, але сэрца яе ірвалася да Вінцука.
   І той таксама гатоў быў прызнацца, што кахае Усцю, але бацька распарадзіўся яго лёсам інакш: накіраваў на вучобу спачатку ў Вілейку, а потым ў Варшаву. Так і знік ён на доўгія гады з вачэй Усці.
   А сустрэлася яна з Вінцуком выпадкова ў цэнтры вёскі, на гасцінцы, калі прыходзіла ў краму. Той ужо хацеў прайсці міма купкі кабет, дзе была і Усця, але пачуў яе нізкі, такі буркатлівы голас, які ён так і не забыў з далёкіх цяпер гадоў маладосці.
   “Няўжо гэтая жанчына – Усця?” Падыйшоў бліжэй і пазнаў яе толькі па шэрых вачах з доўгімі чорнымі вейкамі і цяпер яшчэ шнурочкамі акуратных броваў. Усця, канечне, прыкметна папаўнела ды і на твары леглі першыя ужо зморшчынкі каля вуснаў, якія прыдалі твару пакрыўджаны выгляд ад штодзённых жаночых клопатаў за сям’ю і дзяцей. У чорных валасах, што выбіваліся з-пад фарсіста завязанай пад падбародкам ражкамі, а наверсе – “домікам” квяцістай паркалёвай хусткі віднеліся рэдкія яшчэ павуцінкі сівізны.
- Ну, як жывеш? – каб неяк пачаць размову, не ведаючы, куды дзець свае рукі, запытаў Вінцук.
   Яны адыйшлі крыху ўбок ад вясковых кабет.
- Ты ж, пэўна ведаеш і сам. Ат, што тут казаць! Як і ўсе бабы ў вёсцы. Нас часцей б’юць, чым шкадуюць.
   Як бы просячы ні то ў сябе, ні то ў Вінцука прабачэнне немаведама за якую правіннасць, Усця не адказала нічога канкрэтнага на пытанні гэтага, цяпер ужо сталага і, здавалася нават, падросшага з тых часоў, мужчыны. У яе, як і тады, у лесе, з’явілася ў душы шчаслівае замілаванне да былога каханага. Яна бачыла тое ж і ў вачах Вінцука, але толькі нясмела і ласкава дакранулася да яго гарачай рукі.
   Той інстыктыўна паімкнуўся, як і ў тыя далёкія гады прыгарнуць гэтую пасталеўшую кабету, але ўспомніў, што гутарыць з ёй на гасцінцы, на відавоку ва ўсёй вёскі, і з цяжкасцю стрымаўся.
   Усця бачыла гэты душэўны парыў Вінцука і зноў лагодна пагладзіла яго руку, як бы супакойваючы:
- Спазніўся ты, Вінцучок, спазніўся. Трэба было ў свой час і самому смялейшым быць ці насуперак бацькі пайсці. Тады б, можа, у нас што і атрымалася.
   Усця апусціла вейкі, хаваючы такія непатрэбныя цяпер здрадніцкія слёзы. Ды і Вінцук ведаў пра рэўнасці яе Лявона, і не хацеў прыносіць яшчэ больш гора сваёй каханцы.
   Сёння ўжо ён, пабываўшы многа дзе на свеце, не сумняваўся, што ў той час кахаў, а, можа, яшчэ і сёння кахае Усцю. Вінцук разумеў, што старую сардэчную рану не трэба вярэдзіць, не сыпаць на яе соль Усціных ці сваіх слёз. Але сэрца ўсёроўна тахкала так, як і тады ў лесе, калі праводзіў яе з танцаў да дому.
   Яму здавалася, што Усця цяпер была як той кавалачак цукру, які нялёгкае вясковае жыццё пасыпала чорным перцам: горка-салодкай, але недасягальнай.
- А, можа, мы сустрэнемся дзе-небудзь адны, - неяк нясмела , нават здзіўляючыся сам сабе, прапанаваў Вінцук.
   Але Усця толькі адмоўна заматала галавой.
- Ідзі, Вінцучок. Ідзі ўжо. А то і так бабы вунь глядзяць. Яшчэ Лявону плётак наплятуць. А тыж знаеш яго нораў. Пашкадуй мяне. Цяпер во, бачыш, што ў вёсцы робіцца. Саветы гэтыя…
Ва ўціску ўлады

   Амаль увесь 1940 год першыя Саветы не толькі фільтравалі насельніцтва на сяле. Выяўлялі і арыштоўвалі, як яны казалі,  магчымых ці рэальных ворагаў народа, людзей, якія былі супраць абрэзу зямлі, арганізацыі калгасаў. Новыя ўлады ўсялякімі спосабамі убівалі сілай, ўдзюплівалі ў галовы вяскоўцаў, што савецкая ўлада – самая справядлівая і найлепшая ў свеце.
   Задача была адна: так заціснуць падаткамі сялян, каб яны літаральна не змаглі іх плаціць і самі папрасіліся ў калгасы, каб закончыць калектывізацыю да жніўня 1941 года. Таму з першага студзеня 1941 года павялічылі грашовыя падаткі на пяцьдзесят працэнтаў, а ўсе натуральныя дзяржпастаўкі - адразу на сто. Каб выплочваць іх, амаль кожнаму гаспадару і на хутары, і ў вёсцы трэба было прадаць ці забіць большую палову скаціны, расшэйгаць  дарма запасы зерня, городніны, мяса і гэтак далей.
    Прымусіць сяльчан рабіць гэта ў Саветаў была сіла: ўсялякія партыйныя лектары і абавязковыя на ўсіх  прымусовых сходах вяскоўцаў - міліцыянеры ці больш высокія начальнікі – эмгэбісты. На сяле ўжо ведалі, што той, хто адважыцца  ўголас крытыкаваць савецкую уладу, сумнявацца ў ёй ці кпіць з вялікага правадыра ўсіх народаў Савецкага Саюза - Сталіна, то таго могуць арыштаваць адразу ж на сходзе  ці прыйсці за ім потым ноччу ў дом і пасадзіць на доўгія гады ў турму.  
   Ведаў гэта і Лявон Жыгула. Яшчэ пры Польшчы ён добра ўразумеў, што адзін нічога не перайначыш, пугай абуха не пераб’еш. Каб выжыць на сваёй зямлі, трэба неяк прынаравіцца да ўсялякіх начальнікаў, знайсці больш-менш бяспечнае існаванне сабе і сям’і. Цяпер жа, сабраўшыся па нейкай справе ля хаты Гардзея Лусты, якога ўсе ў вёсцы паважалі за працавітасць, гаспадарлівасць і разважлівасць, сталыя мужчыны абмяркоўвалі чуткі пра калгасы, якія даўно былі створаны за мяжой, пра вялікія падаткі, і хто быў больш пісьменным, расказваў пра вайну, якая ўсёроўна будзе. Калі такое можа здарыцца, ніхто не ведаў. Людзі нават казалі, што Гітлер і Сталін заключылі замову аб міры і сталі яны калі не сябрамі, то і не адкрытымі ворагамі.
   Уся гэта ненадзйнасць, тыя чуткі і плёткі прыгняталі вяскоўцаў, асабліва найбольш сталых сямейных мужчын ці старых. Усця разумела,  што калі здарыцца тая вайна, Лявону прыйдзецца пакінуць і свой хутар, і дзятву. Усё гэта ён, канечне, быў згодзен абараняць, а вось што уладу?
   - Ну, чаго насы павесілі? – спрабаваў развесяліць вяскоўцаў худзенькі  з кручкаватым носам мужчынка гадоў за пяцьдзесят у старым капелюшы Сымон Сызма. Казалі, што ён, як тая балабушка, коціцца, кульгаючы на правую нагу ад вёскі да вёскі аж з самой Вілейкі. Быў ён нядрэнным кушняром і краўцом, мог за тыдні два ў зімовыя вечары зладзіць з гатовых аўчынак кажушок, ці пашыць камізэльку без рукавоў, нейкую другую апратку.
   Сызма заўсёды ўсё сваё кравецкае начынне насіў з сабой ў вялікай самаробнай торбе з зяленага моцнага брызенту, а ручную швейную машынку яму звычайна ад дома к дому ці па вёсках падвозілі бясплатна яго будучыя заказчыкі.
   - Я ж і кажу, - прадаўжаў Сымон, - нечага бедаваць, пакуль мы жывыя. – Нашто мы гэтаму немцу? Акрамя зямліцы, лесу ды балота ў нас нічога няма. А на голы кол не ляціць і сакол. Можа немец і прыйдзе налета, але не на гэта. Нічога, і на іхнія ногі ў нас знойдуцца высокія парогі.
   - Не мянташы ты языком, як той сцябачкай касу, - перабіў Сызму гаспадар дома Гардзей Луста, дзе цяпер кушнер шыў яму кажухі. – Ты не ганьбуй старыя боты, пакуль новыя не пашыў.
   - Ну, і што? – не зразумеў Сымон.
    - Не запрог – не кажы “ну”! – пад смех мужыкоў  абарваў кушняра Луста.
   Але Сызма, сапраўды, як тая балабушка, якая і ад дзеда збегла, і ад ваўка ўцякла, зноў выкруціўся.
   - Ха, мы ж, беларусы, такія: не пазнаўшы бяды, дабра не ўчуем. А нападаць на нас, усёроўна, што шапку на галаве ў п’янага суседа папраўляць. Немцы хваляцца, што яны самыя ваяўнічыя ў свеце. А ты не хваліся, сеўшы, а ганарыся з’еўшы. Хаця, канешне, саву ў сокала не пераробіш...
   Сызма так і сыпаў жартамі ды прымаўкамі, і мужыкі, смеючыся з іх, патрохі лагоднелі, неяк адтайвалі душой. Сымон хоць і балбатаў пра многае, што забаронена гаварыць,  але ніколі наўпрост не лаяў Саветы і ўладу наогул. Ён быў, як той штукар ці камедыянт пры двары цара-дэспата. Кушнер мог дзяцініцца , казаць у вочы чалавеку пра яго ж якую-небудзь брыдоту, але Сызме ўсё зыходзіла з рук. Простага мужыка за такія выкрутасы маглі раней адразу ж пабіць бізуном, а цяпер – засадзіць у турму.
   Сымон не меў ні сям’і, ні дзяцей, таму нікога асабліва і не баяўся. А дом у яго быў звычайна там, у каго ён шыў кажухі, касцюмы, ці жаночыя сукенкі, сачыкі ды блузкі. Ні араць, ні касіць ён не хацеў і не надта ўмеў. Ды і сілы ў руках для гэтага ў яго не хапала. Зноў жа – кульгаў. Праўда, улетку, у гарачую пару сенакосу, ён мог па просьбе гаспадара выйсці на пожню, каб зграбсці сухое сена ў капешкі, але закінуць іх пластамі на высокі воз у яго не хапала імпэту .
   Вяскоўцы не крыўдзілі Сызму і плацілі яму і харчам, і грашыма. Добрая слава аб ім, як аб здатным кушняры і краўцу бегла, як кажуць, наперадзе.  Сымона любілі за лёгкі жартаўлівы характар, за ўменне ў любых абставінах падняць чалавеку настрой. Але некаторыя не ўпускалі выпадку, каб не падкалупнуць за тое, што ў яго нават і ўлетку магла вісець на кончыку носа празрыстая кропля прастуды.
   - Не суй ты свой нос, куды не просяць. Не заўсёды ж, чым крывей, тым смяшней.
   - Ха, - выкручваўся Сызма. – добры тавар сам сябе хваліць. З пустога збана ніхто не налье, а ў мяне заўсёды ёсць нешта ў мяшку ці за пазухай. Я ж, вядома, не золата, але яно і з гразі відаць.
   Перагаварыць Сымона імкнуліся многія, але ён заўсёды, незаўважна для субяседнікаў, умела ператвараў усё ў жарт. Рассмяяўшыся разам і над Сызмай, і над сваімі спробамі яго пераспрачаць, людзі ўсёроўна разыходзіліся з добрым настроем. Ён хоць і быў жартаўніком, але, абыйшоўшы, лічы, палавіну Вілейскай, а можа і другіх краёў, назбіраў, як тая пчолка, і трымаў у памяці столькі прыказак і прымавак, баек ды показак і наогул народнай мудрасці, што спрачацца з ім і сапраўды было рызыкоўна. Ён мог высмеяць такога чалавека пры ўсіх, як недалыгу ці невука.    

Частка трэцяя
Акупацыя
На касьбе

   Асака і другая грубая балотная трава амаль на цэлы лапаць раслі ў вадзе. Сям-там трапляліся зарослыя мохам, але яшчэ цвёрдыя пянькі ранейшых бярозак ці карлікавых сасонак. І Лявон часцяком знячэўку біў з усёй сілы па іх самай вялікай у яго касой – дзесяціручкай. Тады даводзілася папраўляць клёп бакавінай сцябачкі. Ведаючы, што такое можа здарыцца на любой касьбе, Жыгула на кожнай сцябачцы ўстаўляў у яе бакавіну кавалак стальнога дроту даўжынёй з паўтара пальца.
   Гэта была ўласная Лявонава прыдумка. Ды і сама сцябачка, цвёрдая і лёгкая бярозавая ці дубовая  дошчачка  з ёмкай ручкай, дазваляла ў час касьбы не вастрыць касу бруском, не зразаць ім клёп, а раўняць яго менавіта бакавінай сцябачкі. Мала хто з касцоў у Вірулях ведаў пра такое надзейнае прыстасаванне. Затое Лявон, калі даводзілася касіць на сваім загоне побач з другімі вяскоўцамі, нават і не думаючы спаборнічаць, заўсёды пераганяў іх у касьбе.
   І наогул, што б ён ні рабіў, яму хацелася выконваць любую работу хутчэй і лепш за іншых. Сілы і спрыту на гэта ў яго хапала.  
   Сёння на касьбу на сваю дзялку  на балоце Лявон прышоў з хутара першы. То быў самы доўгі чэрвеньскі дзень за ўвесь год, 22 чысла. Лявон меўся скасіць хаця б палавіну свайго надзелу. Яго выдзелілі Жыгулу яшчэ пры Польшчы, як, дарэчы, і некаторым іншым вяскоўцам, калі высялялі на хутары. Дзялка непадалёку ад Віраўлянкі была не горшай, чым у суседзяў, нават пятая частка яе ў засушлівае лета стаяла без вады. Яшчэ раней Лявон прынёсшы з хутара калочкі  і кароткую дошчачку, зрабіў тут лавачку, каб адпачыць, палажыць запасную касу ці граблі, паставіць у цянёк бутэльку квасу з бярозавага соку.
   Звычайна Жыгула ішоў на касьбу басанож, а ужо тут садзіўся на лавачку, абуваў лыкавыя лапці. Ён прызвычаіўся плесці іх яшчэ маладым хлопцам, навучыўся ад айчыма. Іх на гарышчы ў сенях вісела са дзве-тры пары: і для гаспадара, і для Усці, а  меншыя – і  для дзяцей. Тут жа Лявон  бярог і запас сухога лыка.  Дзякуй Богу, ліпы, каб надраць з іх кары, хапала.
   Іншы раз суседзі падсмейваліся з Лявона за гэтыя лыкавыя лапці. Хто быў багацейшы, недзе ў Вілейцы ці ў Маладзечне купляў гумовыя боты, каб касіць на балоце. Ногі ў іх хоць і былі спачатку сухія, але так хутка пацелі, што здавалася, недзе працякаюць. Вільгаць сціскала праз анучы ногі і часцяком даводзілася, выходзіць на сухое месца, здымаць боты і сушыць анучы. А час ішоў...
   У лыкавых лапцях, калі яны былі сплецены дыхтоўна, вада, як лёгка трапляла ў дзіркі, бы праз рэшата, так і хутка выцякала. Нага была, канечне, ўвесь час мокрай, але купалася фактычна ў вадзе. Можа, затое ногі ад такіх лапцей толькі закаляліся за лета, і вяскоўцы, хто хадзіў басанож, амаль ніколі не ведалі такіх хвароб, як грыбок, сухія мазалі ці яшчэ якая халера.
   Лявон паспеў  прайсці ўжо першы пракос, як на свае дзялкі сталі прыходзіць другія мужчыны: хто адзін, некаторыя – адразу з жанкамі. Трэба ж было пракосы як мага хутчэй разбіць, разварушыць, каб сена сохла. Ды й сонца ўжо ўстала за Віраўлянкай.  Над ёй, дзе ля самай рэчкі быў ужо зыбун, яшчэ стаяў лёгкі туманец, а справа, на выспе, у кустоўі, шчоўкаў салавей. Неба свяціла нясцерпнай сінню. Адчувалася, што дзень зноў, як і ўвесь тыдзень, будзе гарачы.
    А далей, за Віраўлянкай, у старым бары пана Таронскага, калі прыслухацца, чуўся дробны, як пошчак бубна, стук дзятла. Бор быў раней гонарам пана. Па чутках, соснам там было па восемдзесят- дзевяноста гадоў. Іх удвох не кожную можна было абшчапіць. Таронскі бярог яго, як золата, за якое фактычна і прадаваў ён лес купцам ці багацейшым асаднікам і падпанкам. У бары было даволі светла, бо сосны раслі вольна, за восем-дзесяць крокаў адна ад другой.
   Падлесак з арэшніку ды крушыны дзе-нідзе расступаўся, і тады на паляну выбягалі маладыя дрыготкія клёнікі з выштукаванымі вялікімі лісцямі ці сціпла туліліся купкамі маладыя елачкі.  Адкуль яны тут з’яўляліся, было невядома, бо старых елак паблізу не было. Пэўна, іх сухія шышкі прыносілі тыя ж дзятлы, каб ушчаміць дзе ў трэснуўшае сухое дрэва і выдзёўбваць насенне. Такіх дзятлавых сталовак уздоўж дарогі, якая ішла праз бор, было некалькі. Пад сухой сасной ці зломанай бярэзінай, быццам жоўтыя пацеркі на бледна-зялёнай траве, ляжала лузга ад яловых шышак.
   Лявон  ужо двойчы перакурыў і папіў бярозавага соку, сабраўся і перакусіць, як заўважыў, што з вёскі чамусьці не ідзе, а бяжыць да касцоў нейкае дзіцянё. Яно так было і раней: мужчыны звычайна ішлі на касьбу на луг ці на балота рана, не снедаўшы. А потым мацеркі пасылалі каго  з большых дзяцей занесці бацьку ці брату якую-небудзь гарачую сняданку.  
   Жыгула яшчэ з вечара адрэзаў сабе  кавалачак паляндвіцы з чатыры пальцы.  Яна  звычайна ляжала на гарышчы ў падвешаным на драціне кошыку з накрыўкай, каб не залезлі мышы. Ніхто,  акрамя яго і Усці, не меў права адрэзаць без дазволу ад паляндвіцы ні на адзін укус. Яе заўсёды бераглі на час касьбы ці жніва: гэта страва была і сытная, і смачная, і месца нямнога займала і добра захоўвалася.
   Жыгула перакусіў, павастрыў касу, няспешна скруціў з самасаду цыгарку, абуў лычанікі і рушыў да балота. Ён прыкідваў у галаве, як і калі паслаць сюды Усцю са старэйшай дачкой, каб разбіць пракосы. Трэба ж яшчэ выцягнуць недасушаную траву на больш высокае і сухое месца, каб можна было, не баючыся загразнуць, пад’ехаць на калёсах і прывезці сена за вярсты тры да сябе ў пуню, на хутар.
Змрочныя весткі

   Сонца ўзнялося яшчэ не надта высока, і Лявону, і другім вяскоўцам касьбы было   многа. Аднак суседзі чамусьці адзін за адным сталі збірацца дамоў. Выцер травой касу і падаўся на той бок Віраўлянкі падгалісты шыракаплечы Ігнат, напаўсагнуты Яфім Шворан, пакаціўся і бліжэйшы сусед па хутару, тоўсценькі і круглы, як клубок нітак, Панас Шыла. Усё гэта здзівіла Жыгулу: нешта пэўна здарылася. Але ні  пажару над вескай, ні грымот – нічога не было ні чуваць і ні відаць. Сонца ўжо стала добра прыпякаць, а неба,толькі на захадзе, трошачку пачалі зацягваць высокія перыстыя  воблакі. “Трэба спяшацца скасіць балота,  думаў Лявон. А то, не дай бог, задажджыць. Тады сюды нават у паляўнічых ботах, якія Лявон бачыў пры Польшчы ў багатых паноў, не ўлезеш. Але што ж гэта зрабілася, чаму ўсе мужыкі заспяшаліся ў вёску?”
   Нейкая незразумелая трывога пасялілася і ў сэрцы Лявона. Ён таксама пачаў збірацца да дому. Яго дзялка была не самай крайняй на балоце, а сярэдняй, але сёння па правай старане Віраўлянкі ён касіў толькі адзін. Пэўна таму яму ніхто нічога і не сказаў: не будуць жа касцы, як малыя дзеці крычаць нешта праз балота – не пачуеш.
   Звязаныя аборкамі лыкавыя лапці Лявон перакінуў праз акоссе, ускінуў касу на плячо, узяў торбачку, дзе заставаўся яшчэ невялічкі кавалачак паляндвіцы, хлеб і недапіты квас і таропка пашыбаваў уздоўж Віраўлянкі ўбок свайго хутара.
На мосце праз рэчку, на гасцінцы, непадалёк ад кузні Пахома Аксюты курылі мужчыны, мітусілася і енчыла нечая кабета і ўсё прыгаворвала, пляскаючы сябе па сцёгнах:
   - А божачка ж ты мой?! А што ж  гэта будзе? За што на нас яшчэ і гэтыя немцы? Няўжо германцу Польшчы было мала? То раней паны не давалі нам абжыцца, то Саветы. А цяпер, во, яшчэ і гэты Гітлер са сваімі фашыстамі...
   Каля кузні, што стаяла за агародамі Гардзея Лусты, непадалёк ад гасцінца, ля Віраўлянкі быў і сам гаспадар з сынам Антонам. Гадоў трыццаці высокі  прыгожы, з чорным чубам, вялікімі дужымі рукамі ён, аднак, выглядаў за свае гады. Антон ужо і сам меў трох сыноў, трохі старэйшых за Лявонавых, і маленькую прыгажуню – Юзюню, равесніцу Лявонавага Цішкі. Чаму Антон назваў дачку польскім іменем, нават і стары Луста не ведаў. Пэўна, хутчэй за ўсё, што яно так пяшчотна і далікатна гучыць.
   Калі за якой патрэбай Жыгула прыходзіў да Гардзея ці Антона Лустаў, ён часцяком бачыў гэту маленькую кветачку-красуню заўсёды з вялікімі белымі бантамі ў кучаравых залацістых валасах. Іх ніхто малой не накручваў, як гэта звычайна рабілі старэйшыя дзяўчаты перад вясковай вечарынкай. Проста Юзюня такой нарадзілася. Казалі, уся пайшла ў прабабку з-пад Вілейкі, якая была ні то эканомкай у пана, ні то настаўніцай, добра танчыла і спявала.
   Мужчыны курылі, нягучна перакідваліся словамі. Усе былі нейкія зацятыя, быццам на якім допыце.
   - Ды кінь ты галасіць, як рэзанае парася, - сплюнуўшы недакурак, абарваў кабету цыбаты Ігнат. – Не ўмерлі пры панах, выжылі, во, пры Саветах, неяк будзе і пры немцах. Што ж яны не людзі, ці што? Парадак, канечне, любяць. Ага. Чулі мы гэта. Дык да нашага ж мужыка, бывае, толькі з трэццяга разу даходзіць. Яму кажаш – стрыжана, а ён – голена.
   - Парадак – гэта правільна, - умяшаўся стары Гардзей. – Я ж вам так скажу: мне не трэба нічога пра чалавека ведаць – проста зайду да яго на двор і ўбачу, што ён за гаспадар. Калі дровы складзены роўненька, бароны ці плугі ад гразі ачышчаны, хлеў для скаціны чысты, плот роўны, трава ля дома гладка скошана, а пад вокнамі – градкі кветак – значыць гаспадар талковы.
   - Вы, дзядзька, праўду кажаце, - падтрымаў гутарку Лявон. - Толькі дзе ўзяць той сілы і часу, каб усё давесці да толку. Дзеці ж ...
   - А што ў нас дзяцей менш, чым у другіх? Прывучаць іх да парадку ў хаце ці на двары трэба з маленства. А немцы, я чуў, гультаёў ды абібокаў бізунамі вучаць жыць.
   - Асабліва германцы яўрэяў не любяць...
   - Казалі, што яны ўсе з Польшчы ды і ад нас у Англію са сваім золатам паўцякалі.
   - Маніш, не ўсе. Ёсць і бедныя сярод іх . Вунь у Марозаўцы іх колькі яшчэ і сёння жывуць.
   - Яны неяк вывернуцца. А як быць нам з зямлёй? Золата ж у нас няма. А зямля – гэта ўсё, што мы маем. Можа немцы і наогул усю яе адбяруць, - укінуў свой смаляк у гэты агонь спрэчак і Лявон.
   І яны разгарэліся з новай сілай. Кожны гаспадар, як бы баючыся, што яго не пачуюць, перабіваючы субяседніка, намагаўся выказаць сваё меркаванне. Хутчэй за ўсё таму, каб тут, на людзях, праверыць свае сумненні  ці нават  і пазбавіцца нейкіх страхаў.
   - А можа немца яшчэ прагоняць, - летуценна, ужо крыху супакоіўшыся, заўважыла кабета, якая толькі што галасіла.
   Мужчыны, якія быццам вырашылі штосьці вельмі важнае, перакурылі і потым па аднаму разышліся.  Лявон ішоў паўз дома маці, які, здавалася, ад старасці нават паменшыў. Каб скараціць час, пайшоў напрасткі ля хутара Панаса Шылы. Месца тут, лічыў Жыгула, было непрыдатнае для сялібы: літаральна да варот падступала балацявіна, зарослая лазой, дробнымі пакручастымі сасонкамі. Пуня і лазня  зусім стаялі ў лазняку, акружаныя высокай, па пояс папараццю.
   Іншая справа – Лявонаў хутар. І з дарогі, што вядзе цераз лес у Аблогі, але асабліва з самой вёскі Вірулі ён відзён, як на далоні. Акружаны з двух бакоў маладым бярэзнікам уперамежку з сасоннікам, а з трэцяга – сцяной старога лесу, ён быў адкрыты ў асноўным паўночным і ўсходнім вятрам. У маладым лесе як маўклівыя вартавыя, двума купкамі стаялі старыя сосны-семяннікі. Яны ўзвышаліся бухматымі зялёнымі шапкамі над маладняком у два-тры разы вышэй. І кожны раз, калі сонца садзілася долу, промні яго спачатку чапляліся за пакручастыя сукі сосен-семяннікоў, здавалася нават абпальвала і іх, і магутныя залаціста-бронзавыя ствалы, аж пакуль не гаслі за вострымі вершалінамі маладых бяроз.
   Асабліва ж прыгожым быў хутар у летнія ранішнія гадзіны, яшчэ да ўзыходу сонца. Тады і дом, і хлеў, і пуня, што стаіць крыху воддаль, патаналі ў пасмах шэрага кужалю туману. Здаецца, і ўся сядзіба плыве некуды ў блізкую лагчыну і далей – да старога лесу.
   Маладыя бухматыя вербы, якія выраслі з убітых у глебу калоў, зрэзаных з яе старых сукоў, добра прыжыліся і цяпер купалі ніцае голле ў пасмах туману. Яны стаялі ўздоўж агароджы як салдаты, роўнай зялёнай стужкай. Адсюль вузкая, як праехаць на калёсах, бегла зарослая ўжо травой старая дарога ва ўрочышча Барысаўка, а другая, ужо сцяжынка, вяла да старога лесу, і далей праз яго – у вёску Аблогі.
   Лявонава хата пад адной з сенямі і вараўняй, саламянай даволі стромкай страхой стаяла высокім падмурку з колатых каменняў і нечым нагадвала фарсістую вясковую кабету ў спрытных боціках на высокіх абцасіках.
   Калі пасля двух-трохдзённай адлучкі Жыгула вяртаўся на хутар, то адразу, як толькі выходзіў за ваколіцу Віруляў, сцішаў хаду, няспешна закурваў самакрутку і нага за нагу цягнуўся дадому. Ён любіў гэты райскі для яго куточак з чэрвеньскімі хвалямі жыта і васількамі ў ім, з мыдлёўкамі, якія шырокім шнурком быццам статак нейкіх нетутэйшых жывёлін збягалі да лесу.
   Лявон вельмі любіў свій хутар і часцяком марыў, што калі падрастуць і ажэняцца сыны, ён выдзеліць кожнаму па добраму кавалку ворнай зямлі, і лагоў, і лесу. Галоўнае, каб толькі засталіся тут, на бацькаўшчыне, каб ён, калі сам пастарэе, мог што-кольвек ім параіць, або нават дапамагчы. А дамы свае сыны могуць паставіць па абодва бакі калеснай дарогі, якая вядзе да добра наезджанага шляху і ў вёску Аблогі, і на гасцінец, у Вірулі. І стане тады называцца ўвесь гэты аблог – “Лявонаў хутар”.

Самалёты над гасцінцам

   На другі дзень вайны па распараджэнню сельсавета хто пехатой, хто на падводах з ездавымі павіны былі прыбыць у райцэнтр Пунічы. Лявон паехаў разам з дваюрадным братам - Антонам Лустай. Быў з імі і брат Усці, крыху вышэйшы за ўсіх мужыкоў, Ігнат. Там, у ваенкамаце, які размяшчаўся  ў скверы за старой цаглянай царквой, сабралася, як на кірмашы, многа падводаў і людзей. Адзін з вайскоўцаў сабраў у мужчын прызыўнога узросту дакументы і загадаў усім чакаць далейшых распараджэнняў.
   На вуліцы чуліся крыкі дзетвары, плач і галашэнне жанчын, была нейкая незразумелая мітусня, якая ад невядомасці, што далей будзе, псавала ўсім нервы. Усе чакалі ваенкома, а ён, казалі, яшчэ не прыехаў са станцыі ў Паленаве.
   Дзесьці каля паўдня, калі чаканне стала ўжо нясцерпным, раптам над палявым аэрадромам, што быў ля райцэнтра і дзе стаялі двухкрылыя паштовыя самалёты, з’явіўся нейкі самалёт з чорнымі крыжамі на крылах і стаў бамбіць. Другі самалёт праляцеў над Пунічамі, над царквой, над людзьмі так нізка, што на хвілінку можна было нават убачыць лётчыка. Ён завярнуў у бок чыгуначнай станцыі Паленава. Адтуль і туды ішлі людзі, цягнуліся нейкія падводы і машыны, і самалёт з чорнымі крыжамі даў па іх доўгую чаргу з кулямёта. Забілі там каго ці паранілі, ніхто не цікавіўся. Мужчыны у ваенкамаце разабралі вайсковыя дакументы, і разбегліся, хто куды.
   Па дарозе дамоў Антон Луста гнаў каня, як на пажар. Дзесьці на поўдарозе над гасцінцам праляцеў яшчэ адзін самалёт, але страляць ён не стаў. Ды й гэта было б без толку. У свой час, пры царыцы Кацярыне, быццам ведаючы, што  над дарогамі будуць некалі лятаць нейкія самалёты, будаўнікі вялі гасцінец улукаткі , а не па доўгай, на тры-чатыры кіламетры, прамой лініі. Кожны адрэзак гасцінца быў не больш аднаго-паўтара кіламетра. Вывернуць у паветры на вялікай хуткасці самалёт уздоўж кожнага адрэзка  было немагчыма, ды і бескарысна.
   Калі мінулі рэзкі паварот у бок Віруляў, як яго звалі – “качаргу” - Антон паслабіў лейцы, і конь сцішыў бег.
   - Во якая сіла ў немца! – ні то з зайздрасцю, ні то са страхам, ні да кога не звяртаючыся, зазначыў Антон. – Куды мы са сваімі падводамі.
   - Мужчыны ля ваенкамата казалі, што немцы пасылалі ўжо самалёты і на Вілейку, і на Маладзечна, - дадаў Ігнат. – Там на чыгунцы было поўна савецкіх салдат, цягнікоў з бомбамі. Дужа многа пабілі людзей і спалілі вагонаў. Ну, і сіла ў Гітлера! І куды гэта цяпер ад яе хавацца, як ратавацца?
   Потым Ігнат стаў даказваць Антону, што і немца можна неяк перамагчы. На гэта той толькі хмыкнуў:
   - Ну, ну. Паглядзім, як ты яго пераможаш. Можа лепш яго абмішуліць, збіць зпанталыку . Я чуў, што ён жа ўсё прывык рабіць дакладна па гадзінніку. А ў нас так не прынята...
   Лявон не ўмешваўся ў спрэчкі мужыкоў. Ен ведаў, што дома яго чакаюць чацвёра дзяцей, што Усця зноў цяжарная, што яшчэ не скончана касьба. Жытні колас толькі стаў налівацца. І што б там далей не было, а за гаспадарскія справы, акрамя яго ніхто не возьмецца. І знячэўку, больш спрачаючыся са сваімі цяжкімі думкамі, услых зазначыў:
   - Кажуць, паміраць збірайся, а жыта сей.
   Гэта нечакана выказаная прымаўка, як кажуць, апусціла мужчын на зямлю, і яны таксама змоўклі, задумаўшыся кожны аб сваім.
   Дома Усця сустрэла Лявона ля пуні, дзе сушыла сена. Растрывожаныя шэрыя вочы глядзелі дапытліва.
   - Ну што там, Лявонка, - запыталася яна з прыхаванай надзеяй, што вайна, можа неяк абыйдзе іх стараной, не зачэпіць. Як і ўсякая маці, яна разумела, што больш за ўсё ў любой калатнечы церпяць дзеці. Іх хацелася неяк захінуць ад навалы, выратаваць.
   Гледзячы на ўсё гэта, на жонку, у якой ужо добра былі відны белыя павуцінкі сівізны ў валасах, у Лявона зашчымела сэрца. Гэта ж ён уласнымі рукамі нізавошта і не раз біў маці сваіх жа дзяцей, лаяўся як той сабака з падваротні, зневажаў такімі брыдкімі словамі, ад якіх і  у самога, як кажуць, вушы вянуць.
   Жыгула ўзяў на рукі Сцяпанку, што рабіў вельмі рэдка, і,  як бы просячы прабачэння,  сказаў Усці:
   - Пойдзем у хату. Там раскажу.
   У той вечар, Жыгулы раней дагледзелі скаціну і за работай неяк супакоіліся. Але спаць не хацелася. Палагоднеўшы і як бы ачысціўшы душу, яны паклалі дзяцей спаць, а самі потым  доўга моўчкі сядзелі  на высокім ганку хаты. Ужо за лесам даўно згасла зара, з блізкага логу пацягнула халадком і вільгаццю, змоўк птушыны свіст і вэрхал у блізкіх кустах, а Лявон, закурваючы чарговую самакрутку, усё супакойваў і сябе, і жонку:
   - Неяк будзе. Можа і  не забярэ немец у нас усю зямлю. Ён жа не дурны. І палякам мы аддавалі частку ўраджаю, і сабе нешта заставалася. Немец таксама есці захоча. Не павязуць гэтыя гітлераўцы сюды, на нашы хутары ці ў вёскі, сваіх сялян, палонных ці рабоў. На нашай жа зямлі ды з такімі  плугамі ці баронамі не ўсякі рабіць зможа. Любіць зямлю трэба. Тады і яна аддзячыць...

Швейная машынка

   Немцы прыйшлі ў Вірулі ў першыя дні ліпеня з боку далёкай вёскі Малінава. Амаль два тыдні днём і ноччу па гасцінцу адна за адной на адлегласці ў дзесяць – пятнадцаць метраў павольна рухаліся вялікія, крытыя зялёным плямістым брызентам, машыны, цягнуліся гарматы, грукаталі танкі. З абодвух бакоў гасцінца ішлі аўтаматчыкі, гатовыя ў любы момант адкрыць агонь па ворагу. Віраўлянцы ведалі, што ні ў Пунічах, ні ў далёкім Малінаве савецкіх вайскоўцаў ужо не было, і немцам нечага было асцерагацца. Але тыя, відаць, думалі, што ўсе рускія, якімі яны лічылі і беларусаў, якія жылі столькі гадоў пад Польшчай, могуць паспрабаваць нешта выкінуць супраць салдат вермахта. На тым баку  былой польскай граніцы, на Бягомальшчыне, ці то адступаючыя савецкія салдаты, ці мясцовыя смельчакі наладжвалі засады  або ставілі пад мастамі міны і як маглі і ўмелі  спрабавалі біць фашыстаў.
   Праз Вірулі калоны вермахта прайшлі без перашкод. За імі, ужо зусім спакойна і самаўпэўнена, пацягнуліся забеспячэнцы, абознікі, як іх называў стары Яфім Шворан. Ён помніў немцаў яшчэ па Першай сусветнай вайне.
    Ведаючы памяркоўнасць і палітычную неадукаванасць беларусаў, якія жылі пад Польшчай, абознікі часцяком спыняліся ў вёсцы, каб адпачыць ад гарачыні і пажывіцца мясцовымі прадуктамі. Немцы ні ў кога не адбіралі пад прымусам ні тыя ж яйкі, ні вяндліну, ні масла, а плацілі за гэта сваімі грашыма, нейкімі маркамі.
   Дарослыя, вядома ж, не вельмі прыязна сустракалі чужых салдат у непрыемнай зеленавата-рудой вайсковай форме. А вось дзеці, якія ніколі і нідзе не бачылі і саміх чужынцаў, і іх вялізныя машыны, двухкалёсныя кухні, ад якіх  заўсёды так прыемна пахла, смялей падыходзілі да салдат. Іншы раз яны давалі вяскоўцам за харчы не грошы, а якую-небудзь драбязу: маленькі сцізорык, шпульку нітак, квяцістую хусцінку, нават частавалі цукеркамі.
   Неяк раз Усця,  сабраўшы трохі масла і са два дзесяткі яек, каб памяняць іх у немцаў на нейкі тавар, пайшла са старэйшай дачкой Тасяй у вёску. Там уздоўж гасцінца салдаты размяшчаліся паходным лагерам.
   - Мамачка, - турзала дзяўчынка маці за рукаво, - глядзі, вунь салдат нешта шые на машынцы. Пойдзем паглядзім, - цягнула Тася за руку Усцю.
   Тая, як і ўсе вясковыя кабеты, каб нічым не правакаваць нямецкіх салдат, яшчэ на хутары апранула зношаны каптан, завязала старую выцвілую хустку так, каб закрыць лоб, як ад камароў, і цяпер выглядала гадоў на дзесяць старэй.
   - Ком, мэдхэн , - пазваў пальцам Тасю сталы ўжо з выгляду салдат. -  Шнэль, шнэль!   Не бойтя.
   Дзяўчынцы было ўжо восем год. Як і кожны падлетак, яна была цікаўная і смелая. Цыбатая, у кароценькай цёмнай сукеначцы, якую Усця пашыла са сваёй старой спадніцы, Тася на пальчыках нясмела наблізілася да салдата.
   - Дас іст – джык, джык. Костюм, плаце. Фэрштеен?
   І немец, спрытным рухам паварочваючы на гладкім століку нажной машынкі кавалак зялёнага брызенту, стаў прышываць да яго нешта накшталт кішэні.
   - О, гут!  – скончыўшы работу, салдат ляпнуў рукой па століку машынкі.
   Пасмялеўшы, Тася падыйшла яшчэ бліжэй. Яна ўжо зразумела, што швейная машынка ніякая не цацка. Але ёй вельмі захацелася хаця б дакрануцца да чорнага кароткага хобата цікаўнага агрэгата. Дзяўчынка бачыла, як хутка і спрытна немец прышыў да вялікага брызента маленькі, з кніжачку, кавалачак такога ж колеру. Вось бы маці мець такую машынку! Тады б ёй не прыйшлося доўгімі зімовымі вечарамі сляпіць вочы пад лямпай, каб шыць  уручную ўсю ніжнюю бялізну на сям’ю, сукеначкі ці штонікі.  Дзяўчынка ўжо і сама ўмела лапіць парваную апратку, і колькі разоў калола рукі, таму ведала, як гэта не проста. А тут вось – некалькі хвілін, і работа зроблена.
   Паказаўшы, як трэба ставіць ногі, каб круціць машынку, салдат зноў падазваў пальцам Тасю:
   - Ком, ком. Бістро!  Давай, давай.
   Усця, усё ж баючыся нейкага падману, спачатку моцна трымала Тасю за руку, а потым крыху паслабіла пальцы. Дзяўчынка нясмела выслізнула і прысела на невялічкі зэдлічак зроблены з нейкіх тонкіх зялёных трубачак і  абцягнутых брызентам, і паспрабавала круціць нагамі прывад рэменя. Машынка застракатала па невялічкім кавалачку брызенту.
   - Найн, найн! Хэндэ!  Стоп! – спыніў Тасю немец, відаць, баючыся, што яна неспадзеўку падсуне пад іголку палец.
  - О,  гут арбайтэн! Шоне мэдхэн. Іх хабе цвай медхен. Кіндер. Фэрштеен?.
   І салдат паказаў Тасі два пальцы. Калі маці з дачкой адыходзіліся ён выцягнуў з кішэні некалькі цукерак, закручаных у хрумсткія квяцістыя паперкі і падаў Тасі.

Стараста

   У канцы ліпеня дзе-нідзе ўжо стала даспяваць збажына. Калі глядзець на хутар з пагорка, што быў ля вёскі, здавалася, што вецер лашчыць, жытнія загоны, як маці гушкае дзіця. У такія дні Лявон звычайна хадзіў па ўзмежках, мацаў  рэдкі колас, выцярушваў яшчэ мягкія і вільготныя зярняты і ўсё прыкідваў, якім жа будзе ўраджай жыта. Па ўсім выходзіла, што менш леташняга. Ды й ці ўдасца сабраць хоць тое, што вырасце. У вёсцы казалі, што немцы, як і Саветы, таксама будуць забіраць у хутаранцаў і вяскоўцаў большасць таго, што вырасла  на зямлі.
   Праўда, у Вірулях пакуль ніякай нямецкай улады не было. Войскі прайшлі праз вёску, нарабіўшы грукату і страху, але нікога з вяскоўцаў не забілі, як гэта было ў Бягомальскай, савецкай зоне. Цяпер усе чакалі перамен, не ведалі, што ж будзе, якім будзе нямецкі парадак?.
   Яшчэ у  першыя чатыры-пяць дзён вайны мясцовыя ўлады разбегліся, хто куды. Зніклі і міліцыянер з суседніх Аблогаў, і старшыня сельсавета Круталёў са сваім памагатым, тоўстым, як мянтуз, Баўтруком. Двое вясковых абібокаў, маладых хлопцаў, помсцячы савецкай уладзе, разрабавалі сельсавет, знішчылі амаль усе дакументы. Аб гэтым нехта паведаміў у райцэнтр. Адтуль прыехалі людзі ў пагонах, але хлопцы паспелі недзе схавацца. Тады прыезджыя, відаць, гэта былі эмгэбісты, якія засталіся ў раёне, забралі жонку і бацьку аднаго з хлопцаў. Казалі, што яны нічога ад іх не дазналіся і, казалі потым, расстралялі,  як ворагаў савецкай улады.
   І ў вёсцы, і на хутарах ведалі гэта, таму ніхто больш, як кажуць, не спяшаўся высоўвацца. Праўда, у суседняй Марозаўцы не немцы, а менавіта мясцовыя маладыя мужчыны і хлопцы арганізавалі сваю камендатуру. Адны, каб помсціць былым сваім крыўдзіцелям, другія, як кажуць,  каб палавіць рыбку ў мутнай вадзе. Трэція хацелі паквітацца з нядаўняй савецкай уладай і зацвердзіць ва ўсіх вёсках і хутарах ужо свой новы парадак. У камендатуры нават, як і ў сапраўдным войску, паліцэйскія прынялі прысягу на вернасць Гітлеру. Пазней немцы, даведаўшыся аб гэтым, былі не супраць, што парадак ва ўсім сельсавеце пачалі наводзіць мясцовыя людзі. А тыя адшуквалі былых актывістаў Саветаў, падатковых агентаў і прынародна білі іх бізунамі. Каму даставалася дзесяць, а іншым – і па дваццаць пяць-трыццаць.
   Вірульцы прыціхлі, чакаючы, што ж будзе далей. Ніхто з вясковых мужыкоў ці хлопцаў у Марозаўскай камендатуры не служыў і парадак нідзе не наводзіў. У Вірулях да часу было ціха.
   Аднойчы, калі Жыгула паехаў на падводзе па гліну у кар’ер, што быў непадалёку ад гасцінца, каб крыху прыўзняць у вараўні падлогу,  сустрэў коннага паліцэйскага. Той быў у чорным фрэнчы з белай павязкай на рукаве, якая яшчэ здалёк кідалася ў вочы.
   - Начальнік Марозаўскай паліцыі загадаў усім вірульцам сабрацца сёння апоўдні каля сельсавета. Будзеце выбіраць свайго старасту. Прыедзе сам камендант з Пунічаў. Усім быць абавязкова! Хто не паслухаецца – атрымае дваццаць бізуноў ці ...
   Не даслухаўшы аб пагрозе, Лявон кіўнуў галавой, што, маўляў, усё зразумела. А сам падумаў, ці паспее накапаць і прывезці на хутар гліну. Ён ведаў, што ніякія паліцэйскія ні тым больш немцы гэту работу за яго не зробяць.
   Жыгула прыкідваў, каго ж могуць назначыць старастам. І пры Польшчы, і пры Саветах начальства ў вёсцы ніколі не выбіралі, а прывозілі і казалі: вось ваш новы кіраўнік. Вядома ж такія “выбары” вельмі многім не падабаліся. Немцы, ведаючы гэта, у першыя тыдні і месяцы вайны спрабавалі гуляць у дэмакратыю: праводзілі так называемыя сходы сяльчан па выбарах новага кіраўніцтва. Тое ж самае наладзілі яны і ў Вірулях.
   Людзі збіраліся ля сельсавета з неахвотай. Хтосьці ўжо спрабаваў жаць па абмежках ячмень, нехта заворваў зялёны лубін, як угнаенне пад будучую азіміну. Іншыя стагавалі ці звозілі з лагоў апошнія копы сена. І ўсё ж людзі паціху збіраліся. Некаторыя, асабліва з далёкіх хутароў, прыехалі на калёсах ці конна.
   На высокім, з паўтара аршына ганку былога сельсавета, абабітага з трох бакоў дошкамі накшталт балкона, хадзіў узад-уперад малады чырвонатвары паліцай з вінтоўкай, яна вісела чамусьці на левым нязручным плячы. Воддаль, у палісадніку, непадалёк ад даўганогіх, як дзяўчаткі-падлеткі жоўтых вяргіняў, стаяла брычка, запрэжаная жарабцом. Злосна кусаючы жалезныя цуглі і пускаючы пену, конь усё наравіўся дацягнуцца да жоўтых галовак кветак.
   - Усім увага! Патрабую цішыні! Слухаць мяне ўважліва. Паўтараць не буду. Хто з першага разу не запомніць, мы дапаможам вярнуць памяць, - як па завучанаму пачаў гаварыць незнаёмы круглатвары лысаваты мужчына з мецінай – рассечанай верхняй губой, які выйшаў на ганак з паперамі ў руках. Пры размове Мечаны, як для сябе вырашыў называць яго Лявон, паказваў рэдкія, вялікія і жоўтыя як у таго жарабца  зубы.
   Мечаны абвясціў, што “з гэтага часу ўся паўната ўлады на месцах будзе належыць нямецкай адміністрацыі, а сачыць за парадкам стануць паліцэйскія і старасты”. Вірульцы даведаліся, што нямецкія ўлады, калі будзе ім патрэбна, маюць права забіраць у сяльчан і  хутаранцаў  бярвенні ці дошкі і іншыя будматэрыялы. Але не дарма. Адміністрацыя абавязвалася плаціць за іх нямецкімі маркамі. Да таго ж, яны паабяцалі кожнаму сяльчаніну, у якога забяруць будматэрыялы,  выдаваць даведку і дазвол на права нарэзаць сабе ў лесе дарма бярвенняў удвая больш узятых.
   Мечаны яшчэ доўга пералічваў, хто, калі і якія падаткі павінен плаціць новым уладам. Напомніў, якое можа быць пакаранне, калі гаспадар парушыць устаноўлены парадак або не здасць у тэрмін натуральныя пастаўкі сельгаспрадукцыі.
   - А зараз нам трэба выбраць старасту, які і будзе ўсё гэта арганізоўваць і сачыць за парадкам у вёсцы, - зноў паказаў жоўтыя зубы Мечаны. – Хто хоча сам?
   Над натоўпам, які літаральна хвіліну назад гудзеў ад пачутых звестак пра падаткі, раптам усталявалася кволая цішыня. Здавалася, над вірульцамі нацягнулася нейкая нябачная тонкая павуцінка, якая, калі парвецца, наробіць вялікай бяды. Людзі, хаваючы позіркі, каб не сустрэцца поглядам з суседам і тым больш – з Мечаным, апусцілі вочы долу.
- Ну?! – бы пугай падсцёбнуў словам Мечаны, а паліцэйскі, відаць для страху, нечакана гучна  стукнуў прыкладам вінтоўкі аб дошкі ганка.
   Усе маўчалі. Невядома, колькі цягнулася б гэта неаб’яўленая дуэль Мечанага і вяскоўцаў, каб на гасцінцы, якраз насупраць натоўпу, не спынілася вайсковая легкавая машына і адтуль выйшаў нямецкі афіцэр. Па тым, як борздзенька скаціўся па прыступках ганка Мечаны, як выцягнуўся ў струнку паліцэйскі, было зразумела – гэта быў іх начальнік і яго тут чакалі. Той вяла махнуў рукой у адказ на прывітанне ”Хайль, Гітлер”, павольна дастаў з нагруднай кішэні стракатую хусцінку, няспешна і акуратна развярнуў яе  быццам якую кніжачку, прамакнуў спацелую пачырванелую шыю і строга спытаў:
   - Высё? Эндэ? Стараста ест выброн?
   - Не, не пан камендант, - заляпятаў Мечаны. – Яны, - паказаў на вірульцаў, - маўчаць. Ніхто сам не хоча.
   - Варум? Кто не ест хотеть?
   Пад гэтыя словы афіцэр недвусэнсоўна пацягнуўся да кабуры з пісталетам, падымаючыся на ганак.
   - Кто?! Іх віль зеен...
   Вірульцы ў нямым напружанні хто з-пад ілба, хто больш адкрыта, але з-за спіны суседа, пазіралі на афіцэра. Людзі чулі, што немец, калі яго нечым раззлаваць, не цырымоніцца, і застрэліць яму чалавека ўсё роўна, што адсячы пеўню галаву: чым хутчэй, тым менш гвалту і клопату.
   Афіцэр, усё яшчэ трымаючы руку на адшпіленай кабуры пісталета, абвёў позіркам натоўп. Першым на вочы папаўся вясковы кравец і жартаўнік Сымон Сызма.
   - Ві кто ест?
   - Я, паночку, я-а, шыю. А -адзежу якую, ці... Як магу. Праз сілу і конь не цягне. І я вось слабы, не граматны...Я ж усё сваімі рукамі: хто горлам, а я горбам...
   - Молчадь! – абарваў Сызму афіцэр.
   Той ад нечаканасці страпянуўся, і ўсё яшчэ нешта бубнячы, схаваўся за спіны мужчын. Адышоўшыся, не сцярпеў:
   - Кожны гад мае свой яд. Што ж нам бедным рабіць: дзе стан, там і сіла. Прыйшлі немцы адным махам, відаць пойдзе ўсё прахам...
   - Ды замаўчы ты, - абарваў Сымона даўгавязы Ігнат. – Ну і што, калі немец страшыць. Ён як тая сава, і ўночы ўсё бачыць. А шукаць смерці не трэба – сама прыйдзе.
   Постаць Ігната крыху ўзвышалася над натоўпам. Хоць немец і не разумеў, што той казаў, але па спакойнаму тону гаворкі зразумеў, што гэты беларус, напэўна, мае аўтарытэт на сяле. Шырокаплечы, ў акуратна зашпіленым нават у гэту гарачыню ні то пінжаку, ні то фрэнчы, Ігнат і сапраўды выдзяляўся сярод аднавяскоўцаў.
- Ві біть староста!, - паказаў пальцам на Ігната афіцэр. – Фэрштэен? Гут?
   - Дзякуй, гаспадзін афіцэр за давер, - спакойна, як аб даўно вырашанай справе, зазначыў Ігнат. – Але я не надта граматны. Не змагу. Тут нам ужо расказалі, што і як трэба рабіць, колькі пісаць і лічыць. Не, я не змагу, пан афіцэр.
   - Ты будэш командовать! Пісат будэт другой.
   Ігнат паспрабаваў нешта запярэчыць, але камендант не сцярпеў такога самавольства на падначаленай яму тэрыторыі.
   - Стоят! Всё. Будэш. Я так хочу!  - і, звяртаючыся да Мечанага, загадаў:
   - Докумэнт, інструкцыі выдать! Оформіть! Немедлена!
   Ігнату было загадана ўзнавіць спісы сяльчан, у каго колькі дзяцей, зямлі, якая ў каго вупраж і колькі скаціны ў двары.  І на вачах у вірульцаў немец аддаў загад: старасту павіны падпарадкоўвацца ўсе, як адзін. Хто не выканае загады старасты, а значыць і нямецкага камандавання, той будзе жорстка пакараны. За злосныя ўчынкі супраць войскаў ці асобных салдат вермахта і нават паліцаяў – расстрэл.
     Лявон Жыгула і стары Гардзей Луста з сынам Антонам вярталіся з таго сходу разам.  Кожны перажываў убачанае і пачутае сам у сабе. Але перад раставаннем звычайна спакойны Гардзей ля сваёй сядзібы ўзарваўся:
   - Гэта ж трэба, і немцы, як і тыя ж палякі ці Саветы, хочуць на нашым гарбе нажыцца. І яны майстры да чужых кайстраў, гатовыя апошні кій у старца адабраць. Але, канечне ж, парадак нарэшце ў вёсцы трэба навесці. Зноў жа, немцы, я чуў, прывозяць сюды з Германіі іхнія параконныя плугі, бароны, акучнікі, марыканкі там усякія. Толькі рабі, не ляніся. Будзе немцу, нешта ж і сабе застанецца. Чулі, яны ж падаткі  будуць браць з  ворнай, а не з усёй зямлі. Ды і абавязкова будуць улічваць, колькі ў доме работнікаў,  і колькі малых і зусім старых. І гэта правільна. Не так, як тыя Саветы: працуй, як хочаш, хоць на сабе ары, а хлеб, які вырасце амаль увесь аддай. За што?.
   Ні Лявон, ні сын Антон не сталі пярэчыць старому Гардзею: ён казаў праўду. Тым больш крыху пазней, у канцы 1941 і пачатку 1942 гадоў, немцы сапраўды стварылі Цэнтральнае Гандлёвае Таварыства, па-руску – ЦТО “Восток” і сталі завозіць для гандлю на сяле і ўсялякія механізмы для апрацоўкі глебы, і калёсы, і тапары, і нават медыкаменты. Такога не было не толькі пры Саветах, а  нават і пры Польшчы. Калі ж немцы пачалі пераводзіць чыгуначныя пуці на вузейшую еўрапейскую каляю, яны прывезлі з Бельгіі, Даніі і іншых раней заваёваных еўрапейскіх дзяржаў рэйкі, шпалы, і вымушалі ўкладваць іх мясцовых сялян – іншай рабочай сілы на вёсцы тады не было. Спярша заваёўнікі нават плацілі такім работнікам.

На рабоце паноў няма

   Лявон прыйшоў на хутар хмуры. Канечне, гэта няблага, што немцы прывозяць нейкія там плугі ці малатарні, але хто іх купіць. Не, Гардзей Луста, канечне, зможа. Казалі ў вёсцы, што ў таго ёсць нават і золата. І наогул ён гаспадар спраўны, усё ў яго на сядзібе, як мае быць. І дыхтоўны дом на дзве палавіны, і вялікае гумно замест вясковага клуба, і хлявы, і нават напалавіну  закапаны ў зямлю склеп з сапраўднай жалезабетоннай столлю. Лявон неяк увосень лазіў туды з самім Гардзеем па вузкіх і слізкаватых ступенях, каб дапамагчы наліць гаспадару з дваццацілітровай бутлі сабе пляшку самагонкі. Там гаспадар запаліў тоўстую свечку, якая стаяла на спецыяльнай палічцы ледзь не пад самай столлю. Трапяткія водбліскі агню выхоплівалі з ценю то бочку з бярозавым сокам, то нейкія пустыя цэбры, то  загарадкі з назапашанай бульбай, буракамі ці качанамі капусты. Тут пахла падгнілай рэдзькай, нейкімі зёлкамі, і нават у летнюю гарачыню было заўсёды зябка.
   Лявон па-добраму зайздросціў Гардзею і хацеў збудаваць нешта падобнае і ў сябе на хутары. Але побач з домам прыдатнага месца не было. Яшчэ калі капаў калодзеж, заўважыў, што літаральна праз метр-паўтара ў глыбіню быў плывун, і зрабіць тут склеп аказалася не магчыма: яго ўвесь час залівала б вада. Ды і каб абмураваць склеп з бакоў і зверху, грошай на цэмент і жалеза не было.
   Усця с трывогай глядзела ў вочы Лявону, калі той, як толькі зайшоў у хату, скінуў і стары каптан, і нават стаў здымаць кашулю.
   - Во, узмакрэў, стоячы там на сонцы. Лічы, як на касьбе, - здавалася сам сабе гаварыў Лявон. – От жа гэтыя немцы: і ім трэба з нас падаткі браць! Падавай ім жыта, бульбу ці лес. Вось табе і зер гут нямецкі. Дай што ўкусіць, а то там усе перанерваваліся.
   Пакуль Лявон расказваў аб сходзе ў вёсцы, аб выбарах, дакладней, прызначэнні старасты, Усця паспела прысесці на лаву ля краю шырокага, як дзверы ў хату,  стала і моўчкі слухала мужа. Яна вельмі здзівілася, што старастам прызначылі яе старэйшага брата Ігната.
   - Ён жа не гаваркі. Ды й які з яго начальнік: толькі што і ўмее, дык гэта чытаць і пісаць па-польску. А немцы ж, я чула, патрабуюць нават дзяцей у школе вучыць па-беларуску, але пісаць усё польскімі літарамі. Ён жа не зможа  кіраваць. Гэта ж трэба ўмець прымушаць людзей рабіць тое, што немцам хочацца. А нашы ж людзі і не могуць, і не хочуць рабіць па-нямецку. Як жа ўсё будзе?...
   - Ціхая свіння глыбока рые, - нібы не чуючы Усці, зноўку сам сабе гаварыў Жыгула. – Неяк будзе. Ты вось мне скажы, ці будуць у нас сёлета агуркі? Ужо амаль палова ліпеня прайшла, а ніводнага яшчэ я не пакаштаваў.
   - Дзе ім узяцца, калі дзеці іх яшчэ маленькімі абрываюць, - скардзілася Усця. – Асабліва старэйшы Толя. Завядзе меншага у агарод і частуе. Ужо колькі разоў ганяла яго дубцом за гэта. Усё роўна ён за сваё...
   - Я, во, глядзеў жыта – слабае яно, - перавёў на другое размову Лявон. - Не ведаю, ці збяром хлеба на зіму. А тут яшчэ і немцам трэба аддаць большую частку. Але яны – не бальшавікі: кажуць, што пакідаюць зерня людзям столькі, каб і самі выжылі, і на другі год пасеяць маглі. Немцы  ж, пэўна, разлічваюць тут, каля нас, не адзін год карміцца.
  У восень, калі ўжо сталі капаць бульбу, прыйшоў час здаваць немцам увесь гаспадарчы падатак. Бульбу даводзілася везці аж у Марозаўку, у мясцовую камендатуру. Там стаяў невялічкі, з пятнаццаці паліцаяў гарнізон і адтуль потым усё сабранае на падводах везлі ў Пунічы. Прывёз у Марозаўку колькі мяшкоў бульбы і былы асаднік Акалот. Адразу ж пасля прыходу немцаў ён вярнуўся з сям’ёй на сваю былую сядзібу. Яго сын, паліцэйскі, служыў менавіта ў гэтай жа камендатуры.
   Немец, які прымаў сельгаспадатак і акуратна запісваў, хто, адкуль, што і колькі прывёз, скамандаваў:
   - Здымай мяшкі. Бістро!
   - Я – пан! Няхай разгружаюць халопы.
   - На рабоце паноў нэт. Здымай, доннер-веттер! Шнэль!
   Акалот паспрабаваў нешта сказаць, але немец з усяго размаху перацягнуў яго палкай па спіне, і не адзін, а разоў дзесяць. І зноў паўтарыў:
   - Шнэль арбайтен! Ві ест все холопі, а мы – паны. Фэрштэен?
   Пабіты і пасаромлены Акалот, сцяўшы зубы, усё ж згрузіў  мяшкі з калёс сам. Немец, даведаўшыся, што ў былога асадніка тут служыць сын, выгнаў таго з камендатуры. Каб быць далей ад сораму, той паліцэйскі наогул некуды знік з вёскі.


Падаткі

   Хаця натуральныя пастаўкі і грашовыя падаткі пры немцах і былі ніжэйшыя, чым пры Саветах, але сабраць іх старасту Ігнату з першага разу не ўдавалася. Многія вірульцы, баючыся доўгай халоднай зімы, хавалі, дзе маглі зерне, ведаючы, што ніхто, акрамя бацькоў, не накорміць дзятву.
   Мечаны дапамог Ігнату скласці спісы ўсіх гаспадароў, дзе было дакладна пазначана, хто, калі, куды і якую пастаўку павязе. З гэтымі дакументамі ён на кані аб’язджаў і вяскоўцаў, і хутаранцаў. Але вірульцы  і сапраўды не надта слухаліся яго. А немцы не даравалі зрыву сельгаспадаткаў, і ў час чарговай сустрэчы з самім камендантам раёна яму было сказана: не выканаеш планы пастаўкі, двумя дзесяткамі бізуноў не адкупішся. Вермахт не стане чакаць, пакуль нейкія там старасты будуць угаворваць насельніцтва здаваць натуральныя пастаўкі. За процідзеянне нямецкім уладам і сабатаж – расстрэл!.
   Ігнат не ведаў, як пазбавіцца ад пасады старасты, бо разумеў, што не яго гэта справа. Ён нават стаў хавацца ад паліцаяў ці немцаў, калі тыя прыходзілі за ім, каб разам ісці па вёсцы і выбіваць падаткі з сяльчан. Заўважыўшы неяк раз, што да іх на хутар едуць на конях трое незнаёмцаў у вайсковай вопратцы, Альжбета, жонка Ігната, загналадзяцей у дом і крыкнула:
   - Хавайся, Ігнатка.У пуні. Там многа сена ў правым вугле, глыбей закапайся. А я іх тут трохі патрымаю.
   - Дзе стараста?! – не здароўкаючыся, грозна запытаў адзін з марозаўскіх паліцэйскіх.
   - Ды як пайшоў з раніцы па хутарах па падаткі, так во, і цяперака яшчэ няма. І што гэта за работа такая, нашто яму такое гора? Людзі ж лаюцца, пагражаюць, што яго самога са свету зжывуць, калі ён амаль усё забярэ з двара...
   - Малчадь! – перапыніў яе трэцці вайсковец відаць, немец. – Во іст староста?
   І не чакаючы адказу, загадаў паліцэйскім праверыць усё ў доме і на двары. Тыя нават заглянулі і ў пуню, патыкалі штыкамі ў сена, але да Ігната не дасталі. Затым па загаду немца вывелі Альжбету і траіх дзяцей на вуліцу, паставілі пад бярозку, што расла на выгане, і загадалі: не скажаце, дзе муж і бацька – расстраляем! Дзеці, меншай дзяўчынцы быў усяго годзік, а старэйшаму сыну гадоў восем, ціснуліся да маці, а тая ўсё галасіла:
   - Памілуйце, паночкі. Я ж нічога не ведаю, куды ён дзеўся. Як пайшоў з раніцы... Калі прыйдзе, то скажу, каб адразу ж сам да вас прыйшоў. Злітуйцеся...
   Паліцаі і немец усё ж пашкадавалі Ігнатаву сям’ю. У той жа вечар Ігнат сабраў са два дзесяткі яек, прыхапіў кавалачак вяндліны, які заставаўся яшчэ ад касьбы, дзве бутэлькі самагону, перахрысціўшыся і падаўся ў вёску на сустрэчу з прадстаўнікамі нямецкай улады. Трэба ж было паспрабаваць неяк адкупіцца і за сваю як бы адсутнасць дома, і за абрыдлае старастоўства наогул.
   - Ну, не ўмею я патрабаваць з людзей, не слухаюцца яны, - апраўдваўся Ігнат, перадаючы вандзэлак  з ласункамі і гарэлкай. – Ёсць жа ў вёсцы і другія мужчыны. Ну, хаця б Антон Луста: і гаспадар спраўны, і маладзейшы, і граматны, не тое, што я. Ён жа шэсць ці сем класаў польскай школы скончыў. Ды й бацька яго, Гардзей, польскім гандлёвым самаўпраўленнем у вёсцы  раней камандаваў.
   Ці то Ігнатавы прысмакі падзейнічалі на нямецкія ўлады, ці гарэлка надта спадабалася, але  сапраўды прыслухаліся пазней да парады былога старасты. Ды яны і самі бачылі, што сядзіба ў Антона Лусты і яго быцькі Гардзея была багацейшая, больш дагледжаная і спраўная, чым у малазямельнага Ігната. І жылі Лусты, лічы, у самым цэнтры Віруляў, непадалёк ад гасцінцу. Немцам, калі што якое, не трэба будзе шукаць старасту на хутары, за паўкіламетра ад вёскі. Праўда, назначылі яны Антона Лусту старастам без аніякага сходу. Самі ўжо добра разумелі, што ніхто з вяскоўцаў дабраахвотна гэту пасаду ў Вірулях не захоча.

Тэлефонная лінія

   Яшчэ раней, у першыя дні вайны, немцы наладзілі тэлефонную лінію с Пунічамі, якая цягнулася ўздоўж гасцінца. Але ці то вясковыя адчаюгі, ці то партызаны, якія з’явіліся на Бягомальшчыне і прыходзілі ноччу, аднак лінію часцяком нехта рваў. Самыя дасціпныя вірульцы датумкалі, што кавалкі тэлефоннага кабелю можна неяк выкарыстаць і ў гаспадарцы. Хто да часу хаваў яго у  лесе, а малазямельны Базыль Гарошка, якога за крымінальныя вершы і песні ледзь не пасадзілі пры Польшчы ў турму, прыстасаваў кабель замест ланцуга, каб даставаць з калодзежа ваду. Ён быў вельмі моцны, і на здзіўленне - мякка клаўся на калаўрот.
   І трэба ж было такому здарыцца, што ў адзін са жнівеньскіх дзён да Гарошкаў у двор заглянулі двое нямецкіх сувязістаў-ездавых, каб папаіць коней. Калі ж замест ланцуга ўбачылі вайсковы кабель, не раздумваючы, арыштавалі гаспадара. Яму быў наканаваны расстрэл за рабаўніцтва нямецкага ваеннага рыштунку.
   -  Пашкадуйце яго, паночкі, - уступілася за мужа жонка, маленькая чарнявая Фаня, - ён жа нічога не ведаў. Гэты ж дрот валяўся ля гасцінца. Яго бралі  ўсе, хто хацеў. Ён жа...
   Але немцы, відаць, не ўпершыню сутыкнуліся з такой сітуацыяй, і хаця не надта разумелі, што лапоча гэта кабета, звязалі Базылю рукі і павялі да падводы. Тады Фаня, ведаючы, што немцы любяць усялякія дармавыя сялянскія прысмакі, пабегла ў хату і прынесла ў рэшаце з чатыры дзесяткі яек і, відаць, увесь запас масла – пэўна з кілаграм.
   - Во, вазьміце, калі ласка, паночкі. У нас жа больш нічога няма. Парсючка ж яшчэ не калолі. Ды й дзетак жа, во, чацвёра. Злітуйцеся, паночкі. Базылёк жа не вінаваты. Ён жа не тое, што па-нямецку, дык нават і па-беларуску чытаць не ўмее. А там жа, каля вашай лініі, нешта ж было напісана.
   Каб яшчэ больш настрашыць Гарошку, адвучыць яго і ўсю сям’ю браць чужое, вайскоўцы на вачах у дзяцей  колькі разоў з усяе сілы таўканулі прыкладамі  Базыля ў спіну. Той, войкнуўшы ад болю, не ўтрымаўся на нагах і з’ехаў мяшком уніз. Фаня, бегаючы вакол Базыля і, не здагадаўшыся развязаць яму рукі, намагалася  неяк падняць яго. А немцы, пагразіўшы вінтоўкамі і прагергекаўшы нешта на сваёй мове, адвязалі кабель ад калодзежа, кінулі яго на калёсы і, сцебануўшы каня, выехалі на гасцінец.
   Аб тым, што нямецкія салдаты ледзь не застрэлілі Базыля Гарошку, хутка даведалася ўся вёска. Суседзі ж бачылі, як ўсё здарылася. Дарослыя асабліва баяліся за дзяцей, якія, яшчэ не разумеючы ўсяго страху, імкнуліся збіраць усё тое, што блішчыць: жалязякі, той жа кабель ці іншае нямецкае начынне . Лявонаў хутар, дзякуй Богу, быў за добры кіламетар ад вёскі, і дзеці амаль што ніколі без дарослых сюды не прыходзілі. Тым больш, што немцы, як толькі нацягнулі тэлефонную сувязь уздоўж гасцінца, адразу ж на самых бачных  месцах павесілі таблічкі на нямецкай і рускай мовах “За разборку і пашкоджанне тэлефонных ліній – расстрэл!”.
   Спачатку ахоўваць тэлефонную лінію немцы праз старасту назначалі мясцовых жыхароў. Вяскоўцы павінны былі ўчатырох дзяжурыць на гасцінцы па дванаццаць гадзін, затым іх змяняў новы патруль. Але партызаны ўсё ж знаходзілі магчымасць, каб парваць кабелі. Тады камандаванне вермахта выдзеліла для аховы семярых маладых салдат. Тыя наладзілі сваё дзяжурства таксама ж па чарзе. Жылі яны ў былым яўрэйскім доме, дзе пры першых Саветах быў сельсавет. Адзін з нямецкіх салдат меў з сабой акардэон, і ў свабодны ад  дзяжурства час, увечары, яны нават спрабавалі наладзіць танцы. Але ніхто з мясцовых дзяўчат не рызыкаваў на іх хадзіць. Проста незаўважна для немцаў яны слухалі цудоўную акардэонную музыку. Ды і вясковыя мужчыны ставіліся да салдат цярпліва, бо тыя не рабавалі насельніцтва. Яны наогул не п’янствавалі.
   А вось у суседніх Аблогах, дзе непадалёк, у Паленаве, стаяў гарнізон з адных літоўцаў, тыя адкрыта і бесцырымонна хадзілі п’яныя па суседніх вёсках і патрабавалі ў сялян і выпіўку, і закуску. Неяк аднойчы яны расстралялі кабету, у якой не аказалася самагонкі: мужык яе з самага пачатку вайны некуды знік, і выгнаць гарэлку было некаму. А літоўцы палічылі, што жанчына проста не хоча аддаць ім самагонку для пахмелля.
   Партызанскія вылазкі на гасцінец станавіліся ўсё больш частымі і дзёрзкімі. І немцы пачалі патруляваць гасцінец і хадзіць не пехатой, а ездзіць на машынах. Але партызаны знайшлі ўправу і на гэта: пачалі мініраваць гасцінец у самых вузкіх і аддаленых месцах, часцей за ўсё – у лесе. Каб выяўляць міны, немцы загадалі старастам арганізоўваць па чарзе баранаванне гасцінца перад праходам па ім машын ці пяхоты.  І усё ж на адной з мін нямецкі патруль падарваўся. Двое салдат загінулі. Калі вестка аб гэтым дайшла да суседняй вёскі Баркі, адтуль да месца падрыву, цераз лес, дабраўся малады хлопец, і зняў з забітага салдата яшчэ новыя боты. За той падрыў немцы расстралялі дваіх не вінаватых вяскоўцаў, з Бархаў,каб застрашыць усё цывільнае насельніцтва. А каб гэта акцыя выглядала законнай, яны арыштавалі тых вірульскіх мужчын, якія раней па чарзе ахоўвалі тэлефонную лінію. Але нічога новага не даведаўшыся, усё ж адпусцілі.

Партызаны

   З тое пары актыўны рух нямецкіх войск і іх патрулёў на гасцінцы спыніўся. Немцы зразумелі, што толькі заваяваць краіну мала, трэба неяк скарыць народ, прымусіць яго прызнаць новы парадак.  Ліберальны шлях, нейкая гульня ў дэмакртыю і з выбарамі старастаў, і са зборамі падаткаў, па ўсяму відаць, скончыліся.
   Асабліва жорсткае супраціўленне новым уладам аказвалі жыхары Бягомальшчыны  і другіх раёнаў Усходняй Беларусі.  Але былая савецка-польская граніца была ўсяго ў чатырох-пяці кіламетрах, і партызанскім групам, пешым і конным, было лёгка па лясах ды кустоўі, што раслі ўздоўж рэчкі Віраўлянкі, дабірацца і да Віруляў, і да Паленава, і да саміх Пунічаў.
   На жаль, партызанскія групы на першым часе, ды здаралася, што некаторыя і пазней, дзейнічалі хто як умеў і мог, аднаасобна. Неяк яны падарвалі на гасцінцы нямецкі абоз непадалёк ад Марозаўкі з нарабаваным у Паленаве дабром. Ад узрыву загінула трое немцаў. Каб адпомсціць за гэта, фашысты паслалі цэлую карную экпедыцыю і пачалі паліць усю вёску, а наперш – жылыя пабудовы. Не абмінулі яны і хутароў. Калі дбайны і багаты гаспадар Мірановіч, у якому пры Польшчы Лявон Жыгула дапамагаў па гаспадарцы, зразумеў, што гэта напасць не міне і яго сядзібу, сам падпаліў лазню, якая стаяла воддаль ад сядзібы. Карнікі, заўважыўшы здаля, што на хутары ўзняўся пажар, вырашылі, што і гэты вясковец не пазбегнуў іх кары, і на саму сядзібу не звярнулі увагі.  
  Яшчэ да гэтага большасць мужчын, амаль поўнасцю спаленай вёскі, пайшла ў партызаны. І немцы ў 1942 годзе сталі праводзіць больш жорсткую і хітрую палітыку сярод мірных вяскоўцаў.
   - Чуў я, - казаў Лявон Усці і дзецям, калі неяк увечары вярнуўся ад старасты, -  што гэта не немцы так лютуюць, а іх памагатыя. Мужчыны самі бачылі, што сярод карнікаў не белабрысыя немцы, а чарнявыя людзі. Кажуць, што гэта былыя палонныя савецкія салдаты з данскіх казакоў і нават жыхары Каўказа. Ёсць там і нашы беларусы. З іх стварылі карныя вайсковыя атрады, кажуць, нават цэлыя батальёны.
   - Яно ж так, Лявонка, - падтрымала Усця. – Ваўка ж заўсёды ў лес цягне. Сапраўды, няма горшага ката, як брат на брата. Вунь і Альжбета, Ігнатава жонка, казала, што такія карнікі ніколі не любілі і не любяць усіх рускіх ды і беларусаў. Гадзіна ж раз  са скуры лезе, а здраднік – кожны дзень. Немцы ж, вунь, і ў Германію на работы маладых дзяўчат забіраюць. Нашых, вірульскіх, ужо траіх узялі.
   - Што ты зробіш – сіла, - пачухаў патыліцу Лявон. – Жэрдзямі яе не адгародзіш!  - Мне вось тожа трэба ў патруль на чыгунку ісці. Партызаны за немцамі цікуюць, але сярод іх усякія бываюць. Я чуў, што наш былы старшыня сельсавета Круталёў у іх там нейкі забеспячэнец: ездзіць з трыма  партызанамі па вёсках і хутарах, і забірае  ўсё, што знойдзе для харчавання.  
   - Вот табе і на: як быў рабаўніком пры Саветах, так ім і застаўся. Толькі цяпер ужо для патрэб сваіх хаўруснікаў - сказала Усця.
   - Маўчы, баба, - узлаваўся Лявон,  - многа панімаіш! Яны ж супраць немцаў, яны...
   - Во – во, і ты за іх. А чым дзяцей карміць? Вы, мужыкі, аб гэтым не думаеце. Яно ж так: немцы нават не ведаюць, дзе мы што можам схаваць на чорны дзень. А твае партызаны ўсе нашы схованкі знаходзяць. Помніш, як да нас немцы прыходзілі? Добра што паспелі ў лесе карову і ўсю дробную жыўнасць схаваць. Тады ж, у расхрыстаным хляве, толькі адна авечка і заставалася. Ды й дзяцей каля рук колькі кешкалася. Помніш, яны з нашага хутара тады нічога і не ўзялі. А яшчэ і Ігнась ад іх гарэлкай неяк адкупіўся.
   - Я ж кажу, хопіць балабоніць, - перапыніў Лявон Усцю. – Дай во што ўкусіць і з сабой нечага ў торбу пакласці. Мне ж скора ісці ўжо трэба. Паспрабуй, не паслухайся іх...
   Усця ўжо не ўпершыню адпраўляла Лявона на такое  дзяжурства і ведала, што ён ідзе на чыгунку не па сваёй волі. Немцы ж думалі, што начапіўшы на рукавы белыя павязкі, сяляне нейкім чынам не дадуць партызанам падыйсці да чыгункі, каб яе падарваць. А тыя і самі чаплялі павязкі, быццам яны і ёсць ахоўнікі, добра запаміналі ўсе падыходы да рэек, а ноччу рабілі дыверсіі. Лявона і самога колькі разоў партызанскія падрыўнікі падымалі ноччу і загадвалі весці іх да чыгункі самай кароткай і бяспечнай дарогай. Не пойдзеш, значыць ты сам прадаўся ворагу. А з ворагам у партызан размова магла быць кароткай.
   Так і жыў Лявон Жыгула на сваім хутары: днём па чарзе разам з другімі вяскоўцамі хадзіў ахоўваць чыгунку, а ноччу вадзіў туды падрыўнікоў. І тыя, і другія за любое падазрэнне маглі расстраляць. У Вірулях ведалі, што такое ўжо здаралася ў Паленаве. Лявон чуў, што асабліва жорсткім быў да мясцовых сялян Круталёў, быццам не ведаў, што і ахоўваць чыгунку, а потым і высякаць кустоўе і лес уздоўж яе загадваюць праз старастаў немцы.
   Здаровыя вясковыя мужчыны былі аднолькава патрэбныя і немцам, і партызанам. Новая нямецкая ўлада забірала ў сялян падаткі і карміла сваю армію. І партызаны рабілі нешта падобнае, бо ім, жывучы ў лясах, таксама трэба  было есці, каб ваяваць з немцамі.
   Вірульцы, як, зрэшты, і ўсе жыхары навакольных вёсак, аказаліся паміж двух агнёў. І выжыць у такіх умовах дарослым, захаваць сябе, як кармільцаў сям’і, было вельмі і вельмі складана. Лепей за ўсё было пайсці ў партызаны. Але ж дома заставаліся сем’і, і немцы, даведаўшыся аб гэтым, маглі потым без ніякага следства расстраляць усіх.  
   Гэта якраз і здарылася з сям’ёй Івана Бушэвіча з суседніх Аблогаў: за тое што гаспадар пайшоў да партызан, яго жонку і чацвёра дзяцей немцы расстралялі. Тое ж было і з сям’ёй у Рубяжах, дзе ў адным доме па гэтай жа прычыне загінула адразу шэсць чалавек. Страх знішчэння ўсяго свайго роду ўтрымліваў многіх мужчын з Віруляў ад рызыкоўных учынкаў.

Акружэнцы

   Яшчэ дзесьці да канца восені 1941 года па навакольных лясах і балотах блукалі групы савецкіх салдат – акружэнцаў, якія баяліся выходзіць удзень  да вёсак, каб не натрапіць на немцаў ці паліцаяў. Але ж і яны не маглі без ежы. Мясцовыя жыхары ведалі пра загад нямецкага каменданта: адразу ж паведамляць новым уладам пра любых незнаёмцаў ці акружэнцаў у вайсковай форме. Ні ў якім разе нельга было дапамагаць такім людзям ні ежай, ні вопраткай, нават утойваць такія факты.  За непадпарадкаванне – расстрэл.
   Каго тут трэба было баяцца больш, акружэнцаў ці немцаў, Лявон і сам не ведаў. І тыя, і другія былі ўзброены. Але на ўсякі выпадак Жыгула, калі хадзіў у пачатку верасня на сваё балота касіць атаву, браў з сабой большы кавалак хлеба ці два-тры лішнія вараныя яйкі. Гэта яго і выратавала ў той, яшчэ цёплы восеньскі дзень.
   Тады на Віраўлянскае балота прыйшоў ён не адзін. За рэчкай, воддаль крокаў за двесце-трыста ад Жыгулы, касілі і іншыя мужчыны. Але дзялка Лявона былы бліжэй да кустоўя і бору былога пана Таронскага. Менавіта адтуль дзесьці к палудню, калі сонца было ў самам зеніце, крадучыся, выйшлі чацвёра. Трое, што  ў вайсковай форме, былі з вінтоўкамі.
   - Хазяін, немцы в деревне есть?
   - У нашай няма. А вось у Марозаўцы, куды вы кіруецеся, ёсць паліцыя, свая камендатура.
   - Какое тебе дело, куда мы ідём?  -  абарваў Лявона старэйшы з мужчын, нізенькі хлопец у парваным пінжаку.
   - Вы все здесь, западнікі, такіе. Буржуіны. Зажралісь без колхозов. Паны да кулачьё...
   - Якія ж мы паны, - абурыўся Жыгула. – Во, як пачнеш  працаваць з узыходам сонца, дык і да самога вечара некалі што ў рот палажыць, - кіўнуў Лявон на торбачку з харчам, што вісела на сухой лазіне і пацягнуўся да яе.
   - А ну давай сюда, - перахапіў Лявонаву руку нізенькі. – Ленін гаворіл, надо деліться. Мы уже второй день нічего не елі.
   Вайскоўцы разам з нізенькім хлопцам, не чакаючы дазволу  Жыгулы, вывернулі торбачку на свежаскошаную траву і пачалі спешна, перашкаджаючы адзін аднаму, ламаць кавалак хлеба на часткі, аббіраць вараныя яйкі.
   Лявон шкадаваў, што хлебныя крошкі прасыпаліся праз траву, а не на торбу, і калі вайскоўцы даелі ўсё, нагнуўся, каб падабраць іх у рот. Ён і сам раніцой толкам не паснедаў. Вайскоўцы дапілі Лявонаў квас, забралі ўвесь накрышаны самасад і загадалі яму яшчэ аддаць і верхнюю апратку, стары картовы пінжак.
- Как пройті на Вілейку?  - не развітваючыся, зноў строга, як  у вінаватага,  запытаў цывільны. – І нікому ні слова, что відел нас! Понял? А то мы можем і вернуться, -прыгразіў ужо адыходзячы адзін з салдат.
   Лявон глядзеў услед акружэнцам, якія ўжо не былі салдатамі і яшчэ не сталі, а можа ніколі і не будуць партызанамі, і маліў Бога, каб больш не сустракацца з такімі людзьмі ніколі і нідзе.
   Тое, што яны могуць нізавошта   забіць чалавека, ён ужо ведаў. Гэта ж і здарылася ў Паленаве. Там трое акружэнцаў, раздабыўшы на суседнім спіртзаводзе спірту, работу якога зноў наладзілі немцы, з’явіліся п’янымі на далёкі, за кіламетры два, хутар і запатрабавалі ў гаспадыні аддаць ім усю цывільную вопратку мужа, які памёр яшчэ да вайны. А ў хаце ж падрасталі двое сыноў-падлеткаў. Гаспадыня, перасільваючы сябе, аддала ўсё, што патрабавалі. Але калі яны яшчэ захацелі забраць з сабой прыхаваны на доўгую восень апошні аполак сала, тут яна ўжо не вытрымала. Растапырыўшы рукі, як тая квактуха крылы, яна засланіла дзверцы ў кладоўку, дзе ляжалі і другія прыпасы  на зіму.
   - Не дам! У мяне, вунь, глядзі, колькі галодных дзяцей у рот глядзяць. А што ж ім есці? Вы пойдзіце, куды захочаце, а нам тут заставацца жыць. Нас і так немцы  абдзіраюць...
   - Ах, ты стерва панская! Ты зашчытнікам родзіны куска хлеба жалееш, а немцы берут, что хотят і когда хотят!?.
    Ударом прыклада вінтоўкі ў грудзі кабету звалілі з ног на вачах у перапуджанных дзяцей, якія гуртам ціснуліся ля дзвярэй у хату. Пераступіўшы цераз жанчыну, адзін з акружэнцаў зайшоў у кладоўку і забраў усё, што ўвапхнуў у рэчавы мяшок. Казалі, што з таго часу кабета часта кашляла кроўю, доўга хварэла, але так і не паздаравела. Асірацелых дзяцей на другі год вайны разабралі па сваіх дамах родзічы.

***
   Ніхто з вірульцаў у першы год вайны ні ў паліцаі, ні ў партызаны не пайшоў. Вяскоўцы жылі самі па сабе. Антон Луста, як афіцыйна прызначаны другі стараста, разам з бацькам, старым Гардзеем, назначалі чаргу з сяльчан, каму і куды ісці дзяжурыць на чыгунку, каму баранаваць гасцінец, якія падаткі і куды здаваць. Нехта бурчэў, а іншыя неяк выкручваліся, адкупляліся, але ўсе разумелі: гэта не прыдумкі самога старасты, а загад немцаў.  Калі што, яны маглі ды  ўжо і каралі,  і тых жа старастаў, і сяльчан. Немцы наогул перасталі цацкацца з мясцовым насельніцтвам і нават на самыя дробныя рэйды партызан з Бягомальскай зоны ў заходняй вобласці адказвалі расстрэламі і карнымі экпедыцыямі. Усе весткі аб гэтым прыносіў на хутар звычайна Лявон: ён часцей за Усцю бываў у вёсцы, сустракаўся з мужыкамі, якія аднекуль ведалі многае і пра немцаў, і пра партызан. Ішла восень 1942 года...
   - Чула?, - Даводзіў Лявон прыйшоўшы з вёскі ад маці, дзе жылі яго  две меншая сястра і брат, - твайго Аркадзя Круталёва немцы схапілі. Ён ездзіў па нашых хутарах, забіраючы там харчы для партызан...
   - Ты зноў за сваё, - варочаючы качаргой у печы, абурылася Усця. – Ды ён мне ніколі не быў патрэбен. Як быў круцялём, так і застаўся. Чаго ты яго да мяне клеіш? - Каб ты ўжо сам праваліўся, каб на цябе...
   Усця заўсёды злавалася на безпадстаўную рэўнасць Лявона і, не выцерпеўшы, не маючы, чым адпомсціць за крыўды мужа, і сама абзывала таго самымі бруднымі словамі і праклінала:
   - Каб у цябе язык адваліўся за гэтых кавалераў! Каб на цябе карбунка! Няўжо ж ты ніколі не супакоішся? Ішоў бы ты да сваёй Веркі – прайдзісветкі і цалаваўся б з ёй. Ты, як і ўся твая радня, як быў пасербам, што даядаў за ўсімі рэшткі, так ім і застаўся. Каб цябе...
   - Маўчы, - замахнуўся Жыгула, - а то пакаштуеш кулака. – Чаго ты ў вёску прэшся без патрэбы?! Вінцук жа твой яшчэ пры Саветах у Польшчу паехаў. І Патупчык цяпер са сваім тэатрам не ездзіць. Перад кім ты хвастом круціш? Няўжо перад Антонам, старастам? Відзеў я, як ты да іх у двор хадзіла.
   - Дурань, ты дурань!  А ты не здагадаўся, чаму Антон цябе на тым тыдні высякаць кусты ўздоўж чыгункі не паслаў? Ага?! Я ж хадзіла да старога Гардзея прасіць, каб не ставіў цябе ў чаргу. Ён жа ўсім кіруе. А Антон так, для адбытку. Я ім во, ад дзяцей адарваўшы, колькі яек знесла, агуркоў зноў жа. А ты!...
   Усця, махнуўшы рукой, маўляў, што з цябе возьмеш, прысела на зэдлічак у печы і са слязьмі на вачах пачала чысціць бульбу самаробным скрабачом. Лявон зрабіў і яго, і яшчэ две-тры штукі з кавалка тонкай бляхі, запас якіх заўсёды быў пад ляжанкай у канапе. Навастрыўшы напільнікам лязо, выбітае зубілам у цэльным кавалку жалеза, Лявон акуратна прыбіў яго  маленькімі цвічкамі на раней падрыхтованую ручку з ліпы. Яна спрытна лажылася ў руку, і лушпайкі атрымліваліся тонкія. А завостраным, як піка канцом, можна хутка і лоўка выкалупваць з бульбы вочкі. Амаль заўсёды перад тым, як скабліць, Усця  заўсёды добра мыла яе ў халоднай вадзе. Тады, асабліва ў галодныя веснавыя месяцы, і лушпайкі можна было варыць, а калі патаўчы іх з кавалачкамі падсмажанага сала з цыбуляй, яны былі нават смачней і карысней  скаблёнай бульбы.
   - Дык твайго круцяля, кажуць,  расстралялі, - не зважаючы, што Усця яго не слухае, па прывычцы, казаў Лявон. – А з ім і астатніх гэтых сельсавецкіх начальнікаў пабілі.  
   Усця не хацела зноўку пачынаць лаянку з мужам і, прапусціўшы чарговую кпіну між вушэй, спытала. - А дзе ж дзеўся гэты  тоўсты Баўтрук, Апанас? Няўжо ўцёк?.
   - А ён у той раз, казалі, па нашых хутарах за харчамі не ездзіў, - адазваўся Лявон.
   Немцы к канцу 1942 года, зразумеўшы, што скарыць мясцовае насельніцтва сілай не ўдасца, пачалі арышты падазроных, сталі забіраць моладзь на работы ў Германію. Але не  ўсіх без разбору. Спецыяльная нямецкая камісія з падачы старастаў вёсак усё удакладняла: хто, з якой сям’і, ці застаецца нехта на гаспадарцы, колькі гектараў зямлі за ёй замацавана. Немцы разумелі, што камусьці ж трэба і на зямлі працаваць, каб плаціць ім натуральныя падаткі. З Марозаўскага сельсавета, адабраўшы аўсвайсы больш чым ў трох дзесяткаў чалавек, направілі іх адразу  пад прымусам у Германію. Трое ці чацвёра хлопцаў і дзяўчат,  паддаўшыся нямецкай прапагандзе, паехалі туды добраахвотна.
***
   Між тым, партызаны Бягомальскай зоны, набраўшы сілу, сталі дзейнічаць смялей. Адзін з іх, былы пастух пана Таронскага, які з прыходам немцаў вярнуўся назад, на сваю сядзібу, прабраўся ў панскі дом якраз на куццю перад польскімі Калядамі і забіў яго. А сына-падлетка – раніў у плячо. Гэта была не проста помста былому пану, а расправа з ім – цяперашнім камендантам Марозаўскай камендатуры.
   Партызан забраў у забітага дзве вінтоўкі, пісталет і вярнуўся да сваіх. Паліцэйскія потым, не рызыкуючы збірацца разам, каб пахаваць свайго былога начальніка, нават зусім перасталі выходзіць на службу. Да таго ж партызаны зімой 1943 года спалілі і  саму камендатуру, і будынак сямігадовай школы, куды паліцаі маглі б перасяліцца. Тыя проста паўцякалі разам з сем’ямі ў Пунічы і пасяліліся там у былых яўрэйскіх дамах. Больш у Марозаўцы, побач з Бягомальскай партызанскай зонай, яны адны, без немцаў, не паказваліся. А там, выгнаўшы з большасці вёсак фашыстаў, Саветы зноў узнавілі калгасы.
   Як бы там ні было, а тут, у Вірулях, Марозаўцы, Аблогах, не любілі немцаў, але не маглі прыняць і калгасныя парадкі. Хоць і гаварылі людзі на адной мове, але яны пакуль не былі адной еднасцю.
   Немцы гэта добра разумелі і пачалі прымусовую мабілізацыю маладых хлопцаў і мужчын, па тры-чатыры чалавекі з вёскі, ў Рускую вызваленчую армію, РОА. Забралі і брата Базыля Гарошкі – Аляксандра. Яго, як і ўсіх такіх навабранцаў, завезлі ў Пунічы, абмундзіравалі і пачалі вучыць вайсковай справе. Маладыя вяскоўцы, хоць і недалюблівалі Саветы і ўсё рускае, але разумелі, што ў так званай вызваленчай арміі ім прыйдзецца ваяваць, канечне ж, не з немцамі, а хутчэй за ўсё – з партызанамі, са сваімі землякамі. Ведалі яны і тое, што фашысты і к канцу 1942 года не ўзялі ні Масквы, ні Сталінграда. Больш таго, менавіта там савецкія войскі акружылі, разграмілі і ўзялі ў палон больш мільёна нямецкіх салдат, што нават і ў раённай камендатуры, у Пунічах, у знак жалобы па тысячах забітых быў прыспушчаны нямецкі штандарт.
   Яшчэ па дарозе ў Пунічы двое мабілізаваных хлопцаў у РОА збеглі да партызан. Увесь час думаў аб гэтым і Аляксандар Гарошка. Ды й сярод мабілізаваных ужо тайна дзейнічалі партызанскія агітатары, якія цвёрда абяцалі, што хлопцам нічога не будзе, калі яны са зброяй пяройдуць  да партызан. Былі нават вызначаны месцы, дзе можна ў дамоўлены час сустрэцца з іх камандзірамі.
   Праз колькі дзён Аляксандар усё ж збёг з Пунічаў у новым абмундзіраванні і  з вінтоўкай і прабраўся ў Вірулі. Каб не было ніякіх падазрэнняў з боку дапытлівых сяльчан, сустрэча была прызначана менавіта на сядзібе старасты Антона Лусты. Партызаны ведалі, што Аляксандар не наробіць вэрхалу, хлопец свой, надзейны. Ды і з’яўленне яго ў форме салдата РОА на дварышчы старасты не будзе нечым асаблівым. Сюды, у цэнтр вёскі, звычайна прыязджалі ці прыходзілі часцяком і паліцаі, і нават нямецкія чыны.
   - Ты адкуль гэта адзін, і чаму? – здзівіўся стары Гардзей Луста. – Што здарылася? Хто паслаў? Якая прычына?
   - Без прычыны, дзядзька, і хвост у сабакі не мятляецца, - супакоіў Аляксандар старога. – Водпуск у мяне.  Тры дні далі.
   На сядзібе ў Лустаў у гэты час былі сам стараста Антон, прыйшоў з хутара і Лявон Жыгула: яму было трэба вызначыць чаргу, калі ісці да чыгункі, каб па загаду фашыстаў высякаць кустоўе ці рэзаць лес уздоўж яе.  Немцы, дарэчы загадвалі пакідаць пянькі не вышэй паўтары далоні, каб за іх не маглі схавацца партызанскія падрыўнікі.
   Сюды, на сядзібу Лустаў, у асноўным ноччу, іншы раз наведваліся і партызаны, каб даведацца што пра немцаў ды й харчоў якіх прыдбаць. Спярша Антон памкнуўся паведаміць аб гэтым у Марозаўскую камендатуру ці нават у Пунічы: фармальна   гэта  былі ворагі новага нямецкага парадку. Але стары Гардзей асадзіў сына:
   - Ты не кіпяціся – гаршчок трэсне. Ну і што будзе, калі ты ім скажаш, га? Цябе ж самога за гэта, ды і ўсю нашу сям’ю, без ніякага дазнання могуць першымі расстраляць. Што дазволіў у вёсцы такое. Ды й партызаны  у нашай вёсцы – людзі чужыя. Яны вельмі лёгка могуць адпомсціць усім нам. Ты пра дзяцей і старых падумаў?
   Ні пра партызан, ні пра іх начныя наведванні да Лустаў Жыгула нічога ня ведаў. Для яго Антон быў стараста, хаця і малады яшчэ мужчына, але, выходзіць, начальнік. Ён з часам прызвычаіўся да сваёй адказнай і рызыкоўнай пасады: даводзілася і немцам неяк дагаджаць, і з вяскоўцамі не надта псаваць адносіны. А тут – яшчэ і партызаны. Але фактычна ўсім распараджаўся стары Гардзей, якога ў вёсцы добра ведалі і паважалі яшчэ з польскага часу.  
   Пакуль мужчыны закурвалі і перакідваліся словамі, з-за хлявоў выбег старэйшы сын старасты, сямігадовы Янак:
   - Дзе-е-ед! – задыхаючыся ад бегу, выгукнуў хлопчык. – Там, -  паказаў ён рукой туды, дзе цякла Віраўлянка, - нейкія мужчыны ідуць. З вінтоўкамі. Утраіх. Я баюся...
   Гардзей здагадаўся, што гэта могуць быць толькі партызаны. Але чаму ўдзень? Як жа быць з Аляксадрам? Ён жа ў форме салдата РОА? З вінтоўкай...
   Убачыўшы ўзброеных людзей, Гардзей крыкнуў Аляксандру:
   - Ты хавайся. За пуню. І не страляй!...
   Але той не зварухнуўся з месца і нават вінтоўкі з плячэй не зняў. Жыгула недаўменна пераглянуўся з Антонам, і на ўсякі выпадак абодва на колькі крокаў адступілі ад Аляксандра. А той, усміхаючыся, паздароўкаўся з кожным падыйшоўшым партызанам за руку. Стары Гардзей зусім разгубіўся  і не ведаў, што і рабіць. Ён памкнуўся нешта сказаць, але адзін з партызан, відаць, старэйшы, апярэдзіў яго:
   - Калі даведаюцца немцы, што нас тут бачылі, спалім усю сядзібу. Ясна? І тваю таксама, - павярнуўся ён да Жыгулы. – Мы ўжо добра знаем, дзе хто жыве.
   Лявон і сам быў не рады, што стаў сведкам такой сустрэчы з партызанамі на сядзібе Лустаў. А тыя, адвёўшы ў бок старасту і яго бацьку, размахваючы рукамі, нешта даводзілі ім. А потым усе ўчатырох, разам з Аляксандрам, падаліся праз лог за Віраўлянку, у кусты, за якімі праз кіламетры чатыры-пяць была ўжо Бягомальшчына.
   Пазней звычайна спакойны Гардзей, які дрыжачымі рукамі скручваў чарговую цыгарку, прызнаўся Жыгуле:
   - Я ж не ведаў, што Аляксандр раней дамовіўся цераз сувязнога з партызанамі сустрэцца на маёй сядзібе. Я ж тут іх раней ніколі не бачыў, - спрабаваў зманіць стары Луста.
   Але Лявон нічога не адказаў і падаў выгляд, што ён верыць Гардзею. Больш за усіх, канечне, нерваваўся Антон. Ён разумеў, што, калі ён раскажа аб гэтым немцам, то партызаны могуць сапраўды спаліць сядзібу. Яны не надта цацкаліся з мясцовымі жыхарамі, якія раней жылі пад Польшчай, а цяпер так ці інакш, выходзіць, падтрымлівалі немцаў. Некалькі ж хлопцаў з Марозаўкі пайшлі ў паліцыю. Нездарма ж яны пасля забойства свайго камандзіра ўсе разбегліся і аказаліся ў райцэнтры Пунічы, дзе стаяў моцны нямецкі гарнізон.
   З таго часу Лявон, прыходзячы па якой патрэбе да Лустаў, заўсёды адчуваў нейкую уладу над імі. Жыгула бачыў, як салдат РОА пераходзіў да партызан. І маўчаў. А за маўчанне трэба было нечым плаціць. Стары Гардзей, ведаючы, як няпроста карміць Лявону вялікую сям’ю, іншы раз даваў яму то гарнец жыта, то слоічак мёду для малых. Жыгула таксама не прыходзіў на сядзібу Лустаў з пустымі рукамі. У доўгія зімовыя вечары ён майстраваў разам з патрэбнымі ў гаспадарцы цэбрамі ці кадушкамі яшчэ і вялікія і малыя рамачкі для фотаздымкаў, ці нейкія дзіцячыя палічкі і дробныя цацкі. Здымкаў у Лустаў было даволі. У самога ж Лявона – толькі некалькі картачак бацькі, які ваяваў з германцамі ў 1914 годзе. З польскага часу ні Лявон, ні Усця ніякіх здымкаў ніколі не рабілі. Па-першае, яны будаваліся, пераехаўшы на хутар, і было не да святаў і здымкаў. А, па-другое, да іх у вёску, бадай, што ніколі не заглядвалі ніякія фатографы. А ў гміну, у Пунічы, пры Польшчы ехаць не было патрэбы. Ды й дорага ўсё гэта тады каштавала.

Партызанская рэквізіцыя

    Ішоў сакавік. Сонца ўжо добра прыпякала ўдзень, але ноччу яшчэ ціснулі марозікі. Хрумсткі лёд звінеў пад нагамі на панадворку, рассыпаючыся буйной соллю. Неяк раз у такі ж дзень Усця з раніцы корпалася ля печы: дзеці прасілі бліноў-дранікаў, але зрабіць іх не было з чаго. Бульба ж заставалася толькі дробная, насенная. І маці, як гэта было часцей, ладзіла бліны з дрэннай, падмерзлай бульбы, але і яна ўжо амаль скончылася.
   З вуліцы, са звонам разбіваючы нагамі тонкі лядок, прыбегла старэйшая дачка Тася. Не зачыняючы дзверы, з парогу крыкнула:
   - Мама, партызаны ідуць!
   Усця ужо ведала, што яны звычайна забіраюць усё, што можна з’есці ці апрануць. І хаця ўжо ішоў 1944 год і немцы паступова адступалі на захад, але тут, у Пуніцкім раёне, ды і ўрэшце ва ўсёй Беларусі яны мелі яшчэ вялікую  сілу.
   А партызынамі сябе лічылі нават маладыя халастыя мужчыны, якія, каб не ісці ў паліцыю ці пазней, у так называемую Рускую вызваленчыю армію і не працаваць на немцаў, здабывалі неяк узбраенне і ішлі ў лясы. Праўда, такіх груп у Бягомальскай партызанскай зоне не было. Там дзейнічала своеасаблівая партызанская рэспубліка, зноў дзейнічалі  былі савецкія законы, нават дзеці, як і да вайны, хадзілі ў школу.
   А тут, на былых землях польскіх Усходніх крэсаў, такія ўзброеныя групы ведалі  мясцовых жыхароў, мелі, як правіла, родзічаў у вёсках ці на хутарах. Ім добра былі знаёмыя тутэйшыя лясы і месцы, куды немцы ніколі не рызыкавалі паказвацца малымі сіламі.
   Але і такім “партызанам” трэба было нешта есці і апранаць. Неяк раз, калі Усця, здавалася, надзейна схавала пад падмуроўкай вялікі кавалак саматканага льнянога палатна, ручнікі і абрусы, узброеныя людзі без цяжкасці па нейкіх сваіх прыкметах знайшлі тую схованку і забралі ўсё, што там было.
   - А, сыночкі ж мае, - прасілася Усця, - што ж вы робіце? З чаго ж я пашыю дзецям кашулі...  Гэта ўсё, што ў мяне заставалася. Калі яшчэ ўдасца такі лён вырасціць. Пашкадуйце дзяцей, - спрабавала вырваць з рук хаця б ручнікі з вышыўкай.
   - Адчапіся, матка! Нідзе не дзенуцца твае бахуры. Скора во лета, і голымі паходзяць. А нам анучкі ў боты патрэбны. Адстань, кажу, а то... глядзі ў мяне. Хлопец схапіўся за прыклад вінтоўкі.
   Усця здагадвалася, хто падказаў “партызанам”, дзе была схованка палатна. Аб гэтым яна  па сакрэту  гаварыла Ганцы, жонцы Панаса Шылы з суседняга хутара. Тая, відаць, нечым адкупілася ад чужых людзей, а каб тыя ўжо зусім не пайшлі з хутароў з пустымі рукамі, падказала, дзе ў каго што можна ўзяць.
       А тады, грукаючы ботамі, узброеныя людзі адзін за адным, трохі прыгінаючыся,  пераступаючы парог, заходзілі ў хату. Пяцёра дзяцей Усці ціснуліся да яе і з цікавасцю, і страхам глядзелі на партызан. Каб паказаць, што тут, на гэтым хутары, асабліва нечым пажывіцца, маці ўзяла самага меньшанькага Цішку на рукі. Таму яшчэ не было і трох гадоў. Хлопчык раз за разам даводзіў:
   - Німа. Ніцога німа...
   Праўда, як толькі Тася крыкнула маці, што ідуць партызаны, Усця, ведаючы, што яны заўсёды шукаюць нейкі харч, не цураюцца нават і цыбулі, папрасіла самага маленькага Цішку залезці ў падпечак і закапаць там апошні яе маленькі вяночак, які пакінула для пасадкі ўвесну. Хлопчыку гэта было не ў навіну, бо гуляючы са старэйшымі братамі ў хованкі, ён часта даваў сюды нырца. Цыбулю Цішка закапаў у пясок, што быў усягды ў падпечку, у самы далёкі вугал. Тут было цёмна, але цёпла і пахла кацячымі какешкамі.
    Партызан, круглатвары, з фанабэрыста выстаўленым чорным чубам у зімовай вайсковай шапцы з перацягнутай наўкасяк шырокай чырвонай стужкай, дэманстратыўна і моўчкі, быццам нейкую мэблю, адсунуў убок Усцю і ступіў у хату. За ім уваліліся астатнія, чалавек шэсць ці сем.
   - А ну марш на печ, - скамандавала Усця дзецям, калі сямігадовы Толя з затоенай радасцю хацеў памацаць пастаўленыя ля дзвярэй вінтоўкі.
   Усця яшчэ паліла ў печы, пякла маленькія аладачкі з падмерзлай восенню бульбы, якую дзеці пасля баранавання бульбянішча знаходзілі на суседніх хутарах. Былі тыя аладкі сінія і цвердаватыя, як гума. Але звесіўшыся з каптура  дзеці ўсероўна прасілі падаць аладак прама з патэльні, нягледзячы, што тыя былі гарачыя.
   Пакуль Усця скінула іх чарговую патэльню на вялікую жалезную талерку (няёмка ж было перад чужымі людзьмі паказваць, як галодныя дзеці хапаюць іх рукамі), партызаны раскруцілі нейкую скураную торбу з двумя вялікімі кішэнямі збоку і дасталі адтуль колца каўбасы, кавалак сала і дзве круглыя буханкі хлеба, у адной з іх ужо быў адрэзаны бок. Хлеба ў хаце не было ўжо больш месяца, і пах яго адразу ж пачулі дзеці. Адсоўваючы фіраначку на запеччы, яны цікавалі за чужымі людзьмі і глыталі слінкі. Узброеныя людзі гэта, канечне, бачылі, але ні ў каго не зварухнулася ў галаве, каб падаць хоць скарыначку дзецям. Пэўна, у іх, такіх маладых, сваіх яшчэ і не было.
   - А ну, дай нам сваіх аладзій, - загадаў Усці чубаты.
   Тая падала на край стала няпоўную талерку, але паспрабаваўшы, лічы, гумовыя аладкі, тыя закруцілі насамі.
   - Ты што гэта нам падсунула?! Як такое можна есці?
   - Людцы ж вы мае. Нічога ж лепшага ў хаце няма. Вунь колькі ў мяне прусакоў на печы. Яны ж ядуць і гэта.
   Не даслухаўшы Усцю, чубаты, відаць, старшы сярод іх, загадаў:
   - Дай цыбулі, хазяйка. А то сала без яго ў рот не лезе.
   - Дзе ж я вам яго вазьму, - пляснула рукамі Усця. – Самім, во, прыйдзецца ў маі недзе пазычаць. Нечага садзіць на градкі. Не ўрадзіла летась цыбуля...
   - Не мані, - перабіў чарнавалосы дзяцюк. – Знаем мы вас скнараў. Куркулі вы ўсе.
     Пакуль астатнія партызаны даядалі прынесеныя прыпасы, двое другіх пайшлі шнырыць па хаце. Заглянулі ў запечак, дзе звычайна ўсе вяскоўцы вешаюць на зіму вянкі з цыбуляй, і чыстую палавіну хаты  праверылі. Перашарсцілі канапу з Лявонавым сталярным інструментам. З гарышча ў сенях адзін прынес амаль паўскрынкі сушанага бацьковага тытуню. Партызаны тут жа распіхалі яго па кішэнях.
   - Лезь у падпеччык, - загадаў старэйшы маладому шчупламу партызану, - пашукай там.
   Цішка зверху, з каптура печы, бачыў, як той, скурчыўшыся, усё ж залез пад печ, толькі тырчаў адтуль яго зад у нейкіх зялёных штанах. Пакорпаўшыся, шчуплы ўсё ж дастаў схаванага паўвяночка цыбулі.
   Калі партызаны, грукаючы ботамі, пайшлі, дзеці ўміг саскочылі з печы і навыперадкі сталі зграбаць са стала хлебныя крошкі, хапаць скарынкі. Яны здаваліся ім саладзейшыя  за любы цукар. Падмятаючы крыху падсохлую гразь, прынесеную партызанамі, Усця больш для сябе, пад нос бубніла:  
   - У каго ж мне пазычыць цяпер цыбулі? І што гэта за людзі такія? Нават дзіцёнку скарынкі хлеба не далі.
    То быў не першы выпадак, калі ўзброеныя людзі, невядома чые і адкуль, хадзілі па далёкіх хутарах і забіралі ў сяльчан, лічы, апошнія прыпасы. Яшчэ ў канцы 1942 года, у снежні, ў дом Жыгулы ноччу нехта пастукаўся. Накінуўшы апратку, Лявон выйшаў на ганак.
   - Мы знаем, што ў цябе ёсць конь, - сказаў адзін з незнаёмцаў.  – Мы з Бягомальскай партызанскай зоны. На фашыстаў жа пешшу не пойдзеш.
   У незнаёмцы  Жыгула ледзь прызнаў Апанаса Баўтрука, былога памагатага Круталёва. Ля брамкі, прывязаўшы  коней за паркан, стаялі яшчэ двое чалавек. Упрыцемку было бачна, што і ў тых ёсць вінтоўкі.
    - Гэта афіцыйнае распараджэнне камандзіра нашага атрада. Круталёў, як бачыш, нічога не забыўся. А мы табе даведку за каня дадзём...
   Лявон, нават не даслухаўшы і не гледзячы на сунутую ў руку паперку, памкнуўся нешта запярэчыць. Але Апанас апярэдзіў яго.
   - Гэта загад. Яго не абмяркаўваюць. За ўсякую абразу трэба плаціць. А можа ты хочаш, каб немцы на нашай зямлі былі вечна?
   Лявон, канечне, не хацеў гэтага. Але аддаць каня напярэдадні вясны, ды і менавіта па загаду Круталёва, гэта значыць амаль што стаць жабраком. Хто з суседзяў дасць табе каня ўвесну, у кожнага ж у першую чаргу свой клопат. Ні сам Жыгула, ні Усця, якая таксама выскачыла, нічога не маглі зрабіць, каб не аддаць каня.  Горш таго, забіраючы прама з аброццю Гнядка, партызаны прыкмецілі ў хляве карову з падцёлкам.
   - Так, - не дапускаючы ніякага пярэчання, заявіў Баўтрук, - карову да нас завядзеш сам. Ноччу. Наш сувязны ў Марозаўцы сцежкі ў атрад ведае. Трэцці дом з краю вёскі. Усё! Дай дарогу! – адапхнуў ён убок Лявона.
   Калі трое конных зніклі ў цемры разам з Гнядком, Жыгула абмяк, як пабіты сабака. Сеў на халодныя дошкі ганка. Хацелася курыць, але рукі не слухаліся, каб скруціць цыгарку. Добра, што хоць частку тытуню ён раней схаваў у двух месцах, і партызаны яго ўвесь не забралі.
   У вісках, разрываючы скроні, пульсавала кроў. Сэрца білася так цяжка, быццам ён без перадыху цэлы загон папару пераараў. А тут яшчэ Усця са сваімі кленічамі на партызан! Ну што ім твае праклёны? Няўжо гэта і ёсць нашы сапраўдныя абаронцы? Чаму яны цяпер, пад канец вайны, забіраючы, лічы, апошняе, не думаюць пра дзяцей, якіх і павінны абараняць.
   - Я ж табе казала, - усхліпвала Усця, - давай завядзём карову ў Рубяжы. Там – нямецкая ахова, і партызаны адтуль скаціну ўжо не возьмуць. Туды ж і Ігнатава Альжбета карову завяла. Ну і што, калі за пяць кіламетраў трэба хадзіць даіць. Затое ў дзяцей хоць малако было б. А нам чым карміць малых, ты падумаў?
   Лявон не меў сілы нават узлавацца на Усцю. Да таго ж ён разумеў, што яна кажа праўду. Трэба было кароўку завесці ў зону, якую ахоўвалі ад партызан. Злосць на гэтых людзей з вінтоўкамі, якія забралі каня і загадалі прывесці ў зону і адзіную карміліцу  кароўку, на сваю нерашучасць насцерпна ціснула сэрца. Лявон і сам не заўважыў, як з вачэй  па  ня голеным твары  пакацілася сляза. Ён спрабаваў яе схаваць, адвярнуўшыся убок, але Усця, разумеючы, як мужыку цяжка, села ціхенька побач і ўзяла яго за руку. Уткнуўшыся ў каўнер прапахлага потам пінжака Лявона, яна і сама, ужо не стрымліваючыся і хістаючыся ў бакі, як ад нясцерпнага болю, стала галасіць:
   - Як жа мы цяпер будзем жыць, Лявонка? Хто нам дапаможа? Дзе ж узяць сілы, каб увесну пасеяць ярыну і бульбу? А божачка ж ты наш?!...
   Жыгула раптам,  нават аж здзівіўшыся сваёй здагадцы, зразумеў, што Усця не проста шкадуе каня, а хоча неяк дапамагчы яму перажыць гэту вялізную страту, супакоіць і яго сэрца, і па-свойму прызнацца ў каханні. У Лявона яшчэ больш зашчымела ў грудзях, калі ён успомніў, як некалькі разоў, проста так, будучы п’яным, нізавошта падымаў на жонку руку, ды яшчэ пры дзецях. Лявон неяк грубавата-няёмка абняў Усцю за плечы, і каб не прадаўжаць гэта агульнае гараванне, рэзка падняўся.

Блакада

   Да вірульцаў усё больш даходзіла звестак аб баявых дзеяннях партызан у Бягомальскай зоне. Яны актывізаваліся, калі на іх бок перайшла брыгада палоннага савецкага афіцэра Гіль-Радзівонава. Яе немцы перакінулі сюды, у лясную і балоцістую мясцовасць, каб змагацца з партызанамі. Але радзівонаўцы, якіх фашысты неяк сабралі з палонных чырвонаармейцаў і добра ўзброілі, не хацелі служыць ворагу. Яны разумелі, што рана ці позна, а Чырвоная армія прагоніць немцаў з захопленых земляў, што тут зноў будзе ўсталявана Савецкая улада.
   Звесткі аб тым, што фашыстаў даволі хутка пагналі на Захад, так ці інакш, але пранікалі ў роты і ўзводы брыгады Гіль-Радзівонава. Іх прыносіла партызанская разведка і партыйныя агітатары. Як ні старалася нямецкая прапаганда пераканаць былых палонных, што Гітлер ўсё ж неяк выйграе вайну, гэтаму верылі толькі нямецкія афіцэры, якія былі на камандзірскіх пасадах у брыгадзе.
   Праз пэўны час па дамоўленасці з кіраўніцтвам партызанскай зоны брыгада Гіль-Радзівонава, перабіла нямецкіх афіцэраў, і у поўным складзе, з усім узбраеннем перайшла на бок партызан. Радзівонаўцы першым чынам разграмілі добра ўмацаваны  нямецкі гарнізон на буйной вузлавой чыгуначнай станцыі ў Круляўшчызне, выгналі немцаў з Пунічаў і ўліліся ў партызанскую зону. Фашысты зразумелі, што ваяваць супраць партызан сіламі былых палонных чырвонаармейцаў няма сэнсу. Яны можа і не любілі камуністаў і Сталіна, але і не хацелі бачыць на сваёй зямлі ніякіх чужынцаў.
   Фронт доўгі час стаяў ля граніц Беларусі, і немцы ведалі, што Чырвоная армія рана ці позна пойдзе ў наступленне. Каб умацаваць свае пазіцыі і ачысціць тылы ад партызан, якія ўзрывалі масты, дарогі, чыгунку, знішчалі  дробныя варожыя гарнізоны, фашысты адну за другой у канцы 1943 і першай палове 1944 гадоў пачалі праводзіць карныя экспедыцыі ў партызанскіх зонах.
   У Вірулях пра блакаду партызанскіх атрадаў і брыгад толькі здагадваліся. Па гасцінцу  з боку Крывічоў на Пунічы не толькі ноччу, але і ў дзень, ішлі, як і ў першыя дні вайны, вялікія крытыя машыны з салдатамі, цягнуліся гарматы. Зноў перад праходам па важных, стратэгічных дарогах гітлераўцы вымушалі мясцовых сялян баранаваць гасцінец, баяліся, што яго  замініравалі партызаны. Але нават і ў гэтай сітуацыі тыя, ведаючы графік руху нямецкіх калон, паспявалі мініраваць ім шлях і падрываць   тэхніку разам з салдатамі.
   - Я ўжо не ведаю, як і быць, - скардзіўся Антон Луста пры сустрэчах з Жыгулай. – Разумееш: немцы патрабуюць, каб я прызначаў людзей і чыгунку ад партызан ахоўваць, і будаўнічы лес для гітлераўцаў вывозіць, а яшчэ і гасцінец баранаваць. А ў нас жа ў вёсцы ні людзей, ні коней столькі няма.
   Пры напаміну аб кані, Лявон зноў успомніў пра сваё гора.
   - А ў мяне ж гэты Апанас Баўтрук, ну, што ў сельсавеце ў Круталёва быў памочнікам, дні тры таму адзінага каня забраў. Цяпер Апанас там, у партызанскай зоне, нейкім забеспячэнцам прыстроіўся. Морду наеў, як той парсюк. Праўда, ён і пры Саветах не быў худым. Я разумею, што партызанам таксама есці нешта трэба. Але як жа быць нам, бясконным? На чым увесну араць-сеяць? Дзяцей жа, во, поўная хата.
     - І ў мяне аднаго каня таксама ўзялі.  Бацькі ўжо старыя, і дзяцей у хаце хапае...  Наогул, як ад гэтага старастоўства пазбавіцца, я ўжо і не ведаю. Калі карнікі даведаюцца, што вірульцы аддаюць партызанам коней, гэта значыць – памагаюць ім, то могуць ці каго пастраляць, ці нават вёску спаліць.
   - Табе што: і конь яшчэ адзін застаўся, і каровы з падцёлкамі, - скручваючы цыгарэту з самасаду, зазначыў Жыгула. – А мне Баўтрук загадаў самому завесці ў Бягомальскую зону адзіную кароўку.  Інакш, прыгразіў, што разборка можа скончыцца стральбой.
   - У цябе ж па перапісу падцёлак ёсць. Вырасце неяк, і цялушка зноў будзе.
   - Колькі чакаць таго часу. Праз год ці больш. А чым мне дзяцей сёння карміць? Без каня і каровы які ты гаспадар. Тут невядома ад чаго памрэш: ці ад немцаў, ці проста ад голаду. Партызаны ж усякія бываюць. Вунь нядаўна...
    Лявон расказаў, як да яго на хутар, калі самога не было дома, прыходзілі нейкія ўзброеныя людзі і забралі амаль усё што можна  з ежы і адзежы. Нават картовае паліто і сукенкі, якія Усця берагла для сябе ці для дзяцей.
Партызанскія аўтаматы

   У той дзень партызан на хутар прыйшло чалавек дзесяць. Як і заўсёды, Усця прагнала дзяцей на печ, што стаяла ў першай палове хаты, а сама па загаду аднаго з незнаёмцаў  з нейкімі пагонамі на вайсковым фрэнчы, глытаючы слінкі, стала наразаць хлеб, сала і каўбасы з прынесеных імі прыпасаў. І зноў ніхто сам з гэтых “гасцей” не прапанаваў дзецям нават кавалачка хлеба. Ссунуўшы два сталы разам у чыстай палове хаты, яны падаставалі з сваіх зялёных торбаў некалькі бутэлек самагонкі і пачалі пір. Якую перамогу і над кім яны адзначалі такім чынам, Усця не ведала. А, можа, яны і самі аб гэтым не задумваліся.
   Колькі часу цягнулася такое “свята”,  ніхто не лічыў.  Каб дзеці нават не злазілі з печы, Усця падала ім туды некалькі кавалачкаў хлеба і па  зусім маленькаму – вэнджанага сала. Яно пахла дымам, асабліва скурка. Дзеці жавалі яе доўга, і ўсё ж глыталі, бо выкінуць такую смакату было шкада. Паціху з печы злезлі старэйшыя сёстры Тася і Жэня: іх ціхенька пазвала маці рабіць нейкую работу.
   А хлопчыкам было сумна сядзець на печы. Нягледзячы на самую строгую забарону маці заставацца там, першым стаў павольна злазіць уніз сямігадовы  Толя. Праз расчыненыя дзверы ў чыстую палову хаты быў відзён стол з аб’едкамі і пустымі бутэлькамі. З двух вакон, што выходзілі ў гародчык з засохлымі галоўкамі яшчэ восеньскіх вяргіняў, у хату ўрывалася веснавое сонца.
   На пальчыках, адзін за адным хлопчыкі ціхенька падыйшлі да дзвярэй і прыадчынілі іх яшчэ шырэй.  На кожным з трох ложкаў, нават не зняўшы брудныя боты, на чыстых саматканых посцілках спалі па двое партызан. Гразь з абутку была і на пасцелях, і на падлозе, якую звычайна сёстры выскоблівалі дзергачом да жаўцізны.
   А ўздоўж грубкі, што была справа ад дзвярэй, стаялі тры ці чатыры  аўтаматы з круглымі і вялікімі, як глыбокая патэльня, жалезнымі дыскамі. Яны так нахабна і прызыўна блішчэлі на сонцы, што было цяжка ўстрымацца, каб іх не памацаць. Як толькі Толя першым зрабіў некалькі крокаў да блішчастых жалезных цацак, за сталом заварушыўся адзін з партызан. Ён да гэтага драмаў, яго кудлатая галава ляжала на шчэпленых руках, якія былі ў нейкіх чорных плямах. Пачуўшы крокі, той стаў павольна падымацца і, не расплюшчваючы вачэй, відаць, па прывычцы, пацягнуўся рукой па пісталет, які ляжаў воддаль на стале. Побач з кудлатым, паклаўшы галаву на зімовую шапку, спаў яшчэ адзін.
   Невядома, чым скончылася б гэта спроба Толі памацаць аўтаматы, якая ўява прамільгнула ў галаве партызана і што ён мог зрабіць у наступную хвіліну, каб не маці. Усця разумела, што з п’янымі ды яшчэ і з узброенымі людзьмі, жартачкі дрэнныя. Найперш яна схапіла за каўнер Толю, а затым вытаўкала усіх траіх з пакоя і зноў загнала на печ.
   Праспаўшыся, але, відаць, да канца не працверазеўшы, незнаёмцы пайшлі з хутара. Калі падыйшлі ўжо да лесу, адзін з іх, відаць, каб проста падуракавацца, колькі разоў стрэльнуў запальнай куляй па мінулагоднім стажку саломы, які стаяў непадалёк ад пуні.  Ішоў сакавік, салома зверху на вясновым сонцы і ветры ўжо добра прасохла, і ўспыхнула, як смаляк. Патушыць стажок тады так і не ўдалося.
   Яно ж і раней Лявон і іншыя вяскоўцы ведалі, што з узброенымі людзьмі, кім бы яны ні былі, ні лаяцца, ні пярэчыць ім нельга. Хто ж яго ведае, што ў іх у галаве, якая муха можа ўкусіць. Асбліва ж, калі яны не зусім цвярозыя.
***
   У пачатку студзеня 1944 года немцы прызначылі ў Вірулях чарговага старасту. Ці то ў іх не было даверу да Антона Лусты, ці той не спраўляўся са сваімі абавязкамі, а можа для іх проста прыйшла другая пара: трэба было рыхтавацца да абароны ад непазбежнага наступлення Чырвонай арміі. На абарончыя работы неабходна многа людзей. У Бягомальскай зоне амаль усё вясковае насельніцтва, асабліва ж мужчыны, былі ў партызанах. І нават апошняя карная экспедыцыя фашыстаў так і не прынесла поўнай перамогі над народнымі мсціўцамі. Гітлераўцы палілі вёскі, часта разам з людзьмі, заганялі мірнае насельніцтва ў лясы і балоты, але скарыць увесь край ім ніяк не ўдавалася.
   Да Лявонавага хутара звесткі аб зверствах фашыстаў у Бягомальскай зоне даходзілі не адразу.  Жыгула, бываючы ў вёсцы, часцей даведваўся пра многае ад Антона Лусты. Яно ж так:  поўнасцю схаваць ад людзей з заходніх раёнаў ход карных аперацый фашысты таксама не маглі, ды, пэўна, і не стараліся. Нават з хутара Жыгулы, за добрых пяць кілометраў ад Бягомальскай зоны, было бачна, як на далёкую сіняватую паласу лесу там пікіруюць самалёты карнікаў.
   У такія дні сыны Лявона басанож і ў адных сподніх кашульках выскоквалі на вуліцу паглядзець, як бамбяць далёкі лес. Ні гулу матораў, ні грукату ўзрываў не было чуваць – далёка. Толькі пасля пікіравання над зямлёй адразу ж шугаў уверх вялізны слуп агню і ўзнімаўся чорны дым. Глядзець было і  страшна, і цікава. Каб лепш усё бачыць, Цішка прасіў Толю пасадзіць яго сабе на шыю. Іншы раз ўсе ўтраіх залазілі на гарышча хаты, і праз маленькае акенца, адштурхоўваючы адзін аднаго, цікавалі за самалётамі.
   - А ну, марш у хату! – звычайна праганяла Усця сыноў з гарышча ці з вуліцы. – Яшчэ нагледзеціся. Не дай Бог, такое відзець. Холадна во, ногі голыя. Марш у хату! Каму кажу!?

Абарончыя работы

   Чарговы новы стараста ў Вірулях усё ніяк не мог па загаду нямецкага афіцэра сабраць людзей на абарончыя работы. Тады ў вёску на машыне прыехалі больш  дзесятка салдат вермахта. Тое ж самае было і ў другіх вёсках сельсавета. І хоць партызаны былі дзесьці побач, ад карных экспедыцый фашыстаў яны значна аслабелі і абараніць людзей не маглі. Ды і ім, шчыра кажучы, было не да клопату пра мірнае насельніцтва з заходніх раёнаў, якое немцы забіралі на свае абарончыя работы. Вяскоўцы разумелі, што неяк выкараскавацца з гэтага становішча ім прыйдзецца самім.
   Нямецкі афіцэр, які камандаваў салдатамі, каб асабіста не збіраць людзей, загадаў гэта рабіць старасту. А сам для своеасаблівага штаба выбраў дыхтоўны пяцісценак Хведара, брата Базыля Гарошкі. Вядома ж, немец не ведаў, што сын Хведара, Аляксандар, быў у партызанах. Ды й гэтага не знаў ніхто з вяскоўцаў: за такое маглі расстраляць усю сям’ю. Вірульцы бачылі, што хлопца ў свой час мабілізавалі ў Рускую вызваленчую армію.
   Каб неяк улагодзіць афіцэра, Хведар запрасіў яго і аднаго з салдат за стол. На ім традыцыйна з’явілася бутэлька самагонкі і неблагая закуска. Гаспадар трымаў дзве каровы, авечак, свіней. Быў і конь. Ведаючы, што сын Хведара ваюе ў партызанах, тыя ніякую скаціну ў гаспадара  не забіралі.
   Пакуль Гарошка частаваў афіцэра, спрабуючы неяк угаварыць яго праз перакладчыка, каб немцы не забралі з вёскі многа мужчын, салдаты прывялі ўжо да хаты першых пяць чалавек.
   - Гэта – мала, - па-вайсковаму коратка сказаў, як адсек афіцэр. – Трэба – дзвесце! Фэрштэен?!
   Людзі збіраліся, як мокрае гарыць. Усе разумелі, што абарончыя работы ў тыле немцаў і прытым на іх карысць, гэта – непрыкрытае насілле і адначасова, выходзіць, што дапамога акупантам. Але пад страхам расстрэлу вымушаны былі ісці на гэта. Праўда, двое вірульцаў (нават ніхто і не здагадваўся, што ў іх ёсць золата),  неяк змаглі адкупіцца ў афіцэра ад мабілізацыі на гэтыя прымусовыя абарончыя работы. З некалькіх сельсаветаў з цяжкасцю ўдалося сабраць ледзь больш паўтары сотні   чалавек.
   - Так! Значыць, будзеце працаваць месяц. Потым прышлём замену, - зноў коратка, па-вайсковаму зазначыў афіцэр, адпраўляючы людзей пад аховай салдат на станцыю ў Паленава.
   Яшчэ раней на сямейным савеце Хведар рашыў, што замест яго на работы паедзе сын Пятрусь, якому споўнілася ўжо васемнаццаць. Той ростам абагнаў бацьку, быў шыракаплечы, з вялікімі, як у прафесійнага малатабойца, рукамі.
   Мабілізаваных немцы пагрузілі ў вагоны па сорак чалавек, дабавілі людзей яшчэ і на станцыі Круляўшчызна. Былі сярод іх і такія ж маладыя хлопцы, як Пятрусь, і больш сталыя, жанатыя. Землякі, аднавяскоўцы стараліся трымацца разам. У адным з вагонаў мабілізаваныя змаглі адціснуць нейкай жалезінай дзверы, перарэзалі прыхопленай з дому на ўсякі выпадак нажоўкай па металу дрот замка, і трынаццаць чалавек сіганулі з вагона, калі поезд ішоў праз балоцістыя кусты.
     Жыць у Полацку, куды іх прывезлі на работы, Петрусю і другім вірульцам давялося    ў былым свінарніку. Мужчыны літаральна за поўдня абсталявалі нары, паставілі выдадзеныя немцаміпечкі-буржуйкі. Тут было пяць брыгад па дзесяць чалавек. На харч немцы давалі буханку хлеба на чатырох і конаўку штучнага нямецкага мёду. Казалі, што яго вырабляюць у Германіі з нафты. І сапраўды, на дне ў кожнай конаўцы заўсёды заставалася нейкая чорная мешаніна, якая пахла ні то дзёгцем, ні то фарбай.
   Увесь студзень і люты 1944 года людзі ноччу мерзлі на нарах: печкі-буржуйкі паліць было забаронена. Немцы баяліся, што савецкія самалёты-разведчыкі засякуць іх будучыя абарончыя пазіцыі. Аднойчы, калі нямецкія машыны везлі рабочых назад у лагер, іх абстралялі партызаны. Дзякуй Богу, тады нікога нават не раніла.
   Так цягнулася аж да канца красавіка: адзін дзень мабілізаваныя будавалі траншэі ці доты, на другі – савецкія самалёты  бамбілі іх. І так паўтаралася зноў і зноў. Знясіленыя холадам, голадам і цяжкай працай людзі пачалі хварэць. У каго было запаленне лёгкіх,  у многіх балелі страўнікі, але большасць былі тыфозныя. Немцы імкнуліся ад такіх пазбавіцца і адпраўлялі дамоў. Захварэў і Пятрусь. І ў канцы мая ён разам з другімі хворымі змог неяк дабрацца да  Віруляў. Па дарозе хлопец бачыў разбомбленыя савецкімі самалётамі нямецкія склады боепрыпасаў: мін, снарадаў, скрынак з патронамі і гранатамі ў Рубяжах, спаленыя казармы. Фашысты яшчэ агрызаліся, але разумелі: доўга ім тут заставацца не дадуць і партызаны, і савецкія войскі.
    А дома, аказваецца, маці таксама цяжка захварэла тыфам.
    Акупацыя Віруляў і ўсяго сельсавета цягнулася роўна тры гады.  І ў пачатку ліпеня праз вёску на захад збягалі апошнія гітлераўцы.

Нямецкія акружэнцы

  За ўсю вайну Лявон бачыў салдат вермахта ўсяго некалькі разоў. Запомнілася, як у пачатку ліпеня 1941 года яны, як пераможцы, ехалі па гасцінцу на машынах, і некаторыя нават ігралі на губных гармоніках. Маладыя вясёлыя храбрыя перад бяззбройнымі вяскоўцамі.
   А ужо ў 1944 годзе, у тым жа ліпені, хто застаўся з іх жывы, стараліся не высоўвацца з-пад аблезлага брызенту машын, калі калоны праязджалі праз вёску. Па сваёй сялянскай мудрасці Лявон разумеў, што нямецкія салдаты такія ж, як і ўсе людзі. Ды і прыйшлі многія з іх на нашу зямлю не па сваёй волі. Іх вымушалі  ваяваць афіцэры, камандзіры, нарэшце – сам Гітлер. Далёка не ўсе з салдат станавіліся лютымі карнікамі ці фашыстамі, каб ваяваць з мірнымі людзьмі. Пэўна ж, у многіх з іх там, у Германіі, былі сем’і, іх чакалі мацяры, жонкі і дзеці. Наогул якойсці асабістай злосці да простых нямецкіх салдат у Жыгулы не было.
   У вёсцы, калі Чырвоная армія толькі што пагнала на захад немцаў, але яшчэ не прыйшлі Другія Саветы, ва ўсіх вірульцаў былі, бадай што, адны і тыя ж клопаты. Трэба было хутчэй спраўляцца з касьбой, насякаць сярпы, рамантаваць, у каго былі, малатарні, даглядаць за скацінай.
   Лявон выбраўся ў той дзень пакасіць шарстухі, тут на лагу за сядзібай. З вечара ён добра пакляпаў дзве касы, падвешваючы іх акоссе на тонкую вяроўку з каменем на канцы замест груза, памазаў тонкім слоем свежай гліны абедзьве сцябачкі.
   Яшчэ пры Польшчы, як толькі атрымаў зямлю на хутары, Жыгула хацеў пазычыць у старога Гардзея Лусты параконны плуг і другога каня, каб узняць хоць палавіну логу і выраўнаваць усе курганы, пабаранаваць і нават прыкатаць такое ворыва. Але так і не давялося прывесці ўсе лагі ў належны стан.
   З раніцы, пакуль была раса, Лявон абкашваў курганы шарстухі даволі хутка.  І ўсё ж махаць касой-дзесяціручкай без перапынку было цяжка. Тады ён, сабраўшы вялікі ахапак шарстухі, кідаў яго на чарговы курган, удзюбваў акоссе ў зямлю, клаў на палюк сцябачку і садзіўся перакурыць. У роце было суха, але Лявон не хацеў ісці на сядзібу, каб нечага папіць.
   Адсюль, з лагчыны, якую кожны год цясніў да ворыўнай зямлі малады бярэзнік, былі добра бачны дом з вараўняй пад адной саламянай страхой, хлеў на дзве палавіны, з вялікімі, як заехаць на калёсах, варотамі, пуня з двумя застрэшкамі. Лявон марыў, як ён, калі падрастуць сыны, купіць для кожнага з іх па касе па ўзросту і сіле, і яны ўчатырох выйдуць такой жа вось раніцай на роўнае, як стол, гумно, што было каля пуні. Ён ужо даваў Толю маленькую касу-сяміручку, і паказваў, як трэба трымаць яе за палюк, як махаць, каб не ўдзюбваць востры канец у зямлю
    Праз шапаценне асін старога лесу, што суцэльнай сцяной цягнуўся побач з логам, Лявон, не паварочваючыся, раптам пачуў чыесці асцярожныя крокі і незразумелую прыцішаную гаворку. Ён рэзка павярнуўся і адразу ж ускочыў на ногі: да яго з-за кустоў выходзілі двое незнаёмых людзей. Адзін, высокі, худы, зарослы рэдкай рыжаватай барадой і без шапкі. Другі, меншы, таксама няголены, тоўсценькі, як баравічок, меў на галаве нямецкую шапку з доўгім казырком. Ён здорава кульгаў. Абое былі ў вайсковай нямецкай форме.
   “Акружэнцы”, - змікіціў Лявон. Тады многія нямецкія салдаты, зразумеўшы, што вайна для іх скончана, неяк самі скалечвалі сябе, каб трапіць у свой тыл, або проста ўцякалі ад сваіх камандзіраў, асабліва, калі аказваліся ў акружэнні. Адных потым  лавілі атрады савецкіх салдат ці кагэбэшнікаў, другія спрабавалі далучыцца да адступаючых войскаў, але часцей за ўсё ва ўсіх была адна доля – палон. Праўда, праз таго ж старасту работнікі дзяржбяспекі перадалі загад савецкага вайсковага камандавання: адразу ж паведамляць уладам пра такіх акружэнцаў. Укрыванне падобных фактаў прыраўноўвалася да здрады. Невядома ж было, з якімі намерамі тыя засталіся ў тыле наступаючых на захад савецкіх войск.
   Лявон чуў, што траіх такіх салдат вермахта, надта не разбіраючыся, ёсць у тых зброя, ці не, расстралялі савецкія салдаты на ўскраіне Марозаўкі. Іншыя акружэнцы, зразумеўшы, што ім не выжыць без харчу і прытулку, і што блукаць і хавацца па лясах, дзе можна было натыкнуцца на ўзброеных мясцовых жыхароў, якія, помсцячы фашыстам, маглі расстраляць іх без анікай прычыны, сталі самі выходзіць з лясоў.
   Больш за ўсё акружэнцы баяліся партызан, бо многія ведалі, як карнікі здзекваліся ў час акупацыі над мірнымі жыхарамі вёсак і хутароў. Дастаткова было нямецкім акружэнцам у форме салдат вермахта толькі з’явіцца на вочы некаторых былых партызан ці сёняшніх работнікаў камітэта дзяржбяспекі, як асабліва гарачыя галовы, ці тыя, у каго немцы расстралялі каго з радні, і хто меў зброю, маглі ў адказ на кожны  неасцярожны  рух  немца, выстраліць у таго.
    Жыгула на ўсякі выпадак узяў касу ў абедзьве рукі і саступіў з кургана. А салдаты яшчэ здалёк, за крокаў трыццаць, паднялі рукі ўверх, паказваючы, што ў іх ніякай зброі няма. Лявон заўважыў, што ў рыжага няма двух пальцаў – мізінца і безымяннага. Гэта месца было завязана нейкай анучай, на якой яшчэ здалёк былі відны плямы крыві. Пэўна, падумаў Жыгула, нехта параніў яго.
   - Камрат, эссэн, эссэн,  - паказваючы на жывот і раскрываючы рот, гергекалі салдаты.
    Лявон адступіў крыху назад і, як бы адпіхваючы нейкую нябачную сцяну, выцягнуў левую руку наперад:
   - Стойце! Скажыце хто-небудзь адзін, што вам трэба.
   Перабіваючы адзін аднаго, салдаты ўсё ж далі зразумець, што яны даўно нічога не елі, і што ім абавязкова трэба пераапрануцца ў цывільную апратку. Любую.
   - Іх ест Пэтэр, - стукаў сябе ў грудзі высокі, відаць, паранены. – Студент. Учыт.   Маін камрат  – Поль,  - паказваў ён на меншага салдата.
    Жыгула, прыгледзеўшыся, заўважыў,  што перад ім зусім маладыя хлопцы, гадоў можа па дзевятнаццаць. І хоць самому не было яшчэ і трыццаці пяці, яму акружэнцы здаваліся вялікімі дзецьмі, якія невядома чаму аказаліся за тысячы кіламетраў у чужой краіне. Замест злосці на салдат у сэрцы варухнулася літасць да гэтых небаракаў. Цяпер яны ўжо былі не страшныя ні для Лявона, ні для дзяцей – людзі проста хацелі хоць што-небудзь з’есці.
    - Я – Лявон. Хазяін, - як мог назваўся Жыгула.
    - А, Леон? Гут, гут. Фэрштэен.
    Добра, што к сярэдзіне ліпеня ў гародзе вырасла бульба-паспешка. Усця ўжо разы са два, не выкопваючы ўсё каліва, намацвала ў зямлі рукой буйнейшыя бульбіны, мыла і варыла іх у гаршчку на вуліцы, каб не напальваць у летнюю гарачыню хату. Звычайна ў чаканні, пакуль маладая, дробная бульбачка закіпіць, вакол агню, хто на зэдлічку, хто на кукішках збіраліся амаль усе дзеці.
   Калі Лявон прывёў у хату чужынцаў, Усця, як гэта і было заўсёды, прагнала дзяцей на печ.
   - Во, - паказаў на салдат Лявон, - есці хочуць. Я так уцяміў, што ўжо не першы дзень. І просяць у нешта пераапрануцца...
   - А ў нас жа нічога талковага няма. Хлеба во трохі засталося. Трэба заўтра пячы. А што ж я дам гэтым злыдням? Мала яны за тры гады нашага хлеба з’елі ды дабра ўкралі... Яшчэ і цяпер ім падавай. А што ж дзецям застанецца?... Хай ідуць у сельсавет, там іх салдаты накормяць.
   - Не бурчы, - абарваў Лявон. – Ідзі лепш са тры калівы выкапай, там дзе яшчэ не падкопвала. І скажы дзецям хай агонь на вуліцы распаляць. Бачыш, людзі галодныя. Не самі ж яны прышлі сюды, іхні Гітлер прымусіў. Як і ўсе людзі, есці ж хочуць...
   - Во-во! Людзі называюцца. Хто іх сюды зваў? – незлабліва бубніла, адыходзячы, Усця. Яна разумела, што Лявон, канечне, робіць правільна, што рашыў дапамагчы салдатам. І сапраўды, калі іх адмыць ды збрыць шчаціну, то яны будуць падобныя на вясковых падлеткаў – такія яшчэ маладыя. І, пэўна ж, недзе ў той Германіі іх чакаюць з вайны мацеркі.
   Пакуль з кучы паношаных і латаных-пералатаных Лявонавых штаноў і камізэлек Усця выбрала некалькі адзежын для акружэнцаў, тыя паспелі ўжо з’есці амаль цэлы гаршчок неабіранай маладой бульбы, мачаючы яе ў алей і пасыпаючы соллю. Пераапрануўшыся, салдаты сталі тэатральна прыкладаць правую руку да сэрца і кланяцца. Яны нават не абарочваліся, а проста сталі спіной адступаць назад да дзвярэй. Лявон бачыў у сініх вачах рыжага немца, якому ўсё ж змянілі павязку на левай руцэ, шчырыя слёзы ўдзячнасці. Не ведаючы нямецкай мовы, ён усё ж неяк спрабаваў ім патлумачыць, каб яны, калі іх затрымаюць кагэбэшнікі ці савецкія салдаты, ні ў якім разе не гаварылі, у каго і дзе яны змянілі вайсковую форму на цывільную апратку. Ён разумеў, што такую вось дапамогу салдатам вермахта савецкія ці партыйныя работнікі расцэняць, як змову з імі. А гэта пахне ўжо турмой. Параненаму дастаўся стары, дзіравы суконны каптан з кароткімі для яго рукавамі. Рукі тырчалі адтуль, як галава чарапахі з-пад панцыра.
   Калі акружэнцы, кіруючыся ўбок Куранца, пайшлі цераз лес далей на захад, а не да цэнтра вёскі, Усця нарэшце спакойна, быццам зрабіўшы цяжкую работу, прысела ля печы на нізенькі зэдлічак. Колькі часу яна так, здранцвеўшы, прасядзела адна ў хаце, яна не ведала. Усхапілася тады, калі, бразнаўшы клямкай дзвярэй у сенях, у дом  увайшоў Лявон.
   - Дзе ты быў?, - ускінула вочы Усця.
   - У Барысаўцы.
   - Чаго там табе трэба? Ні журавін, ні дурніц яшчэ ж няма.
   - Трэба, раз быў, - зазлаваў Лявон. – Усё табе далажы. Яшчэ языком размэнціш па ўсёй вёсцы. Не тваё бабскае дзела.
   Ведаючы гарачы нораў мужа, Усця сцярпела гэтую абразу і змоўчыла.
   Толькі многа пазней Лявон прызнаўся, што тады закапаў у Барысаўцы ў патаемным месцы вайсковае абмундзіраванне нямецкіх акружэнцаў.
   - Во дурань! – пляснула рукамі Усця. – Там жа і штаны, і кіцелі былі яшчэ крэпкія. Я б іх памыла, і яшчэ колькі гадоў сам насіў бы.
   - Мне з чужога пляча нічога не трэба. Хоць у парваным, але ў сваім буду хадзіць, - паставіў на сваім Лявон. – А дабро гэтыя людзі, можа і запомняць. Калі не яны, то Бог аддзячыць.
   У тое лета вельмі рана сталі цвісці вяргіні...    


Частка  чацвёртая
Безбацькоўшчына
На вайну

   Перад домам  Яфіма Шворана, што стаяў воддаль ад вуліцы, ўлетку заўсёды зелянела трава. Дзед нават не пускаў сюды ні курэй, ні гусей, каб гэты выган быў чыстым. Нават жывёлу на пашу ён выганяў з другога боку сядзібы.
   Яфім, калі яшчэ быў маладзейшы, змайстраваў тут даўгую лаўку з тоўстай самаробнай дылі .  Яна, шырокая, як палова стала, стаяла  на чатырох дубовых кароткіх слупках, укапаных у зямлю. Тут звычайна і збіраліся вясковыя мужчыны, каб пагутарыць перад пачаткам сенакосу або калі рупіліся на талаку да каго-небудзь з вяскоўцаў. Каму дом сымшыць ці на падводах ехаць за будаўнічым лесам.
Ля лаўкі, якая стаяла якраз насупраць дома Лявонавай маці Кастусі, дзед Шворан у свой час пасадзіў некалькі кустоў бэзу. Цяпер, пад канец вайны, яны разрасліся бухматым зялёным шатром, і нават давалі добры цень у летнюю гарачыню. Сюды збіралася на гульні і вясковая дзятва, тут старэйшыя хлопцы, запрасіўшы на святы з хутара Базыля Гарошкі яго старэйшага сына Андрэя з гармонікам, наладжвалі вячоркі. Хтосьці прыносіў з дому самаробныя зэдлікі  ці кароткія лаўкі, якія ставілі ў круг, і пачыналася нешта накшталт маленькіх вясковых танцаў. Наладжваць вялікія, як звычайна гэта было ў  пуні Гардзея Лусты, прасіць яго дазволу хлопцы не хацелі. А тут, на выгане, лічы дома, можна было і пасвавольнічаць, і паціскаць дзяўчат ля кустоў бэзу...
   Яшчэ калі толькі збіралася моладзь, перад заходам сонца, сюды любіў завітаць кравец і жартаўнік Сымон Сызма. Слухаючы яго байкі, дзяўчаты пырскалі ад смеху, а старэйшыя хлопцы, нават не хаваючыся ад бацькоў, маглі спакойна, зусім па-даросламу скурыць самаробную цыгарку.
   Лявон і сам, калі быў маладзейшы, прыходзіў сюды, каб паслухаць кпіны ці трапныя мянушкі сарамлівым дзяўчынкам Сымона Сызмы.
   - Мне ад вашага шалу аж у галаве круціцца. Быў і я калісьці дужа спрытны, як малады конь, але ўжо з’ездзіўся. Яно ж так: век зжыць – не мех сшыць...
   - Што ты, дзядзька, усё павучаеш ды навучаеш, – пад’ялдыкваў хто-небудзь з хлопцаў. – А сам, што, другім у маладосці быў, як анёлак, ці што?
   - Го! Вашы гулі не аднаго ў лапці абулі. Гультаю ж заўсёды свята.Такі есць і пацее, а калі працуе, то мерзне. Во, як і ты на касьбе: я ж бачыў, што ты драмаў на акоссі пасля вечарынкі. За такую работу будзеш шылам кашу есці. А я быў, ой, які праворны ў сям’і.
   - А колькі ж вас сыноў было ў бацькі?
   - Трое. Бацька казаў, што адзін сын – не сын, два сыны – паўсына. І толькі тры сыны - гэта сын. Я быў якраз трэці. Мяне і бацька вучыў: хлеб-соль еш, а праўду рэж! Вось я вам і кажу...
   Любіла вясковая моладзь, асабліва ж падлеткі, слухаць байкі Сымона Сызмы. У того што ні слова, то прымаўка ці нават нейкі верш. І заўсёды вакол яго збіраліся людзі. Ён мог развесяліць нават самых  панурых і сур’ёзных, хаця ад вострага языка краўца ім даставалася больш за іншых. Але за трапныя характарыстыкі на вясковых гультаёў ці п’яніц ніхто асабліва не крыўдзіўся – Сымону даравалі гэтыя мянушкі.
   У той жнівенскі дзень Сызма прыйшоў сюды, на лаўку бад бэзам, не першы. Тут тоўпіліся ўжо сталыя мужчыны, стаялі дзве-тры падводы, ціха ўсхліпваючы, перагаворваліся жанчыны. Воддаль, ля плоту, стаяла брычка, запрэжаная гнядой кабылкай. Ля брычкі, нацягваючы лейцы, стаяў нейкі вайсковец з шырокай “начальніцкай” скуранай сумкай на рэмені цераз плячо.
   Яго Лявон Жыгула заўважыў яшчэ здалёк, ад канцавой хаткі адзінокай кабеты Антосі, дробнай і худой, як падлетак.
Тая, відаць, збудавала сваё жытло з чаго прыйшлося, у асноўным з тонкага бярвення, а пазы між імі яна кожны год падмазавала свежай глінай, каб не мерзнуць узімку. А памагалі ёй звычайна дзве яе дачкі.
   Гэта Лявон адзначыў для сябе неяк асабліва, быццам убачыў Антосіну хатку ўпершыню. Ён ведаў, што ў той не было мужыка, і ўсю мужчынскую работу яна, як умела, рабіла сама. Праўда, толькі араць наймала вясковых мужчын: сілы ў яе самой не хапала. Ды й каня свайго ў яе не было. Жыла яна бедна. “Няўжо і маім дзецям так давядзецца катурхацца на сядзібе”, падумаў Жыгула. “Добра ж, калі застанешся жывы. Вайна ж нікому сілы ды здароўя не дабаўляе”.
   Калі з вёскі на хутар з сельсавета дабраўся малады хлопец-пасыльны наказаць, што ўсім маладым мужчынам трэба збірацца на вайну, Лявон насіў вялікімі рэзгінамі  сена ў пуню. Цялушка, што засталася ад каровы, якую ён сам завёў у Бягомальскую партызанскую зону, ужо добра падрасла і налета магла цяліцца.  Ды й дзве маладыя авечкі ўзімку карміць нечым трэба. Каня ж забралі партызаны, і Лявону давялося пазычыць яго ў суседа Панаса Шылы і нават у самаго Гардзея Лусты, каб пасеяць увесну з гектар ячменю і бульбу. Жыгула надумаўся восенню прадаць падросшых ягнят, якія ўжо бегалі разам з авечкамі на пасту . Калі ўродзіць, то і колькі мяхоў бульбы будзе. Можа ў каго пазычыць грошай, ды ўсё ж купіць каня?  Без яго ж, які ты гаспадар?
   А тут трэба ўсё кідаць. Немцаў пагналі назад, на захад, але яны яшчэ моцна агрызаюцца. Ды й вайна пакуль невядома калі і як скончыцца. Большасць маладых мужчын у Вірулях ды і ва ўсім Пуніцкім раёне Заходняй Беларусі ў арміі не служылі, і цяпер новыя Саветы рашылі кінуць на фронт свежыя сілы. Мясцовыя сяляне не надта хацелі падтрымліваць Савецкую ўладу: усе помнілі, як за Першымі Саветамі іх начальнікі здзекваліся над людзьмі. Але што зробіш – у каго сіла, у таго і ўлада, той і будзе камандаваць.
   Кідаць і так ледзь жывую гаспадарку Лявону вельмі не хацелася. Усця заставалася адна з дзецьмі, без каня, пакуль і без каровы. Як жыць? Ды й сама яна, невялічкая, худзенькая, як дзяўчынка-падлетак, наўрад ці зможа, як трэба, справіцца з гаспадаркай?
   На душы ў Жыгулы ды і другіх мужчын было прыкра. Ён ніколі не трымаў у руках нават паляўнічай стрэльбы, а тут трэба было ісці на вайну з такім вопытным ворагам, як фашысты і страляць. Лявон міжволі ўспамінаў тых двух немцаў – акружэнцаў, якіх, напэўна, як і яго самога, таксама сілком паслала на вайну іх высокае начальства. А ваяваць па сваёй ахвоце, дзеля задавальнення, ніхто, відаць, не хоча.
   З хутара Лявон прыйшоў сюды, да сядзібы Яфіма Шворана, разам з усёй сям’ёй. Усця прывяла за руку і самага маленькага Цішку, якому толькі  ў жніўні яшчэ будзе тры гады. Але ён, плачучы, ні за што не хацеў заставацца дома разам са старэйшай сястрой Тасяй. Пакуль дайшлі да вёскі, Цішку колькі разоў брала на рукі маці – той не спраўляўся ісці нароўні з усімі.
   Лявон, засяроджаны і маўклівы, ішоў наперадзе, не азіраючыся. Ён баяўся сустрэцца поглядам  з заплаканай Усцяй, разумеючы, як ёй цяжка цяпер, заставацца адной з дзецьмі. І толькі ў самым канцы вёскі, ля хаткі Антосі, падхапіў на рукі Цішку. Лявон рэдка гушкаў яго, і хлопчык ці то ад прыліву шчырасці і любові да бацькі, ці то ад страху, каб не зваліцца, моцна абшчапіў ручкамі яго загарэлую худую шыю.
   Так і прыйшлі яны ў семярых да панадворка Яфіма Шворана. Тут ужо былі і іншыя малыя, але столькі дзяцей, як у Лявона, больш ні ў каго не было. Вайсковец, які звяраў спісы мужчын, скамандаваў:
   - Пастроіцца! У адну шарэнгу – станавісь! Хутчэй! Гэта вам не пры немцах па сваіх хутарах у сабачыя кануры хавацца. Ворагаў нашай савецкай улады трэба біць. Бязлітасна! І лепш, як гэта рабілі партызаны. Ясна?! Вам будзе даверана сучасная зброя. І помніце: баязліўцаў будзем расстрэльваць. Хто не пойдзе на фронт – той дызерцір, вораг народа.
   Адцясніўшы ўбок жанчын і дзяцей, вайсковец пералічыў мужчын і, палагоднеўшы, сказаў:
   - А цяпер – папрашчайцеся з роднымі. На падводы – і ў райцэнтр. Там выдадуць сухі паёк, і шагам марш у вучэбную роту.
   Строй мужчын рассыпаўся. Жонкі і маці кінуліся абдымаць мужоў і сыноў. Узняўся плач і лямант. Цішка ўжо сам папрасіўся на рукі да бацькі і ўсё ніяк не мог адарвацца ад яго калючай шчакі.
   - Я хачу з табой... Я баюся...
   - Усця, ну што ты стаіш, - хаваючы неспадзяваныя слёзы, павярнуўся Лявон да жонкі. – Вазьмі Цішку. Маленькі ж, не разумее...
   Яшчэ крокаў з сотню ўсе суправаджаючыя, як за труной, ішлі з плачам за падводамі, што везлі на вайну мужчын і маладых хлопцаў. А Цішка, трымаючыся за шыю маці, махаў няўмела рукой адыходзячым падводам, усё імкнучыся знайсці вачыма бацьку.

Дзяцінства без усмешак

   Ячмень у той год урадзіў няблага. Праўда, быў ён нізкі, і жаць яго Усці даводзілася ўвесь час сагнуўшыся. Разам з ёй ужо зусім па-даросламу забірала ў жменю сярпом ячмень і дачка Тася. Меншыя дзеці, хто пайшоў у лес па першыя грыбы, хто – збіраць чарніцы, а Цішка заставаўся з маці на жніве. Для яго на першых снапках разаслалі старую саматканую каляровую, як вясёлка, пасцілку, палажылі нейкія цацкі і далі скарынку хлеба.
    Хлопчык ужо не першы раз вось так быў разам з маці і сястрой на жніве. Яшчэ ў 1943 годзе, калі яму было ўсяго два гады, Цішку брала з сабой Тася. Тады яна з маці жала жыта, і мыдлёўкі былі высокія, разы ў тры-чатыры большыя за яго. Хлопчыку здавалася, што снапы – гэта жывыя істоты. Сярод іх можна было і схавацца ад сонца, і пагуляць, і нават добра паспаць у іх цяньку. У той год жыта намалацілі многа, і каб яго не забралі немцы, прыйшлося хаваць зерне ў Барысаўцы, у спецыяльна замаскіраваным акопчыку, які змайстраваў Лявон.
   Як пайшоў ён на вайну, так і не ўдалося Усці дамовіцца з кім-небудзь з суседзяў, каб яны акучылі яе бульбу: коней жа ў вёсцы не хапала. А заплаціць за гэту работу Усця не мела чым. Адзінае, што магла, – гэта адрабіць ці паслаць дзяцей пасвіць па чарзе кароў за якога-небудзь гаспадара. Можна было аддзячыць сабранымі ягадамі ці грыбамі.
   Неакучаная бульба ўрадзіла дрэнна.
   А тут яшчэ, калі ад Лявона прыйшло пісьмо, што ён і другія вяскоўцы знаходзяцца ў Куранцу за сорак кіламетраў, Усця з другімі кабетамі рашыла пехатой дабрацца туды. Усе неслі салдатам, што маглі: хто аполачак сала альбо каўбасу, а Усця – апошні кавалачак паляндвіцы, са два дзесяткі яек і варанага пеўня.
   У хуткім часе, к канцу 1944 года, усіх мабілізаваных на вайну мужчын з Віруляў размеркавалі па вайсковых часцях. Лявон трапіў у артылерыйскі гаўбічны дывізіён, і пачаў ужо ваяваць на Вісле, вызваляючы Польшчу.
   З фронту да Усці прыходзілі трохвугольныя салдацкія пісьмы Лявона, напісаныя хімічным алоўкам. Чытала іх дванаццацігадовая Тася: маці ж не ўмела ні чытаць, ні пісаць. А Лявон усё пытаўся, ці здаровыя дзеці, ці выбралі бульбу, ці будзе цяліцца маладая кароўка, што чуваць наконт абрэзкі зямлі ў хутаранцаў? І наогул, ці праўда гэта. Ён спадзяваўся, што застанецца жывы і пасля вайны нарэшце купіць каня, можа яшчэ і карову, авечак, свіней. А калі падрастуць сыны, як памочнікі, то можна будзе прыдбаць і сваю малатарню. Лявон хацеў пасадзіць і сад, і наогул моцна асесці на сваёй зямлі.

***
   Цішка, як самы маленькі, звычайна спаў з маці. У старэйшых братоў і сясцёр былі свае ложкі, дзе яны спалі па двое. Звычайна перад зімой маці вытрасала з старых сяннікоў пацярушаную за год амаль у пыл салому, а бацька набіваў іх новай. Тады сяннік станавіўся пухкі і круглаваты. Горш за ўсё было спаць на ім таму, хто клаўся ля сцяны. Даводзілася закладываць туды якую адзежыну ці нават стары кажух, каб не ляжаць на брыжу  драўлянага самаробнага ложка. Шкадуючы Цішку, маці, наскубшы за зіму курынага пер’я, зрабіла для яго невялічкую падушачку, а ля сцяны звычайна клала на ноч сваё старое доўгае паліто. Саматканыя коўдры былі для ўсіх дзяцей агульныя, шырокія, на ўвесь ложак. Часцяком, усур’ёз ці жартам, дзеці, перацягваючы яе кожны на сябе, нават тузаліся з-за гэтага.
   - А ну, перастаньце! – злуючыся, што дзеці не даюць заснуць і Цішку, і ёй самой, Усця ўсхоплівалася з ложка і навобмацак ішла за дзягай. Тая заўсёды вісела на вушаку ў другой палове хаты, дзе звычайна ўсе спалі.  
   Не адразу, але дзеці ўсё ж, прытуліўшыся адзін да аднаго, супакойваліся. Узімку ў другой палове хаты было даволі холодна. Усця або дзеці, каму было даручана,  не надта напальвалі грубку, бо сухіх дроў хапала толькі на падпалку. І хоць лес быў блізка, узяць адтуль многа добрага сухастою без дазволу лесніка было нельга, і паліць не было чым.
   За лета пакуль маці спраўлялася па гаспадарцы, старэйшыя сыны, а з імі нават і Цішка, цягалі з лесу сухое ламачча, ламалі пасохлыя асінкі, але такіх дроў на зіму, канечне,  не хапала. Толю Усця ужо давярала хадзіць у лес з тапаром. Тады, забраўшыся ў гушчар з маладога бярэзніку, ён неяк мог ссячы адну ці дзве тонкія доўгія жэрдзінкі. Патыкаўшы ў мох галлё ад іх, каб замаскіраваць ад лесніка незаконную парубку, хлапчукі цягалі на дрывотню гэтыя бярэзінкі. Тут ужо Толя па чарзе з Сцяпанам рэзалі іх бацькавай пілкай-аднаручкай,  а Цішку быў наказ складваць іх роўненька ля сцяны дрывотні. Рослы, пад паўтара метра, Толя ў свае восем гадоў, паставіўшы цурбан на шырокую калодку, умеў ужо лоўка, адным трапны ўдарам, пашчапаць яго на два ці нават на чатыры паленцы.
   - Вы там глядзіце за Цішкам, - адпраўляючы сыноў у лес ці на дрывотню, - наказвала маці. – І ніякіх гуляў. Зімой нагуляецеся, калі ў хаце будзе цёпла.
   Але рабіць такую нудную работу хлопчыкам не надта хацелася. Тым больш, калі ўдавалася схадзіць з хутара ў вёску, яны бачылі, што многія іх аднагодкі часцяком бязмэтна, шлындаліся па гасцінцы, сустракалі і праводзілі рэдкія тады вайсковыя ці грузавыя машыны. Лявонавы сыны дапытваліся  ў аднагодкаў, як яны выглядалі, ці бачылі там гарматы, і зайздросцілі шчасліўчыкам.
   Былі выпадкі, калі ідучы ў вёску, яшчэ здалёк хлопчыкі чулі гул машыны, якая ішла з боку Малінаўкі ў Пунічы. Тады Толя бягом, напярэймы, праз агароды вяскоўцаў, бег да гасцінца, каб самому ўбачыць сапраўдны аўтамабіль. Сцяпан не мог сагнацца са старэйшым братам, бо ў яго часцяком балелі ногі, ды й Цішку кідаць аднаго было нельга. Яны дабіраліся да гасцінцу па вуліцы, калі ўжо машына, узняўшы клубы пылу, хавалася за чарговым паваротам.
   Толя потым выхваляўся перад братамі, што ён паспеў убачыць, якая была машына, а браты толькі нюхалі паветра, спрабуючы адчуць пах выхлапных газаў. Нават і гэта было для іх рэдкім імгненнем шчасця і радасці, што недарэмна схадзілі ў вёску.
   Але часцей за ўсё Лявонавы сыны, калі маці не наказвала зрабіць якую патрэбную для гаспадаркі работу, летам ішлі ў лес збіраць чарніцы ці суніцы, а пад восень – брусніцы ці дурніцы . Праўда, асаблівага прыбытку ад гэтых збораў дома не было, бо хлопчыкі прыносілі з лесу са два-тры кубачкі  ягад. У асноўным яны елі іх прама на месцы. Як і ўсім дзецям, ім хацелася салодкага, а купіць кавалачак цукру ў райцэнтры ці хаця б цукерак у вясковай краме, маці не мела за што. Праўда, сёстры Тася і Жэня, калі хадзілі па ягады,  прыносілі іх маці і па літру, і па два. Тады Усця сушыла іх і хавала на зіму пад замок у куфар.
   - А дзе ж вашы ягады? – гледзячы на вымазаныя ў чарніцы шчокі і раты хлопчыкаў, жартаўліва пыталася маці.
   - Мы, гэта... Іх было мала. Тася і Жэня хадзілі далей. А мы тут, ля берагу. Тут не страшна…
   Усця, калі адпускала дзяцей у лес, ведала, што яны не заблудзяцца, што ўсе сцяжынкі, а тым больш калёсныя дарогі яны добра  ведаюць. Адно хвалявала, каб не ўкусіла гадзюка каго з дзяцей – яны ж усё лета, ад снегу да снегу, хадзілі басанож.
   Больш за ўсё маці хвалявалася за меншага Цішку. Аднойчы ён, бегучы праз пожню ля пуні, дзе расла дзікая канюшынка, наступіў на пчалу. Тая так уджаліла яго паміж пальцамі, што ён екатаў ад болю амаль з паўгадзіны. Усця, як звычайна хацела ўскінуцца за гэта на  Толю, што ён не дагледзеў брата, але разумела, што той не вінаваты.
   - Ну, усё – усё, - прыціскала яна да грудзей галаву Цішкі і гладзіла яго жорсткія чорныя  валасы. – Супакойся. Ад гэтага не памрэш. Цяпер будзеш глядзець, куды ляціш.
   Іншы раз нехта з хлапчукоў, забаўляючыся, збіваў палец або нават пазногаць на назе аб камень ці ў лесе аб які корч. З енкам і плачам тады такі паранены кульгаў да няблізкай хаты. Вядома ж, лекаў дома ніякіх не было. Але Усця, калі Лявон гнаў самагонку, вымольвала ў яго бутэльку першаку і рабіла з яго тафялёўку . Яна і была самым лепшым лякарствам. Ёй можна  прамыць любую рану. І хоць гэта было надта балюча і пякло саму больку, але даводзілася цярпець. Ды і кроў пераставала сачыцца.
    Звычайна падобнае часцей, чым у другіх здаралася з Цішкам. Як самы меншы, ён не паспяваў бегчы за старэйшымі братамі, і каб далёка не адставаць ад іх, імчаўся напрасткі, не разбіраючы дарогі. Усе гульні звычайна праходзілі ля пуні або на ўскрайку лесу, дзе стаяла старая сасна са зламанай вершалінай. Ад гэтага яна не цягнулася ўверх, а пусціла моцныя сукі, якія раслі нізка над зямлёй. Ва ўсякім разе Цішка, крыху падскочыўшы, мог ухапіцца за сук і залезці   наверх. Там старэйшыя браты змайстравалі са старых дошак нешта накшталт памосту. На ім можна было сядзець нават утраіх. Аб гэтым месцы гульняў ведаў і бацька, і аднойчы наладзіў на суку арэлі. Тут, ля сасны, было заўсёды ціха. Да таго ж, зверху віднеўся ўвесь маладзенькі бярэзнік, які акружаў яе. Сюды не маглі запаўзці ні мурашкі, ні гадзюкі, якіх, на жаль, у суседніх лазовых кустах і бярэзніку заўсёды хапала. За ім пакрысе, як быццам на круты пагорак узнімаліся ступенямі вышэйшыя бярозы, сярод якіх двума купкамі па баках гэтага зялёнага лесіва, раслі старыя сосны-семяннікі. Яны узвышаліся над суцэльнай сцяной лесу, як маўклівыя вартавыя, шэра-жоўтыя ствалы якіх узносілі бухматыя чубы разлапістых, пакручастых сукоў, здавалася, на недасягальную вышыню для маладых бяроз і сасонак.
   Быў у Лявонавых сыноў і яшчэ адзін куточак у лесе, дзе яны ў гарачую летнюю пару, калі трэба было пасвіць цялушку з квочкамі, маглі адначасова і пазабаўляцца. То лазілі навыперадкі, хто вышэй і хутчэй узбярэцца наверх, па маладых бярозках, то прыдумвалі гульню ў хованкі. У глыбіні старога лесу раслі высачэзныя і стромкія тоўстыя бярозы – не абхапіць утраіх. Сюды дзеці наведваліся радзей.
   Звычайна ў пачатку красавіка Лявон браў з сабой сюды сыноў, каб яны бачылі, як патрэбна браць з іх сок. Абыйшоўшы наўкруг выбраную бярозу, ён вялізным свярдзёлкам пракручваў у ёй на трэць ствала дзіркі. Потым забіваў унутр на два-тры сантыметры тровугольны клін з раўчуком пасярэдзіне для збору соку. У вёдрах, якія бацька ставіў пад раўчукі, за ноч збіралася столькі саладкаватага халоднага соку, што несці яго да дому даводзілася па чарзе і з частымі прыпынкамі.
   Бярозавік быў, канечне смачны, але ўсё ж не такі салодкі, як з клёну. Ён тут, у старым бярэзніку, рос усяго адзін, яшчэ малады і тонкі. І Лявон шкадаваў браць з яго сок на поўную сілу, каб, крый Бог, той не засох. Праўда, калі Толя падрос ужо, ён і без дазволу бацькі браў меншы свярдзёлак, і сам спускаў з клёну сок.
   Пакуль ён капаў у вёдры, браты лазілі між кустоў алешніку, і шукалі сінія пралескі, але самай шчаслівай знаходкай лічыліся вельмі рэдкія - ружовыя. Хлопчыкі адначасова шукалі і знаходзілі тут жа зялёныя лапкі заячай капусты і елі іх. Яны былі кіславатыя і мяккія, але на галодны жывот іх не наясіся. Яны толькі падымалі воўчы апетыт.
   Каб не ісці да дому з пустымі рукамі, пакуль не накапала ў вёдры соку, дзеці шукалі і сцягвалі на вузкую, як размінуцца, сцяжынку сухое ламачча. Пазней Толя нёс да дому вёдры з сокам, а Сцяпан і Цішка цягнулі сухаллё. Рабіць гэта ніхто дзецям не загадваў. Проста яны і самі ўжо добра разумелі, што маці няма часу займацца такой справай.
   - Ну што там робіцца ў Нашым соку, што вам сказаў клён? – жартавала маці, сустракаючы дзяцей з лесу.
  
Гэтае месца, дзе рэдка раслі старыя бярозы і куды было найбліжэй дабрацца з хутара, уся Жыгулава сям’я называла Нашым сокам.
З тых пасляваенных часоў, калі хлопчыкі доўга не з’яўляліся на сядзібе, на пытанне маці, дзе яны былі, тыя звычайна адказвалі:
   - У Нашым соку. Мы там...
   Тут было нешта накшталт вялікай, як цэлы выган, паляны, зарослай дробны алешнікам і крушынай. А па баках яе, сярод маленькіх елачак, раслі тыя ж старыя бярозы з якіх звычайна і бралі сок. Лявонавы сыны ні разу не бачылі тут чужых людзей: там не было каляін дарог, а толькі дзе-ні-дзе віліся ледзь прыкметныя сцяжынкі.
   Неяк улетку, пасвячы тут карову, Сцяпан і Цішка, загуляўшыся, згубілі яе. Быў ліпень, добра паспелі чарніцы і хлопчыкі, стоячы прама на каленях, заўзята збіралі і елі ягады. Агледзеліся, калі ўжо цялушкі нідзе не было відаць.
   - Цёх-цёх-цёх! – клікалі дзеці карову, шукаючы яе сярод высокага, як падпаху, папаратніку. Босыя ногі халадзіла заячая канюшынка, было балюча наступаць на  лапкі елак ці сухія бярозавыя сукі.
   - Так, - як старэйшы распарадзіўся Сцяпан, - ты ідзі ў бок візіркі, што цягнецца праз лес у Аблогі, а я абыйду ўвесь Наш сок.
Цялушку  па мянушцы Ганнулька, якая, як і чакала Усця, нарэшце вырасла з маленькага падцёлка, трэба было ўжо гнаць дамоў – прыйшоў час яе даіць. Хлопчыкі спужаліся, што карова можа зусім заблудзіцца, а гэта ўжо была б цэлая трагедыя для ўсёй сям’і. Страх гнаў дзяцей па кустах ды бураломах,  і яны бегалі не разбіраючы дарогі.      
   Цішка, бывала, пасвіў Ганнульку і адзін. Але гэта было непадалёк ад дома, на лагу. Карова добра ведала яго і заўсёды слухалася. А калі наеўшыся свежай травы, лажылася перажоўваць жвачку, Цішка ціхенька падкрадваўся да яе і таксама лажыўся пад яе вялізны цёплы бок. Змораны, ён мог нават заснуць ля цёплага боку цялушкі-карміцелькі. Яна быццам ведала, што яе пастушок – маленькі хлопчык, і звычайна магла праляжаць так, не зварухнуўшыся, з паўгадзіны.
   А тут Ганнулька ніяк не хацела адзывацца на позвы і клічы і Цішкі, і Сцяпана. Хоць свой Сок яны і добра ведалі, але, каб самім не заблудзіцца, хлопчыкі сагнулі самы высокі куст арэшніку і прычапілі да яго шэрую шапку Сцяпана. Гэта метка была добра відаць здалёку, нават праз лісце крушыны з зялёнымі яшчэ дробнымі ягадкамі.
   Ганнулькі нідзе не было. Браты зноў сабраліся ля куста арэшніку і, змораныя і засмучоныя, прыселі на зямлю. І тут, быццам дразнячыся, зусім блізка, крокаў за сотню, з густых зарасцяў папараці, цяжка ўздыхаючы, паднялася іх цялушка. Хлопчыкі ад радасці гатовы былі адначасова і абняць хітрую кароўку, і пабіць яе дубцом: так яна іх напужала сваім знікненнем, а цяпер – нечаканым з’яўленнем.
   Аб гэтым выпадку яны маці не сказалі нічога, бо тая больш не дазволіла б пасвіць карову ў лесе. Але з тае пары, калі ўсё ж даводзілася гнаць якую скаціну на пасту ў лес, яны ніколі не гублялі жывёлу з вачэй.

На вайну пайшлі не ўсе

   Цішка прачнуўся ад нейкага прыглушанага гоману ў першай палове хаты. Чуцен быў голас маці і нейкі грубы, мужчынскі. Хлопчыку здавалася, што той бубніць без перапынку, амаль не даючы маці ўставіць слова. “Няўжо тата прыйшоў з вайны?” – мільганула ў галаве. Але ў бацькі быў не такі голас, мякчэйшы. Скінуўшы коўдру, Цішка на пальчыках падыйшоў да дзвярэй. Нейкі чужы мужчына ў рудой зашмальцаванай ватоўцы сядзеў сагнуўшыся на лаве ля стала і камячыў у руках яшчэ, відаць, новы вялікі брыль з круглым казырком.
   - А куды ж мне дзецца, - разводзіў рукамі мужчына. – Усіх жа маіх аднагодкаў ужо забралі на фронт. Што я скажу ў ваенкамаце, дзе быў апошнія тры месяцы? Гэта ж – дызерцірства. Адразу – турма...
   - А ты даўно з сваёй вёскі? – прыхінуўшыся да шафэчкі , што стаяла ля вакна, пыталася маці.
   - Ды яшчэ пры немцах падаўся. Больш паўгода будзе.
   - Маці ведае, што ты жывы?
   - Ведае. Я неяк з тыдзень назад ноччу ў хату прыходзіў.
   - Можа хто бачыў?
   - Ды не. Усе спалі. Маці дала з сабой што з’есці, я і пайшоў. Нават бараду пагаліць не змог: баяўся, што меншыя браты пачуюць.
   - А колькі ж іх у вас цяпер? Мы ж ў вас яшчэ пры Польшчы былі.
   - Двое. І яшчэ дзяўчынка маленькая. Бацька ж у партызанах у час блакады загінуў. Не ведаем нават, дзе пахаваны. У нас там ужо зноў калгасы ўзнаўляюць. Галадуха будзе... А ў вас як тут?
   - Што я? Адна вось з дзецьмі засталася. Пяцёра іх у мяне.
     - А я і не ведаў. А дзе ж Лявон? На фронце? Даўно пайшоў?
   - Ды ў пачатку жніўня. Лічы, ўсіх маладых мужчын і хлопцаў з вёскі мабілізавалі. Нават Антон Луста, што быў пры немцах старастам, і той пайшоў на вайну.
   - О, у нас, на Бягомальшчыне, такіх партызаны самі да сценкі ставілі. Без суда і следства. Так ім і трэба, што супраць савецкай улады выступалі!
   - А чаму ж ты сам сваю ўладу не хочаш абараняць, чаго хаваешся, герой гэткі?
   - Для такіх, як я, вайна скончылася. Мне вучыцца трэба. У партызаны мяне сам бацька і маці не пусцілі, калі быў меншы. А цяпер, што ж? Дабраахвотнікам ісці на фронт, ці што? Не, няма дурняў. Вунь колькі такіх я бачыў, якія таксама ад мабілізацыі хаваюцца.
   - Як сабе хочаш. Пажыві трохі. Хутар у нас ціхі. Толькі знай – ты не мая, а Лявонава радня. Калі хто з начальства заўважыць цябе ў нашым доме, то сам скажаш, хто ты і чаму тут жывеш.
   - Неяк выкруцімся. А на тваёй шыі доўга сядзець не буду. Знайду спрытных хлопцаў. І схованкі зброі знаю. Зямлянкі партызанскія яшчэ не абсыпаліся...
   Цішка, знарок гучна бразнуўшы дзвярыма, пазяхаючы, быццам толькі што прачнуўся, заглянуў у першую палову хаты. Зблізу чужы дзядзька, няголены і нейкі мурзаты, паказаўся хлопчыку надта старым. Той аж падскочыў ад нечаканасці, убачыўшы малога.
   - Ма-а-м, я малака хачу, - не здароўкаючыся з чужым чалавекам, пахітраваў Цішка, прыціскаючыся да маці.
   - Гэта наш далёкі сваяк, - кіўнула маці ў бок дзядзькі. – Бацькавай цёткі радня. Хворы ён. Крыху пажыве ў нас, пакуль да доктара паедзе. Дапаможа, во, крыху па гаспадарцы.
   Усця не ведала, ці чуў іх размову Цішка, але на ўсякі выпадак старалася зманіць пра дзядзьку так, каб сын, а потым і ўсе дзеці паверылі, што чалавек нямоглы, хворы. Добра, што хутар Лявона стаяў воддаль ад дарогі і блізка да лесу. З якога боку не з’яўляўся б сюды чужы чалавек, яго можна было заўважыць яшчэ здалёк. Таму, калі хто ішоў на хутар, дзеці павінны былі казаць аб гэтым і маці, і дзядзьку, якога звалі непрывычна для дзяцей – Бруй. Той заўсёды паспяваў схавацца ў сенях ці на гарышчы, або нават у пуні.
   Звычайна ён працаваў за грубкай у чыстай палове хаты. Выцягваючы па чарзе з старога цэбра на пяць-шэсць вёдзер смярдзючыя аўчынкі, ён скроб іх на шырокай дошцы самаробнай скобляй . Аўчынак у Жыгулы за гады вайны сабралася з дзесятак, і каб пашыць кажух іх трэба было дыхтоўна апрацаваць, змякчыць.  


***
   Тася з Жэняй хадзілі ў школу, і калі паспявалі зрабіць ужо ўрокі, Усця гасіла вялікую лямпу, што вісела над сталом у першай палове хаты, каб зберагчы газу, і запальвала газоўку-смаркачку. Яе Лявон змайстраваў з невысокай, але з шырокім дном, каб знячэўку не перавярнулася, бутэлечкі з-пад нейкага лякарства. Трубачку для кноту  і саму накрыўку зрабіў з старой кансервавай бляшанкі.
   Звычайна ўсе дзеці ўзімку туліліся на печы, дзе і ставілі газоўку. У такія вечары Усця, мармычучы пад нос нейкую песню, скубла пер’е. Старэйшыя дочкі, ціснучыся да газоўкі, нешта па чарзе чыталі ўслых. А хлопчыкі, дурэючы, перашкаджалі ўсім адразу.
   Калі ж яны заставаліся дома адны, больш за ўсіх ад свавольства старэйшых пападала Цішку. Ён яшчэ не ўмеў і не мог нікому даць здачы. Адзінай зброяй у яго былі слёзы. Штукуючыся  над меншым, неяк раз Толя і Сцяпан сталі пужаць Цішку чортам.
   У тую ноч быў вялікі мароз, аж нават трэскаліся бярвенні ў сыраватай вараўні. У начной цішы здавалася, што гэта нехта шастае  знадворку па сцяне ці на гарышчы.
   - Воо, - наўмысна паніжаючы голас, шаптаў  Толя, - чуеш? Гэта пэўна чэрці ў хату скрабуцца...
   Цішка зашываўся ў нейкія цёплыя лахманы, якія заўсёды валяліся на печы, закрываў нават галаву, але Толя знарок наганяў страху. Пачуўшы хліпанне Цішкі, на печ узбіралася  сястра Тася, гасіла смаркачку і гнала ўсіх з печы далоў.
   - А ну, марш спаць! Нам заўтра ў школу, а вы тут рагочаце. Во скажу заўтра маме...
   Злазіць з цёплай печы, ды яшчэ ў поўную цемень, і ісці ў другую палову хаты,  дзе зімой заўсёды было холадна, не хацелася нікому. А браты, зноў жа знарок, прымушалі першым лезці ўніз менавіта Цішку.Той, яшчэ не прывыкшы да цемені, мацаў босымі нагамі прыступкі, расставіўшы рукі, шукаў навобмацак дзверы і, усё яшчэ хліпаючы, быццам на якую балючую расправу, ішоў на свой халодны ложак. Калі не было маці, там ён спаў адзін. Толя і Сцяпан, клаліся разам і доўга яшчэ дурэлі – рагаталі і тузаліся пад коўдрай.

Гумовыя аладкі

   У сакавіку сонца ўжо добра прыгравала і  з паўднёвага боку страхі  к вечару  звісалі доўгія і тоўстыя, як морквіны, ледзяшы. У такія дні Усця нават адкрывала фортку ў вакне, што была ля печы, на кухні.
   Паступова знікаў з ворыва і лагоў, што цягнуліся ўздоўж бярэзніку, пачарнелы снег. У такія дні Цішка басанож выходзіў на ганак, садзіўся на нізенькі зэдлічак і падстаўляў твар і босыя ногі вясноваму сонейку. За хату, на паўночны бок, ён баяўся нават выглядваць: там яшчэ ляжаў снег. А тут, на панадворку, паказваліся ўжо жоўтазялёныя плямы леташняй травы, беглі ручайкі.
   Іншы раз Цішка збіваў палкай, браў у рот і смактаў, як цукерку халодныя ледзяшы. Калі маці або старэйшыя сёстры заўважалі гэта, яны адбіралі і выкідвалі іх. Але Цішку хацелася зрабіць усё на злосць, даказаць, што ён ўжо не малы і можа рабіць усё, што хоча.
   Больш за ўсё ў такую пару, калі першыя нясмелыя яшчэ галасы падавалі застаўшыеся зімаваць лясныя птушкі, Цішка любіў  слухаць іх разнагалосае стракатанне. У маладым бярэзніку і густых лазовых кустах, якія з трох бакоў акружалі хутар, лілася такая вясёлая птушыная музыка, што хлопчык, захінаючыся ад сырога сцюдзёнага ветру, не хацеў ісці ў хату.
   Ні сёстры, ні старэйшыя браты і нават маці не маглі зразумець, чаму Цішка так любіць гэтыя птушыныя спевы. Яны здаваліся ім бязладнымі, нават зусім не музычнымі і не цікавымі. А Цішка ўяўляў, што вось-вось, ну праз два-тры дні, запяе, зашчоўкае ў кустоўі салоўка, якога ён любіў слухаць у маі-чэрвені. Тады здавалася, што ён сам ператвараецца ў тую ж  маленькую птушачку, якую яму толькі раз удалося пабачыць самому зблізу. Ці то ад радасці, што ўжо можна выходзіць на панадворак басанож, ці ад уяўлення, што ён можа, як птушка паляцець над зямлёй аж у Пунічы ці ў далёкую Вілейку, але ў Цішкі ў такія хвіліны салодка замірала сэрца. Ён адчуваў сябе асабліва шчаслівым.
   І тады забывалася, што хочацца есці, што бацькі ўжо больш за поўгода няма дома, што заўтра, калі не падмарозіць і не пойдзе дождж, братам прыйдзецца ісці на свае ці на суседнія бульбянішчы і збіраць гнілушкі. Наедак з іх быў, канечне, слабы, але крухмал ў іх яшчэ заставаўся. Праўда, аладкі з гнілушак, ня гледзячы на ўсе старанні маці, атрымліваліся цёмнасінія і цвёрдыя, як падэшва галёшаў. І ўсё ж іх можна было жаваць. Хлеб Усця пякла цяпер усё радзей, бо апошнюю муку трэба было неяк эканоміць.
   Ішла вясна 1945 года, але вайна яшчэ не скончылася і невядома было, калі і наогул ці прыйдзе з фронту Лявон. Хоць бы і пакалечаны, абы жывы, думала Усця. Без мужа, не маючы каня, яна не змагла ні папар узараць восенню, ні авёс ці ячмень пасеяць увесну. Добра, што хоць суседзі дапамаглі пасадзіць бульбу. А тут трэба было, як і ўсім, здаваць зерне ў хлебны фонд Чырвонай арміі і ў фонд Перамогі, плаціць ваенны падатак. А адкуль жа браць лішнія пуды жыта ці ячменю, дзе знайсці грошы? Савецкая ж ўлада забараніла сялянам прадаваць на кірмашы воўну, зерне,  другія  тавары і прадукты. Жыві сам, як хочаш, кармі сям’ю, чым знойдзеш, а прадукты дзяржаве здаць павінен. У тэрмін і поўнасцю.
   Як толькі лацвей  прыгравала сонца, у канцы красавіка, ля дарожкі, што вяла ў Барысаўку, з’яўляліся першыя лісточкі шчаўя. Яны былі яшчэ з два-тры пазногці велічынёй, але калі сабраць іх пяць-шэсць жменяў, то Усця магла зварыць з іх нейкі булён. Калі ж удавалася дабавіць туды са дзве-тры бульбіны, прыправіць чоснікам , а яшчэ лепш засмажыць друбіначкай  сала, то такі булён елі ўсе дзеці навыперадкі. Праўда, праз гадзіны дзве ад яго ў жываце нічога не заставалася, і есці хацелася зноў.
   Тады браты, каб не надаядаць маці, ішлі быццам бы гуляць на былое іржышча. Там, абганяючы веснавую зеляніну, першымі выстрэльвалі ўверх і былі добра бачны нават здалёк галоўкі гігялёў велічынёй з пульку – будучыя “елачкі”  пустазелля. На смак яны напаміналі крыху падпаленую скарынку хлеба. Але, калі з’есці іх з прыгаршчы, то жывот здаваўся поўным яшчэ гадзіны са две-тры.
   Канечне, калі на стале быў хлеб, Усця, як самаму маленькаму, давала Цішку найлепшы яго кавалачак, без скарынкі. За гэта браты тузалі яго цішком за бок ці руку пад сталом, ці нават таўхалі нагамі. Зайздросцілі.
   - А ну перастанце! – грозна супакойвала братоў маці. – Каму кажу?! Ён жа маленькі. Як вам не сорамна? Ешце во, што ёсць. Заўтра нешта прыдумаем...
***
   А думаць было над чым. Асабліва ж пра падаткі. Іх ніхто для Усці не адмяняў. Пра іх пытаўся ў пісьмах з фронту і Лявон. Цікавіўся, як яна спраўляецца з гаспадаркай, што і дзе пасеяла, якія разлікі на ўраджай, што новага чуваць у вёсцы? А цікавага на сяле было мала.
   Дзесьці, яшчэ ў студзені 1945 года, вярнуўся з фронту Нікадзім, сярэдні брат Усці, паранены ў правую руку. Яна ў яго ляжала на шырокай шыне на падвязанай праз шыю тасёмцы. Як ён упраўляўся з ёю па гаспадарцы, сястра не ведала. Але калі надаралася за нечым схадзіць да брата на хутар, Усця бачыла, як той даволі лоўка хворай рукой і хлеб рэзаў, і лыжкай арудаваў.
   Хворым на лёгкія вярнуўся з фронту і меншы зводны брат Лявона Міхаіл. Ён увесь час кашляў, нават ноччу не мог толкам заснуць. Кастуся, як маці, імкнулася неяк дапамагчы сыну, варыла піць нейкія зёлкі, але гэта не надта давала рады. Пры выпісцы са шпіталю яму ўрачы настойліва раілі паехаць жыць у іншы край, куды-небудзь у Сярэднюю Азію, дзе цеплы і сухі клімат. Тут, у Беларусі, ён немінуча захварэе яшчэ больш і можа памерці.
   Добра, што Міхаіл яшчэ да вайны навучыўся шыць, а цяпер прывёз з вайны ручную нямецкую швейную машынку. Яна выручыла і яго самога, і маці, і меншую сястру Аню. Купіць у вёсцы ў краме што-небудзь з гатовай адзежы ні мужчынам, ні тым больш маладым дзяўчатам не было чаго, ды й грошай не было. А за пашытыя былым франтавіком пінжак ці сукенку людзі плацілі хто грашыма, хто зернем, хто салам, а нехта гатовы быў за гэта памагчы жаць жыта ці касіць сена.
   Вось так і выжывалі. Што-колвек з тых харчоў перападала і ўнукам Кастусі – Лявонавым дзецям. Часцей за ўсё ў вёску да бабулі прыходзілі хлапчукі. Усця ведала, што бабуля калі і не зможа даць унукам што-небудзь з сабой, то хоць накорміць, чым знойдзецца.  Гэта была вараная не абіраная бульба з алеем  або лустачка хлеба, пасыпаная соллю. А Цішку бабуля давала нават яблыка ці грушы. Праўда, свайго сада ў Кастусі не было, але за шытво сына людзі іншы раз разлічваліся яблыкам ці нават маленькім слоічкам мёду, як, напрыклад, стары Гардзей Луста.

Горкі смак белага наліву

   Зелені, тым больш салодкай, акрамя яблыкаў, груш ці сліў у вёсцы не было. Садовых суніц тады вірульцы ды і ва ўсей акрузе сяльчане нават не ведалі. Ягады ў бліжэйшым лесе людзі павыбіралі ўжо, а ісці некуды далей  было боязна. Тады Толя, як самы старэйшы, рашыў павесці ўсіх братоў туды, дзе гэтых самых яблыкаў быў цэлы сад. Каб маці нічога не даведалася, ён прыдумаў спаць не дома, а ў пуні на свежым сене. Тады ліпень быў гарачы і хапала адной старой коўдры, кінутай на сена, каб не калолася трава, а другой накрыцца зверху.
   Так спалі браты начы са дзве, пакуль Усця пераканалася, што хлопчыкі не крыўдзяць меншага Цішку.
   - Вы ж там глядзіце, - наказвала маці кожны раз вечарам, калі дзеці, узяўшы коўдры, ішлі ў пуню, - каб Цішка не раскрываўся, бо можа прастудзіцца.
   - Добра-добра, - супакойваў Толя. – Нам цёпла ўсім разам. Нікуды мы не дзенемся.
    А сам задумаў злазіць у сад да дзеда Язэпа па белы наліў. Гэтых яблынь было ў таго тры ці чатыры, і раслі яны бліжэй да сярэдзіны саду, далекавата ад мяжы з калючага дроту, якім гаспадар абцягнуў амаль усю сядзібу. Лявонавы сыны былі там, ля яе, не раз, калі хадзілі на суседні лог збіраць шчаўе. Першы, самы ніжэйшы рад калючага дроту быў у некаторых месцах на паўметра ад зямлі. Толя гэта прыкмеціў і нават засек месца, дзе побач расла высокая густая трава. З-за яе з дому Язэпа нікога нельга было заўважыць на тым баку агароджы.
   Яно сабе і так, але ж Толя ў свае дзесяць гадоў разумеў, што ўдзень залезці ў сад ніяк не ўдасца. І сам Язэп, і яго жонка, бяздзетная худая, як жэрдзіна і злая баба Фаня, ўвесь дзень таўклася на градках, што былі між яблынь у садзе.
   У вёсцы іх сям’ю не надта любілі. І не толькі таму, што ў іх не было дзяцей: вяскоўцы ўвогуле бяздзетных не паважалі. Язэп з Фаняй летам, калі паспяваў белы наліў, ды і пазней, у жніўні, калі можна было збіраць яблыкі ці грушы кошыкамі, везлі іх на кірмаш на падводзе ў Малінава ці нават ў Пунічы. Рэдка каго яны маглі пачаставаць пладамі сада проста так, за адно толькі “дзякуй”.
   Ведаў гэта і Толя, таму і не лічыў свой намер паласавацца яблыкамі з Язэпавага сада нейкай шкодай ці тым больш вялікім грахом. Браты, канечне, баяліся ісці ноччу ў чужы сад: а раптам гаспадар яго пільнуе і зловіць каго? У вёсцы казалі, што ён  летам 1944 года, калі па лясах яшчэ шасталі  нямецкія акружэнцы, аднойчы выстраліў соллю з ружжа па адным з іх, калі той, галодны, залез у яго сад. Ці то ад страху, ці ад болю, але немец зваліўся тады з яблыні, страціўшы прытомнасць. Язэп і сам спужаўся: а раптам у ружжы быў баявы патрон. Падбегшы, ён пачаў варушыць няўдалага злодзея. Той быў пераадзеты ўжо ў цывільнае, і толькі калі ён апрытомнеў і загаварыў па-нямецку, Язэп зразумеў, хто перад ім. Высокі, худы, з рыжай няголенай шчацінай, ён здаваўся старэй свайго узросту, і толькі зыркаў блёклымі, быццам выцвілымі вачыма, спрабуючы нешта патлумачыць Язэпу. А той пад ружжом сам завёў потым у сельсавет, відаць, пакалечанага на вайне немца, і здаў уладам, як яны і патрабавалі ад усіх. Даведаўшыся аб гэтым, вяскоўцы, калі абмяркоўвалі такую навіну, раздзяліліся на два процілеглыя лагеры. Адны казалі, што так ім, фашыстам, і трэба. Другія ўпотай, каб не чулі ўлады, нават шкадавалі небараку. Усця, пераказваючы гэту навіну сваёй маці, старой Вользе Жамойсцікавай, якая прыйшла праведаць унукаў, знарок гучна, каб чулі дзеці, заўважыла:
   - Язэп жа надта скнарлівы. Вундзіка, яшчэ за тымі Саветамі, ён не даў ні яблычка, ні грушыны дзецям-пагарэльцам з Марозаўкі. Тыя прасілі яго ледзь не на каленях. Во, каб яго карбунка! Злы ён. Пэўна таму і дзяцей сваіх не мае. Куды ён копіць грошы? На што? Дзеля чаго? Я неяк да яго Фані за бёрдамі  для кроснаў хадзіла. Дык відзела, дзе ў іх ружжо ў сенях вісіць. Там і патроны ў скрыначцы ляжалі. Пэўна ж, з соллю...
   Але Толю ўсё гэта толькі падсцёбвала. Яму хацелася і сабе, і маці, і тым больш меншым братам даказаць, што ён ужо нікога і нічога не баіцца. І наогул лічыць сябе дарослым. Бацькі ж дома не было, і хлопец лічыў сябе ў ім галоўным мужчынам.
   У той вечар браты пайшлі спаць у пуню рана, яшчэ нават добра не сцямнела. З-за шэра-зялёнай сцяны старога лесу, з-за высачэзных соснаў-семяннікоў, што падымаліся над маладымі сасонкамі у два разы вышэй, як нейкія казачныя веліканы, лілося ценькае святло. Аціхаў птушыны гоман, не чутна было і рыпу калодзежа на хутары ў Панаса Шылы.
   Адтуль да Язэпавага саду было з паўкіламетра, але ісці даводзілася менавіта побач з хутарам Шылы. Звычайна  яго жонка Ганка спускала ўвечары гуляць на ўсю ноч вялікага чорнага сабаку. Неяк раз, калі Усця ішла паўз хутара ў вёску, ён накінуўся на яе, і каб ні кіёк у руках, пэўна, пакусаў бы. Пра гэты выпадак ведалі і хлопчыкі.
   Цішка, сагрэўшыся пад коўдрай, пачынаў ужо драмаць, як Толя крануў яго за плячо:
   - Уставай, пара ісці. І добра падперажы дзягу – яблыкі туды будзеш класці.
   Цішку цяпер не надта і хацелася ісці ў тыя яблыкі. Але ён нехаця падняўся. У пуні ды і на вуліцы было цёмна. Праз Барысаўку, дзе нават у летнюю спякоту паміж чэзлых сасонак і кустоў лазы пад нагамі хлюпала вада, Толя ішоў першым, неасцярожна падымаючы пырскі босымі нагамі. Цішка – у сярэдзіне. Сцяпан, крыху адстаўшы, цягнуўся ззаду.
   Шылаву Барысаўку прайшлі хутка. Усе помнілі, што тут гэтым летам бачылі ваўкоў. Іх, дарэчы, развялося за гады вайны вельмі многа. Яны нападалі не толькі на скаціну, якая была без догляду ў полі, а нават рэзалі і гаспадарскіх сабак. Ці то ад страху перад ваўкамі, ці проста ад цяжкай хады, ад нервовага напружання ў Цішкі ўзмакрэла спіна. Нават загадзя закасаныя штаны амаль да пояса былі ўжо мокрыя ад пырскаў. Выбраўшыся на сухі лог, які вузкай паласой цягнуўся ўздоўж агароджы Язэпавага сада, браты спыніліся, прыслухаліся. У начной цішы  нясмела, быццам сонная, ціўкала нейкая птушка, якая схавалася недзе ў яблынях, у Барысаўцы кугукаў сыч.
   Толя знайшоў па вядомых яму прыкметах латокавіну высокай травы, дзе калючы дрот агароджы быў нацягнуты вышэй. Скурчыўшыся, каб не зачапіцца за калючкі, ён першым сігануў у сад. За ім – Сцяпан. Цішку пакінулі на месцы: чакаць, пакуль браты налатошаць яблыкаў. Ад холаду, што ішоў ад мокрых штаноў, ад страху, што застаўся тут зусім адзін, Цішка не мог стрымаць дрыжыкі. Тым больш, што браты адразу ж зніклі ў цемені, і ад іх не было чуваць нават шэпту. Толькі ў Барысаўцы, як і раней пагражальна кугукаў сыч. Хлопчык ужо і сам быў не рады, што згадзіўся ісці разам з усімі за гэтымі яблыкамі.
   Здавалася, што час цягнецца вельмі доўга, а Толі і Сцяпана ўсё не было.
   Яны з’явіліся  нечакана і крыху ўбаку ад латокавіны з густой травой.
   - Я – тут, - сцішана, нейкім нутраным голасам прасіпеў Цішка, размахваючы рукамі. -  Ідзіце сюды. Скарэй.
   Браты высыпалі на калючую шарстуху, на якой ужо з’явілася першая раса, з паўтара дзесятка яблыкаў.  Навобмацак сярод іх быў і больш мяккі белы наліў,  і меншыя, відаць, яшчэ зялёныя антонаўкі.
   - Пойдзем яшчэ раз, - загадаў Толя. – Хай тут усё ляжыць.
   Цішку зусім не хацелася лезці пад калючы дрот, красціся па някошанай густой канюшыне, што расла ў садзе і вельмі перашкаджала ісці, тым больш – узлазіць у цемені на яблыню. Але ён не мог не паслухацца старэйшага брата, хаця так хацелася і з ўжо здабытымі яблыкамі бегчы да дому. Хлопчык разумеў, што калі ён не паслухаецца цяпер старэйшага брата, пакажа свой страх, то Толя і Сцяпан ніколі не возьмуць яго больш разам гуляць.
   Напхаўшы за пазуху халодных і мокрых ад расы яблыкаў, хлопчыкі ішлі назад ужо цішэй і смялей. І ўсе, быццам па камандзе навобмацак даставалі з-за пазухі белы наліў і, нават не абцёршы аб штаны, пачалі іх хрумстаць.
   - Толькі не кідайце на лагу агрызкаў, - загадаў Толя. – А то Язэп убачыць, куды вядуць сляды. Заўтра яшчэ сходзім. Давайце толькі фальшывы след зробім у бок  вёскі, а не на наш хутар.
   Раніцой, абыходзячы сад, крадзёж першай заўважыла Язэпіха.
   - А божачка ж ты мой! – галасіла гаспадыня, - што ж гэта робіцца? Увесь сад аблаташылі. Вунь яшчэ і градкі з морквай патапталі. Гэта ж нейкая басата хоча пусціць нас у жабракі. А за што ж нам такая кара?!
   - Ды сціхні ты, - ускінуўся Язэп. – Лепш во сягоння на ноч сабаку спусці, хай па садзе бегае. А то ён у цябе, як вяпрук перакормлены: усё ў будцы ляжыць.
   - Стары ён. Не пачуе. Ды й градкі патопчыць, - апраўдавалася Фаня.
   - А яблыкі, глядзі во, у асноўным толькі знізу абарвалі, - аглядваючы паспешкі, быццам не пачуўшы слоў жонкі, зазначаў Язэп. – Не, вось тут і наверсе быў нехта. Пэўна ж, гэта вясковыя абібокі. Я знаю, там ёсць даўганогі, Аляксееў сын. Ён яшчэ пры немцах у Марозаўцы ў сады лазіў са сваёй кодлай.
   Лявонавы сыны, набіўшы жываты саладкаватай зелянінай, лішкі яблык схавалі глыбей у сена. У тую раніцу яны не маглі ніяк прачнуцца.
   - Вы тут памерзлі, ці што? – адчыніла скрыпучыя дзверы Тася. – Мама ўжо і карову падаіла, і авечак навязала на выгане, а вы ўсё тут дрыхнеце. Хутка ўжо і бульба зварыцца. Карову ў поле хто сення пагоніць? Мы хутка пойдзем з мамай да Лустаў ячмень жаць. Дзядзька Антон папрасіў памагчы. А вы будзеце дома адны.

Бярозавыя арэлі

   Браты заставаліся адны  дома не аднойчы. Усця ведала, што сыны без дазволу ў вёску не пойдуць, а калі надумаюцца пагуляць у Барысаўцы, на сухім пясчаным пагурку, што быў недалёка ад берага лесу, то сені ў хату зашчэпяць спецыяльным кручком. Ён быў падобны на лічбу “1” і закрываўся знутры дзвярэй на жалезную зубчатую засаўку. Кручок заўсёды хавалі на прызбе  сярод старых дошак.
   Іншы раз пагуляць з братамі прыходзіў з другога хутара сын дзядзькі Нікадзіма невысокі ружовашчокі тоўсценькі, як велікодная булачка, равеснік Цішкі – Сенечка. Ён быў у бацькоў адзін, харчу ім на траіх хапала. І Сенечка часцяком насіў у кішэнях ці цукеркі, ці пячэнне, і ўвесь час нешта жаваў. У Лявонавых сыноў ад гэтага аж слінькі цяклі, калі  той даставаў з кішэняў добры кавалачак хлеба ці вэнджанага сала. Маці Сенечкі працавала ў мясцовай краме прадаўшчыцай, і ў яго амаль ніколі не пераводзіліся ўсялякія прысмакі. Бацькі песцілі адзінага сына, і калі яны даручалі яму ці карову ў поле выгнаць, ці курэй з агароду прагнаць, ён, гледзячы з-пад ілба, ляніва казаў бацьку ці маці:
   - Ат, дай ты мне надумацца!
   На Пагурку, як звалі ўсе палянку памерам з вялікі панадворак, што размяшчаўся непадалёк ад ускрайку Барысаўкі, на сухой пясчанай выспе, дзеці заўсёды наладжвалі свае гульні. Па баках палянкі раслі невысокія каржакаватыя сосны. Сукі ў іх былі нізка над зямлёй, так што залезці навыперадкі на самы верх мог нават Цішка. Там было абсталявана нешта накшталт назіральнага пункта. З вышыні пяці-сямі метраў былі відаць і прарэзаная калёсмі сярод курганоў дарожка, што вяла на хутар, і візірка , высечаная па граніцы зямлі Лявона.
   Тут, на Пагурку, ў засені дрэў раслі буйныя суніцы, а трохі бліжэй да балацявіны раней, чым у другіх месцах з’яўляліся і чарніцы. У канцы жніўня, на  курганах, дзе рос высокі   дурнічнік,  з’яўляліся буйныя шызыя ягады. Іх было столькі, што літаральна за гадзіну можна было сабраць са дзве-тры літровыя конаўкі. Браты, яшчэ пакуль дабіраліся да Пагурка, паспявалі набраць па некалькі жменяў гэтых ягад, падобных на чарніцы, але значна большых і не такіх салодкіх.
   Аб радавішчы суніц на Пагурку не ведалі нават старэйшыя сёстры, не тое што чужыя людзі. Таму сюды кожны з Лявонавых сыноў імкнуўся дабрацца першым. Гэта месца нават адразу не паказвалі таму ж Сенечку, хаця ён і быў дваюрадным братам. Хлопчыкі гулялі ўсе разам, і Сенечку было з імі цікава. А Лявонавы сыны моўчкі зайздросцілі яму, бо той быў з багатай дзядзькавай сям’і. Але скнарнічаў і па сваёй волі ніколі першым не прапаноўваў дваюрадным братам свае прысмакі. Прасіць жа ў яго тую ж цукерчыну было сорамна, ды й гонар не дазваляў.
   - Лявонавы сыны, - жартаўліва зазначаў, бывала, бацька, калі быў у гуморы, - ніколі не будуць прасіць міласціню ці хадзіць жабраваць. Мы ўсяго даб’емся самі. Каб смачна есці, трэба многа рабіць.
   Праўда, дасягнуць гэтага ў тыя галодныя гады было толькі марай. А цяпер, во, і бацькі не было ў доме, і дзеці разам з маці выжывалі, як маглі. Сенечка быў маўклівы, пэўна ад таго, што дома не было з кім гуляць, але даволі крэпкі. Калі хлопчыкі, шуткуючыся, браліся ўдужкі , ён мог палажыць на зямлю не толькі Цішку, але нават і Сцяпана, старэйшага на два гады за сябе.
   Калі Толя пачынаў згінаць для будучага шалаша тонкія бярозкі і даваў часова патрымаць якую з іх  Сенечку, той ніколі не выпускаў дрэва з рук. Шалаш не заўсёды атрымліваўся так, як хацелася. І тады па камандзе Толі дзеці ламалі суседнія тонкія бярозкі, кідалі на сагнутыя пад шалаш дрэўцы, а той моцна звязваў іх вершалінамі. Атрымлівалася нешта падобнае на арэлі. Калі дзеці па аднаму залазілі наверх, то там можна было пагушкацца, як у калысцы.
   Сенечка не рызыкаваў нават адзін узбірацца на такую зыбку – цяжкаваты быў. Тады Толя, надаўшы голасу сур’ёзнасць, зазначаў:
   - А ты дай нам па цукерчыне, тады мы падымем цябе наверх. І зыбайся адзін, калькі хочаш.
   Той, не ведаючы, жарт гэта ці праўда, целяпаў плячыма і, каб адцягнуць час, праз хвіліну казаў:
   - Ат, дай ты мне надумацца...
   Канчаліся гэтыя хітрыкі хлопчыкаў тым, што Сенечка ўсё ж даваў кожнаму па цукерчыне. Потым усе разам зыбаліся на шалашы, лазілі на вершаліны соснаў, рызыкуючы зваліцца. Неяк раз Цішка, забраўшыся ўсяго толькі на два метры на маладую сасонку, стаў гойдацца на ёй, як на арэлях.
   - Злазь далоў, кажу! А то звалішся, - злаваўся Толя.
   Ён ведаў, што калі з Цішкам што здарыцца, то маці адхрысціць яго бацькавай дзягай. Але брат не слухаўся і рытмічна гойдаў сасонку з боку ў бок на злосць, з усяе сілы. У нейкі момант крохкая вершалінка не вытрымала і, нягучна хруснуўшы, адламалася. Не выпускаючы яе з рук, Цішка з вышыні двух метраў ляснуўся спіной вобзем. На нейкі момант у яго зацяло дыханне, і ён моўчкі лавіў ротам паветра. Кроў адліла ад твару, у вачах пацямнела.
   - Я ж табе казаў, не трэба штукавацца, - падбег Толя са Сцяпанам. – Ну што? Як ты?
   Хлопчыкі абступілі Цішку, а той, крыху ачуняўшы, сеў і невідушчым позіркам абвёў дзяцей. Рукі ў яго дрыжэлі, а ў вачах па-ранейшаму ўсё яшчэ ўспыхвалі і гаслі нейкія агенчыкі. Потым ён нарэшце ва ўсе лёгкія гучна ўздыхнуў  і паспрабаваў вінавата ўсміхнуцца. Але ў тую ж хвіліну скрывіўся ад болю ў спіне.
   - Можа дамоў пойдзем, - прапанаваў Толя. – Мама скора карову прыйдзе даіць.
   - Не-не, - паспяшаўся супакоіць ён брата, - мне ўжо ўсё прайшло.
   Цішка ведаў, што калі маці дазнаецца, што ён зваліўся з сасны, то надоўга не пусціць яго з братамі гуляць ў лес ці яшчэ куды. Баяўся гэтага і Толя. Дзеці па-сапраўднаму перапужаліся. А Сенечка, каб неяк падлізацца да дваюрадных братоў (больш тут, на хутарах, яму не з кім было гуляць), дастаў са штаноў аж дзве цукерчыны.
    - На, еш. Мне не шкода, - і працягнуў іх Цішку.
   Той не мог адразу зняць паперчыну з салодкай спакусы: у яго яшчэ пакуль дрыжэлі рукі.

Маладая бульба

   Увечары, калі маці падаіла ўжо  карову, усе дзеці сабраліся на вуліцы, дзе на дзвюх высокіх цаглінах у гаршчочку варылася маладая бульба. Тася і Жэня, як старэйшыя, толькі рабілі выгляд, што яны разам з братамі, а самі калупаліся ў блізкім гародчыку. То палолі траву ў кветніку, то рвалі і ўсё ніяк не маглі сабраць букет па густу.
   Сонца ўжо амаль схавалася за сцяну лесу, і толькі пырскі промняў быццам магутнымі пражэктарамі прабівалі неба ў прагалах хмар. Залацістая паласа, здавалася, прыклеілася да іх, як тая паперка да цукерчыны, не адарваць. Было ціха. Нават дым ад агню падымаўся стромка ўгару. З нізіны, ад логу, што акаймоўваў ад старога лесу хутар, цягнула туманам. Набегаўшыся за дзень, браты нават ленаваліся размаўляць. Проста моўчкі глядзелі ў агонь, і кожны думаў аб сваім.
   - Ну, ці зварылася? – адчыніўшы з сяней дзверы, пацікавілася маці. – Ты відэльцам памацай, - не ведаючы ў каго ён у руках, раіла Усця.
   - Гатова, - тыцнуўшы ў чыгунок відэльцам, радасна выгукнуў Цішка.
   Браты толькі загадкава пераглянуліся: значыць пасля падзення з сасонкі з ім нічога асаблівага не здарылася.
   У доме маці стаўкла бульбу драўляным таўкачыкам, дадала са два-тры напарсткі алею і паставіла ў вялікай місцы на стол. Цішку адлажыла асобна ў маленькую глыбокую місачку. З бульбай Усця амаль заўсёды давала кожнаму па кубачку адаграванага кіслага малака. Асаблівы ж смак быў, калі маці прыносіла з вараўні жбаночак з халаднаватай сыраваткай, якая заўсёды заставалася пасля, як у маслабойцы збілі масла. Яго друбінкі, меншыя за галоўку запалак, і былі тым наедкам, якім іншы раз за ўвесь дзень па-сур’ёзнаму харчаваліся дзеці.
   Бывала, што Усця, калі быў час, сама прыносіла да агню невялічкую патэльню з нарэзанамі яшчэ ў хаце друбінкамі, як пазногаць, здору  з дробнымі колцамі маладой яшчэ цыбулі. Смажыць такую смакату, ад якой у Цішкі, здавалася, аж падцягваўся жывот, маці хлопчыкам  давярала не ўсягды. І ў кожным  выпадку, калі Толя смажыў здор, яго на патэльні потым трэба было шукаць са свечкай.
   - Я ж яго не еў, - апраўдваўся хлопчык. -  Толькі разы са два пакаштаваў, ці спёкся ён.
   Маці толькі хітравата прыжмурывала вочы.
   - Знаю я твае два разы. Заўтра бульбу будзе варыць Тася. А вы пойдзіце ў поле па карову. Ды завядзіце ў хлеў авечак і свінню. І глядзіце ж, ланцугі з іх зніміце.

Бабуліны прысмакі

   Сонца даўно павярнула на другую палову дня. Старэйшая Тася, худое і цыбатае дзяўчо з абадранымі каленямі і з незаплеценымі валасамі, ўжо выгнала ў поле да агульнага статку рабую карову Ганнульку. Браты корпаліся ў дрывотні. Толя нешта рэзаў бацькавай нажоўкай на казлах, а меншыя, гуляючы, збіралі з сухіх трэсак нешта накшталт маленькіх пірамідак. У Сцяпана яны атрымліваліся высокія, аж на паўкалена, а ў Цішкі рассыпаліся, як толькі ён спрабаваў прыладзіць “страху”.
   - Дай, я табе памагу, - Сцяпан адпіхнуў таго ў бок. – Глядзі во, як трэба.
   - Я – сам, я-сам, - чуць не плакаў са злосці Цішка. – Дай мне!
   - Не лезце вы пад пілу, - крыкнуў на абодвух Толя. – Лепш во складайце дроўцы, што я нарэзаў.
   Але браты валтузіліся да той пары, пакуль самы меншы не пачаў раўсці.
   - Я вас зараз развяду, - узлаваўся Толя, і асабліва не гледзячы, куды б’е, даў аплявуху таму, хто быў бліжэй. Ім аказаўся Цішка. Не столькі ад болю, колькі ад роспачы, што яго нізавошта б’юць, той залямантаваў так, каб пачула маці, якая, сагнуўшыся, нешта палола ў агародзе.
   - Ідзі да мне, сынок, - крыкнула Усця. – Не плач. А з вамі я вечарам разбяруся. Ну, ідзі ж да мяне, мой маленькі.
   Цішка, размазваючы і так па мурзатаму твару слёзы, з усёй сілы шмаргануў нагой па высокай “пірамідзе” Сцяпана, каб яна таксама рассыпалася, і подбегам кінуўся праз адчыненыя веснічкі да маці. Ён ведаў, што калі б не збег адразу ж, за раскіданыя з такой стараннасцю сабраныя трэскі ці кавалачкі старых габляваных дошак, яму дасталося б яшчэ і ад Сцяпана.
   Усця абцёрла рукі аб стары зашмальцаваны фартук з падпалінамі, відаць, ад гарачай патэльні, і прыціснула Цішку да грудзей за худыя, аж мулялі пад далонямі, плечы, пагладзіла па чорных жорсткіх валасах. Павяла яго ў хату.
   - Ну, сціхні, супакойся, - угаворвала яна. – Я табе зараз сухіх суніц з куфра дастану, малачка наллю. Сырадой во, яшчэ з бляшанкай у калодзеж не апусціла . А з імі я разбяруся…
   Цішка,  усё яшчэ хліпаючы, ніяк не мог супакоіцца і моцна трымаўся за шурпатую матчыну далонь. Старэйшыя браты, разумеючы, што натварылі для сябе бяды, прыціхлі. Толя нават перастаў шморгаць нажоўкай па сухіх суках, якія яны раніцай усе разам нацягалі з лесу. Сцяпан, як быццам з кімсці спаборнічаючы, стаў рупліва складваць у адну кучку трэскі,  у другую, да сцяны, нарэзаныя Толем паленцы.
   Дачок тады ў хаце не было, і Усця, пачаставаўшы Цішку сырадоем з сушанымі суніцамі, узяла яго на рукі, як самага маленькага, прысела  ля вакна. Ад доўгай працы ў агородзе ў яе ныла спіна, смылелі рукі, якімі яна знячэўку зачапіла крапіву, што расла на ўзмежку, ля плоту.    
   - Ну, хопіць, мой маленькі. Усё будзе добра. Табе не баліць? – усё пыталася маці, тулячы да грудзей Цішку.
Таму здалося, што, сцішыўшыся, яны так прасядзелі вельмі доўга. Ён нават ужо і забыўся пра крыўду на братоў, і толькі, як і маці, пільна ўглядаўся на наезджаную калёсамі дарогу, што вяла на хутар, дзе з дзядзькам Васілём жыла бабуля Волька.
   - Нешта яна ў нас даўно не была, - услых падумала Усця. – Можа захварэла, а я во і не ведаю. І схадзіць самой некалі, ды і не любіць Васілёва жонка, калі нехта ад нас да іх прыходзіць...
   Гэта сапраўды было так. Цішка не ведаў раней, як звалі дзядзькаву жонку, але чуў ад маці, што ў размове з бабуляй яна ўсё упамінала слова – Васіліха. Ды й самога дзядзьку ён ні разу не бачыў: маці казала, што ён прапаў яшчэ недзе гадоў пяць назад, калі яго забралі ў польскае войска. Ніхто толкам не ведаў, ці жывы ён, ці вернецца калі на свой хутар. І жыла цяпер Васіліха без мужа. Пераараць поле, пасеяць збажыну ці зрабіць яшчэ якую цяжкую мужчынскую работу яна   прасіла то мужавых братоў, то наймала чужых людзей. Добра, што конь свой быў.
   Цішка чуў, як маці іншы раз шапталася з бабуляй, што ў Васіліхі, маўляў, ёсць яшчэ Жамойсцікава золата, і яна мае чым заплаціць людзям.Але яна вельмі скупая, і нават пільнуе, каб старая Волька нічога не выносіла з дому, калі ішла да Усці і яе дзяцей на Лявонаў хутар.
   Бабуля, як магла і ўмела ўсё ж хавала ў глыбокія кішэні шырокай камізэлькі то друбіначку цукру, то акрайчык хлеба, то першыя яблыкі з Васілёвага сада. Ён пасадзіў яго яшчэ пры Польшчы,  і цяпер дрэўцы добра падраслі і амаль кожны год пладаносілі. Толя і меншыя браты, калі па просьбе маці хадзілі па якой патрэбе да Васіліхі на хутар, толькі аблізваліся, гледзячы на няспелыя яшчэ яблыкі. Хлопчыкі нават не адважваліся і думаць, што можна неяк паласавацца салодкімі пладамі.  Гэта нікому і ў галаву не прыходзіла: сад жа не чужы, а дзядзькаў. Ды й Васіліха заўсёды спускала на ноч  з ланцуга вялікага  сабаку. Што ён быў злы, хлопчыкі ведалі добра, бо звычайна, адчыніўшы знадворку скрыпучыя веснічкі, літаральна праскоквалі ў сені Васіліхі, баючыся  сабакі. А той бегаў ад хлява амаль да ганку па доўгай тоўстай драціне, якая заўсёды пагрозліва звінела. Здавалася, калі б ён сарваўся, то парваў бы чужога чалавека на кавалкі тут жа, прама ля ганку.
   У той раз першым бабулю Вольку заўважыў Цішка.
   - Мам, - радасна турзануў ён маці за руку, - вунь, глядзі, а да нас бабуля ідзе!
   Хлопчык ведаў, што яна абавязкова нешта прынясе з сабой, і таму заўсёды чакаў яе з нецярпеннем. Волька, невысокая і крыху згорбленая ад старасці кабета, і нават улетку ў цёплай хустцы, чыкільгала нетаропка праз ворыва ўлукаткі , перавальваючыся з нагі на нагу. “Відаць ад таго, што ў яе балелі ногі”, – думаў Цішка. У хаце яна яшчэ доўга аддыхвалася, і ўсё пацірала парэпанымі рукамі калені. І толькі потым, вінавата мігаючы слязлівымі выцвілымі вачыма і заправіўшы адным пальцам пад хустку непаслухмяныя сівыя валасы, выцерла скамканай насоўкай спацелы твар:
   - Я ж во, чуць да вас дакалупалася. От жа мужыкі! Сцяжынку нашто перааралі – адны калдобы цяпер. А па лагу мне ісці далей. Я ж казала ім: не чапайце сцежку. Дык сама ж Васіліха ім і загадала. Можа, гэта, каб я не хадзіла да вас?...
   Потым бабуля даставала аднекуль з-за пазухі ці з глыбокай кішэні шырокай зрэбнай камізэлькі кавалачак сала, ці жменьку сушоных чарніц, або свежы яблык, і клала ўсё на край стала. Калі ў хаце былі ўсе дзеці, Усця дзяліла гэтыя прысмакі на ўсіх адразу. У той раз бабуля прынесла толькі са тры яблыкі белага наліву і скарынку хлеба.
   - Глядзіць жа во, за мной: я ў кладоўку за якой патрэбай іду, і яна ззаду. Я ў агарод – і яна туда ж. Во Васілю майму не пашчасціла. І дзе ён толькі ёсць на свеце, Бог ведае. Кажуць, што Саветы немцаў аж у іхні Берлін пагоняць, што ўжо некаторых польскіх салдат ад іхніх баўэраў з плену вызвалілі. Можа во дзе і Васілёк мой жывы знойдзецца. Кажуць, каб не Амэрыка, то Саветам бы  Гітлера не адолець...  
   Цішка не так і многа разумеў з бабуліных аповядаў, але ён лічыў яе самым мудрым і справядлівым чалавекам. Бо яна ніколі не крыўдзілася на яго свавольствы і заўсёды, акрамя пысмакаў прыносіла нейкія незразумелыя і страшныя для хлопчыка навіны.
   - Кажуць, што ў нас, як і на Бягомальшчыне, будуць  гэтыя самыя каўкозы. Усё забяруць у людзей: і зерне, і коней, і вупраж, і кароў. Зямлю абрэжуць па самы агарод. Усё будзе обшчым. А яшчэ гэтыя Саветы прыдумалі нейкае казаво: гэта ж бяруць маладых хлопцаў гадоў па пятнаццаць і пасылаюць некуды адных далёка ў гарады вучыцца на жалезных трактарах  і машынах робіць. А плаціць будуць не грашыма, а нейкімі трудаднямі. Гэта ж так ні пры панах, ні пры немцах не было, каб усё ў людзей забіралі...
   Бабуля вохкала  ні то ад гэтых самых незразумелых і ёй, і страшных для вяскоўцаў, навін, ні то ад хворых ног. Цішка, слухаючы пра гэтыя жахі, толькі туліўся бліжэй да маці. А Толя, калі быў у хаце, набраўшыся смеласці, іншы раз пярэчыў бабулі:
   - А мы ў калхоз не пойдзем. На Пагурку зробім зямлянку і там схаваемся ад яго.
   - А што ж ты есці там будзеш, дзіцятка? Ягады і ўсё? Дык і знойдуць цябе там адразу.
   - Мы глыбокую зямлянку зробім. А на сасне назіральны пункт устроім.
   У вёсцы тады многія гаварылі пра калгасы. Ніхто толкам не ведаў, калі іх будуць арганізоўваць у Вірулях, але большасць жанчын і старых дзядоў, пужаючы адзін аднаго чуткамі, не хацелі ніякіх перамен. Дзякуй Богу, што пасля немцаў засталіся жывыя. Добра ж, каб вярнуліся з вайны ўсе мужчыны, жывыя ды нескалечаныя, каб хутчэй падняць дзірваны, пасеяць збажыну. Галоўнае, каб Другія Саветы не перашкаджалі вяскоўцам працаваць на сваёй зямлі. Вірульцы, добра патрудзіўшыся, зноў пабагацеюць. Рабіць жа яны любяць і ўмеюць.
   Аб калгасах  пыталіся і салдаты ў пісьмах-трохвуголках, што ішлі ў вёскі Марозаўскага сельсавета з фронту. Франтавікі марылі хутчэй дабіць гітлераўскага звера ў яго бярлозе, у Берліне, і вярнуцца дамоў.
Як і спадзявалася бабуля Волька, яе Васіль вярнуўся да дому цэлы і здаровы яшчэ ў пачатку 1945 года. Ён і сапраўды з 1939 года, калі іх польскую часць разбілі немцы недзе на поўначы ад Варшавы, трапіў у нямецкі палон. З канцлагера яго, як, дарэчы, і некаторых іншых палонных з польскіх Крэсаў Усходніх аддалі багатаму баўэру , як парабка. Жыў у яго ў нейкай пуні і працаваў толькі за харчы. Адзін з яго сябраў па няшчасцю, якіх у немца было трое, паспрабаваў збегчы з таго нямецкага хутара, але яго злавілі і зноў кінулі ў канцлагер.   Быў той чалавек халасты, аднекуль з-пад Вілейкі, і кажуць, што там, у лагеры, ён і загінуў ад голаду і пабояў.
А Васіль не стаў рызыкаваць: ведаў – яго дома чакае жонка і дзеці. Выцерпеў усё, што давялося: і здзекі, і прымусы, і цяжкую працу на зямлі. Навучыўся нямецкай дысцыпліне і ашчаднасці. Спачатку Васіль лічыў, што гэта скапідомства баўэра: лічыць увечары кожны зароблены  ці сэканомлены парабкам пфенінг і марку. А потым зразумеў, што, працуючы адзін на зямлі, не станеш багатым, а ад работы  - толькі гарбатым. Трэба быць нахабным, жорсткім, хітрым,  любіць толькі сябе, каб выжыць. З гэтай “навукай” ён і вярнуўся дамоў.

Ад Віслы да Берліна
  У Куранцы, на зборным пункце вірульцаў і мужчын з суседніх вёсак пратрымалі нядоўга, усяго тыдні са два. Тады яшчэ Усця з іншымі жанчынамі пехатой прыходзілі да часовага вайсковага лагера.
   Лявон заўважыў Усцю яшчэ здалёк, калі гурт кабет прапусцілі на тэрыторыю лагера. І хаця прайшло зусім нямнога часу, як яго забралі ў войска, але падстрыжаны нагала ў зялёных абмотках да каленяў і ў такім жа галіфэ, Лявон здаваўся яшчэ вышэйшым, чым быў дома. Ён  неяк няёмка, не ўмеючы, але надта моцна абняў Усцю за плечы, аж тая закрактала ад болю. Пілотка ў Лявона была ссунута набакір, твар яшчэ больш загарэў на жнівеньскім пакуль што гарачым сонцы, і ўвесь ён падаўся Усці, як бы незнаёмым, але  жаданым.
   - Ну, як там дзеці? Ці ўбралі ячмень? Які ўраджай? А што са скошанай шарстухай на лагу, якая была ля бярэзніку?
   Лявон,  глытаючы ледзь перажаваныя кавалачкі сала з дамашнім хлебам, сквапна глядзеў на тугія грудзі Усці, выпершыя з паркалёвай нажуткі, засыпаў жанчыну пытаннямі, не чакаючы адказу. У Усці не было раней асаблівай закаханасці да Лявона, і, больш таго, яна ж выходзіла замуж не па любові. Але ў тыя хвіліны, гледзячы на клапатлівага і такога пахарашэўшага мужа, яна разумела: гэта кармілец яе дзяцей. Чалавек ён просты, іншы раз грубаваты, вельмі раўнівы. Аднак ён жа любіць малых, хоць і не паказвае гэтага. Нават цяпер, перад адпраўкай на фронт, думае пра гаспадарку.
   - Ты глядзі там, не запускай зямлю, - наказваў на  развітанне Лявон. – Потым утравелы папар пераараць будзе надта цяжка.
   - Дык што ж я магу зрабіць, Лявонка, - мякчэла і падтаквала Усця мужу і тулілася да яго моцных плячэй, - каня ж у нас няма. Калі пазычу  ў  Лустаў, то можа дзед Шворан узарэ. Ён яшчэ крэпкі на ногі. Плуг жа і вупраж  у нас ёсць. Усё  ў застаронку пуні ляжыць. Ты ж сам туды ўсё знёс. Нікуды не дзенецца, каб во толькі калхозы гэтыя не прышлі, і дзеці нашы не хварэлі.  Дурэюць во без цябе, падшыванцы...
   Усця, пераскоквала з аднаго на другое, імкнучыся супакоіць Лявона, што ўсё будзе добра. А ў самой на сэрцы было цяжка ад болю. Яшчэ калі ішла пешшу сюды, у лагер, з кабетамі, наслухалася ад іх усялякіх плётак і страхаў пра вайну. У адной мужа забілі немцы, калі пайшоў на Бягомальшчыну ў партызаны, а цяпер во старэйшага сына на фронт пасылаюць. А дома ж яшчэ трое малых засталіся. Кажуць, што фашысты маюць яшчэ многа сілы: танкаў, самалётаў ды гармат. А што ж нашы мужчынкі з старымі вінтоўкамі  змогуць супраць іх. Што ж будзе, калі яны дамоў не вернуцца...
    Гэта бадай больш за ўсё і пужала Усцю. Які б не быў яе Лявонка – і ганарлівы, і не ласкавы, але не гультай, працаваць на зямлі ён любіць і ўмее. Ды й цяпер ужо нічога не перайначыш. Так было спрадвеку, што мужык жонку і паб’е, і пашкадуе. А ў хаце ж поўна дзяцей. І вырасціць іх адной памяркоўнымі і разумнымі людзьмі, без мужа, якім бы ён сам не быў, наўрад ці можна.
Лявон па-свайму шкадаваў сваю маленькую чарнавалосую Усцю з пышнымі яшчэ пругкімі грудзямі, якія асабліва цяпер, у хвіліну развітання, так хацелася моцна-моцна прыціснуць да сябе. На раставанне Лявон  як бы знячэўку моцна пацалаваў Усцю ў гарачыя вусны і, каб не паказаць набрыняўшых слязьмі вачэй, стаў без патрэбы папраўляць на галаве пілотку.
   - Беражы сябе, Лявонка, цябе ўсе будуць чакаць. І я, і дзеці, – зразумела няёмкасць мужа Усця, і ужо не хаваючыся, як і многія кабеты пры развітанні, адкрыта заплакала.
   У Лявона ад жалю да жонкі сцялася сэрца. Каб гэтага нічога не бачылі мужчыны-аднавяскоўцы, у роспачы махнуў рукой і, адвярнуўшыся, не азіраючыся, пайшоў да салдат. Тыя ўжо  строіліся ў шарэнгу.
   Афіцэры, вопытныя франтавікі, хто аднарукі, хто кульгавы, гучна аддавалі каманды пераадзетым у вайсковую вопратку учарашнім сялянам. Найпершая задача для іх была – навучыць навабранцаў хадзіць строем, разумець і выконваць каманды і загады, і строга захоўваць вайсковую дысцыпліну.
   Потым мабілізаваных накіравалі ў лагер, што ля мястэчка Волма пад Мінскам, дзе яны прайшлі ўжо курс маладога байца. Многія навабранцы, як і Жыгула, да таго часу ніколі не служылі ні ў якой арміі. Тут, у вучэбным цэнтры, дзе ў час заняткаў камандзіры патрабавалі ім падпарадкоўвацца  без пярэчання, вучылі страляць з вінтовак ці аўтаматаў ППШ з вялікімі круглымі, як глыбокія патэльні дыскамі, поўзаць пад калючым дротам па-пластунску, капаць акопы.
   І галоўнае, што спадабалася Лявону, гэта ў складзе разліку 150-міліметровай гаўбіцы праводзіць стрэльбы на спецыяльным палігоне. З трыма класамі вучобы Жыгулу, канечне  не паставілі наводчыкам: там патрэбны былі адукаваныя салдаты, хто скончыў хаця б пяць ці сем класаў.
   Высокі, жылісты і цягавіты Лявон быў і заражаючым, і падносчыкам снарадаў. Часцей за ўсё  пры разгортванні гаўбіцы на баявой пазіцыі яму, счаміўшы зубы, даводзілася за лічаныя хвіліны разам з маладым салдатам Лабанавым з Бягомальшчыны невысокім, але шырокаплечым хлопцам, рэзка і хутка, па камандзе падымаць цяжкія жалезныя станіны і адносіць іх у бакі на два-тры метры.
   - Што ты кешкаешся, – груба падкалупваў той Лявона. – І глядзі пад ногі, а то сашніком пальцы мне патрушчыш, тваю маць!
   Рэзкі, гарачы ў час вучобы на пазіцыі, ён заставаўся такім жа і ў часы пасля адбою, калі, наматаўшыся з гаўбіцай з адной пазіцыі на другую, салдаты без сіл валіліся на спружыністыя ложкі спаць.
   Усе ў баявым разліку ведалі, што Лабанаў яшчэ да вайны сканчыў пяць класаў, а ў партызынах страляў па немцах з іх жа, захопленай у баі, гарматы. Фашысты ў час карнай экспедыцыі ў Бягомальскай зоне спалілі яго маці і дзвюх сясцёр, сагнаўшы ўсіх жыхароў вёскі ў пуню. Ад бацькі з фронту не было ніякіх звестак. Лабанаў расказваў аб зверствах фашыстаў, сціскаючы ў руках аўтамат, аж бялелі пальцы на прыкладзе.
   - Ну, я да іх дабяруся! – гразіўся  хлопец, кідаючы шалёны позірк на Захад. Я сам іх на агні падсмажу! Вырадкі яны, а не людзі. Што ім зрабілі мае маці і сёстры? Што?!
   - Ды кінь ты, - супакойвалі хлопца сталыя салдаты, хто ўжо меў сям’ю і жыццёвы вопыт. – Не ўсе немцы – фашысты. Іх, як і цябе паслалі ў армію не па сваёй волі і накіравалі на фронт. Салдаты вермахта такія ж людзі, як і мы. І ў іх дзесьці дома засталіся сем’і. Ты вось павінен выконваць загады камандзіраў? Павінен! І ім тое ж самае рабіць даводзіцца.

Нямецкая кірха

   Сапраўднае баявое хрышчэнне гаўбічны дывізіён, у якім служыў Лявон, прыняў на Вісленскім плацдарме. Прарваць нашай пяхоце нямецкую абарону артылерыя дапамагала заўсёды. З часу баёў у  лістападзе-снежні пад Сталінградам у 1942 годзе яе нездарма сталі зваць “богам вайны”. Без масіраванага агню гармат, мінамётаў, цяжкіх гаўбіц па варожых пазіцыях або адразу і па тылу, выбіць салдат вермахта з якой-небудзь стратэгічнай вышыні, польскай вёсачкі ці хутара, а тым больш – з гарадка, іншы раз было немагчыма.
   Артылерысты адразу не бачылі таго, што зрабілі з варожымі ўмацаваннямі іх снарады. Усё гэта было відно пазней, пры чарговым наступленні, калі ім даводзілася разам з гаўбіцамі пераязджаць праз былыя нямецкія ўмацаванні. Курганы вывернутай узрывамі зямлі, ямы, пабітыя ўшчэнт цэментовыя дзоты і доты, згарэлыя машыны і танкі. На фоне кавалачкаў яшчэ зялёнай, не здратаванай тэхнікай восеньскай руні яны здаваліся недарэчнымі, нейкімі штучнымі, незямнымі. Лявону, як земляробу, было цяжка бачыць гэтую сапсаваную зямлю, на якой мірныя жыхары спрабавалі вырасціць збажыну.
Часцяком лёгкапараненыя на перадавой пехацінцы, якіх пешшу адпраўлялі ў санбат праз баявыя парадкі гаўбічнага дывізіёна, сумна жартавалі, падколваючы артылерыстаў:
   - Вам тут зацішна, як у цешчы на блінах. А вы паспрабавалі б лоб у лоб на немца ісці. Яны ж ведаюць, што Гітлеру скора капут будзе, вось і б’юцца азвярэла. Як тыя ваўкі сваё логава абараняюць. У-у, як агрызаюцца…
***
   Было гэта на Зелаўскіх вышынях, перад Берлінам. У адным з баёў, як гэта здаралася колькі разоў яшчэ і на Вісле, нямецкі наводчык, засеўшы, відаць, на гарышчы вясковай кірхі, карэкціраваў стральбу сваіх артылерыстаў. Яму былі добра бачны нашы пазіцыі. Першы снарад пераляцеў разлік суседней гаўбіцы, другі ўзарваўся за некалькі крокаў ад гарматы. Ведаючы, што трэцці абавязкова трапіць на іх пазіцыю, нашы артылерысты паспрабавалі перавезці і саму гаўбіцу ў другое месца, і самім выратавацца. Але не паспелі – варожы снарад узарваўся ў пяці-сямі кроках ад пазіцыі. Там не ўцалеў ніхто.
   А шалёным асколкам цяжка параніла не маладога ўжо наводчыка з разліку гаўбіцы, ў якім ваяваў і Жыгула. Адправіўшы таго ў санбат, артылерысты хуценька, перакаціўшы гаўбіцу ў другое, больш надзейнае месца, узнавілі стральбу. Тут ужо за прыцэл скоранька стаў запэцканы граззю, са збітай на патыліцу пілоткай рухавы Лабанаў: больш ніхто не рызыкнуў, бо не ведаў што і як  ля прыцэла трэба рабіць.
   У тым баі Лявона толькі трохі аглушыла блізкімі разрывамі снарадаў, і ён застаўся ў страі. Вёсачку пехацінцы ўсё ж узялі, хаця страты і з нашага, і з нямецкага  бакоў аказаліся вялікія.
    Дывізіён разам з мірнымі жыхарамі, якія паціху, нясмела павылазілі з падвалаў дамоў, зайшоў у вёску. Многія будынкі былі разбіты ўшчэнт, а кірха стаяла цэленькая, як на святочнай нямецкай паштоўцы. Толькі востры шпіль быў збіты снарадам.
   Лявона ды і другіх бацйоў здзівіла тое, што сярод жыхароў былі і маладыя людзі, пэўна ж дызерціры. Тады, у самым канцы вайны, у красавіку 1945 года, некаторыя салдаты вермахта, разумеючы, што вайну Германія прайграла і не жадаючы гінуць у канцы яе, кідалі зброю і як маглі, хаваліся сярод мірных жыхароў. Разам з жанчынамі і дзецьмі, пераадзетыя ў цывільнае, яны стараліся не сустракацца поглядамі з савецкімі салдатамі. Праўда, такіх можна было пазнаць у натоўпе па каротка стрыжаных валасах. Каб надта не выдзяляцца, яны надзявалі капелюшы ці нават старыя паношаныя брылі.
   - У-у, немчура паганая, - бурчэў, ледзь стрымліваючы злосць, цяпер ужо абстраляны ў баі наводчык  Лабанаў. – Мая б воля, усіх перастраляў бы, як сабак бязродных.
   Не ўсе ўчарашнія нямецкія салдаты, пераадзетыя ў цывільнае, змірыліся з паражэннем. Былі выпадкі, што такія стралялі з-за вугла ці нават падрывалі на аўтабанах  рускія машыны.  Зброі і ўзрыўчаткі тады хапала.
   Лявону раней ніколі не даводзілася бачыць зблізу, а тым больш зайсці ў нямецкую кірху. Разам з усім разлікам, паміж баямі, калі настала кволае зацішша, ён рашыў зайсці туды. З салдатамі прыстроілася і некалькі мясцовых жыхароў. Жыгула міжволі цікаваў за імі і знячэўку зачапіўся вокам за высокага рыжага хлопца. Той быў у старым капелюшы  з шырокімі палямі і ў рудым пінжаку, відаць, з чужога пляча. З кароткіх рукавоў, як галава з-пад панцыра ў чарапахі, тырчалі вялікія пачырванеўшыя рукі. На левай з іх, якой ён прытрымліваў капялюш, каб яго не здзьмула ветрам, не было двух пальцаў: мізінца і безымяннага. Гэта жагнула Лявона: няўжо той самы Пэтер, якому ў чэрвені 1944 года ён на хутары аддаў сваё старое рыззё?! У яго і тады вось таксама тырчалі рукі з рукавоў кароткага Лявонавага каптана. Рыжы хлопец заўважыў, што яго вывучае савецкі салдат, стрэльнуў у яго вачыма і сумеўшыся ад дасціпнага погляду, глыбей нацягнуў капялюш на лоб, а левую руку схаваў у кішэню.
   “Няўжо той самы Пэтэр? Як ён выжыў тады, у чэрвені мінулага года? Ці са сваімі салдатамі вярнуўся ў Германію, ці дызерціраваў з войска, або збёг з палону?”
   Наперадзе з аўтаматам першым ішоў Лабанаў. Пхнуўшы нагой паўадкрытыя  цяжкія і вялікія, як уезд у гумно, дзверы, ён зайшоў у кірху. Лявон, канечне, быў у царкве ў Пунічах, але такой прыгажосці, як тут, ніколі не бачыў. Здзівілі аздобленыя золатам ці чым яшчэ блішчастым абразы, залачоныя абсады дзвярэй, выпуклая, як вялізны гарбуз, столь з малюнкамі нейкіх дзяцей з крыллямі. І галоўнае – уся кірха у два рады ўздоўж размаляваных сцен была застаўлена зашмальцаванымі лаўкамі з тоўстых парудзелых ад часу дошак. Шырокі праход вёў да амвона.
   - Гэта ж немчура, пэўна, у нас нарабавала абразоў? У нашых цэрквах?! - распаляючы злосць на чужую прыгажосць, не стрымліваючы сябе, ператоргнуў затворам аўтамата Лабанаў. – На, немчура, палучай!
   Кароткая аўтаматная чарга секанула па абразах, па столі, па ўзорчатых з сіняга і ружовага шкла вузкіх стрэльчатых вокнах. Гэтага не чакалі ні другія салдаты, ні тым больш цывільныя людзі, якія зайшлі, відаць, каб пацікавіцца, ці ўсё тут уцалела пасля артылерыйскага абстрэлу. Яны інстыктыўна, хто прысеў, хто схаваўся пад лаўку, а некаторыя кінуліся праз адчыненыя дзверы назад на двор. У наступіўшай хвіліне цішыні раптам аднекуль зверху, дзе, пэўна, як і ў праваслаўных цэрквах, знаходзіцца хор,  раздаўся адзіночны выстрал. Лабанаў упаў, так і не выпусціўшы з рук аўтамат. Другім выстралам нябачны знізу снайпер-смертнік, якіх немцы пры  адступленні іншы раз спецыяльна пакідалі ў засадзе ў сваіх дзяржаўных установах ці асобных шыкоўных будынках, параніў пажылога старшыну з артылерыйскага разліку.
   І ў гэты момант, не чакаючы трэццяга стрэлу, адпіхнуўшы ўбок цывільных, наперад выбег той самы рыжы немец без двух пальцаў на левай руцэ. Цяпер Лявон упэўніўся: гэта быў, канечне, ён, той акружэнец, студэнт Пэтэр.
   - Хальт! Ніхт шыссэн!  
   Рыжы рэзкім рухам адпіхнуў назад Жыгулу, які ішоў адразу ж за старшынёй.
   Усяго на якуюсці хвіліну ў кірсе павісла напружаная цішыня... А потым савецкія салдаты ўсё ж выкурылі адзінокага нямецкага снайпера з паўразбуранай царквы.
   Куды падзеўся рыжы Петэр, Лявон так і не даведаўся. Ды й не да гэтага было: іх артылерыйскі дывізіён перакінулі далей на захад. І так, дзякуй Богу, што не загінуў недарэчна ў той царкве.

Частка пятая
Вяртанне да зямлі

   Бабуля Волька, ня гледзячы на хворыя, ўжо трохі пакрывеўшыя ногі, і на задуху, праз гумно, па вывівастай сцежцы спяшалася ўлукаткі на хутар да дачкі. Усця заўважыла маці яшчэ здалёк, на дарозе, што вяла ў Аблогі. Дзеці толькі селі палуднаваць. У такі час бабуля прыходзіла да Усці рэдка.
   “І што ўжо страслося?”- думала яна. Усе ж дзеці тут, во, у хаце. Скаціна ў полі. Усця кінулася адкрыць створку вакна, і раптам вялікая шыба ў ёй луснула папярок. “Пэўна нешта з Лявонам?” – падумала яна. Вось так і было  ў хаце самой Волькі, калі яе Васіль яшчэ ў польскім войску трапіў у палон. Тады таксама само па сабе трэснула шкло. Гэта быў дрэнны знак.
   І наогул Усця заўсёды баялася глядзецца ў патрэсканае люстэрка, прыбірала і закопвала глыбока бітае шкло ці посуд. І ад таго, што не было за што яго купіць, і таму, што верыла ўсялякім забабонам, у доме амаль не было фарфоравых талерак. Ды і калі якую жалезную дзеці  ненаўмысна скінуць на падлогу, ці ўпусцяць, калі будуць мыць, нічога з ёй не здарыцца. Праўда, была адна маленькая і глыбокая, з якой, як самы меншы у сям’і, еў толькі Цішка. Маці ў асноўным мыла яе потым сама і адразу хавала ў трохвугольную шафэчку , што вісела ў кутку насупраць печы.
   Хапаючыся за жардзяжны  плот, які рабіў яшчэ Лявон, Волька намацала зашчапку, тырхнула каленам дзверцы веснічак і пакацілася на панадворак.
  - Што ты сядзіш тут з дзецьмі, як тая квактуха, - незлабліва ўскінулася на дачку маці. – Вундзека, кажуць, некаторыя мужыкі з фронту прыйшлі. Можа наш Ігнат і твой Лявон вярнуліся? Бяжы ў вёску, даведайся. У мяне сіл няма тэпаць туды.
    Збэрсаныя  сівыя валася ў бабулі выбіліся з-пад шэрай хусткі, каўнер зацыраванай  на локцях старой  камізэлькі тырчаў уверх, рудая спадніца была падаткнута з аднаго боку. Ні Усця, ні тым больш дзеці ніколі не бачылі бабулю такой уз’юшанай і заклапочанай.
   Даведаўшыся, што тата сёння можа вярнуцца з фронту дамоў, дзеці, не даеўшы  забеленую малаком зацірку, пакідалі лыжкі і выслізнулі з-за стала.
   - І я, і я пайду, - адпіхваючы адзін аднаго, дзеці гармідарам  выкаціліся з дзвярэй на панадворак.
   Тут ззяла яшчэ зыркае жнівеньскае сонца, дзьмуў лёгкі ветрык, калыхаў жоўтыя галоўкі вяргіняў у гародчыку. Сёстры Жэня і Тася хацелі нарваць з іх букет, але Усця, ведаючы, як Лявон не любіць іх колер і самі кветкі наогул, спыніла дачок:
   - Не трэба! Вазьміце во лепш акрайчык хлеба ды друбіначку  солі.
   - Навошта, мама? Салдаты ж не бываюць галодныя.
   - Кажу, вяргіні не трэба! Ды й невядома яшчэ, ці прыйшоў тата.
   Усця, канечне, чакала Лявона як бацьку сваіх дзяцей, як мужчыну, але  баялася, што ён, такі прагны да зямлі, не пахваліць яе, бо не змагла пераараць леташні дзірван ля Барысаўкі і міжволі ў многіх месцах запусціла зямлю. Ні каня, ні людзей,  хто памог бы, ні грошай, каб заплаціць за работу, у Усці не было. Добра, што хоць дзеці былі здаровыя.
   Яны беглі ў вёску ля хутара Панаса Шылы, не баючыся злога сабакі, міма старых могілак, і Усця нават не магла дагнаць іх. Цішка, захакаўшыся, бег побач, моцна трымаючыся за руку, і ні на крок не хацеў адставаць ад маці. Усця, размакрэлая, расчырванеўшаяся, з расшпіленымі верхнімі гузікамі крамнай нажуткі  прыбегла на вялікі затравелы выган ля сядзібы дзеда Яфіма ўжо не першая. Тут, насупраць  дома Лявонавай маці Кастусі,  былі ўжо і яна сама, і жонка брата Ігната – Альжбета, прыйшоў і Васіль, які раней вярнуўся з палону.
   - Кажуць, едуць нашы мужчыны  са станцыі Паленава на кані, - даводзіў дзед Яфім. У чацьвярох. Там не толькі Вірульскія мужчыны. Ёсць і з Марозаўкі, і з Баркоў. А вось мы з фронту ішлі пешшу…
   Але дзеда ніхто асабліва не слухаў. Жонкі, хто чакаў мужоў з вайны, маладыя дзяўчаты, якія прыбеглі падзівіцца на франтавікоў, маці, якія чакалі сыноў, разбіўшыся на купкі, то смяяліся, то нехта ўсхліпваў ад прадчування доўгачаканай сустрэчы. Аднекуль прынеслі гармонік, але аказалася, што гарманіста ў вёсцы няма. Так ён і стаяў, як сірата, на лаўцы пад зялёным бэзам, блішчасты, з залацістымі кантамі і чырвонымі мяхамі.
   Цішка, як і ўсе дзеці, круціўся ля маці, смактаў цукерчыну, якую яму, пашкадаваўшы  як самага малога, нехта даў з вяскоўцаў, што выбраліся на сустрэчу.
   - Едуць! Едуць! – закрычалі раптам старэйшыя дзеці і падаліся ў бок сядзібы Гардзея Лусты.
   Адтуль, ад гасцінцу, падскокваючы па брукаванай вясковай вуліцы і падзэнькваючы званочкам, што быў пад дугой, здавалася ўжо надта павольна рухалася павозка, якую цягнуў нямецкі біцюг-ламавік. Шырокі, як аршын крыж яго рытмічна гойдаўся ў бакі ў такт хады. Цішка помніў, як у іх, пакуль  не забралі партызаны, быў свой конь, але такога вялікага і моцнага ён ніколі яшчэ не бачыў. Біцюг здаваўся хлопчыку нейкім казачным асілкам, які заблудзіўся выпадкова і прыйшоў у вёску.
   Але больш за ўсё і Цішку, і астатніх дзецей, і наогул усіх, хто прыйшоў на сустрэчу, уразіла нейкая, здавалася, незямная музыка, якая даносілася з канца вуліцы. Нават здалёк было бачна, што на калёсах, звесіўшы ногі, і раз-по-раз прыціскаючы вуха да мяхоў, ва ўсю сілу расцягваў вялізны гармонік  нейкі салдат. Ён быў без пілоткі, у расхрыстанай гімнасцёрцы, з чорнымі плямамі ад поту, з рыжымі, ужо добра адросшымі валасамі, якія тырчалі ўверх і ў бакі, як у пеўня грэбень. Цішка яшчэ ніколі не чуў такіх чароўных гукаў і не бачыў такога вялікага гармоніка. Ён не ведаў яшчэ, што гэта - нямецкі акардэон.
   І чароўная музыка, і словы песні  “якім ты быў…”,  што,  не перастаючы іграць,  спрабаваў праспяваць салдат-музыка, літаральна сарвалі і дзяцей, і дарослых з месца. Абганяючы адзін аднаго, людзі кінуліся насустрач фурманцы з салдатамі. Фурман, яшчэ не стары, але крыху суталаваты мужчына, перакрыкваючы музыку і людскі гвалт, спыніў каня на выгане ля дзеда Яфіма. Двое салдат з Марозаўкі, праўда, не вытрымалі, і заўважыўшы сярод натоўпу сваіх жанок ці маці, саскочылі з калёс і кінуліся ў абдымкі.
   У Усці таксама закалацілася сэрца, калі яна яшчэ здалёк заўважыла Лявона. Ён сядзеў бокам на нейкім вялікім зялёным хатулі, звесіўшы долу ногі ў зеленаватых, відаць, ужо выцвілых абмотках . Пілотка, фарсіста надзетая набакір, абветраны пачырванелы твар – усё выдавала ў ім сілу і моц, жаданне, як мага хутчэй прыгарнуць да сябе Усцю, адчуць мяккасць і пах яе высокіх і такіх жаданых грудзей.
   Але дзеці апярэдзілі Усцю. Першая кінулася на шыю бацькі Тася. Цішку Лявон падняў, як пушынку на рукі, падкінуў колькі разоў угору.
   - Ну як вы тут без мяне?, - цалуючы і галубячы Усцю, пытаўся Лявон. – Што рабілі, як жылі? А мы фашыстаў пабілі ў іхнім Берліне. Я там быў. Потым фоткі пакажу.
   Не чакаючы адказу на свае пытанні, Жыгула сцягнуў з калёс свой вялікі хатуль. Пад музыку акардэона, пад смех і плачы, якія віравалі наўкола, Лявон  трохі адышоў ад усіх убок і пачаў нетаропка,  быццам дразнячыся, развязваць яго. Дзеці, Усця, маці Лявона – Кастуся акружылі салдата з усіх бакоў. Жыгула разаслаў, відаць, нямецкую брызентаваю накідку памерам паўтара на паўтара метра  і пачаў распакоўваць меншыя хатулькі.
   Цішку адразу ў вочы кінулася нейкая суконная ці то шынелька, ці паліто колеру кволай руні.  Два рады блішчастых, зыркіх гузікаў на зялёна-пяшчотным фоне адзежыны свяціліся, як буйныя зорачкі ў небе. Цішка хацеў хоць пакратаць іх, але першым схапіў тую, як паясніў бацька, юнкераўскую, шынельку Толя. Цыбаты, як журавель, з худой доўгай шыяй і рыжымі непаслухмянымі даўно нястрыжанымі валасамі ён і сапраўды быў падобны на курсанта нямецкай школы вайсковага тыпу. Адзежына хоць і даволі спрытна сядзела на худых плечуках Толі, але была трохі яму даўгаватая. І ўсёроўна, маці ледзь угаварыла яго даць памераць цуда-шынельку па чарзе Сцяпану і Цішку. Той, вядома, поўнасцю схаваўся ў ёй. Яна паказалася хлопчыку цяжкаватай, а каўнер пах нечым прыемным і салодкім, як цукеркі.
   Толю спадабалася яшчэ і маленькая сапёрная лапатка. Усці – жалезныя лыжкі, вялікі медны кубак. Сцяпану дасталіся нямецкія мэшты-кандалы на драўлянай падэшве. Дзеці атрымалі па две-тры сапраўдныя, пэўна ж, нямецкія цукерчыны. Дочкі прымервалі на сабе кавалачкі паркалю на нажуткі.
   А Цішка з усяго дабра выбраў сабе доўгі, але не круглы, а плоскі чырвонага колеру аловак. Бываючы з маці ў вясковай краме, ён такога там ніколі не бачыў. Для Усці Лявон прыбярог маленькую бутэлечку надта пахучых духоў. Цішка, калі ўсе вярталіся дамоў, седзячы на руках у маці, не мог ніяк надыхацца гэтым рэдкім пахам. Ён быў падобны адначасова і на водар мурагу, смалы-жывіцы, першага бярозавага лісця,  меў тонкі пах восенькіх вяргіняў.
   Пазней, калі ўжо трохі схлынулі першыя і самыя шчырыя пачуцці ад сустрэчы з бацькам, жывым і здаровым, Усця сабрала на стол што-кольвек з яды. Паклала той самы акрайчык хлеба, з якім сустракала Лявона ў вёсцы. Быў тут і аполачак сала, смажаныя грыбы, маладая бульба, салёныя гуркі. Знайшлася і бутэлька гарэлкі, якую Усця заўсёды трымала на выпадак, калі прыйдзецца разлічыцца з кім-небудзь з вясковых мужчын за работу.
   І хоць дзеці былі галодныя, яны не спяшаліся за стол, а ўсё круціліся ля бацькі, калі той выкладваў з хатуля прынесеныя з вайны і яшчэ нейкія дробныя падарункі: брытву, маленькі сцізорык з фігурнымі тронкамі , нейкі сіняваты камень памерам з кавалак мыла, фотаздымкі.
  - Гэта мы вось з нашым узводам ля Брандэрбургскіх варот у Берліне, - раскладваў Лявон здымкі на чыстым баку стала, засланага святочным абрусам. – А вось тут я з лепшым сябрам з Пастаўскага раёна...
   Дзеці то глядзелі ва ўсе вочы на здымкі, то проста туліліся бліжэй да бацькі, адчуваючы ў ім сілу і упэўненасць.
   - Тата, а на вайне табе было страшна? – тармосячы за руку бацьку, усё дапытваўся Цішка.
   - Усякае было, сынок. І сумнае, і страшнае. І па нас немцы стралялі з гармат, і мы па іх з гаўбіц білі. Нашага ж наводчыка ў нямецкай царкве фашысцкі снайпер забіў. Пэўна таму, што ён стаў страляць з аўтамата па іхніх абразах. А гэта ж нідзе, ні ў якой краіне нельга.

На сваёй гаспадарцы

   Нейкіх два-тры дні пасля дэмабілізацыі Лявон, як нешта згубіўшы, хадзіў па панадворку, аглядаў хлявы,  гарод, пуню.  Там Усця з дзецьмі ўсё ж неяк назапасіла сена на карову. У хляве рохкалі два маленькія падсвінкі, на выгане пасвілася авечка з двума ягняткамі, у гародчыку, за расаднікам капаліся куры. І ў Жыгулы патроху цяплела на сэрцы, што вось жа Усця, як магла, але захавала гаспадарку. Насупраць сядзібы, на вялікім загоне лапушылася бульба, у гародзе яшчэ зелянеў агурочнік, віселі, як пацеркі стручкі фасолі і гароху, чырванелі бакі буракоў. Воддаль была цэлая ляха капусты.
   - Чаго ж ты табакі не пасадзіла? Што ж я курыць буду? – незлабліва дакараў Усцю Лявон.
   - А навошта табе курыць? – апраўдвалася жонка. – Ды й ніякага ж насення ў мяне не было.  І як сеяць – не ведала.
   Па-сур’ёзнаму Лявон абурыўся, калі стаў абыходзіць сваю зямлю. Яшчэ калі ў першы дзень прыходу з вайны яны ішлі па дарозе на Аблогі да свайго хутара, Жыгула адзначаў для сябе, што зямля ў брата Усці, Васіля, добра ўроблена. Там сцяной стаяла жыта, цвіла на загоне сырадэля, расла семянная канюшына. А на сваім хутары, акрамя двух загонаў бульбы і зжатага ўжо з паўгектара ячменю, быў папар. Лявон ведаў, як нялёгка падымаць яго, утравелы за год-паўтара, як цяжка нават узараны баранаваць.
   - Чаго ж ты за зямлю як след не бралася? - злаваўся ўчарашні салдат. – Вунь жа ў другіх людзей уся яна ўроблена і дагледжана, а ў нас адны зёлкі на лехах...
   Усця спрабавала неяк апраўдвацца. Ды і Лявон сам, канечне ж, разумеў што з жончынай сілай ды й без свайго каня такія аблогі не адолець. І ўсёроўна нейкая нявыказаная злосць ні то на праклятую вайну, ні то рэўнасць да жонкі не давалі яму спакою.
   Фактычна ўсё трэба было пачынаць на зямлі нанава. Але на кім араць, за што купіць каня? Не ведаючы, як супакоіць нервы, Жыгула часцяком увечары, калі ўся сям’я збіралася ў хаце, відаць, каб чулі і дзеці, зноў чапляўся да маці.
   - Ты ж не адна такая заставалася ў вёсцы без мужыка, - даводзіў ён. – Вунь Альжбета, твайго брата жонка, таксама ж адна была, а дзірваноў на іх землях няма. А хто ёй араў? Чаму ж ты не магла наняць людзей, пытаюся?!
   - А чым бы я заплаціла? Нечым. Я ж не магла апошнюю друбінку хлеба ад дзяцей адарваць. А ў той жа Альжбеты ды і Васіля толькі па двое дзяцей.
   Лявон ўсёроўна гнуў сваё, хаця разумеў, што Усця не магла справіцца з гаспадаркай, як мог бы ён сам ці другі мужчына.
   - А можа ты тут з нейкім баламутам знюхалася, пакуль я ваяваў?! Вунь зноў сваіх вяргіняў у гародчыку насеяла. Навошта?!
   - Бог з табой, Лявонка. Ці да гэтага ж мне было. Тут каб хоць што-небудзь дзецям здабыць, абшыць ды абмыць. А ты – свае вяргіні ўспамінаеш...
   - Знаю я тваю вяргінію-юргінію. Вы ўсе такія, Жамойсцікавы – манюкі. І твой брат Васіль такі ж самы. А што ты ўчора рабіла на гарышчы, хаваючыся за комінам з гэтым Суднікам? Я ж яго не дзеля  тваёй забавы наняў памагаць па гаспадарцы?!
   Тады, пасля вайны многія мужчыны з былой Савецкай зоны, з Бягомальшчыны, дзе была страшэнная бедната, каб неяк выжыць, былі гатовы на любую работу  ў былой Польскай зоне толькі за харчы. Ды й калгасы амаль адвучылі там людзей па-гаспадарску адносіцца да зямлі. А тут, у Заходніх раёнах Беларусі, сяльчане цягнуліся да яе, як да галоўнага багацця і збавення ад беднасці.
   І для Жыгулы, і для ўсіх вірульцаў яна, як і пры Польшчы, з’яўлялася  галоўнай карміцелькай і была асноўным багаццем. Аб тым, што і сюды, на гэтыя землі калі-небудзь прыйдуць калгасы, вяскоўцам нават страшна было і падумаць. Тым больш, што былыя франтавікі меркавалі, што калгасы ўсё ж будуць распушчаны. Яны верылі, што зараз, калі ні паноў, ні немцаў ужо няма, можна нарэшце аддаць усе сілы зямельцы. Яна і накорміць, і апране, і дасць магчымасць купіць тое, што нельга вырасціць у полі ці зрабіць уласнымі рукамі.
   А  хлопца з Бягомальшчыны, з вёскі Суднікі,  пасля таго выпадку з Усцей на гарышчы, Лявон прагнаў з хутара. Жыгулу падалося, што яны там любіліся, а гэтага ён перанесці не мог. Хаця ніякіх фактычных доказаў у Лявона і не было. А Усцю ў любы выпадак, калі быў не ў гуморы, надта змораны, ці, горш за ўсё, нецвярозы, кожны раз папікаў тым Суднікам. Успамінаў нават хлопцаў, з якімі жонка сустракалася яшчэ да вяселля. З часам гэта так абрыдзела Усці, што яна, не вытрымаўшы, іншы раз  пры добра падросшых  дзецях, задраўшы спадніцу, пляскала сябе па голым мяккім месцы:
   - На, табе! Пацалуй мяне вось сюды!!
   А сама халадзела ад страху, што Лявон раптам сарвецца, схопіць за валасы і пачне збіваць, як гэта было ўжо не аднойчы пасля прыходу яго з фронту.
    Рэўнасць Жыгулы была незразумелай, прыкрай і для дзяцей. Яны не ведалі ні былых маміных кавалераў, не бачылі і цяпер з ёй побач ніякіх чужых мужчын, і ўсе абразы ў адрас маці перажывалі, як уласныя. Бывала, калі яны здалёк заўважалі, што бацька вяртаецца дамоў у добрым падпітку, папярэджавалі маці. Тая ведала, што Лявон, успомніўшы пра засеўшую ў душы крыўду на Усцю, нават калі ў доме ва ўсім быў парадак, знаходзіў, да чаго прычапіцца, каб зняважыць і нават збіць жонку. Тая хавалася то ў вараўні, то ў пуні, або ішла ў лес быццам па ягады.
   - Дзе маці?! – грозна пытаўся Лявон.
   Дзеці, якіх, дзякуй Богу, бацька звычайна не чапаў, ціснуліся па вуглах ці таксама сыходзілі з дому. Пахадзіўшы па хаце і нават праверыўшы падпечак, Лявон звычайна залазіў на печ і, яшчэ доўга не засынаючы, спрабаваў нешта спяваць.
   - Літацюткі, літацю-ю-ткі...
   Гэта потым ужо, калі Цішка падрос і пайшоў у школу, ён зразумеў, што бацька спрабаваў тады спяваць песню “Ляцяць вуткі”...
   Праспаўшыся і працверазеўшы, калі ўжо Усця прыходзіла ў хату са схованкі, Лявон злазіў з печы і, як быццам нічога і не было, казаў:
   - Во, яшчэ адзін зуб у мяне выпаў. Я яго пальцамі выцягнуў, у шчылінку  бервяна на печы ўваткнуў. Вайна праклятая! Усця, ці ёсць хоць глыток адгону – а то вантробы смыляць.
   Тая ведала ўжо, што праспаўшыся і памякчэўшы, Лявон забываецца пра сваю рэўнасць і становіцца зноў дбайным гаспадаром. Хоць якім бы не быў мужык, але яна разумела, што без яго ў гаспадарцы нельга. Пра тое, каб рашыцца на развод і цяпер, і раней, пры Польшчы, і за другімі Саветамі, у вёсцы ніхто і думаць не адважваўся. Жылі па дамастрою: калі мужык жонку б’е, значыць любіць. Ды й сам Лявон не лічыў свае нецвярозыя выбрыкі, лаянку і нават “вучобу” жонкі кулакамі нечым асаблівым. Так рабілі яго бацькі і дзяды. Так паступалі многія мужчыны ў вёсцы, але ніхто з жонак з-за гэтага  нават не думаў разводзіцца.
   Праўда, неяк раз, пасля чарговай спрэчкі Лявон, з горыччу штурхнуўшы ўбок міску з недаедзенай бульбай, ні да кога не звяртаючыся, разважаў:
   - Лепш бы я падаўся пасля вайны ў Англію ці Амерыку. Тады іхнія зазывалы прапаноўвалі ехаць туды на заробкі. І многія паехалі, асабліва ж халастыя. А на каго ж я вас пецярых мог пакінуць? На адну маці? Яна ж за год зямлю во як запусціла. Што б вы потым елі? Як і сёння, адну поліўку з бульбінай? Пайшлі б па вёсках жабракамі! Шкада мне вас стала. Вось і вярнуўся. А вы цяпер во і па гаспадарцы не надта хочаце памагаць...
   Тут, канечне, Лявон ужо занадта быў несправядлівы. Нават у Цішкі быў у доме свой абавязак. Падросшы, гадоў у шэсць-сем, ён ужо заганяў у агульны вясковы статак карову, як умеў, засцілаў ложак, разам з братамі абрываў па загаду бацькі кветкі з табакі , якую той, пералаяўшыся як заўсёды з маці, усёроўна садзіў яе на самым лепшым угноеным месцы ў гародчыку.

Па патроны

   Была свая дзіцячая работа і ў астатніх дзяцей. І ўсё ж яны знаходзілі час і для гульняў. Па чутках, недзе ля Баркоў, за шэсць-сем кіламетраў ад хутара, дзе ў час вайны былі склады нямецкага ўзбраення, людзі знаходзілі ў розным смецці, пагусцеўшых кустах то гранаты, то патроны  або вінтоўкі са згніўшымі прыкладамі. Чуткі аб гэтым дайшлі і да Лявонавага хутара. І, зразумела, першым захацеў схадзіць туды пашукаць нейкага дабра ці вайсковага начыння Толя. Туды ўжо раней хадзілі старэйшыя  дваюрадныя браты і  другія хлопцы з вёскі, але яго з сабою ніхто не хацеў браць. Маўляў, малы яшчэ.
   Толькі Толя сам сябе лічыў ужо дарослым. У дзесяць гадоў ён быў вышэй за сваіх аднагодкаў і выглядаў гады на два старэйшы, чым ёсць. І ўсё ж ісці аднаму ў Баркі яму было страшнавата. Каб было весялей, угаварыў Сцяпана. І хоць у таго ад доўгай хады звычайна хутка стамляліся ногі і тады даводзілася часта адпачываць, ён, як толькі даведаўся, што можна пайсці шукаць патроны ці яшчэ якое ўзбраенне, адразу ж пагадзіўся.
   - А што мы скажам маме, куды пойдзем?
   - А мы возьмем кубачкі і кошычак: як быццам па ягады ці грыбы.
   - Дык і Цішка ж  просіцца, - запярэчыў Сцяпан. – А што з ім рабіць?
   - Хай сядзіць дома. Вунь карову трэба з поля пераймаць. Малы яшчэ хадзіць па патроны.
   - Ён жа маме ці тату аб усім раскажа...
   - У мяне ёсць два кавалачкі цукру, - знайшоўся Толя. – Я іх у мамы з куфра ўзяў:  падгледзеў,  дзе яна ключ хавала. Паабяцаю, што калі будзе маўчаць, то яму ўвесь цукар і аддам. Нават хай пафарсіць у маёй юнкерскай шынэльцы. А калі скажа...
   Як і дамовіліся, узяўшы кубачкі і маленькі кошычак, браты паснедалі і падаліся быццам бы ў лес. Дзесьці праз  двесце-трыста крокаў, калі іх не было ўжо відаць з хутара, выйшлі на ўзлесак. Ужо больш не хаваючыся, смялей пайшлі шукаць тыя Баркі: раней быць там нікому з іх не даводзілася.
   Калі браты не вярнуліся дамоў ні праз дзве, ні праз чатыры гадзіны, Усця зразумела: нешта з імі здарылася, або дзеці прыдумалі зрабіць нешта дрэннае.
   - Дзе Толя са Сцёпкам? – дапытвалася яна ў Цішкі. – Куды яны пайшлі?
   - Я не ведаю, - як умеў спрабаваў праўдзіва зманіць той.  – Казалі, што па ягады. Можа й грыбоў набяруць...
   Апусціўшы галаву, ён стараўся не глядзець маці ў вочы.  Усця здагадвалася, што гэта няпраўда, ды і прадчуванне ў яе было нядобрае. Вунь і лыжка з рук валілася, калі абед варыла, і века на левым воку з раніцы торгалася. “Пэўна, плакаць нечага буду”, - думала тады Усця.
   - Ну, Цішачка, - туліла да сябе маці самага маленькага сына, - скажы, сынок, куды яны пайшлі? На Пагурак, у вашы зямлянкі? На гасцінец у вёсцы гуляць? Можа, на Віраўлянку купацца?
   Цішка і сам нудзіўся ўвесь дзень без братоў: з сёстрамі ж асабліва не пагуляеш. Яны і старэйшыя, і клопатаў у іх па гаспадарцы больш.
   - Ма-а-м, а ці ёсць у цябе хоць кавалачак цукру? Ці чарніц жменьку. Сушоных? – хітраваў   Цішка. – Я так салодкага хачу. Ма-а-м...
   Усця шкадавала хлопчыка і, калі была магчымасць, заўсёды частавала яго то цукерчынай, то яблыкам, які іншы раз прыносіла бабуля. А  бывала, што маці даставала з куфра нейкія прэсныя сухары, прынесеныя  са свята “Будскі фэст” ці тыя, што заставаліся яшчэ са свята Вялікадня.
   - Я дам табе ўсё, што знайду смачнае, - угаворвала маці, - толькі скажы, куды пайшлі хлопцы?
   Цішка, вядома ж, верыў абяцанням маці. Але і прадаць сакрэт братоў толькі за яе салодкі пачастунак асцерагаўся. Ён помніў, якая цяжкая рука ў Толі, і баяўся болю.
   - А ты праўда-праўда дасі цукерку? – дапытваўся Цішка.
   Усця бачыла, што сын амаль што здаўся, і больш не стала цягнуць час.
   - Пасядзі тут. А я пайду, пашукаю там што-небудзь у куфры.
   Усця так рабіла заўсёды, каб ні дзеці, ні Лявон не бачылі дзе яна хавае ключ ад яго. Там маці клала не толькі цукар і іншыя прысмакі, але і бутэльку першаку ці адгону. А Толя неяк раз, адразу ж за маці, праз прычыненыя дзверы ўсё ж ціха выслізнуў з хаты і схаваўся за старым кажухом, што вісеў у цёмным вугле за вушаком.  Ён запомніў, куды маці звычайна клала ключ. А цяпер Усця, вярнуўшыся ў хату, заклапочана і строга спытала ў Цішкі:
   - Ты не бачыў, хто гэта лазіў у куфар?
   Яна добра памятала, як і куды апошні раз хавала кавалак цукру і колькі яго там было. Аказалася, што салодкая спакуса ляжала ў другім месцы і яе было менш.
   - Сынок, ты скажы, хто і чаму адмыкаў куфар? Ну, Цішка! Ты ж мой разумнік, усё, пэўна ведаеш.
   - Не, мамачка. Я на вуліцы гуляў. На дрывотні.
   - А хлопцы дзе былі?
   - Там, - паказаў некуды ў бок Цішка. – Разам. Толя, праўда, хадзіў дамоў вады папіць. Казаў, што доўга не мог знайсці кубачак.
   Цішка зноў апусціў галаву і баяўся глядзець маці ў вочы. Усця ўсё зразумела.
   - А Толя табе цукру даваў?
   - Ну, даваў. І Сцяпану трохі. Толькі адзін разок. Не, два. Даўно.
    І ўсё ж Цішка як ні супраціўляўся спакусе – з’есці і цукру, і сухіх чарніц, але не вытрымаў. Ён расказаў не толькі, дзе Толя бярэ ключ ад куфара, але і тое, што браты пайшлі ў Баркі шукаць патроны ці яшчэ што з нямецкага ўзбраення.
   Бегчы туды за шэсць-сем кіламетраў цяпер, калі дзеці  вось-вось маглі вярнуцца, і шукаць іх там, было дарэмна. Сцішэлы і задаволены Цішка, расказаўшы аб усім маці, толькі туліўся да яе, ведаючы, што яму ад Толі, канечне ж, пападзе. Ды і гуляць яго цяпер браты не возьмуць…
   А Усця думала толькі аб адным: хаця б з малымі нічога не здарылася. Дзеці ж вунь з суседняй Марозаўкі, знайшлі там нейкі снарад, і прынеслі ў вёску. За гумном распалілі агонь і паклалі туды сваю “цацку”. Добра, што гэта заўважыў нехта з дарослых, пакуль снарад яшчэ не ўзарваўся. Дзяцей адагналі ад агню, але ўзрыў разбурыў вугал пуні, а асколкамі забіла навязаную непадалёк цельную карову. Дзяцей толькі аглушыла. А ў тых жа Барках, калі вось такія падшыванцы разбіралі міну і білі яе аб камень, узрывам адно хлапчаня забіла на месцы, а яго сябру адарвала далоні абедзвюх рук.
   Па сцішаным меншым сыне, па разгубленым твары Усці і маўклівых дочках Лявон, калі вярнуўся з вёскі, як стала ўжо вечарэць, здагадаўся, што нешта здарылася.  
   -  Дзе хлопцы?! – не распранаючыся, строга запытаў Лявон.
   - Цішка кажыць, што пайшлі па патроны ў Баркі. Яшчэ з раніцы, - узняла перапуджаныя вочы Усця. – Гэта ўсё Толя. Ён падгаварыў Сцяпана. І Цішку, во, застрашыў, каб маўчаў. Ледзь дапыталася. Што і рабіць, не ведаю. Робяць, што хочуць. Мне ж за кожным глядзець некалі…
   - Распусціла дзяцей, - незлабліва, больш для прыліку, буркнуў Лявон. – Пайду насустрач. Пэўна ж скора павінны быць. Ну, я ім пакажу патроны! Абодвум. Яны ў мяне гэта папомняць. Ды й галодныя, лічы, цэлы дзень…
   Дзеці вярнуліся, толькі калі сонца, прабіваючыся промнямі скрозь калматыя шапкі сосен-семяннікоў, ўжо садзілася за сцяну лесу за логам. Першым, не хаваючыся, з нейкай торбай у руках ішоў Толя. Сцяпан, кульгаючы, цягнуўся крокаў за трыццаць ззаду.
   - А ну, высыпай, што ў торбе, - схапіў Лявон старэйшага сына за каўнер. – Выварочвай кішэні!
   Разумеючы, што апраўдвацца няма сэнсу і баючыся яшчэ больш раззлаваць бацьку, Толя вытрас   і з торбы,  і з кішэняў пэўна з паўсотні патронаў, міну без узрывацеля, іржавы нямецкі штык  і яшчэ нейкае жалеззе. У Сцяпана такога дабра было менш.
   Лявон праверыў, ці ўсё вытрасена, і рэзкім рухам развязаў і вышмаргнуў са штаноў дзягу і, ўкленчыўшы Толю пад пахай, колькі разоў джагнуў таго па мягкім месцы. Сцяпан, бачыў, як бацька “хрысціць” старэйшага брата, і паспрабаваў уцячы з месца экзекуцыі, але, кульгаючы змог адбегчыся толькі на крокаў дзесяць-дваццаць. Лявон, раззлаваны і захаканы, зашмаргнуў дзягу і пагразіў Сцяпану кулаком.
   - Я не буду глядзець, што ты хворы, і цябе дастану! А ну марш усе ў хату! Заўтра з дому – ні нагой! І каб на дрывотні быў парадак. Сена ў пуні складзіце ў застронак. Нада к вечару пакарыць усе бярвенні, што за хлявом: скоблі  вісяць у падстрэшку.  

Сустрэча на Качарзе

   Лявон ужо даўно купіў у лясніцтве яловых і сасновых бярвенняў: неабходна было скончыць рубіць сваю лазню. Калі зруб быў ужо гатовы, Жыгула ўсё ж вырашыў, што свая лазня пакуль пачакае: трэба было за нешта купляць каня. Надыходзіла восень. Прыйшоў час, калі можна было што-небудзь прадаць на кірмашы ў Малінаве: падросшых ягнят, старога барана, можа нават і падсвінка. Узяўшы грошы і за гэта, і за новы зруб, то і на каня , бадай, што грошай хопіць.
    Кірмаш, дзе прадаваліся коні, знаходзіўся далёка, толькі ў Глыбокім, кіламетраў за сорак. Восеньскі дзень быў кароткі і, каб паспець туды, Лявон, паснедаўшы толькі варанай бульбай з алеем, выйшаў з дому яшчэ ў прыцемках. Нацянькі дайшоў да Паленава, на станцыю: адтуль было ўжо крыху бліжэй дабірацца на кірмаш.
   На жаль, каня ў той дзень Лявон так і не купіў. Былі, канечне, дарагія, не па Лявонавых грашах. А ў цыган купляць пабаяўся: а раптам крадзеныя ці хворыя. Тыя, казалі, умелі нават неяк надуць жывёліну, і тады худая старая кабыла ці конь здаваліся ўкормленымі і маладымі. Цыганы ўмелі нават бляск на скуру коней наводзіць.
   Дамоў Лявон вяртаўся пад вечар. Рашыў падацца па гасцінцу, дзе нядаўна на выбоінах у многіх месцах быў насыпаны свежы жвір. Ісці было цяжка, ногі вязлі, як у зімовым снезе. Гасцінец цягнуўся да Віруляў амаль увесь час праз лес.  Старыя ёлкі, якія спляліся ўнізе лапамі, падступалі амаль да самага шляху. Утравелыя абочыны, зарослыя за гады вайны лазовымі кустамі, якіх ніхто не ссякаў, ушчыльную падпіралі жвір і не давалі яму ссыпацца ўніз, у канавы.
   Жыгула ішоў і прыкідваў, дзе б прыдбаць здатнага каняку. Можа падацца ў Малінава? Гэта і бліжэй, ды і  можна з сабой узяць каго з вяскоўцаў: усё ж весялей і бяспечней будзе. Тады, пасля вайны, па лясах шастала многа бандытаў. Ці гэта былі паліцаі, якія хаваліся ад пакарання, ці, можа, дызерціры, але, маючы зброю, усе яны раскашавалі ў тутэйшых лясах. Па начах рабавалі магазіны, а ў дзень маглі напасці і на адзінокую кабету ці мужчыну, каб адабраць харчы, якое адзенне, а калі пашанцуе, то і грошы.
   Да дому Лявону заставалася толькі мінуць Качаргу, рэзкі паварот гасцінца, які якраз і быў падобны на сапраўдную жалезную памочніцу гаспадыні ля печы. Пра Качаргу, ад якой у абодва канцы праз лес да бліжэйшых вёсак было па два-тры кіламетры, хадзілі ў Вірулях усялякія чуткі. Дзяцей пужалі, што там нават днём могуць сустрэць чалавека ваўкі, што быццам бы ў тых месцах яшчэ пры Польшчы прапала нейкая пані, якая  без фурмана, адважылася ехаць адна ў Пунічы. Што здарылася з ёй па дарозе, невядома, але конь прыцягнуў у горад пусты вазок. Казалі, што тая паненка надта любіла грошы і пазней, праз гады, яна ператварылася ў разбойніка ці у таго ж ваўка і сустракала на Качарзе адзінокіх хадакоў.
   Лявон, канечне, знаў пра гэтыя забабоны, але не звяртаў на іх асаблівай увагі. Галоўныя думкі былі аб доме, аб зямлі.  А без каня, што на ёй рабіць? А, можа, пакуль восенню пазычу ў Гардзея Лусты, у яго ж двое. Усё ж нейкая радня жончына.
   - А ну стаяць! Адкуль? Куды? Якая вёска? І толькі праўду!  
   З-пад разлапістай ёлкі рэзка, ледзь не пад ногі, выскачыў неголены мужчына гадоў пад сорак ў вайсковым фрэнчы і галіфе. Другі, маладзейшы таксама даўно няголены, трымаў нагатове пісталет. Трэці, відаць, галоўны бандыт, калі ўжо Лявон быў пад прыцэлам, выйшаў з-за сваёй засады павольна, пацяшаючыся, што яны засталі чалавека знянацку. Жыгула быў вымушаны сказаць, адкуль ён і хто.
   - Выварочвай кішэні! Давай грошы! Ну!
   Лявону на вайне, канечне, даводзілася з фрыцамі “размаўляць” з дапамогай вінтоўкі. Але тут ён быў бязбройны. Адзін. Можна было б сігануць паўз іх у кусты, дзе  вялікае балота. Але там рос рэдкі сасоннік і куля магла вельмі хутка спыніць яго. Загінуць вось так недарэчна, Лявон не мог. Яго ж дома чакаюць дзеці. Дзеля іх, дзеля сваёй зямлі ён і вярнуўся з фронту ў 1945-м, а не паехаў, як некаторыя, ў тую ж Англію ці Амерыку.
   - Якія грошы, - больш для сябе чым для бандытаў, разводзячы рукі, як мага спакайней адказаў Жыгула.
   А сам меркаваў, што ж рабіць? Добра што яшчэ дома, перад кірмашом, ён у двух месцах сам, без Усці, зашыў грошы ў каўнер шыняля.
   - Нічога ў мяне няма. Во толькі ў торбе колькі бульбін для дзяцей нясу ад цёткі. У Пунічах быў. – Ат, - дэманстратыўна скінуў Лявон на жвір ужо добра паношаны шынель. - Шукайце самі.
   - Абыскаць! – скамандаваў цывільны.
   Трэці, самы маладзейшы вывернуў кішэні, забраў прынесены яшчэ з вайны нямецкі сцізорык з рознакаляровымі тронкамі, увесь самасад, які быў у жалезнай пушачцы і некалькі манет.
   - Скажаш каму, што нас тут бачыў, і хату спалім, і бахуроў тваіх знішчым. Мы тут усё пра ўсіх ведаем. Марш адсюль! І не аглядвацца. Бягом!
   Лявон падхапіў шынэль і, не апранаючыся, узмакрэлы, аж кашуля прыліпла, подбегам падаўся па гасцінцу ў бок вёскі.
   “Не”, - крыху супакоіўшыся і пацепваючы плячыма, цвёрда рашыў Жыгула: па каня пайду ці паеду на кірмаш не адзін. Вазьму хаця б таго ж Гардзея Лусту ці дзеда Яфіма. Яны мужчыны яшчэ крэпкія, бывалыя. Ды й выбраць каня памогуць. Усё ж свае, вясковыя мужыкі.

Стараста – салдат

   Антон Луста пайшоў на фронт як і ўсе вяскоўцы, у жніўні 1944 года. Тады забіралі ўсіх маладых мужчын, хто не змог ці не рызыкнуў схавацца ад прызыву. Улады не разбіралі, хоча ісці на фронт чалавек ці не. Ніхто не глядзеў, колькі ў прызыўніка дзяцей, двое ці шасцёра, і хто заставаўся дома на гаспадарцы. Фашыстаў і наогул ворага трэба было праганяць з бацькоўскай зямлі. Гэта разумелі і прыхільнікі савецкай улады, і яе праціўнікі, і тыя, хто наогул нічога не кеміў у палітыцы.
   Антон пакінуў дома старых маці, бацьку, нямога дзядзьку і траіх дзяцей, якіх паспеў ужо нажыць у свае дваццаць восем год. Ніхто, пэўна, у яго асабліва і не дапытваўся, кім ён быў тут, на акупіраванай тэрыторыі. Фронт патрабаваў усё новых і новых ахвяр.
   А вайна не дзяліла салдат на сваіх і чужых: яны ўсе адразу станавіліся воінамі Чырвонай арміі. Дзе і як ваяваў Антон, Жыгула не ведаў, сустрэцца на фронце не давялося. У 1945 годзе не ўсе салдаты з Марозаўскага сельсавета вярнуліся дамоў. Прапаў без вестак і Ігнат, старэйшы з сыноў бабулі Волькі. Казалі, быццам бачылі яго вяскоўцы, калі ішлі баі за Берлін. Дзе і як ён загінуў, а можа, застаўся жывым і падаўся да англічан ці амерыканцаў, ніхто так і не даведаўся.
   Антон вярнуўся дамоў на мыліцах, цяжка паранены ў бядро. Але, дзякуй Богу, жывы, з медалямі. Адной з іх – “За адвагу” ганарыўся асабліва, паказваючы старому бацьку. А той разумеў, што пакуль сын канчаткова не выздаравее, не кіне мыліцы, яму давядзецца, лічы, аднаму ўпраўляцца па гаспадарцы. Добра, хоць коні былі, плугі ды бароны захаваліся. Каб пераараць, дзе трэба зямлю, за плугам мог пахадзіць і нямы дзядзька, ды й сам быў яшчэ не зломак. Вунь ужо і старэйшаму ўнуку хутка стукне дзесяць гадоў. Самы раз можа баранаваць раллю пасля сяўбы жыта ці ярыны.
   Гардзей бачыў, як зблажэў пасля вайны Антон, але першыя дні не дапытваўся ў сына, ці чапляліся да яго адразу пасля мабілізацыі, яшчэ ў райцэнтры, змгэбэшнікі, ці выпытвалі, што ён рабіў у час свайго вымушанага старастоўства. Ды стары Гардзей і сам ведаў, што па віне сына ніхто ў Вірулях не быў арыштаваны ці забіты пры немцах. А тое што Антону даводзілася складваць спісы людзей і накіроўваць іх баранаваць гасцінец, ахоўваць чыгунку, ці вазіць лес у Паленава, бацька не лічыў нейкай здрадай сваёй радзіме. Наадварот, менавіта яго і сынава хітрая палітыка дапамагала захаваць жыццё большасці вяскоўцам.
   І наогул Гардзей і Антон былі сваімі людзьмі для вірульцаў. На сядзібу Лустаў не раз за харчам і па іншай патрэбе прыходзілі партызаны. Антон, як стараста, рызыкуючы сам загінуць за непадпарадкаванне немцам, ні разу не выдаў іх, не паведаміў паліцаям у Марозаўскую камендатуру ці, больш таго, у Пунічы.
   Добра, што ўдалося дзесьці праз год пазбавіцца ад такой надта ўжо “гарачай” пасады. Немцы ж, калі прызначалі на яе Антона, пэўна, бралі ў разлік тое, што ён быў тады, у двадцаць пяць год, сур’ёзны, нават крыху суровы з выгляду малады чалавек, што іх гаспадарка з’яўлялася, бадай што, самай моцнай ў Вірулях. І немцы лічылі, што багацейшы чалавек, несумненна, і самы разумны. Яны спадзяваліся, што ён больш смела будзе выступаць супраць савецкай улады.
   Вядома ж, яна не падабалася ў вёсцы амаль нікому. Але і нямецкія парадкі былі жорсткімі і бесчалавечнымі. Гэта абвастрылася яшчэ больш тады, калі і ў заходніх абласцях Беларусі пачалі дзейнічаць партызанскія атрады, куды ўступілі і некаторыя маладыя хлопцы ці мужчыны. Абодва Лусты ведалі ды і бачылі асабіста, як у вёску, а часцей – на хутары прыязджалі, нават днём, партызанскія падводы па харч. І ні разу стараста Антон Луста не выдаў іх немцам, якім вымушаны быў падпарадкоўвацца.
   Антону спачувалі ў вёсцы, калі ён на мыліцах, перамагаючы хваробу, усё ж неяк спрабаваў рабіць што-небудзь па гаспадарцы. Людзі ведалі, што ў яго сярэдні сын кульгавы  ад нараджэння, што гора ў сям’і і так хапае. І вайна, і памяркоўныя адносіны да яго вяскоўцаў вымушалі Антона забыцца на гады акупацыі і сваё старастоўства: трэба было наладжваць гаспадарку, жыць з сяльчанамі як і раней, па-людску. Паважалі яго і франтавікі, разумеючы, што калі дзяржава даверыла чалавеку зброю для абароны сваёй зямлі, то ён не можа быць яе ворагам.
   Першыя два гады пасля вайны яго і бацьку эмгэбэшнікі не чапалі. Але пазней, калі ў заходніх абласцях рэспублікі пачалася калектывізацыя, улады прыпомнілі Лустам іх мінулае ў час акупацыі. Абодва былі арыштаваны і асуджаны, хаця ў 1953 годзе, пасля смерці Сталіна, Антон быў вызвалены з пад варты.
    Якое там было следства і ці правадзілася яно наогул, Жыгула не ведаў. Канечне, ён бываў, і не раз, на сядзібе Лустаў, вадзіў з ім кампанію, але яго ніхто не выклікаў на допыт ні ў раён, ні тут у вёсцы. Абвінавачванне абодвум Лустам, як пад капірку, было прывычным для тых гадоў: “маўляў, у час акупацыі правадзілі антысавецкую прапаганду паражэнчага характару…”  

Гэська

   Яшчэ да грашовай рэформы, у канцы снежня 1947 года Лявон усё ж паспеў купіць каня. Гэська, як назваў гаспадар цяпер свайго галоўнага памочніка, быў ужо не малады конь, спакойны і цягавіты. У калёсах ці за плугам хадзіў паслухмяна, без выбрыкаў, як, бывае, некаторыя маладыя неаб’езджаныя коні. “Нічога, вось крыху падраблюся, пабагацею, куплю другога”, - меркаваў Жыгула. Ворыва ў яго было многа, амаль столькі ж, як і ў самых спраўных гаспадароў у вёсцы – Гардзея і Антона Лустаў. У тых было два кані, і то яны іншы раз наймалі сяльчан пераараць папар ці дзірван, запрагаючы ў параконны плуг свайго і чужога каня. Аб гэтым марыў і Лявон. Праўда, дзе і за якія грошы купіць такі плуг, каб не пазычаць, ён пакуль не думаў.
   А свайго Гэську любіў не менш, чым дзяцей. Бывала, возьме з сабой самага меншага Цішку, пасадзіць на цёплы хрыбет каня і, трымаючы дзіця за руку, злёгку паганяе дубцом жывёліну. Конь, быццам разумеючы, што з ім гуляюць, ішоў ціха, каб не скінуць малога. А Цішка, калі Гэська заходзіў у хляў у стойла, нагінаўся, каб не дастаць галавой столь з тонкіх жэрдак, зацянутых дзе-ні-дзе павуціннем. Хлопчыку адначасова і падабалася так ездзіць, асабліва калі бацька падкладваў на кашчавую спіну каня старую ватоўку, і было страшна, бо надта ж высокім здаваўся Гэська. Каб прывучыць таго да дзяцей і да Цішкі  у першую чаргу, Лявон іншы раз даваў малому скарынку хлеба і казаў:
   - Занясі ў хлеў, дай пакаштаваць Гэську. Толькі падыходзь збоку, ад галавы. Каб не ўбрыкнуў.
   - Я, я… баюся. У яго такія зубы…
   - Ты не баіся. Ён добры. Ну, хай сабе: пойдзем разам.
   Цішка звычайна ішоў першым, трымаючы ў руках скарынку хлеба. Убачыўшы малога, Гэська, ведаючы, што яго на гэты раз не выведуць са стойла і не запрагуць у калёсы, прызыўна, але глухавата іржаў, смешна адтапарваючы вялізныя і заўсёды мокрыя губы. Цішка, асцерагаючыся, працягваў яму скарыначку, баючыся, што той схопіць яго за пальцы зубамі. Але Гэська браў хлеб акуратна, спачатку мацаючы, быццам чалавек рукой, такую рэдкую прысмаку.
   Асмялеўшы, Цішка потым пералазіў у высокія яслі Гэські. Там заўсёды на дне ляжалі то сена з аселіцы, а летам, ахапачак свежай канюшыны ці сырадэлі. Калі бацька запрагаў Гэську і некуды ехаў са двара, дзеці гулялі тут ў хованкі. Цішка часцяком, накрыўшыся сенам, сцішана чакаў, што яго вось-вось прыйдуць шукаць браты, ды не знойдуць.
   Аднойчы так і здарылася. Тады дзесьці пасля палудня з хутара Панаса Шылы, як заўважылі сёстры, да іх па нейкай патрэбе ішла равесніца Цішкі чорненькая, як цыганачка, адзіная дзяўчынка ў Панасавай сям’і – Люська. Цішку сёстры заўсёды дражнілі, што, маўляў, яна – яго нявеста. Хлопчык добра не ведаў, што гэта значыць, але яму было заўсёды сорамна. Ён чырванеў, злуючыся, што не можа неяк утаіць чырвань, і ў адказ абзываў старэйшую сястру Тасю – Голдай. Так звалі ў суседняй Марозаўцы тоўстую, як калода старую яўрэйку, якая, казалі, з’ехала зглузду і патрабавала, каб усе называлі яе царыцай Кацярынай. Дражнілі яе і дзеці, смяяліся і дарослыя. А ў вірульцаў слова “Голда” стала мянушкай для ўсіх недавяркаў і блазнотаў.
   - Пэўна ж Люська ідзе да Цішкі, каб жаніцца, - гучна, каб чулі ўсе дзеці, знарок расцягвала словы Тася.
   Смех астатніх дзяцей выгнаў хлопчыка з хаты. Ад сораму ён не ведаў, куды падацца, каб толькі не сустрэцца з Люськай. А тая пэўна ж і не ведала, што сёстры і браты называюць яе нявестай Цішкі. На вочы трапіліся адчыненыя дзверы хлява, і ён сігануў унутр. Гэська, убачыўшы, лічы, свайго сябра, прызыўна, толькі аднымі губамі бязгучна забэмкаў і адступіў у бок. Ён спадзяваўся, што хлопчык нясе яму скарынку хлеба. А Цішка спрытна ўскочыў у яслі, закрыўся з галавой сенам і сцішыўся. Ён чуў, як зайшла на двор Люська.
   - Мама прласіла пазычыць лрэшата, - пракартавіла яна. – Я сёння ж прлынясу яго назад.
   Цішка ляжаў пад сенам ні жывы ні мёртвы і баяўся, каб толькі ніхто, тым больш сама Люська, не заглянулі ў хлеў і не знайшлі яго. Хлопчык чуў, як “нявеста” развіталася і пайшла дамоў, як некуды падаліся гуляць дзеці. У яслях, нават скурчышыўся, ляжаць было мякка і цёпла, і Цішка, які ўжо добра набегаўся з раніцы па вуліцы, незаўважна для сябе заснуў.
   Колькі ён так праспаў, хлопчык не ведаў, але калі прачнуўся, то сонца ўжо хілілася долу. Праз прыадчыненыя дзверы хлява ён бачыў, як па панадворку мітусіліся дзеці; відаць, шукалі яго, чуў, як на сясцёр сварылася маці, што так неразумна дражняцца з малым. Праціраючы заспаныя вочы, Цішка выйшаў з хлява, абтрасаючы старую шарстуху, якая наліпла на адзежу.
   - Ну, дзякуй Богу, знайшоўся, - падхапіла маці на рукі ўсё яшчэ соннага Цішку. – Дзе ты быў? Мы цябе дзе толькі не шукалі: і ў пуні, і ў вараўні, і на гарышчы… Чаго ты схаваўся?
   - Я не схаваўся. Гэську, во, скарынку занёс, - зманіў Цішка маці. – І карміў яго, седзячы ў яслях. А  там так цёпла, і сена пахне, як на гумне….
   Пасля таго, увечары, бацька, калі даведаўся, што днём здарылася з Цішкам, строга зазначыў старэйшым дзецям:
   - Каб гэта было ў апошні раз! Хто  прыдумаў так насміхацца над малым?! Вунь хата як след не мецена, талеркі пасля сябе не памылі. А вы здзеквацца з малога надумаліся…
   Лявон не стаў клікаць сваю дзягу, каб з яе дапамогай “пагаварыць” з Тасяй і Жэняй. Ды і старэйшыя хлопцы зразумелі, што ў другі раз дзяга можа “пагуляць” і у іх па спіне.

Падаткі

   Апошнім часам Лявон прыходзіў да дому з поля ці з вёскі, калі хадзіў туды па якой патрэбе, маўклівы і злы. Усё нешта думаў сваё. Тады Цішка яшчэ не здагадваўся, што бацька не ведае, дзе ўзяць сродкі, каб заплаціць падаткі за зямлю і скаціну, страхоўку за будынкі.
  Трэба было да зімы здаць у сельсавет і натуральныя пастаўкі: мяса, свіныя скуры, малако, масла, яйкі, зерне, воўну, капусту, бульбу, моркву. А сена - завезці на станцыю ў Паленава. Горш таго, каб неяк зарабіць грошай на падаткі, трэба было нешта сур’ёзнае прадаць на кірмашы, але дзяржавай была ўстаноўлена забарона гандляваць сялянам менавіта гэтымі ж таварамі і харчам.
   Савецкія і партыйныя ўлады не толькі меркавалі, а былі без пярэчання ўпэўнены, што аднаасобнікі – гэта, калі і не адкрытыя ворагі савецкай сістэмы, то ціхія сабатажнікі. Ад іх, маўляў, можна чакаць нейкага прыкрытага процідзеяння ўладзе. Бальшавікі разумелі, што дбайнаму гаспадару, які сам сябе корміць на зямлі, нейкія там кіраўнікі зверху непатрэбныя. Чалавек, які пабагацеў дзякуючы сваёй працы і цвёрда стаў на ногі, увогуле свабодны. А каб яго зламаць, прымусіць любіць савецкі лад жыцця, трэба было абкласці такога аднаасобніка непад’ёмнымі падаткамі ці пазбавіць галоўнага багацця на сяле – зямлі, загнаць у калгасы.  
   Чуткі пра гэта пераказваў Лявон Усці, і аб тым жа баяла бабуля Волька. Яна хоць і не ўсё разумела, але прадчувала, што, калі адберуць зямлю ў вяскоўцаў, іх, збяднеўшых, можна зрабіць паслухмянымі. І наогул, бальшавікі адносіліся да тых, хто перажыў акупацыю, а тым больш да “захаднікаў” з вялікім недаверам.
   А Лявон, як, зрэшты, і ўсе спраўныя, працавітыя  гаспадары ў Марозаўскім сельсавеце, паступова стаў, як кажуць, абжывацца. Купіў і таго ж Гэську, і завёў другога парсючка, быў яшчэ ў гаспадарцы і падцёлак, тры авечкі з ягнятамі. І амаль большасць такога дабра трэба было прадаць каб выплаціць грашовыя і натуральныя падаткі. Гэтага патрабавала ад сяльчан спецыяльная пастанова ўрада Беларусі, якая была прынята ў канцы лета 1947 года менавіта для сялянскіх гаспадарак з заходніх абласцей рэспублікі. Пастанова адмяняла ўсялякія ільготы для пацярпелых ад нямецкай акупацыі.
   Улады рабілі ўсё дзеля таго каб, прымусіць сялян ісці ў калгасы. Але пакуль гэта работа ішла без вялікага гвалту. Бальшавіцкія агітатары наязджалі ў вёску, лічы, кожны месяц, збіралі людзей на сходы. Асабліва ж хвалілі жыццё ў калгасах партыйныя начальнікі з Бягомальскай савецкай зоны.
   Але  вірульскія, марозаўскія, ды сяляне і з другіх вёсак сельсавета ведалі, што яшчэ  перад узнаўленнем там пасля вайны калгасаў людзі імкнуліся неяк перабрацца ў заходнія раёны, дзе было што з’есці, і дзе вяскоўцы яшчэ не адвучыліся гаспадарыць на зямлі. Такіх, як суднікаўскі найміт на сядзібе ў Лявона, было тады ў вёсках нямала.
   - Усёроўна будзе яшчэ адна вайна, - даводзіла бабуля Волька, як прыходзіла да Усці на хутар на пасядзелкі. – Кажуць, што прыйдуць да нас тады англічаны ці амерыканцы і разгоняць гэтыя каўкозы. Яны ж вунь такую сілу маюць: там узарвалі, кажуць, недзе ў свеце тамовую гонгу, і ўвесь горад гэты атам разам з людзьмі знішчыў да самай зямлі. Ты, дачушка, кажы свайму, каб не у які  каўкоз не ўступаў. Тады вы зусім прападзеце. І так во ў вас колькі зямлі абрэзалі. Казалі…
   Бабуля наганяла страху не толькі на дачку, але і на ўсіх дзецей, хто слухаў яе аповяды пра яшчэ адну вайну ды пра калгасы, якіх трэба баяцца. І сапраўды ў Альхоўцы, якая межавала з Бягомальшчынай, маладыя мужчыны, хто партызаніў там, усё ж восенню рашылі стварыць калгас. Звезлі ў адно вялікае гумно ўсе плугі ды бароны, калёсы і вупраж.  Сабралі ў адну вялікую стайню коней. Ці то ад таго, што жывёліне стала цесна, ці таму, што ім не хапала сена, добрага догляду, ці яшчэ ад якой халеры, але коні сталі хварэць і дохнуць. Да вясны іх засталося менш дзесятка, хілых і слабых. Ды і сеяць не было чым: сяльчане пабаяліся перад зімой здаваць у агульную клець кожны сваё насенне. Так калгас і разваліўся.
   А хвароба, кажуць нейкая язва, пайшла гуляць па ўсіх канюшнях ды стайнях. Лявон баяўся, каб яна не дабралася і да яго на хутар. Але ж ён, не ведаючы яшчэ, што здарылася ў Альхоўцы, раней бываў там у вёсцы, нават каля той жа агульнай стайні. І, на жаль, неяк перанёс на хутар хваробу. Тады ж яшчэ не ведалі, наколькі яна небяспечна і як трэба ад яе  асцерагацца. Ды і калі б зналі добра, то ўсёроўна некаму было за ўсім гэтым сачыць. Ветэрынарныя ўрачы, калі і былі, то толькі адзін ці два на ўвесь раён.
   Гэська спачатку перастаў, як заўсёды з апетытам есці, стаяў апусціўшы галаву і нават не хацеў скубсці зялёны муражок на гумне каля пуні, не браў і лустачку хлеба. Дні праз тры яго давялося прырэзаць.
   - Што ж мы будзем цяпер без Гэсьціка рабіць, - галасіла Усця. - А божачка ж ты мой! За што ж такая напасць? А ці ж дзеткі вінаватыя? Як жа нам без каня?
   - Ды сціхні ты, - сціскаючы зубы, каб самому не заплакаць, грубавата спрабаваў спыніць жонку Лявон. – Што ўжо цяпер зробіш? Ідзі во лепш убяры ўсё з конскіх ясляў ды спалі на выгане. А раптам хвароба перакінецца на карову ці яшчэ на якую жывёлу. Я чуў, што мяса ад такога каня яшчэ могуць есці свінні, калі яго зварыць…
   Як бацька абыходзіўся далей з канём, Цішка не бачыў. Яны тады па загаду Лявона хадзілі ў лес па сухое ламачча, каб распаліць вялікі агонь. Засцерагаючыся ад іскраў, яго рашылі разлажыць пасярод гумна, далей ад пабудоў.
   Наступала лета, на двары было даволі горача. Да агню, дзе на высокіх камянях стаяў вялізны, на дзесяць вёдраў, чыгунны кацёл, не падыйсці. Калі Цішка з братамі ў чарговы раз прыцягнулі з лесу ламачча, мяса ў ім кіпела ўжо на поўны моц. Смачны пах ад яго разносіўся ветрам ва ўсе бакі і здавалася, што ты сядзіш на Вяліканне за святочным сталом, а маці нясе з печы кавалак варанага мяса, з якога яшчэ ідзе пара...
   Цішка толькі аблізнуўся, разумеючы ўжо, што конскае мяса, калі яго не зварыць, прападзе. А так могуць з’есці хоць свінні. Ля агню, сагнуўшыся, седзячы на нейкай калодцы, курыў бацька. Ці ад дыму, ці яшчэ ад слёз, але вочы яго былі чырвоныя.
   Шкада Гэську было і Цішку: ён быў такі разумны, дужы, асабліва калі вазіў з логу сена. Бацька звычайна падсажваў меншага сына, каб той сам мог схапіцца за парубень , якім прыціскалі шарстуху, і залезці наверх. Адтуль, як толькі Лявон падаваў яму лейцы, было так ёмка кіраваць Гэськай. Зверху і браты, і нават бацька здаваліся меншымі. А галоўнае, – каб не зваліцца, трэба было добра ўперціся нагамі ў вяроўку, што трымала парубень зпераду.
   Бацька нават давяраў Цішку кіраваць канём, калі яны заязджалі ў шырокія расчыненыя вароты пуні. Тады Лявон падхопліваў пад пахі сына, як той слізгаў уніз, і адводзіў убок, здымаў парубень. А сам, падціскаўся пад воз, зваў на дапамогу Усцю або Толю, калі тыя былі побач, і упіраўся нагамі ў дол. Крэкчучы і намагаючыся, пераварочваў калёсы. Дзецям потым толькі заставалася скласці віламі тую ж куслівую шарстуху ў асобнае месца, каб ператрасаць яе потым зімой з мяккім мурагом ці ячменнай саломай. Такую трасянку вельмі добра елі і той жа Гэська, і карова.
   Авечкі ж, стоячы ў сваім катуху, большасць нелюбімай шарстухі выцягвалі з драбінаў сабе пад ногі, і за зіму яе ўжо як гною збіралася да паўметра. Калі ў авечак з’яўляліся мяккія, як коцікі, ягняты, браты і Цішка любілі гуляць з імі. Тыя маглі цярпліва, не брыкаючыся, ляжаць як дзіцянё на руках, нават не мэкаўшы, каб пазваць маму-авечку. Усця і сёстры часцяком праганялі хлопчыкаў адтуль, каб не мучылі ягнят, але цяга да ўсяго жывога, малога і безбароннага, асабліва ў Цішкі не знікала.
   Неяк раз маці купіла на кірмашы маленькага, трохі больш за ката, парсючка, дык хлопчык, увесь вечар, седзячы ў цёплым запечку, гушкаў і лашчыў яго, як сёстры, бывала, тую ляльку. Маці і бацька хоць і бурчэлі на Цішку, нашто, маўляў, ён мучыць парася, але, як кажуць, чым бы дзіця не цешылася, абы не плакала. А хлопчык і сапраўды, калі ў яго адымалі такую вось любімую “цацку”, (другіх жа і не было), мог разраўсціся на ўвесь вечар. А так і бацька, і старэйшыя сёстры, якія хадзілі ўжо ў вясковую школу і рабілі ўвечары ўрокі, усе маглі спакойна займацца сваімі справамі.
   Пасля Гэські ў хляве і ва ўсім двары стала неяк пуста. Мала таго, што Лявон пазбавіўся свайго галоўнага і дужага памочніка, ён, здавалася, згубіў і сябра. Бывала, бацька даваў Цішку скарыначку хлеба, каб пачаставаць Гэську. Калі сын прыходзіў з хлява, Лявон з сур’ёзным выглядам, хаваючы лагодную ўсмешку пытаўся:
   - Ну што табе сказаў Гэська? Чаго яшчэ просіць?
   Спачатку Цішка, нават разумеючы, што Лявон шуткуе, не мог прыдумаць такога ж  дасціпнага і смешнага адказу. Пазней, калі зразумеў, што бацька жартуе, адказваў:
   - Казаў, каб сёння для яго была нядзеля. Ён і так замарыўся. Хоча адпачыць. І прасіў яшчэ адну скарыначку хлеба.


Прывід калгасаў

   У вёсках сельсавета шырылася глухое нараканне на калгасы. Але яны, што б ні прыдумвалі сяльчане, каб ад іх пазбавіцца, няўмольна наступалі на сяльчан. Лявон ведаў, што недабітыя паліцаі і проста бандыты, калі дазнаваліся, хто агітуе і першы ўступае ў калгасы, палілі іх сядзібы, расстрэльвалі агітатараў ці сельсавецкае начальства. Яны ўжо адвыклі ад працы на зямлі, мелі многа свабоднага часу і толькі займаліся балбатнёй ды любілі камандаваць.
   - Ведаю, хто першым лезе ў гэтыя калгасы, – іншы раз распавядаў Лявон, калі прыходзіў з вёскі, – беззямельныя ды гультаі. А мне ні жадання, ні часу няма, каб мітынгаваць. Бальшавікі ж гэтыя надзялілі іх вялікай уладай. Ды яшчэ зброю далі. А што ж я магу проціпаставіць іх сіле?..
   Праўда, калі партыйны начальнік, немалады ўжо чалавек у акулярах, яўрэй Гофман разам з аднарукім пракурорам раёна і маладым хлопцам, участковым міліцыянерам, прыехалі на брычцы ў далёкую лясную вёсачку Вуглы арганізаваць калгас, здарылася нечаканае.
   Сход быў на сельскай вуліцы. Калі ўсе ўгаворы і запалохванні, каб людзі ўступалі ў калгас, не дапамаглі, пракурор, не стрымаўшыся ад злосці на гэтых цёмных сялян, выхапіў з кабуры пісталет і пачаў усім пагражаць. Першай не вытрымала Агата. Яна пры Польшчы толькі адну зіму хадзіла ў школу. Яе мужык і старэйшы сын не вярнуліся з вайны. Кабета адна, як магла і ўмела, вяла гаспадарку, гадавала яшчэ пецярых малых дзяцей. За гады тры так-сяк завяла скаціну, сеяла жыта, плаціла падаткі і магла неяк існаваць. А тут яе прымушаюць усё прыдбанае цяжкай працай аддаць у калгас, пакінуць ёй толькі 25 сотак зямлі і жыць далей на нейкія працадні. А як?
   Схапіўшы з долу прыгаршчу пяску, яна шпурнула яго ў вочы пракурору:
   - На, тваю маць! Палучай! Я не хачу каб мае дзеці памерлі з голаду!Ты во з вайны прыйшоў жывы, а мае за вашу ўласць галовы склалі? І вам усё яшчэ мала? Дайце вы людзям жыць. Не чапайце нас, не замінайце людзям. Мы знаем, як трэба на зямлі працаваць. І хлеба ў вас не просім…
   Кабету прама на сельскім сходзе арыштавалі і павезлі ў Пунічы, у раён на допыт. У эмгэбэшнікаў быў вопыт, як з любога, нават неадукаванага чалавека, які не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, зрабіць “ворага” народа і пасадзіць у турму на дзесяць ці на дваццаць пяць гадоў або нават расстраляць. Як не чапаліся да Агаты так называемыя следчыя, яна цвярдзіла адно і тое ж:
   - Я не супраць калгасаў. Проста не хачу ў яго ўступаць, бо дзяцей нечым будзе карміць.
   Правалавэндзіўшыся з тыдзень з непісьменнай кабетай, якая і подпіс пад пратаколам допытаў як след ставіць не ўмела, рашылі яе адпусціць. Тым больш, што фармальна яна была не супраць калгасаў. Ды і пракурору пагалоска на ўвесь раён пра яго абразу ад нейкай дурнаватай, як яе лічылі, кабеты была не да спадобы. І так ужо эмгэбэшнікі цішком смяяліся з таго, што вось, як баба навучыла гэтага “законніка” агітаваць людзей за калгасы.
   Тыдзень арышту скончыўся, і ўсё той самы ўчастковы міліцыянер, згодна з пастановай пракурора аб’явіў ёй:
   - Мы пашкадавалі тваіх дзяцей. А то загрымела б ты на дзесяць годзікаў у турму. Мы праверылі, дзе пахаваны твае мужык і сын. Пад камандаваннем нашага генералісімуса Сталіна яны абаранялі нашу любімую савецкую уладу. Таму і маеш ты ад дзяржавы спагаду. Але помні: у калгас ты ўсёроўна павіна ўступіць. Не сёлета, дык налетась. А будзеш брыкацца, як тады, ніякай спагады ні табе, ні тваім дзецям не больш будзе. Во тут, у паперах, усё пра цябе запісана. А цяпер – можаш забіраць свае манаткі і марш дамоў!
   - Нікуды я не пайду, - нечакана для самой сябе, а больш для ўчастковага выгукнула Агата.
   З тыдзень нямытая, з нечасанымі і ўжо крыху ссівелымі валасамі, ў расхрыстанай старой камізэльцы, яна, узяўшы рукі ў бакі, паўтарыла:
   - Не паеду дамоў! Мяне тут во кормяць, хлеб-чай даюць. А што я буду есці дома? Вы ж так падаткамі задавілі, што толькі адна карова ў хляве і засталася. Як прывезлі сюды самі, так і вязіце мяне назад.
   Малады міліцыянер не чакаў такога напору і смеласці. Упэўніўшыся, што гэтай абразы ў свой і ў адрас улады ніхто больш не чуў, ён хуценька, маўчуком замкнуў дзверы і, відаць, падаўся параіцца да начальства, што рабіць з гэтай нахабнай цёткай. Прамучыўшыся, энкэвэдэшнікі нават пастрашылі Агату яшчэ з гадзіну, але ўсё ж загадалі шафёру завезці смелую кабету ў яе Вуглы.
   А там жанчыну ўжо і не чакалі, бо ведалі, што нават і не за такія штукі людзей адразу саджалі ў турму. Ужо і дзяцей родныя і сваякі разабралі па хатах, і карову стала даіць суседка. Сустрэлі Агату насцярожана, але калі даведаліся, што яе з Пунічаў адпусцілі падчыстую дый яшчэ самі прывезлі назад, яна ў вачах вяскоўцаў стала амаль гераіняй. Людзі зразумелі, што і з цяперашнімі Саветамі можна неяк змагацца, даказваць, што сяльчан таксама трэба цаніць і паважаць.
Пэўна, дачуліся пра гэты выпадак, а мо таму, што сапраўды было вельмі шкада дабра, нажытага цяжкай сялянскай працай за апошнія гады, але і ў Вірулях двое братоў-хутаранцаў Рымшаў таксама не пажадалі ісці ў калгас. Каб неяк зламаць іх упартасць, рашылі пазбавіць іх назапашанага на зіму сена для ўсёй скаціны. Старшыня Марозаўскага сельсавета Лубінец загадаў забраць у хутаранцаў усе восем стагоў сена. Ён быў таксама прышлы, казалі, нават сябар того ж Круталёва, які быў тут да вайны.
   - Бяры людзей і падводы ў вёсцы, - загадаў Лубінец сакратару сельсавета Шаптовічу, - і едзь па сена.
   - Я не паеду!
     Малады чарнавалосы, як цыган хлопец у час вайны быў у нямецкім рабочым лагеры, але выжыў. Пасля вызвалення адтуль нават паслужыў у войску, аднак на фронт трапіць не паспеў – вайна скончылася. І ён уперся, як тыя Рымшы. Ён ужо меў свае меркаванні аб усім. Шаптовіч яшчэ да вайны скончыў сем класаў, трохі ведаў цяперашнія законы, многа чытаў і разумеў, што Лубінец, як кажуць, перагінае палку. Так нельга агітаваць за ўступленне ў калгас, бо гэта ўжо адкрытае насілле і самаўпраўства. А старшыні сельсавета хацелася як найхутчэй замальдаваць  у раён, што ён лепш за іншых спраўляецца з выкананнем плана калектывізацыі і яшчэ раз пацвердзіць вірульцам, хто цяпер на сяле галоўны гаспадар.
   Назаўтра Лубінец так нічога і не вырашыў сам, загадаў Шаптовічу, калі той прыйшоў на працу прыйшоў на працу:
   - Пішы павесткі людзям ехаць па сена да Рымшаў.
   - Не буду! – зноў рэзка адмовіўся хлопец.
   - Ты больш не сакратар! – разлютавана стукнуў кулаком па стале Лубінец.
   Белаваты шрам, відаць, ад ранення,на абветраным твары старшыні, стаў паціху налівацца чырванню.
   - Ухадзі! Я – сам. Райкам, партыйцы, думаю, мяне падтрымаюць.
   Некалькі падвод пад камандаваннем Лубінца, у якога, як дарэчы тады і ва ўсіх старшынь сельсаветаў, быў з сабой пісталет, паехалі на хутар па сена. Яго прывезлі ў вёску, але разабралі толькі тыя, хто ўжо ўступіў у калгас або паленаваўся сам накасіць летам.
    Ці хто падказаў Рымшам, ці самі датумкалі, але яны не паленаваліся з’ездзіць у раён і рызыкнулі паскардзіцца начальству на метады “агітацыі” Лубінца за калгасы. У Вірулі прыехаў следчы, пераглядзеў дакументы, знайшоў падробленае Лубінцом рашэнне сельсавета, аформіў патрэбныя пратаколы. І прыйшлося яму і тым, хто адважыўся ўзяць сена, грузіць яго самому і везці назад на хутар. Праўда, некаторыя адвезлі сваё ж гніллё, а не здатны корм. Бюро райкама партыі зняло Лубінца з пасады, а за самаўпраўства ён быў асуджаны на пяць гадоў.
   Лявон ведаў пра гэтыя выкрутасы старшыні сельсавета і, як мог, цягнуў час, каб не ўступаць у калгас. Можа і сапраўды, як казала тая Усціна маці – Волька, калгасы яшчэ адменяць. А тым больш, калі пачнецца яшчэ адна вайна, ён разумеў, што пакідаць сям’ю ні з чым, ніяк нельга. Падсцёбвала і тое, што тады, у 1946 -1950 гадах у Маладзечанскай вобласці ў лясах было многа бандытаў, якія забівалі актыўных калгаснікаў, старшынь калгасаў, партыйных сакратароў, грамілі іх канторы, рабавалі магазіны.
    Страшна было і не падпарадкавацца ўладам. Баяўся Жыгула і таго, што бандыты, паквапіўшыся на яго дабро, могуць і сапраўды спаліць хутар: да лесу ж было ўсяго дзве сотні крокаў.  

Бандыты

   Тым больш, што ўсяго нейкі тыдзень назад нейкія злачынцы абрабавалі ў Марозаўцы магазін. Не вядома ці быў там вартаўнік, але злодзеі не рызыкнулі ламаць штабу на дзвярах, каб не нарабіць сабачага гвалту і шуму. Яны проста знялі з кручкоў доўгую проціпажарную лесвіцу, што вісела на тыльнай сцяне будынка, як і было прынята ў вёсцы па проціпажарнай бяспецы, прыставілі яе да дзверцаў на франтоне і праз пралом у столі залезлі ўнутр. Калі б сусед, які жыве насупраць, не выйшаў па сваёй патрэбе ноччу на вуліцу і не заўважыў водблескі ці то запалак, ці то ліхтарыкаў у вокнах магазіна, злодзеі маглі б вынесці адтуль не толькі бутэлькі са спіртным ды розныя кансервы, але і выкацілі б праз вакно пяцідзесяцілітровую бочку з чырвонай ікрой. Другая такая ж стаяла адкрытая ўжо, лічы, з месяц: ніхто такі невядомы ў вёсцы далікатэс асабліва не купляў. Па-першае, што не рассмакавалі, а, па-другое, што кілаграм ікры каштаваў, лічы, даражэй за авечку ці падсвінка на кірмашы. Дый і грошай такіх тады, у хуткім часе пасля грашовай рэформы, у людзей не было.
   Рабаўнікоў спужаў вартаўнік, якога, дарэчы, і разбудзіў сусед. Пакуль той адмыкаў будынак сельсавета, дзе ў кабінеце старшыні вісела на сцяне вялізная жалезная скрынка тэлефона з ручкай збоку, каб падаваць сігналы ў раён, злодзеі паспелі выскачыць назад з магазіна  ў цемень і ўцячы. Прыехалі міліцыянеры у Марозаўку пад раніцу, па лесвіцы, якую пакінулі злачынцы, яны таксама залезлі на гарышча, паглядзелі на пралом у столі. А потым проста дапамаглі магазіншчыцы разам з раённымі гандлёвымі начальнікамі  пералічыць, што было ўкрадзена.
   У тым, што і бандыты ды і падлізы партыйных кіраўнікоў раёна могуць помсціць простым людзям, Лявон пераканаўся, калі, казалі, нехта падпаліў хату ўсё той жа Агаты з Вуглоў, якая асмелілася пярэчыць прадстаўнікам савецкай улады. І хоць вёска была за лесам, дзесьці за кіламетр, але ноччу было відаць не толькі зарыва, але і добра чутна крыкі і лямант людзей. Тушылі пажары тады толькі яны самі. Калі і была якая тэхніка для гэтага ў раёне, то туды ніхто не мог паведаміць. Ніякай сувязі, акрамя таго ж тэлефона ў сельсавеце, у вёсцы не было.
   Добра, што Агата паспела яшчэ разам з дзецьмі выбегчы з палаючага дома ды захапіць з сабой іх пасведчанні аб нараджэнні, даведкі аб гібелі мужа і сына. Гэта ёй падказалі мець заўсёды пад рукой суседзі яшчэ адразу пасля вяртання з Пунічаў пасля арышту. Людзі ведалі, што ўлады не даруюць таму, хто паспрабаваў паставіць іх  на месца.
   Вёска пасля тых здарэнняў затаілася. Некаторыя аднаасобнікі, каб не аддаваць коней у калгас, вялі іх на кірмаш ці ў Глыбокае, ці ў Малінава, каб прадаць хоць і дзешава, абы не гэтым Саветам.
   - А можа і праўда скарыстаць момант і дзешава купіць каняку? – больш сам сабе гаварыў, бывала, ўвечары Лявон, закурваючы цыгарку з самасаду. – Трохі грошай, во, засталося. Астатнія недзе пазычу. Неяк выкараскаемся. Ну, хоць агароды перааром, іржышча перавярну. Жыць жа неяк трэба. Не чакаць жа нейкай літасці ад гэтых уладаў. Глядзі колькі гэтых партыйцаў перастралялі. Можа ўсё цяпер і ўляжацца. І нашага старшыню сельсавета вось пасадзілі. Хаця б далі трохі людзям пажыць пасля вайны.
   Усця, не вельмі разумеючы гэтыя недасягальныя для яе “палітычныя” прамовы мужа, толькі ціскала плечукамі. Інтуітыўна, як і кожная жанчына, яна ў першую чаргу клапацілася пра дзяцей, адчувала, што ад калгасаў ідзе толькі небяспека для іх сям’і.
   - Рабі як хочаш, Лявонка. Я ж не ведаю. Можа, во купіш, а потым прыйдзецца аддаць у галгас. – Я чула ў вёсцы, што, вось, чалавек прадаў нават не каня, а жарабя другому гаспадару, а старшыня калгаса, дазнаўшыся, патрабаваў нават праз два гады ці вярнуць жывёліну назад, ці ўнесці ў калгасную кассу грошы за яе. Глядзі, каб і ў нас нешта такое не выйшла.
   Жыгула асоба і не настойваў. Калі сустракаўся ў вёсцы з мужчынамі, асабліва як і сам, з франтавікамі, раіўся, як быць. Усім ім,  хто не хацеў уступаць у калгас, улады налічвалі  такія падаткі, што, каб своечасова і поўнасцю выплаціць іх, трэба было, лічы, большасць гаспадаркі прадаць.
   Замест Лубінца, якога знялі з работы, кіраваць сельсаветам прызначылі Баўтрука, былога партызана з Бягомальшчыны. Той быў больш асцярожны, хітрэйшы, але прыціскаў падаткамі яшчэ горш, чым Лубінец. Ён нават не дазваляў аднаасобнікам сеяць на сваёй зямлі жыта. Маўляў, усёроўна ўсе землі адыйдуць калгасу. Самыя смелыя хутаранцы, сеялі збажыну днём:  быццам бы проста так уперад-узад хадзілі па самым далёкім полі. А потым, калі трохі сцямнее, уціхую баранавалі палетак. Некаторыя рабілі гэта і на досвітку. Галоўнае – каб ніхто не бачыў. Лявон таксама зрабіў гэтак жа, пазычаўшы на ноч каня ў суседа Шылы.

Школьныя “экзамены”

   Праз гады тры пасля вайны ўжо чацьвёра дзяцей Жыгулы сталі хадзіць у школу. Тася, якая скончыла ўжо чатыры класы, далей вучыцца не стала, хоць здольнасці да вучобы ў яе былі вельмі добрыя. Трэба было памагаць бацькам гадаваць меншых дзяцей. Як і ўсе хутаранскія дзеці, яны тэпалі сюды басанож, у былы яўрэйскі дом, пераабсталяваны ў школу, больш, як за кіламетр. І гэта ніхто на вёсцы не лічыў нейкай ахвярай ці вялікай цяжкасцю.
   Праўда, адзін раз узімку, калі мяцеліца замяла ўсе сцежкі, пратаптаныя раней дзецьмі, і яшчэ быў жывы Гэська, Лявон запрог яго ў шырокія сані, і з фанабэрыяй, каб падкузьміць суседа па хутару Панаса Шылу, паганяючы каня галопам, павёз адразу двух сыноў і меншую дачку ў школу. Можа ён так і не зрабіў бы, калі б літаральна з тыдзень таму Панас не зрабіў тое ж, які завез туды адзіную дачку Люську. Ёй было намнога бліжэй да вёскі, але ж вельмі карцела паказаць знаёмым, які ён, Панас, багаты і як клапоціцца аб дзіцяці.
   - А мы таксама пакажам хамам пана, - жартаўліва размахваючы пугай, падганяў Лявон Гэську. – А ну давай, родненькі! Мы ж таксама не жабракі якія.
   Лявон быў ганарыстым, і міжволі гэтаму вучыліся ў яго і дзеці. Асабліва блізка ўспрымалі тую “навуку” сыны. Ды і сапраўды, ні ў каго ў вёсцы не было адразу трое сыноў-пагодкаў.
   - Го-о, - бывала на добрым падпітку любіў хваліцца ў мужчынскай кампаніі Лявон, - мае хлопцы не такія, як вашы. Яны ўсе дружныя, адзін за аднаго заступаюцца, - маніў не чырванеў Жыгула. Ён выдаваў жаданае за сапраўднае. – Вырастуць – я ім кожнаму зямлю на хутары выдзелю. Хай будуюцца побач, - услых марыў Лявон.
   І праўда, яго хлопцы амаль усюды хадзілі разам. Бывала, Жыгула жартаваў, што ўтраіх лягчэй і бацьку будзе біць, калі ён пастарэе. Але ў душы Лявон ганарыўся сынамі. Вунь ужо Толя, як старэйшы, рэжа са Сцяпанам дровы, спрытна шчапае іх. Як і бацька, габлюе дошкі для цабэркаў ці робіць ліштву да вокан. А Сцяпан хутка рашае задачкі ў школе.
   Тут, у пачаткоўцы, усе дзеці займаліся разам з першага па чацьвёрты клас у адным памяшканні. Толькі сядзелі яны на адной парце ўперамежку: першы клас з трэццім, другі – з чацьвёртым. Настаўніца, Наталля Фядотаўна, якая вучыла дзятву яшчэ пры немцах, давала заданні ў класе ўсім па чарзе, пазначала, што і як рабіць дома. Як і ва ўсіх школах раёна, настаўніца развучвала з дзецьмі пасля ўрокаў гімн Беларусі. Яна запісвала чарговы куплет з яго на дошцы, і пад рытмічную хаду на месцы дзеці, як умелі, спявалі яшчэ не зусім зразумелыя для іх словы.
   Не ўсім падабалася і дысцыпліна, якую трымала ў класе настаўніца. Больш за ўсё заўваг і папрокаў атрымліваў невысокі вяртлявы худы і заўсёды мурзаты Яшка з чацьвёртага класа. З-за гэтага дзеці нават брыдзіліся з ім гуляць. Ён жыў адзін з маці воддаль ад вёскі ў маленькай хацінцы, якая стаяла якраз на мяжы Віруляў і Марозаўкі. Бацькі ў яго не было. Казалі, што маці нагуляла хлопчыка з нейкім заезджым яўрэем яшчэ пры Першых Саветах, і нарадзіла яго у першыя месяцы вайны. Вучыцца Яшка не хацеў, на ўроках гультайнічаў і ўсё выбіраў ахвяру, каб над кім-небудзь пасмяяцца, паздзеквацца.
   Так цягнулася доўга, аж дзесьці да сярэдзіны зімы. Хлопчык прыходзіў у школу не кожны дзень, а на пытанне настаўніцы “чаму?” адказваў амаль адно і тое ж: маці не пусціла, або, калі гэта было восенню, маўляў, пасвіў карову. У вёсцы ўсе ведалі, што акрамя курэй і адной авечкі, у іх нічога не было. Праверыць, дзе быў Яшка, Наталля Фядотаўна не мела часу. Дзяцей жа ў школе было больш трыццаці.
   Аднойчы ў лютым, калі адзначалася не зусім зразумелае для дзяцей ды і для дарослых вяскоўцаў свята Чырвонай арміі, настаўніца выклікала Яшку да дошкі. Трэба было напісаць лічбу і словы “23 лютага”. Той крэмзаў нешта, ледзь дастаючы да яе сярэдзіны, сціраў мокрай анучкай напісанае, але зразумець толкам, што ён напэцкаў, было цяжка.
   - Дык у яго ж атрымалася не “лютага”, а нейкае “мотала”, - пад рогат вучняў падкалупнуў Яшку сярэдні Лявонаў сын Сцяпан.
   З таго часу, абсмяяны ўсім класам, Яшка перастаў кпіць і падсмейвацца з меншых. Цяпер хлопчыка часцей сталі зваць не па прозвішчу ці імені, а па мянушцы – “Мотала”. Рагаталі тады з таго выпадку і Цішка, і дачка Антона Лусты прыгажуня Юзюня. На яе ўжо адкрыта заглядваліся хлопцы-пераросткі, якім было па трынадцаць-чатырнаццаць год, ды і ўсе дзеці.
   Ці ад таго, што Моталу паставілі ў класе на месца, ці таму, што ён з-за ленасці і непаслухмянасці не мог асвоіць як след ні чытанне, ні пісьмо, хлопчык кінуў школу дзесьці ў сакавіку. І маці, і Наталля Фядотаўна, разумеючы, што яму трэба усё ж неяк здаць экзамены за чацьвёрты клас, угаварылі Яшку закончыць вучобу. І ў той жа год восенню маці уладкавала яго ў пяты клас Марозаўскай дзесяцігодкі. Яна разумела, што з чатырма класамі мала хто захоча, нават калі той вырасце, узяць яго не нейкую сур’ёзную работу.
   Але і там Мотала, пакуль яго не абсеклі аднагодкі ці старэйшыя хлопцы, вёў сябе, як і пачатковай школе – нахабна. Слабейшы і ад таго, напэўна, такі злы, ён гатовы быў помсціць любому, хто, як яму здавалася, не так ці не тое сказаў пра яго ці выпадкова штурхануў яго ў час перапынку.

Песня калгасніка

   Асабліва Мотала не ўзлюбіў пляменніка Базыля Гарошкі – Лёніка, якога на польскі манер звалі Лёлікам. Той і вучыўся на “выдатна”, і вёў сябе на ўроках, цяпер ужо з рознымі настаўнікамі, паважліва. Хлопчык быў з беднай сям’і. Ён прызвычаіўся запоем чытаць кніжкі, якіх адразу браў па тры-пяць у школьнай бібліятэцы. Ён ведаў напамяць многа вершаў на рускай і беларускай мовах, добра пісаў ізлажэнні, дружыў з усімі ў класе.
   Мотала, калі зразумеў, што тут не хочуць прызнаваць яго, як самага смелага вучня, які не баіцца пярэчыць настаўнікам і можа ў любы момант сарваць без прычыны ўрок, не ўзлюбіў выдатніка Кастуся.
   - Чаго ты такі яршысты і душой нячысты? – жартам і нават у рыфму пытаўся, бывала, у Моталы Лёлік.
   - Не люблю я такіх, як ты – гладзенькіх ды мяканькіх. Добрыя адзнакі табе нізавошта ставяць, - натапыршчваўся Мотала.
   Худы рухавы, ён быў быстры на ногі. Калі дражніўся з каго-небудзь на перамене або на вуліцы, ён ведаў, што яго за гэта могуць пабіць. Тады Мотала даваў такой лататы, што дагнаць яго мог не кожны з пакрыўджаных. Пяцікласнікі, сярод якіх былі і пераросткі ў чатырнаццаць-пятнаццаць гадоў, цярпелі Моталу да часу, пакуль ён не чапаў іх асабіста.
    Старэйшыя хлопцы, да якіх між волі цягнуўся і Кастусь, ужо адкрыта паміж сабой гаварылі пра калгасы, пра тое, што гэта – новае прыгоннае права, што нельга сілай зганяць людзей у адну арцель, а плаціць за цяжкую работу на зямлі нейкімі працаднямі. Многія чыталі  або ведалі ад бацькоў, што на Бягомальшчыне, ва Усходняй Беларусі, на тыя самыя працадні восенню да вайны выдавалі ўсяго па дзвесце ці па трыста грамаў зерня. Фактычна ўвесь год людзі працавалі дарма.
   Горш таго, нават пры “дабраахвотным” уступленні ў калгас трэба было плаціць уступны ўзнос ад дваццаці да сарака рублёў і адлічваць штогод грошы ў непадзельны фонд калгаса. Ды й зарабіць той працадзень за адзін рабочы дзень не заўсёды і не кожнаму ўдавалася. Іх налічваў звычайна брыгадзір, свой чалавек сярод начальства. Як ён захоча, так і будзе. Падабаецца нечым яму чалавек, можа і паўтара ці два працадні паставіць яму за рабочы дзень. А хто не хоча з ім выпіваць ці не лічыць яго вялікім начальнікам, той і за тры дні аднаго працадня можа не заробіць. У першыя месяцы пасля арганізацыі калгасаў абгрунтаваных і дакладных норм выпрацоўкі за кожны від сялянскіх работ яшчэ не было ўстаноўлена.
   Ведаў гэта і Лёлік. У свае дванаццаць год ён разважаў па-даросламу, меў свой, асобны погляд і на калгасы, і на паводзіны настаўнікаў, і дарослых наогул. Яму зайздросцілі, бо хлопчык пачаў друкаваць ў школьнай сценгазеце свае, ужо даволі сталыя па зместу і з добрай рыфмай вершы. За гэта двоечнік і гультай Мотала, яшчэ больш не узлюбіў Лёліка. Ён імкнуўся заўсёды зрабіць яму нейкую шкоду.
   Будучы ў школе заўсёды паўгалодным, бо маці не магла яму даць з сабой хаця б дастаткова хлеба на абед, ён цішком, калі заставаўся ў класе пасля ўрокаў, звычайна пераглядаў усе парты: можа хто дзе забыўся недаедзеную скарынку. І аднойчы знайшоў  у Лёлікавай парце не хлеб, а нейкую паперку з вершыкам.  “Песня калгасніка” называлася.
   Дома ён перачытаў яго некалькі разоў, нават крыху запомніў і зразумеў, што там напісана пра калгасы толькі дрэннае. “Ага, - скеміў Мотала - цяпер я цябе, Лёлік, дастану. Будзеш ты ў мяне выпрошваць сваю “Песню” назад. А вось і не аддам – плаці, скажу, грошы!. Ці лепш - станцуй на перамене перад усім класам”. Хлопчык яшчэ доўга прыдумваў усё новыя і новыя пакаранні для гэтага задавакі Лёліка. А ў школе на першай жа перамене, калі таго не было ў класе, дастаў з кішэні “Песню”.
   - Слухайце, што тут наш паэт во напісаў, - прадчуваючы асалоду ад таго, што ён прынізіць і напужае гэтым Лёліка, Мотала пачаў без запінкі чытаць “Песню”.
   Дзеці нават прыціхлі спачатку, калі пачулі, як смела, і прытым ўсё адмоўнае піша іх Лёлік пра калгасы, пра тое, што яны ведалі гэта і самі, але маўчалі. Слухаць было і страшна, і цікава.
   - А ну аддай, - уварваўшыся ў клас, крыкнуў пабялелы ў твары Лёлік, спрабуючы адабраць свой верш, дачытаны амаль да канца.
   - А вот і не аддам, не аддам, - хаваючы за спіну паперчыну, круціўся на месцы Мотала, як той клоун на сцэне. – А ты станцуй! Папрасі, як трэба…
   На несціхаючы шум, хаця ўжо і званок на урок празвінеў, у клас увайшоў Іван Антонавіч, настаўнік гісторыі: высокі худы і ад таго, здавалася, крыху сагнуты, з вялікімі залысінамі мужчына. Усе ў школе ведалі, што ён – партыйны  чалавек, строгі не толькі з вучнямі, але і з настаўнікамі.
   - Што тут у вас здарлырася? Чаму такі гарлмідар? Хто сёння ў класе дзяжурны?
   Голас яго быў нягучны, але з нейкім брынканнем, ад якога хацелася ўцягнуць галаву ў плечы і лепш за ўсё маўчаць.
   - Гэта зноў ты, Яша? – строга спытаў настаўнік.
   - А што я? Я – нічога. Гэта мы во “Песню калгасніка” чыталі. Я ў парце Лёліка знайшоў…
   Іван Антонавіч рэзкім рухам выхапіў паперку з рук у Моталы, за хвіліны паўтары прабег вачыма верш, здзіўлена падняў вочы на Лёліка, які, ведаючы, што яму прыйдзецца адказваць, як і звычайна на ўроку, устаў, гучна шчоўкнуўшы ў цішы класа накрыўкай парты.
   - І ўсё гэта напісаў ты, наш лепшы вучань?
   Кастусь разумеў, што адпірацца няма сэнсу. Ён ведаў, што яго “Песня” не можа спадабацца ніякаму начальству, а тым больш партыйнаму, чалавеку ад улады. Але быў упэўнены, што напісаў праўду пра жыццё людзей у калгасах і не апусціў вочы. Ведалі гэта і ўсе дзеці, якія слухалі, як чытаў верш Мотала.
   - Усе чулі? - на ўсякі выпадак, абводзячы позіркам клас, запытаў настаўнік, і схаваў паперку з вершам у нагрудны кішэнь паўвайсковага фрэнча. Ён павольна, дрыжачымі пальцамі зашпіліў на ім гузік. – Дык вось! Забудзьце яго. Назаўсёды. Гэта – антысавецкая, варожая плрапаганда! – І ужо звяртаючыся да Лёліка, больш ціхім, нават пагражальным голасам, відаць, ужо ў роспачы, зазначыў:
   - Не чакалі мы ад цябе такога, не маглі і падумаць. Ты і на самай сплраве лічыш, што ўсё ў нас так у вёсках, як у цябе напісана? Хто цябе навучыў так думаць? Хто!? – павольна ўзвышаўся голас настаўніка і наліваліся чырванню залысіны на ілбе.
   Іван Антонавіч запісаў на дошцы заданне самастойна прачытаць новую тэму ў падручніку і рэзка абярнуўся да Лёліка:
   - А ну пойдзем у канцылрярыю да дылрэктара, дзекаблрыст ты недавучаны!
   З таго часу Лёліка больш ніхто не бачыў не толькі ў школе, але і ў вёсцы. Партыйныя ўлады і эмгэбэшнікі раёна аднадушна прызналі “Песню калгасніка” злосным паклёпам на савецкі лад увогуле і на калгасныя парадкі, ў асобнасці. Бацька Лёліка загінуў на фронце, маці з трыма дзецьмі, якая ўмела толькі лічыць, а не пісаць, па меркаванню следчых не магла навучыць сына антысавецкім словам і выразам. Па ўсяму выходзіла, што судзіць пяцікласніка трэба было па дарослых законах. Эмгэбэшнікі запатрабавалі, каб камісія, якая па знешнему выгляду ў пасляваенныя гады вызначала ўзрост чалавека, выдала даведку, што хлопчыку ўжо споўнілася чатырнаццаць год. Гэта зрабіць аказалася даволі проста, бо царкоўныя кнігі, дзе запісвалі ўсіх народжаных, у час бамбёжак прапалі, а другіх дакументаў не было. У тыя гады бацькі, калі хацелі зменьшыць ці павялічыць узрост дзяцей, упэўнівалі членаў камісіі, што так яно і ёсць на самой справе.
   Лёліка судзілі ўжо як дарослага чалавека. За праўду, за любоў да свайго збедаванага краю і абарону правоў простых сяльчан. А эмгэбэшнікі і суд лічылі, што турма для хлопчыка стане добрым урокам не толькі для навучэнцаў, якія маглі б дазволіць сабе падобныя выказванні, але і для ўсіх дарослых. Пасля таго выпадку ва ўсіх школах, у сельсаветах і наогул ва ўсіх вёсках партыйныя начальнікі ўзмацнілі прапаганду савецкага ладу жыцця, сталі больш дасціпна правяраць усіх, хто так ці інакш негатыўна адзываўся і пра бальшавіцкія парадкі, і пра калгасы.

Лазовая кара

  Чуткі пра суд над Лёлікам дайшлі і да Жыгулы.
   - Вы там глядзіце, падшыванцы, каб ні ў школе, ні дома такога не было, - строга папярэджваў дзяцей Лявон, расказваючы пра суд над хлопчыкам.
   Бацька больш за ўсё адрасаваў гэта самаму меншаму сыну – Цішку. Неяк раней Толя знайшоў у яго, тады трэццякласніка, сшытак у касую лінейку з нейкімі вершамі на беларускай мове. Прачытаў іх і парваў. Маўляў, яны недасканалыя і не цікавыя.  
   - Ну што гэта за верш: “Тух-тух, лататух: гэта качкі ляцяць сабе ежу здабываць” – высмейваў Цішку Толя. Аб гэтых вершах даведаўся і бацька.
   А Цішка вельмі любіў прыроду. Увесну яму вельмі падабалася слухаць свіст першых шпакоў, пазней – пошчак салаўя, а ўлетку – спевы жаваранкаў. Лежачы, бывала, на свежаскошаным пакосе на гумне, ён доўга шукаў вачыма ў сінім небе маленькую кропачку – жаўрука, і гатоў быў слухаць яго спеў так доўга, аж пакуль маці не клікала яго дамоў. Цішка нават спаборнічаў з братамі, хто першым убачыць увесну жаўрука ў небе. Іншы раз яго ўсё ж абганяў Толя, і Цішка тады не мог зразумець, навошта ён расказаў бацьку пра вершы. Бо той таксама цягнуўся да прыгожага, да музыкі. Калі ўдавалася застацца ў сельсавеце пасля кіно “Тарзан” ці ”Брадзяга” на дарослых танцах, Толя і Цішка заўсёды стараліся  праціснуцца бліжэй да баяніста, каб паслухаць музыку, а калі ўдасца, то і датыкнуцца да блішчастых кнопак і жалезных акантовак баянных мяхоў.
   Каб трапіць у тое ж кіно, Лявонавы сыны хадзілі і ў бліжэйшыя кусты, і далей у лес, шукалі  таўсцейшую лазу і дралі з яе кару. У пасляваенныя гады яе, добра высушаную, прымалі сельскія магазіны і плацілі нядрэнныя грошы. Звычайна меншыя Лявонавы сыны бралі з сабой толькі нажы, а Толя – тапор, ды кожны якія-небудзь старыя лейцы. З лесу, за поўкіламетра ці больш на спіне многа кары не прынясеш. Сырая, яна - грувасткая і цяжкая. Тады хлопцы рабілі з кары па два хатулі, звязвалі іх і перакідвалі цераз плячо. Так удавалася прынесці дамоў яе ў два разы больш. За лета дзеці зараблялі не толькі сабе і сёстрам на сшыткі і чарніла, але нават і на цукеркі, і на тое ж кіно. Прасіць грошай у маці менавіта на гэтыя мэты не мела сэнсу, бо іх у яе не было. Бацька таксама быў не супраць: ўсё ж дзеці не без карысці ў лес ходзяць, не проста гуляць там у хованкі ці збіраць ягады.
   Ён асабліва не сварыўся на Толю за тое, што той, сабраўшы меншых братоў, вёў іх на Пагурак, дзе яны ўсе гулялі, капаючы зямлянкі. Адно толькі трывожыла Лявона, каб дзеці не згубілі яго маленькую і спрытную сапёрную лапатку, якую ён прынёс з вайны. Не, у гаспадарцы яна не дужа была патрэбна – надта ўжо кароткі быў у яе чаранок. Лапатка была дарагая Лявону больш, як франтавая памяць. Баяўся бацька і таго, каб знячэўку дзяцей не заваліла зямлёй, калі яны будуць ладзіць свае зямлянкі.

Кулацкія прыкметы

   Лявонавы сыны на поўным сур’ёзе лічылі, што тут, на Пагурку, яны перачакаюць, пакуль мінуе ўсіх гэта ліха – калгасы. Тыя не толькі ламалі ўсталяваны за мінулыя стагодзі сялянскі побыт, але і рушылі цэлыя сем’і.
   - Во, чулі, - даводзіў Лявон, ні да кога асоба не звяртаючыся, калі прыйшоў з вёскі, - у Альхоўцы, дзе зноў узнавілі калгас, судзілі маці чацьвярых дзяцей, якая не выпрацавала мінімум працадзён. Ну, хварэла яна там, ці што. Не ведаю.
   - Дык гэта ж не людзі, а звяры нейкія, - падтакнула Усця. – Мне во і мама казала, што судзяць і такіх, як мы, адналічнікаў. У Адамінай нявесткі так і было. Маладая яна яшчэ, жыве недзе там за Малінавам. Але ў яе ўжо трое дзетак. Яна тожа не хацела ісці ў калгас. Дык яе так аблажылі падаткамі, каб на іх халера, што тая, ну, ніяк не магла ў тэрмін усё выплаціць. Не хапіла двух пудоў жыта і чуць больш за дзвесце рублёў. Дык яна ж сваё пасеянае яшчэ да калгасаў жыта зжала, не чужое. Усероўна забралі ўсё. Не пашчадзілі нават сямімесячнае дзіцятка – у міліцыю на тыдзень маці забралі…
   Ведалі ў Вірулях і аб тым, што ў Марозаўцы жонка забіла мужыка за тое, што ён аддаў сваё дабро ў калгас. У Барках гаспадар пасля аперацыі доўга праляжаў у бальніцы, зямля была запушчана. Літаральна перад самым уступленнем у калгас суседзі параілі яму прадаць каня, бо дома не было на што жыць. Дык яго потым выключылі з калгаса, а сына выгналі з вучобы на трактарыста ў машына-трактарнай станцыі і адразу налічылі  “кулацкія”,   вельмі высокія падаткі. Так што ўсёроўна давялося чалавеку аддаць усе грошы за каня, праўда не калгасу, а дзяржаве. Але ці адна халера каму, усёроўна ён застаўся голы.
   У калгас ішлі ў першую чаргу беднякі, бо ім не было чаго губляць. Але ўлады разумелі, што без сераднякоў, якія ўмеюць і любяць працаваць на зямлі, ніякая арцель доўга не працягне. Часцяком руплівага і працавітага аднаасобніка, які, праўда, у гарачую пару касьбы ці жніва, не спраўляючыся адзін, наймаў суседа дапамагчы на сенакосе, а яго жонку – у полі, сельскія гультаі ці чужыя зайздроснікі, якія выбіліся ў начальства, абзывалі кулакамі. Каб неяк іх выштукаваць і прымусіць сераднякоў танцаваць пад сваю дудку, партыйныя падбрэхічы, захлінаючыся ад злосці, ганьбілі іх  у вочы і нават прылюдна, каб толькі скарыць волю чалавека, прынізіць яго гонар і дабіцца свайго.
   Такое было і ў Вірулях. Раней, у свой час, дзеля таго, каб Гардзей Луста пазычыў Лявону на якога паўдня плуг ці даў нават каня пераараць бульбянішча ці на зіму іржышча, ён хадзіў касіць яму пожню. Усця дапамагала жаць жыта. Ніякай платы грашыма і быць не магло. Ды і ўсё ж яны хоць і далёкая, але ж – радня. Гэта, канечне, ведалі ў вёсцы ўсе, і ніхто не лічыў Лустаў кулакамі, акрамя новага старшыні сельсавета Баўтрука.
   Таму было загадана, што б там не стала, а знайсці ў вёсцы кулака. Хоць аднаго. А гаспадарка ў Лустаў была спраўная: дзве каровы (бо вялікая ж сям’я і многа дзяцей), пяць ці шэсць авечак, чацьвёра свіней. Двое коней. Ворыўнай зямлі было, праўда, не на многа больш, чым у астатніх сераднякоў. Затое яна была ўроблена, як след, ёй хапала гною ад мноства скаціны. Гардзей прымяняў і севаабарот, таму зямля ў яго заўсёды добра радзіла. А гэта выклікала зайздрасць у многіх вяскоўцаў, асабліва - ў гультаёў.

Бацюшка

   Нават бацюшка з Абложскай царквы, які кожную вясну, перад Вяліканнем, хадзіў па хутарах і вясковых сядзібах свенціць  хаты, жывёлу і адпускаць грахі гаспадарам, іншы раз ушчуваў старога Лусту:
   - Пабойся Бога! Не працуй хоць у нядзелю. І целу, і душы трэба даваць аддуху. Няможна так надрывацца ў полі ці дома. Гэта – грэх. Трэба ўмець любіць і сябе, а яшчэ больш – сваіх блізкіх. Ва імя айца і сына…
   Бацюшка, калі прыходзіў на хутар да Лявона, першым чынам хрысціўся сам, потым перахрышчваў абразы, якія віселі і ў першай, і ў другой, чыстай палове хаты, акрапляў усе чатыры вуглы памяшканняў свянцонай  вадой. Яе ён браў са звычайнага вядра нейкім блішчастым кубачкам тут жа, у хаце. Яго бацюшка даставаў з вялікай торбы, чорнай, як, і ўся яго сутана. Яна чамусьці заўсёды пахла сырой цыбуляй, вэнджанай саланінай і блішчэла на тоўстым жываце, які аж выпіраў з-пад доўгіх, да пят адзежын. У такі дзень Цішка, ужо чацьвертакласнік, не хацеў пападацца бацюшку на вочы, бо так і не навучыўся хрысціцца. Ды і ў школе яму ўдзюплівалі ў галаву, і ў падручніках было напісана, што ніякага Бога няма. Гэта, маўляў, усё выдумкі ворагаў савецкай улады і саміх царкоўнікаў, якія звычайна дапамагаюць багацеям эксплуатаваць бедных неадукаваных людзей.
   Цішка звычайна сачыў за бацюшкавымі малітвамі з-за дзвярэй чыстай паловы хаты і хацеў бы нешта запярэчыць яму, але баяўся. Ён бачыў, што і звычайна строгі бацька, і лагодная маці, і нават старэйшыя сёстры слухаюць яго ўважліва, хрысцяцца, апускаючы галовы, быццам у нечым вінаватыя. Больш за ўсё злавала хлопчыка тое, што бацюшка скоранька і крыху няўмела піхаў у сваю торбу многае з таго, што свенціў: вараныя яйкі, добры кавалак сала, масла, спечаную дома булку, ці колца каўбасы.
   - А, можа, бацюшка, - нясмела ціхім голасам лісліва пытаўся бацька, - вы прыгубіце трошкі свойскай гарэлачкі?
   - Грахоўна гэта, сын мой, грахоўна, - для выгляду мяўся бацюшка. – Але Бог мне даруе. Я буду доўга-доўга вымольваць гэты грэх. І вы памаліцеся за мяне. І каб у вас усе былі здаровыя, радзіла ўсялякае семя, багацела гаспадарка! Ну, ужо ж наліце трошачку. На самае донца. Адну друбіначку.
   Бацька адкаркоўваў прыхаваную дзеля такога выпадку бутэльку першаку, двума-трыма булькамі наліваў бацюшку ледзь не поўны гранёны стакан. Святар браў яго крыху дрыжачымі, можа ад сораму і граху, тоўстымі кароткімі блішчастымі ад тлушчу пальцамі і, расцягваючы дрэнна схаванае задавальненне, павольна выпіваў.
   - Фу-у, добра пайшла… Ай добра. Чую, што ты, сын мой, і чалавек шчыры, і гаспадар спраўны. Бог такім даруе ўсе грахі.
   Бацюшка браў прама рукой яшчэ напярэдадні парэзаны Усцяй кавалачак варанай свініны, ці смажанай каўбасы, няспешна клаў яго на лустачку хлеба і, смачна прычмокваючы, свабоднай рукой хрысціўся. А потым не паварочваўся і усё яшчэ гледзеў на абразы, а сам сунуўся спіной да парога.
  Бывала, што пасля ўходу бацюшкі Лявон пад асуджальны погляд Усці наліваў сабе чарку самагонкі і толькі потым аддаваў ёй недапітую бутэльку. У хаце яшчэ доўга стаяў потым востры пах усё той жа сырой цыбулі, было неяк душна, і калі ўсе задаволеныя бацюшкавымі малітвамі разыходзіліся па сваіх справах, Цішка адкрываў дзверы ў сені і створкі вакна, каб зрабіць скразняк. Яго неяк джгалі, як калючкай гэтыя словы бацюшкі “сын мой”. Быў ён, відаць, равеснікам Лявону, толькі з доўгай барадой. І Цішку здавалася, што ён абражае бацьку, называючы таго сынам.

Цяжкія жорны

   Калі Жыгуле ўдавалася купіць на кірмашы які пуд пшаніцы (на сядзібе яна дрэнна радзіла), Усця яе адсыпала на адзін-два памолы ў мяшэчак і добра высушвала на печы. Звычайна яна гэта рабіла яшчэ ў пачатку красавіка, напярэдадні Вялікання, калі трэба было пячы велікодныя булкі. Лявон у гэтыя, як ён казаў, бабскія справы не ўмешваўся. Ды і калі надыходзіла пара малоць пшаніцу, ён не вельмі спяшаўся гэта рабіць, бо не цярпеў такой нуднай работы ды яшчэ ў сырой цёмнай вараўні.
   Іншая справа – гнаць тут самагонку. Гэта заўсёды было небяспечна. Вунь Нікадзімавага сына Нікіту на год пасадзілі ў турму за гэта. Але ж Лявону было прыемна потым, калі, нагнаўшы з дзесяцілітровы буталь гарэлкі,  пакідаў сабе яшчэ і дзве-тры бутэлькі адгону на пахмелку. Ён хоць і пах самагонкай, але па крэпасці больш нагадваў забрадзіўшы бярозавы сок.
   Звычайна Лявон толькі наладжваў жорны. Калі трэба было, здымаў верхні цяжкі каменны круг, які неабходна было круціць уручную, рабіў вострым зубілам насечку спачатку на ніжнім, нерухомым камені, а потым – на верхнім. Галоўнае, каб яна на абодвух каменях была дробнай вострай і роўнай, як кухонная тарка. Бывала Усця, калі ёй самой даводзілася змалоць жыта на хлеб ці ячменю на крупы, яна напярэдадні доўга ўпрошвала Лявона падзяўбсці жорны. А той усё адмахваўся, што няма часу.
   Калі ужо дзеці падраслі, маці за жорны бралася рэдка. Спачатку круціла жорны Тася, потым – Жэня. А калі надыходзілі вясна і лета, яны разам з маці завіхаліся ў агародзе ці на полі. І ўсё часцей малоць даводзілася хлопцам. Толя, якому, як самаму старэйшаму звычайна і даручалі рабіць гэту работу, умеў праўдамі і няпраўдамі перакласці яе на меншых братоў. Сцяпан ужо даставаў да драўлянага калаўрота, каб круціць жорны, а Цішку даводзілася падстаўляць пад ногі нізенькі і шырокі стары цабэрак без ручак.
   Калі трэба было малоць  жыта ці ячмень для запаркі парасятам, то хлопчыкі круцілі цяжкі верхні камень па чарзе: гэта было не так і цяжка. Трэба было хаця б трохі абадраць зерне. А вось калі мама прасіла змалоць пшаніцу на бліны, то верхні камень звычайна апускалі нізка, амаль поўнасцю    на ніжні, каб мука была мяккая, як пух. Тады жорны круціць аднаму станавілася цяжка. Цішка звычайна больш  пятнаццаці-дваццаці  кругоў без перапынку зрабіць не мог.
   - Давай разам круціць, - прасіў ён Сцяпанку. – Ты станавіся з боку. Дастанеш? І пшаніцу патрошачку сып. Паўжменькі адразу. Як мама казала.
   Зерне звычайна стаяла ў драўляным гарнцу  тут жа ў жорнах, і Сцяпанку было спадручна яго браць левай рукой. Але імпэту для работы на жорнах хлопчыкам хапала не надоўга. Да таго ж Толя недзе бадзяўся, або гуляў па вуліцы і яму зайздросцілі браты. Каб неяк хутчэй змалоць хаця б поўгарнца пшаніцы, Сцяпан спрабаваў падкруціць сырамятны рамень, які трохі падымаў верхні камень. Тады пшаніца ішла праз жорны хутчэй і яны круціліся лягчэй, але мука атрымлівалася грубая, не для булак ці бліноў.
   - Што вы тут натварылі? – строга пыталася, калі заходзіла праверыць, як працуюць хлопцы і мацала ў пальцах муку. – А дзе Толя? Хто гэта падкруціў рэмень? Я ж казала нічога не чапаць. Толькі зерне збузавалі.
   - Дык цяжка ж і доўга круціць, - як старэйшы спарабаваў апраўдацца Сцёпка. - Мы і так ужо з гадзіну тут і па чарзе, і адразу ўдвух круцім жорны…
   Маці, падакараўшы братоў больш для парадку, акуратна збірала гатовую муку і камандавала:
   - Перамалоць! Інакш  бліны не атрымаюцца, а тым больш вялікодныя пірагі.
   Яна апускала ніжэй верхні камень жорнаў, брала са жменьку пшаніцы і паказвала, як трэба малоць: не спяшаючыся, рытмічна. Гэта было, канечне, правільна, але вельмі ўжо доўга. Ды і цяжэй.            
      А за  нізкім маленькім акенцам зырка свяціла сонейка, буяла лета. Так хацелася пакуляцца ў свежым сене ці пайсці ў бярэзнік  - пагушкацца на бярозках, як на арэлях. Яшчэ больш цягнула ў вёску, да аднагодкаў, дзе можна было і ў хованкі пагуляць разам з усімі рабятамі, і, калі пашанцуе, падзівіцца на машыну, якая можа праехаць па гасцінцу. Такое ўдавалася  раз ці два за месяц.      
    Лявонавы сыны бачылі, як некаторыя іх аднагодкі катаюцца ўжо на веласіпедах – багатыя бацькі маглі купіць такое цуда. А ў Жыгулы грошай не было не тое, што на той жа, нават стары польскі ровар, дык і на новую крамную сарочку ці штаны. Не кажучы ўжо аб абутку. Нямногія з дзяцей – малодшых школьнікаў у Вірулях, у першыя пасляваенныя гады хадзілі ў куплёных чаравіках. Большасць – басанож, ці ў абслізганых старых дзявочых мэштах, большых на два-тры памеры. І ад зімы да зімы.  

Радоўка

   Жыгула не забыў дарогу на сядзібу Лустаў і пасля іх  арышту і суда. Жонка Антона – Гілена неяк летам, калі надыйшла іх чарга адбываць радоўку ў полі за дзвух кароў, калі убачыла Лявона ў вёсцы, папрасіла:
   - Можа б ты прыслаў каго з хлопцаў адбыць радоўку за нас. А то ў мяне дома адзін храмы, другі нямы, трэцці малы. Не пасылаць жа мне ў поле з пастыром  Юзюню – дзе ж яна, дзяўчынка, там з вялікім статкам справіцца. А старэйшы сын вунь ужо бульбу абганяе на кані. Другі раз гэта трэба рабіць. Я заплачу…
   Лявона, уласна кажучы, не трэба было асабліва ўпрошваць памагчы. Ён колькі разоў браў у Лустаў каня, пазычаў і жыта ў пасяўную, пакуль сваё не паспяваў абмалаціць, дзешава неяк раз купляў шкляначку мёду.
   - А калі ў вас чарга? – удакладніў Лявон. – Добра. Прыбяжыць мой самы меншы – Цішка. Ён у мяне на ногі скоры. Я яго рана раскатурхаю. Думаю, будзеш задаволена. Ён у мяне не разбэшчаны, паслухмяны. Сваю ж кароўку ў другі статак ганяе, ды і нашу карову, сам, калі трэба, пасе.
   Лявон устаў яшчэ на досвітку: трэба было ісці касіць балота за Віраўлянкай. Туды, лічы, кіламетры са два ці больш будзе. Усця ўжо завіхалася ля печы, бразгала віламі ці чапялой у качарэжніку, нешта смачнае смажыла, аж слінькі цяклі ў Лявона. Той паспеў ужо вывесці на ланцугу парсючка на росную траву, пакуль сонца не прыпячэ, падрыхтаваць дзве касы, сцябачку, брусок, узяць з сабой бутэльку бярозавага квасу – ну, усё, што яшчэ трэба для касьбы.
   - Ці застаўся там хоць кавалачак паляндвіцы? –пытаўся Лявон, калі скручваў цыгарку.
   - Ды глядзі, што толькі на дзесяць пальцаў яшчэ і ёсць, - адазвалася Усця. - Я во толькі трохі для Цішкі адрэзала – на ўвесь жа дзень на пасту пойдзе. Ты яго раскатурхаў ужо?
   - Хадзіў у тую хату. Спіць яшчэ. Хай трохі паляжыць. Лепш, канечне, каб Сцёпка тую радоўку адбыў,  дык у яго ж ногі хворыя.
   Цішка яшчэ з вечара знаў, што яму прыйдзецца рана ўставаць, і бацьку не трэба было яго доўга будзіць.
   - Што? – адплюшчыў ён вочы, - пара ўжо?  Тата, а ты сваю пугу, ну, тую, што добра шчоўкае, шырокую, дасі?
   - Бяры, якую хочаш. Ідзі во хутчэй есці, маці там яйка пасмажыла. Хлеба вазьмі з сабой. Там, у вараўні апошняя булка ляжыць на дошцы, пад столлю. Адрэжыш трохі сам.
   Лявон, канечне, шкадаваў самага меншага сына. Звычайна ў любой вялікай ці малай сям’і апошняе дзіця – самае любімае. Праўда, Жыгула ніколі асабліва не падаваў выгляду, што ён па-свайму любіць і Цішку, і астатніх дзяцей. Лічыў, што яны павінны змалку прывыкаць да сялянскай працы, умець рабіць усё, што трэба па гаспадарцы. А Цішка, во, неяк інакш расце. Не, канечне, ён усё робіць, што трэба і наколькі хапае сілы.
   Калі хлопчык пайшоў у школу, то надта ўжо да чытання прызвычаіўся. Хаця яшчэ толькі перайшоў у чацьвёрты клас, а ужо нейкія маленькія тоненькія кніжачкі, як у кішэню палажыць, насіў з хаты-чытальні і чытаў, па адной за вечар. Газы ж тады не хапала, дык Цішка, калі ўжо ўсе лажыліся спаць, запальваў маленькую газоўку-смаркачку, і сцішыўшыся ў вуглу ля печы ў першай хаце, хіліўся да агню, каб добра бачыць тэкст. Міргатлівы агонь выхопліваў з цемнаты то нейкія блішчастыя, а не сінія, як на самой справе, вочы хлопчыка, пакаты лоб, коратка, “пад катоўскага” падстрыжаныя чорныя валасы.
   У такія хвіліны Цішка, здавалася, быў не тут, у бацькоўскай хаце, а недзе там, дзе ходзяць па моры караблі, лазяць па ліянах малпы, б’юцца з ворагамі смелыя рыцары. Яму здавалася, што ён чуе ляскат жалеза, гудкі параходаў, гул матораў машын, гарматныя выстралы. У такія хвіліны хлопчык станавіўся рэжысёрам свайго ўласнага фільма, а не нейкага там “Тарзана”. Цішку здавалася, што ён не толькі бачыць, як уцякае індыйскі брадзяга і злодзей ад паліцыі, але чуе, як іграе нейкая незямная музыка…
  - Кладзіся спаць, - разбівалі гэтыя ўяўленні нечаканыя словы маці, - а то заўтра ў школу спознішся.
   - Зараз, мамачка. Толькі дзве апошнія старонкі дачытаю. Я – зараз.
   А потым, забыўшыся, што абяцаў, Цішка зноў ехаў, плыў, ляцеў на дыване-самалёце ў нейкія невядомыя раней краіны, цікаваў разам з белымі людзьмі за індзейцамі ў Амерыцы, ішоў на лыжах да Паўночнага полюсу. І адарвацца ад гэтых відовішчаў не было сіл.
   Раптам з-за спіны ціхенька, каб не рыпела падлога, на пальчыках падыходзіла маці і фуркала на кволы агеньчык газоўкі. Усё яшчэ будучы недзе там, далёка ў марах і летуценнях ад прачытанага, Цішка моўчкі закладваў старонку кніжкі, нёс яе на новую этажэрку, якую з тонкіх планак і фанеры ўжо змог змайстраваць Толя, і клаўся спаць. Каробкі запалак, каб запаліць “смаркачку” зноў, у Цішкі не было – маці іх заўсёды хавала. Ды і пасля вайны яны не так часта былі ў сельскай краме.
   У бок сядзібы Лустаў Цішка ішоў разам з бацькам. Вёска яшчэ спала. Ад Віраўлянкі на лагу, за агародамі, шырокімі пасмамі слаўся туман. Моўчкі, не шапочучы лісцем, стаялі над ракой ніцыя вербы, млява, быццам спрасоння ценькалі нейкія птушкі. Раннія гаспадыні, падаіўшы кароў, бразгалі вёдрамі, скрыпелі калодзежамі і паціху выганялі на вуліцу скаціну.
   Пастыр Даніла, не стары яшчэ крэпкі мужчына, але нейкі недагледжаны, бо начуе па чарзе ў чужых хатах, відаць, з чужога пляча пінжаку, шчоўкаючы доўгай пугай з сырамятнай скуры, ужо гнаў першых кароў за ваколіцу вёскі. Сонца вось-вось павінна было выкаціцца з-за лесу, што цёмнай сцяной стаяў за Віраўлянкай, і Цішка прадчуваў, што дзень будзе, як і ўвесь апошні тыдзень, гарачы. Ён быў у адной лёгкай верхняй кашулі і вялікім не па памеру братавым брылі, які амаль што вісеў на вушах. Босыя ногі прывыклі ўжо да ранішняй расы, і Цішка нават не адчуваў яе.
   - А чаму ж гэта ты, Цішка, сёння падпаскам у пастыра, - выганяючы карову са двара запыталася бабуля Кастуся.
   - Гэта я за Лустаў радоўку адбываць буду. Два дні. Тата казаў, што яны нешта заплацяць або нейкага харчу дадуць.
   - А спаць не хочацца?, - на ўсялакі выпадак  пыталася Кастуся.
   - Не, бабуля. Я нават сам прачнуўся, - спрабаваў зманіць Цішка.
   - Бачу, як ты сам прачнуўся. Пэўна яшчэ і не памыўся, вунь якія вочы сонныя.
   Цішка ужо адыходзіў і таму не стаў пярэчыць бабулі, а вобмельгам кінуўся даганяць статак, які ўсё павялічваўся і рос, аж пакуль яны з пастыром не выгналі яго лугавую атаву ля Віраўлянкі.
   Сонца ўжо ўстала з-за лесу, прабіла промнямі прагаліны ў кудзелістых лёгкіх хмарках і паціху паўзло ўгару. Цішка ведаў, што дзесьці за гадзіну-паўтары перад полуднем, каб выратаваць кароў ад аваднёў і гарачыні і не дапусціць зыку, статак трэба зноў прыгнаць у вёску. Жывёлы і адпачнуць, а гаспадыні іх падояць: не трэба будзе ісці на выган. Тады ён зноў убачыць, усяго можа трэці раз за лета Юзюню, дачку дзядзькі Антона.
   Калі Цішка па якой патрэбе ішоў ля сядзібы Лустаў, ён усягды шукаў яе вачыма. Летам, у лёгкай і кароткай крамнай сукенцы, заўсёды з белым бантам у кучаравых жаўтлявых валасах, з ружовымі пацеркамі на шыі яна здавалася яму калі не прынцэсай з прыгожай казкі, то не інакш – паненкай. Хутчэй гэта уяўленне было ў Цішкі ад прачытаных кніжак з серыі “Аганёк”. Траюрадная сястрычка ў свае дзесяць гадоў выглядала тут, у збедаванай і прыціхлай перад нашэсцем калгасаў вёсцы, нейкай незямной істотай. І Цішка, ды і ўсе хлопцы-аднакласнікі з якімі разам у школу хадзіла і Юзюня, адкрыта любаваліся дзяўчынкай. Ці было гэта каханнем або толькі нейкім усведамленнем трапяткога пачуцця павагі да сястрычкі, але ў Цішкі заўсёды пры сустрэчы з Юзюняй адымаўся язык і ён, калі адчуваў, што чырванее, апускаў вочы. А тая то над нечым жартавала, то, здавалася, без прычыны рагатала, толькі хлопчык успрымаў не словы, а яе разлівісты смех, любаваўся ўсмешкай, асабліва калі на паружавелых шчоках дзяўчынкі на нейкае імгненне, як сполах маланкі, з’яўляліся прывабныя ямачкі.
   І ў вёсцы, але асабліва ж у школе, на перапынках, вакол Юзюні заўсёды збіраліся дзяўчаткі-аднакласніцы: яна нечым прыцягвала іх да сябе. Нехта зайздросціў, што дзяўчынка лепш за ўсіх у класе вучыцца, іншыя проста даражылі тым, што могуць вадзіць з ёй кампанію. Каб звярнуць на сябе ўвагу, неяк раз да дзяўчат з фанабэрыяй, узяўшы рукі ў бокі, падыйшоў гультай і свавольнік Яшка. Тады яшчэ не было ў яго мянушкі Мотала, але ўсёроўна яго не любілі ў класе ні хлопчыкі, ні тым больш дзяўчынкі.
   - Ну што, сарокі, ніяк не натрашчыцеся? А можа вам трэба памагчы? Дык я…
   І Яшка, як той п’яны музыка на хрэсьбінах, па-даросламу вылаяўся, нават не аглянуўшыся на настаўніцу, якая пасля званка ўжо заходзіла ў клас. Цішка, які заўсёды імкнуўся быць побач каля Юзюні, не вытрымаў абразы ў яе адрас і, каб ніхто не бачыў, знізу рэзка ўдарыў кулаком Яшку ў жывот. Той ёкнуў, скурчыўся і пасунуўся за сваю парту.
   - Ну, я табе гэта прыпомню! Ты мяне яшчэ пазнаеш, - зашыпеў той.
   Мотала заўсёды чапляўся да ўсіх хлопцаў, хто быў слабейшы за яго. Цішка, канечне, быў меншы. Але ў душы лічыў, што менавіта толькі ён мае права абараняць ад любых нападак Юзюню. І ў той дзень, ды і раней, бывала, хлопчык стараўся заўсёды ісці дамоў са школы разам з Юзюняй. Праўда, тая не надта звяртала на яго ўвагу. Цішка быў невысокі, з яе ростам, ціхмяны, сарамлівы, заўсёды ў адной і той жа беднай апратцы, сціплы, як і большасць дзяцей з вялікіх сем’яў. А Юзюню бацькі і дзядуля з бабулей, не шкадуючы грошай на адзіную дачку і ўнучку, нават на вуліцу апраналі, як тую ляльку. Таму і здавалася яна хлопчыку проста недасягальнай.
   Кароў з поля прыйшлося прыгнаць у вёску раней, чым думалі пастыр Даніла з Цішкам. Хлопчык, як тая Жучка, якая круцілася ля пастухоў, спрабаваў у каторы раз аббегаць увесь статак, каб сабраць жывёлу ў гурт, але гэта яму ніяк не ўдавалася. Авадні, сляпні так джгалі кароў, што тыя, ашалеўшы ад болю і гарачыні, задраўшы хвасты, пачыналі зыкаваць і збягаць з поля.
   - Ладна, Цішка, - супакоіў хлопчыка пастыр. – Завярні вунь тых двух рабых да статку, і хай яны ў жо бягуць да вёскі.
   Пастухі ўсёроўна ішлі з абодвух бакоў статка, каб жывёла не ўлезла ў патраву. У тую ж маладую канюшыну ці бульбу. Цішка навучыўся яшчэ дома шчоўкаць бацькавай пугай, і цяпер рабіў гэта з задавальненнем.  І нават тут, на пасьбе, ён успамінаў прачытаныя кніжкі і ўяўляў сябе фермерам у амерыканскіх прэрыях, якія адлоўліваюць дзікіх мустангаў.
   Калі ўсіх кароў сустрэлі гаспадыні, а многія жывёліны і самі зайшлі ў свае двары, Даніла паклікаў Цішку:
   - Пойдзем есці. Там цётка Гілена, думаю, нешта смачнае нам зварыла ці спякла. Я помню, як мінулым летам, калі я ў іх быў на радоўцы, дык яна мне з падпаскам з маладой бульбы і мукі бліноў-драчонікаў напякла…
   Цішка ішоў праз веснічкі ў двор Лустаў, як на ватных нагах. Ён і вельмі хацеў, і баяўся ўбачыць Юзюню. А раптам яна стане насміхацца, калі ўбачыць яго ў палапленай потнай цяпер кашулі, старых залатаных на каленях портках. Ды й яшчэ – басанож.
   Вялікая хата Лустаў з адным уваходам, але на два бакі, была пустая. У першай, дзе знаходзілася вялікая печ, завешаная зыркай дзяружкай, стаяў, відаць, куплёны стол і непрывычныя для Цішкі два крэслы з высокімі і тонкімі гнутымі спінкамі з нейкага  парудзелага дрэва. Ля вокан, якія былі зачынены, каб не пускаць у дом гарачыню, на нізенькіх лавачках, засланых кароткімі вышытымі фіранкамі, стаялі ў збанах ці драўляных маленькіх кадушачках фікусы, рута, калючы аліяс, іншыя кветкі. У вочы Цішку кінулася лялька  маленькага, са два кулачкі, мядзведзіка з чорнымі гузікамі вочак. У свой час, калі быў малы, яму так хацелася мець нешта падобнае, мяккае і пушыстае, быццам жывое.
    У хаце пахла ні то лякарствам, ні то адэкалонам. Прыкрытая крамнай, можа нават Юзюнінай нажуткай, у куце стаяла нажная швейная машынка. На сцяне ў пафарбаваных залацістай фарбай рамачках, мясціліся здымкі, відаць, нейкіх Юзюніных дзядоў, бабуль, кабет ці дзядзькоў у форме польскіх жаўнераў. Пад бажніцай з трыма вялікімі абразамі, кожны ў блішчастай аправе, стаяў маленькі столік са свечкамі, дагарэлымі амаль да залацістага падсвечніка ў форме нейкага перакуленага кілішка.
   Цётка Гілена з’явілася праз незачыненыя дзверы з другой паловы дома з патэльняй аладак, перасыпаных кавалачкамі падсмажанага з цыбуляй любовага сала. Цішка еў такую смакату толькі на Каляды ці на Вяліканне, разы два-тры ў год, калі бацька калоў адзінага на ўвесь год кабана. Лусты ж гадавалі звычайна двух-трох падсвінкаў для сябе і яшчэ, можа столькі ж, - на продаж на кірмашы. Паставіла цётка на стол і свежых агуркоў, прынесла жбаночак кіслага малака. А ўжо хлеба на стале было аж тры віды: чорны – свойскі, чорны, відаць, куплёны ў краме ў райцэнтры, і нарэзаныя лусты белай булкі.
   Ні Цішку, які толькі тут, у хаце адчуў, як ныюць ногі ад бегатні за каровамі, ні пастыра не трэба было запрашаць есці. Але больш за ўсё ўразіла хлопчыка, ды й, пэўна, Данілу вялікая міска мёду, якую цётка Гілена паставіла ў канцы абеду на стол, і ўваткнула ў салодкую спакусу дзве лыжкі: маўляў, ешце, колькі хочацца.
   - Свежы ён. Во толькі ўчора з вулляў выкачалі. Можа чаю прынесці? Ёсць і з мятай, і з ліпавым цветам.
   Нашто ўжо напіхаў Цішка жывот блінамі ды свежымі агуркамі, а ад мёду адказацца не змог. Ён еў яго і з чорным хлебам, і з булкай, чэрпаючы лыжкай. Але абодва едакі так і не змаглі асіліць і пятай часткі міскі: мёд жа вельмі сытны, многа не з’ясі. Цішка толькі баяўся, каб ад усёй гэтай смачнай яды з непрывычкі не стала дрэнна.
   Пакуль пастухі сілкаваліся, у хату забегла Юзюня.
   - Ма-а-ам, - сумелася дзяўчынка, убачаўшы пастухоў, - а можна мне да Кацькі Хведаравай насяло, ну, пагуляць схадзіць?  
   Расчырванелая, на гэты раз з распушчанымі, здавалася, залацістымі валасамі, яна гэльцнула за фіранку, якая падзяляла хату на дзве няроўныя палавіны. Адтуль, пашаптаўшыся аб нечым з маці, выйшла ўжо ціхай хадой.
   - Нічога. Заўтра сходзіш. Нікуды твая Кацька не дзенецца. У школу ж яшчэ не скора – нагуляецеся, - наўздагон даводзіла маці. – Сёння во пойдзем у падвячорак на луг, што за Віраўлянкай. Сена трэба ў копкі зграбсці. Адзін жа дзядзька ці бабуля не справяцца. А пакуль во горача, схавайся ў цянёк, у гародчыку.
   Зыркнуўшы сінімі агенчыкамі вачэй на пастухоў, Юзюня выслізнула з хаты. Цішку падалося, што яна неяк асоба даверліва ўсміхнулася менавіта яму, аж паказаліся яе знакамітыя ямачкі на шчоках. Дасёрбаўшы вельмі гарачы чай з мятай, хлопчык падзякаваў цётку Гілену, якая пачала ўжо збіраць са стала пусты посуд, і таксама выйшаў на вуліцу.
   Юзюня сядзела ў гародчыку на нізенькай лаўцы і перабірала тры-чатыры галоўкі жоўтых вяргіняў, якія яшчэ толкам не распусціліся. Цішка, набраўшыся храбрасці, падышоў бліжэй.
   - Гэта што, вянок будзе ці букет нейкі?
   Юзюня нічагуткі не саромеючыся (яна ж была ў сябе дома), адкрыта глянула на Цішку.
   - Не. Гэта я думаю да восені з іх гербарый высушыць. Помніш, Наталля Фядотаўна казала, што летам можна  засушыць усялякія кветкі ці травы. А зімой на занятках можна многа чаго пра іх расказаць. А ты нічога не засушыў, ніякага лісточка?
   - Не, - адчуваючы, што Юзюня звяртаецца да яго, як да роўнага, як мага спакайней адказаў Цішка. – Мне кветачкі сушыць часу няма. Мы больш сена ці лазовую кару сушым.
   - Гэта якую потым у магазін носіце? Я ж не раз бачыла. А куды яе потым адвозяць?
   - Кажуць, што на нейкую фабрыку аж у Мінск. Там з дапамогай лазовай кары вырабляюць аўчынкі ці яшчэ нейкія скуры.
   - Чаму гэта ты з братамі ў вёску насяло не прыходзіш? Ці ты можа мяне баішся?
   Цішка машынальна круціў у руках сарваную тут жа, у гародчыку кветачку вяргіні і ніяк не мог паверыць, што гэта яна, Юзюня, ведае, што ён сапраўды рэдка бывае ў вёсцы. “Значыць, - тахкала сэрца, - яна сочыць за ім”. І ад гэтых думак, ад жадання, як мага больш пабыць разам, пагаварыць хаця б і пра нешта пустое, хлопчык ледзь стрымліваў сябе ад радасці. Яго заўважыла і ацаніла дзяўчынка, да якой ён і цяпер баіцца нават датыкнуцца!...
   А ў двары, важна задзіраючы галовы ці, наадварот, выцягваючы над зямлёй доўгія шыі, гагаталі вялікія шэрыя гусі. Цішка помніў, што калі ён пайшоў толькі ў першы клас, цётка Гілена выпускала іх на вуліцу пашчыкаць на аселіцы травы ці схадзіць паплаваць у недалёкую затоку на Віраўлянцы. Ідучы да дому са школы, Цішка амаль штодзень сустракаўся з гэтымі, як яму здавалася, злымі і нахабнымі птушкамі.
   Неяк раз ён не паспеў даць ад іх лататы, і стары гусак аж да крыві ўшчыкнуў яго за голую нагу. Пасля гэтага хлопчык заўсёды загадзя адламваў дзе-небудзь ля плоту вялікі дубец і ўжо з ім спакойней праходзіў міма. Юзюня неяк раз праз адчыненае вакно падгледзела, як Цішка бароніцца ад іхніх гусей і, не стрымліваючыся, уголас зарагатала. Хлопчык, не аглядваючыся, збег тады  далей ад панадворка Лустаў, а сам доўга баяўся сустрэцца позіркам з Юзюней: а раптам яна ўспомніць пра той выпадак?.
   Але ні тады, ні праз гады тры, калі Цішка ўжо скончыў тры класы, яна не ўспамінала гусіную атаку. Упэўніўшыся, што ўсё прайшло, хлопчык і сам забыўся пра тое ганебнае відовішча. А цяпер тут, побач з Юзюней, калі убачыў ў двары гусей, зноўку ўспомніў усё так ярка, аж чарванню пабраўся твар. Юзюня заўважыла, што Цішка пачырванеў.
   - Ты чаго гэта, Цішка, спужаўся? Гусей, ці што?
   Лепш бы яна нічога не пыталася, бо хлопчыку і так здалося, што дзяўчынка нічога не забылася. Яго набрынялыя вочы гатовы былі выліцца слязьмі.
   - Ды не. Гэта я… Мне ў вочы нейкая мошка трапіла, - адвярнуўся Цішка ўбок…
   І ўсё ж яму ў тую радоўку, як ніколі, было радасна гутарыць з Юзюней, любавацца яе сонечнымі валасамі, бачыць ямачкі на шчоках, чуць яе трохі нізкі голас.            
        
      Частка шостая
Раскулачванне

   Апошнія месяцы 1951 года Жыгула не знаходзіў сабе месца: грашовыя падаткі, як аднаасобніку, ды і натуральныя  яму плаціць было нечым. І сам, і дзеці пастаянна недаядалі. А тут яшчэ старшыня сельсавета Баўтрук неяк сустрэў Лявона ў вёсцы і цвёрда зазначыў:
   - Не ўступіш у калгас, зраблю дакументы, што ты кулак. У цябе ж, вунь, больш за ўсіх зямлі. Тады пазнаеш, пачом фунт ліха…
   - Ды якая гэта зямля: кусты ды пустыя лагі з шарстухай. Ворыва ж зусім мала. І ў мяне ж ніякіх наймітаў няма. Усё – я сам, ды Усця, калі зможа. Дзеці ж пакуль не памочнікі. Ты ж ведаеш – пяцёра их у мяне.
   - Ты мне тут антыкалгасную прапаганду не развадзі. Ведаю я вас, жлуктаў. У вёсцы толькі твая ды сядзіба Лустаў яшчэ не ў калгасе. Як хочаш. Я цябе папярэдзіў. Мы не паглядзім на тваіх бахуроў і што ты ваяваў. Вось і Вера Сямёнаўна аб гэтым кажа. Дарэчы, а што ты рабіў пры немцах, га?
   Лявон разумеў, што няма сіл, каб на роўных цягацца з Баўтруком. За ім уся раённая ўлада і ўзброеная калгасная ахова,  эмгэбісты. А ён адзін. Ну, яшчэ з жонкай і маці Антона Лусты, бывала, уціхую, каб ніхто не бачыў, перагавораць аб усім, параяцца, паскардзяцца адзін аднаму. Аднак ўсёроўна выходзіла, што рана ці позна, але ад уступлення ў калгас ім нікуды не дзецца. Праўда, Лустаў туды надта і не звалі. Іх сям’ю, відаць, наогул выкрэслілі са спісаў магчымых калгаснікаў.

Вера Сямёнаўна

   Жыгула, канечне, вельмі рызыкаваў, цяпер нават рэдка сустракаючыся з сям’ёй асуджаных “ворагаў народа”, але, дзякуй Богу, аб гэтым мала хто і ведаў. Не расказваў Лявон аб сустрэчах і Усці. Не, канечне, яна шкадавала і Гілену, і самога дваюраднага брата Гардзея, і яго сына Антона, але што ж яна магла зрабіць? Толькі моўчкі спачуваць. Тады ў вёсцы многія затаіліся, нечага чакалі.
   Не ўсе вяскоўцы, якія ўступілі  ў калгас, выходзілі штодзень на працу. Звычайна ў цэнтры вёскі, дзе стаяла старая ліпа, збіраліся калгаснікі, і брыгадзірша распараджалася, каго куды накіраваць на работу. Тут паспелі перавезці ўжо з хутароў у адно месца чатыры ці пяць свірнаў, дзе цяпер захоўвалі абагуленыя плугі, бароны і другі сельскагаспадарчы інвентар, быў абсталяваны пад ліпай і вялікі стол з негабляваных дошак, уздоўж якога стаялі лаўкі. Лявон бачыў усё гэта здаля. Адзін раз, праўда, калі нікога не было побач, нават пасядзеў на лаўцы. Але з брыгадзіршай не сутыкнуўся.
   Ён жа – аднаасобнік. “І што гэта за Вера Сямёнаўна?”, - думаў Лявон пасля сустрэчы з Баўтруком. Які брыгадзір з бабы? Ён казаў, што яна хоць і проста брыгадзір, а можа нават і самага старшыню калгаса замяніць, калі трэба.  У вёсцы мужчыны казалі, што яна нібыта ваявала ў партызанах разам з самім Баўтруком. Баба – агонь: і палітыку знае, а за якое нахабства да сябе можа даць адпор любому мужыку.
   Неяк раз Жыгула, калі прыходзіў да маці ў вёску, пачуў ад яе, што праз два дамы, Баўтрук пасяліў жыць у пустуючы дом былога польскага лесніка Юзіка Славінскага нейкую брыгадзіршу. У яе і сын быў, недзе такі ж па ўзросту, як і яго Сцёпка. Салому са страхі ў дома Славінскага ў двух месцах сарвала бурай, і маці казала, што Вера Сямёнаўна пыталася ў яе,  каб каго-небудзь знайсці з аднаасобнікаў, залапіць страху.
   - Ёй жа, па іхняй палітыцы, нельга, каб калгаснікі прылюдна нешта рабілі для яе асабістай выгоды. Працадзень жа за гэта не паставіш. Толькі на агульную карысць трэба працаваць, для сябе – нічога. Баба яна, казалі, з грашыма. Ты бачыў, як яна апранаецца? У афіцэрскіх галіфэ. І хромавыя боты носіць. А вусны нечым чырвоным малюе. Як у той дзіцячай цацкі. Гэта яна ў мяне малако ад казы купляла. Казала, што надта добра яно памагае сыну пры прастудзе і калі ў таго нешта баліць у жываце.
   Лявон, праўда, бачыў здалёк тую Веру Сямёнаўну, але ў той раз яна была у нейкай спадніцы і паўафіцэрскім фрэнчы. Аднак нават на адлегласці Жыгула ўспрымаў яе, як чалавека чужога не толькі для іх вёскі, але і наогул для ўсіх сяльчан. Калі яна за калгасы, значыць супраць Бога, за тое, каб людзі жылі тут бедна, як і да вайны на Бягомальшчыне. Сустракацца з такім чалавекам Жыгуле не хацелася. А грошы, якія магла заплаціць гэта брыгадзірша за страху, бадай, не вартыя таго, каб аб ім вірульцы потым плялі ўсялякія плёткі. Усё ж такі баба яна адзінокая, ды й казалі – надта яшчэ спрытная.
   З Верай Сямёнаўнай Лявон сустрэўся тварам у твар, калі прыйшоў у сельсавет плаціць грашовы падатак. Яна заўважыла яго ў дзвярах і павольна, гледзячы прама ў вочы, устала з-за стала. Невысокая, у меру поўная, сапраўды ў добра падагнаных галіфэ і блішчастых хромавых ботах, з кароткай стрыжкай цёмна-каштанавых, відаць, падфарбаваных валасоў яна і сапраўды выглядала прывабнай. Гледзячы на Лявона, яна прыжмурыла левае вока, быццам падміргвала і хітра, аднымі вуснамі ўсміхалася.
   - Ну, нарэшце: прыйшла каза да ваза. Ну, здраствуй, Лявон!
   Жыгула на які момант сумеўся: яна – не яна? Няўжо гэта тая ж Верка? Яго першая каханка… А цяпер злая брыгадзірша? Не можа быць! На хвіліну ў Лявона адняўся язык.
   - Цябе і пазнаць цяжка, - чырванеючы як заўсёды перад Верчыным напорам, - нарэшце знайшоўся Жыгула. – Ты цяпер вунь якая – граматная, партыйная. Камандуеш. А мы што? Земляробы. Неадукаваныя. Цёмныя, як тая ноч у піліпаўку…
   Верка была задаволена, што зрабіла такое ўражанне на Лявона  і не хавала гэтага. Яна і сапраўды, хаця прыкметна пакруглела, а вакол вачэй дзе-нідзе з’явіліся ўжо маршчынкі, у іх усё яшчэ гарэлі прызыўныя агеньчыкі. Поўныя вусны сціскаліся быццам для пацалунка. Пад тонкай паркалёвай расшпіленай на два гузікі нажутачкай ружавелі і рытмічна ўздымаліся поўныя грудзі. Верка бачыла, куды скіроўваў позірк Лявон, чула яго дыханне і яму здалося, што каб нікога не было ў памяшканні, яна сама кінулася б да Жыгулы ў абдымкі. У тую хвіліну перад ёй стаяў не класавы вораг і люты аднаасобнік, а ўсё той жа, крыху няўклюдны і цяпер збянтэжаны хлопец, з якім калісьці яна была шчаслівая. Дужы і, пэўна, ж па-ранейшаму гарачы.
   А Лвон не ведаў, што цяпер яму рабіць, як сябе паводзіць, аб чым гаварыць з Веркай.
   - Я, гэта…, - замяўся Жыгула, - мне б падаткі заплаціць.
   - Што?, - раптам успыхнулі ў шэрых вачах Веркі злыя агеньчыкі, - грошы лішнія завяліся? Дзецям усяго накупляў? Ровар маеш? Яшчэ аднаго каня прыдбаў? Усёроўна не разбагацееш! Усё ў калгас забяром. Усё!
   Лявон ніколі не бачыў Верку такой зласлівай. Ну, бывала, калі сустракаліся яшчэ да вяселля, яна магла паказаць зубкі, узбрыкнуць, адвярнуцца, быццам заплакаўшы, каб хлопец пашкадаваў. Дзе яна была гэтыя дзесяць-дванаццаць год, у каго і чаму вучылася,  хто бацька яе сына? Пытанні блыталіся ў галаве Жыгулы як тая рыба, трапіўшая ў нерат, пераскоквалі з адной думкі на другую, а адказаў не знаходзілася ні на адно. Ды іх Лявон і не шукаў. Ён ніяк не мог уцяміць: лаецца, абражае яго Верка ці толькі робіць выгляд перад чужымі людзьмі, што сярдуе.
   - Плаці, калі такі багаты, - раптам быццам аднекуль зверху данёсся голас Веркі. – Уступіў бы ў калгас, заплаціў бы першы ўзнос – і ўсё. А потым толькі зарабляў бы працадні. Падумай, пакуль яшчэ цябе завуць да грамады. Потым позна будзе.
   Аддаўшы падатак, Жыгула, утрапёны і быццам аглушаны, выйшаў на высокі ганак сельсавета і міжволі апусціўся на лаўку, што была прымайстравана ўздоўж парэнчаў. Закурыў. “Што яна хоча, гэта Верка, Вера Сямёнаўна? – меркаваў Лявон. – Забраць у калгас яго гаспадарку, як, дарэчы, і астатніх вяскоўцаў, каб старшыня сельсавета мог замальдаваць у раён, што ў Вірулях засталася толькі адна сям’я аднаасобнікаў – гэта Лусты. А, можа, яна і сапраўды раіць нешта разумнае і правільнае? Вунь і старшыня Паленаўскага сельсавета, будучы на добрым падпітку, на чарговым сходзе сяльчан гразіўся, што можа любога зрабіць на паперы кулаком”.
   На самой справе гэта залежала не ад раённых улад, а ад таго, як даложыць мясцовы  старшыня сельсавета ці калгаса. У раёне верылі сваім людзям на месцах. Назавуць яны тут, у вёсцы, чалавека кулаком ці падкулачнікам, вось і стане ён аўтаматычна “ворагам народа”. А з ворагамі ні Першыя, ні Другія саветы не цырымоніліся. Або – высяленне некуды на Поўнач ці ў Казахстан, а ў горшым выпадку – арышт і турма на дзесяць ці дваццаць пяць год. Гэта рашала “тройка”: сакратар райкама, раённы пракурор і начальнік міліцыі ці МГБ, як тады іх называлі.
   Лявон ведаў, што сельсаветы павінны складаць спісы людзей нядобранадзейных, так званых падкулачнікаў і кулакоў. Хто туды можа трапіць і чаму, ён добра не разумеў, а сябе асабіста лічыў проста звычайным земляробам. Яму нарэшце хацелася нацешыцца сваёй сядзібай, хутарам, жыць сваёй галавой, хадзіць на работу не па загаду нейкага там брыгадзіра ці старшыні калгаса, а па сваёй волі. І не тады, калі гэта трэба сельсавету для справаздачы ў раён, а калі пазавуць яго зямля, луг, лес ці балота, калі самі рукі змаркоцяцца без работы. І раней працаваць на чужога пана ці, як цяпер, проста на бязглуздага камандзіра, якога назначылі начальнікам, гэта прыкра, нудотна і нават грэшна. Так лічыў Жыгула.
   А яна ж, Верка, пэўна і будзе ім камандаваць, калі ён уступіць у калгас, хаця сама, як ведаў Жыгула, бы тая страказа, раней умела толькі пырхаць ад аднаго кавалера да другога. Лявон не кахаў Усцю, калі сватаўся да яе. Але ж пражыў ужо столькі год, займеў многа дзяцей і цяпер зразумеў, што яна ўсё ж лепш за Верку-прайдзісветку.
   Хаця яшчэ і сёння Жыгула, калі быў не ў гуморы ці п’яны, раўнаваў жонку да нейкіх там былых кавалераў, часцей за ўсё ўспамінаў усё  таго ж Круталёва, які  прыходзіў калісьці ў Вірулі на танцы. Чаму? Ён і сам добра не разумеў. Проста трэба было на некім сарваць злосць за гэтае бязладнае жыццё, за пастаянную нястачу, кучу дзятвы, бясхлебіцу. А тут яшчэ гэта Верка аднекуль звалілася на яго галаву! Во яшчэ і маці кажа, маўляў, Веры Сямёнаўны трэба страху ў доме падлатаць. Добра, што ні яна, ні Усця нічога не ведаюць пра былыя заляцанні Лявона да Веркі, думаў ён.
   Але Жыгула памыляўся. Усця яшчэ ў маладыя гады, калі была дзеўкай, чула, што Лявон некуды хадзіў за тры кіламетры да нейкай дзеўкі-шалахвосткі. Хто яна такая, Усця не ведала, але сэрцам адчувала, што мужык, нават калі спіць з ёю, асабліва ў першыя гады пасля вяселля, усё неяк спрабуе яе пераканаць, што жонка не так яго лашчыць у пасцелі, як трэба. А якая магла быць ласка, калі Усця, натаптаўшыся за дзень то ў агародзе, то напрацаваўшыся ў полі са жнівом, то ля дзяцей і печы так збівалася з ног, што ледзь дашкрабвалася да ложка.
   - Усця, - бывала гукаў з другога пакоя Лявон, мяркуючы, што ўжо ўсе дзеці спяць, - хадзі сюды.
Пагаварыць трэба. Чуеш?
     Усця скрозь дрымоту нешта бурчэла ў адказ, але Лявон не мог супакоіцца. Мужчынскую прыроду ён адмяніць не мог і ўсё зваў яе да сябе. Калі ж яна, зразумеўшы, што той не адчэпіцца і што яна яму патрэбна не як жонка, а проста як жанчына, уставала і нехаця ішла да яго. Лявон, не кажучы больш ні слова, проста груба валіў яе на ложак і цешыўся, колькі было ахвоты. Задаволены, нават не прыгалубіўшы, казаў:
   - Ну, ладна, ідзі спаць.
   Пакуль жонка хадзіла на вуліцу ці ў сенцы, каб трохі астыць і падыхаць паветрам ці папіць вады, Лявон, быццам выканаўшы цяжкую работу, паспяваў ужо заснуць. А Усця ж і калі была яшчэ не замужам, марыла, як дарэчы, і амаль усе вясковыя жанчыны, што яе муж будзе гаварыць ёй у такія гарачыя хвіліны нейкія цёплыя словы, гладзіць і лашчыць, як тую казачную паненку.
   А Лявон потым здзіўляўся і нават папікаў Усцю, што яна нараджала яму столькі дзяцей. Во, Верка маладзец: у яе ўсяго адзін сын. І хопіць. Жыгула потым даведаўся, што радзіла яна хлопчыка яшчэ да вайны, што бацьку яе сына ў 1942 годзе расстралялі немцы за сувязь з партызанамі. Верка паспела да вайны скончыць пяць класаў, пасля нейкія курсы, пакуль сын быў у дзеда з бабай у Заходніх абласцях Беларусі. А калі мужыка забілі, сама пайшла ў Бягомальскую зону ў партызаны. Такую баявую дзяўчыну заўважылі і камандзір, і палітрук, але больш за ўсё яна вадзілася з Баўтруком. Быў ён у атрадзе адказным за камсамол, ён жа і настаяў, каб Верка стала камсамолкай. Пасля вайны яе паслалі на партыйныя курсы аж у Маладзечна, а потым ідэйна падрыхтаваўшы, накіравалі ў знаёмы з дзяцінства раён праводзіць калектывізацыю.
   Жыгула разумеў, што ён супраць выштукаванай  вабнай і адукаванай Веркі – сарамяжлівы цяльпук і невук, але, калі ўбачыў спрытную і з гарачымі вачыма кабету, яго зноў пацягнула да яе, як да жанчыны. Зразумела гэта адразу і сама Вера Сямёнаўна яшчэ там, у сельсавеце, пры першай сустрэчы. Але яна была вопытная і не стала адразу лезці мужыку ў вочы. Ведала, чалавеку трэба саспець, як таму яблыку. А пакуль Лявон для яе хоць недзе ў душы і быў жаданым мужчынам, але як кавалер – зялёны. Хай яшчэ колькі дзён паходзіць па вёсцы, памучаецца, пазайздросціць, паназірае за ёй, брыгадзіршай. А яна зноў запражэ ў брычку каня і будзе ганяць на ёй  па вуліцы, па хутарах і па палях, дзе працуюць новыя калгаснікі.
   Пэўна Верка ведала, у які час Лявон звычайна прыходзіў да маці, бо аднойчы яна быццам бы выпадкова прыйшла да Кастусі па казінае малако.
   - Гэта Вера Сямёнаўна, - падказала маці, калі Верка, паздароўкаўшыся, пераступіла парог. – Помніш, я ж табе казала, што шукае яна работніка, каб страху паправіць.
   Верка, быццам бы ўбачыла Лявона ўпершыню, сціпла паздароўкалася з ім.
   - А можа і сапраўды вы паможаце адзінокай жанчыне, - спецыяльна пачала на “вы” Верка. - Я аддзячу. Не сумнявайцеся, - разважліва дадала яна і, як падалося Лявону, падмігнула яму.
   Цяпер яна была ў нейкім ружовым добра прыталеным сачыку  і кароткай, да каленяў, чорнай спадніцы. Белыя зусім не загарэлыя ногі, бо ўвесь час былі ў галіфэ, выглядалі прывабна і апетытна.
   У той дзень Лявон нічога канкрэтна Верцы не сказаў. Маўляў, пабачым. Будзе час, зайду. Пагляджу, што там трэба зрабіць з тваёй страхой. Жыгула разумеў, што брыгадзірша заве яго не як работніка, а як мужчыну, хаця пра Лявона ўсе ў вёсцы ведалі, які ён здатны майстр да будаўнічых работ. Верка, відаць, хацела даказаць і сабе, а больш Лявону, што цяпер менавіта яна і ёсць хоць не самая высокая, але ж улада ў вёсцы. Яе можна кахаць, калі яна гэта дазволіць. А найперш – быць служкай, ва ўсім падпарадкоўвацца бабскім чыкі-брыкам.
   “Ат, чаму быць, таго не мінаваць, - адчайна спрабаваў пераканаць сябе Лявон. Ну і што, калі яна стала камуністкай, што гарой - за калгасы і нейкі новы лад жыцця!? Вось схаджу да яе, на дом пагляджу, можа што і залатаю там. Пацешуся з кабетай – маладая ж яна, і без мужыка даўно. Мне што, я – мужчына. Можа хоць адчэпіцца ад мяне, як аднаасобніка і ў калгас пакуль не будзе прымушаць уступаць. А там, глядзіш, усё пераменіцца. Можа і Саветам капец прыйдзе. Нездарма кажуць, што будзе яшчэ вайна.
   Вунь, мужыкі расказвалі, што некаторых нежанатых салдат, асабліва танкістаў, якія прыйшлі з вайны, у нейкую Карэю ваяваць пасылаюць. З амерыканцамі. І казалі, што яны цяпер сталі мацней за Саветы, і самі могуць пайсці на Савецкі Саюз вайной. Значыць, і калгасаў больш не будзе… А ў Кулакове, вунь, за Маладзечнам, калгас разваліўся: старшыню забілі бандыты і кантору разрабавалі, усе дакументы і заявы калгаснікаў спалілі. Цяпер дакажы, што ты сам прасіўся ўступаць у калгас: дакументаў жа няма. Вось людзі і разабралі сваіх коней ды кароў па дамах і хутарах, падзялілі вупраж, плугі ды бароны. Праўда, што будзе далей, ніхто не ведаў”.
   І наогул, такіх ці падобных “папяровых” калгасаў на Заходніх землях Беларусі было нямала. І не дзіўна, бо арганізоўвалі іх часцей за ўсё людзі нетутэйшыя, чужыя. Каб кіраваць працай чалавека на вёсцы, трэба самаму яе ведаць дасканала. Любіць зямлю, а не сябе на ёй. Вось як той жа Луста, ці дзед Яфім Шворан. Не, канечне ж, Луста лепшы быў гаспадар. Бо той не проста ведаў, дзе, калі і што сеяць, а знаў, як з выгодай і каму прадаць лішкі зерня, бульбы, таго ж масла, каму за добрую цану збыць гадавалага парсюка ці лішняе цяля. Ды няма цяпер у вёсцы Лустаў, улады зрабілі іх ворагамі народа і адправілі ў турму. Тое ж самае можа быць і з любым аднаасобнікам, які яшчэ не развучыўся працаваць на зямлі і не ўступіў у калгас.
   Камуністы лічылі, што такія гаспадарлівыя людзі і ёсць тайныя ворагі калгаснага ладу. Яны, канечне, адкрыта і прылюдна можа і не будуць агітаваць супраць яго, але “дабраахвотныя” заявы аднаасобнікаў – толькі шырма, каб улады не чапляліся.  
   Перад зімой 1952 года, яшчэ ў верасні, Жыгула ўсё ж выбраў дзень, каб схадзіць да Веркі адрамантаваць вільчак страхі ў доме. Ён доўга вагаўся, рабіць гэта наогул ці не, і вырашыў усё ж ісці туды не адзін. Узяў з сабой у памочнікі старэйшага сына Антона Лусты – пятнаццацігадовага Сафрона. Верка, убачыўшы Лявона не аднаго, хоць і не паказала выгляду, што незадаволена гэтым, але сустрэла Жыгулу даволі холадна:
   - Драбіны вунь за хлевам на сцяне вісяць. Снапы акалота пад страхой. А віткі, я бачу, у вас ужо ёсць. Я прыеду ўвечары.
   Адвязаўшы лейцы ад плоту, Верка сцебанула пугай каня і стоячы ў брычцы, пусціла яго па вуліцы галопам. Яна разумела, што ёй нельга на вачах у людзей волаводзіцца з аднаасобнікам Жыгулай ля свайго дома, нешта памагаючы яму. А Лявону было гэта да спадобы – усё ж такі ён тут не адзін будзе латаць страху.
   Вітак, тонкіх, пакручаных да мяккасці бярозавых дубцоў даўжынёй з метр ці больш, якімі звычайна прывязвалі да лат расцеляныя на страсе кулі саломы, Лявон запас яшчэ з вечара. Усця, убачыўшы, што ён круціць бярозавыя дубцы, не вытрымала:
   - І на што ж табе гэтыя віткі? Здаецца ж у нас страху нідзе вецер не падраў.
   - Гэта мяне брыгадзірша прасіла. Яшчэ летам. Я да мамы неяк заходзіўся, а яна ў яе малако тады ад казы брала. Чорт яе ведае, што ў яе ў галаве – начальніца ж. Не дагодзіш, дык разам з Баўтруком прычэпяцца каб у калгас ішоў. А, можа, памякчэюць. Халера іх ведае…
   - Чула я пра тваю Веру Сямёнаўну, чула. Зыгуіць яна, як тая карова-ялаўка ў спёку. Так і глядзіць на чужых мужчын. Знаю я, чаго ты да яе ідзеш…
   Лявон не ведаў, ці дайшлі да Усці чуткі, што гэта менавіта з ёй ён яшчэ пры Польшчы круціў шашні. Але на ўсякі выпадак цяпер, каб даказаць, што ён проста баіцца гэту начальніцу і не рызыкуе нажыць злосніцу, груба абарваў жонку:
   - І ты туды ж, як і ўсе вясковыя бабы, тваю маць! Што ж гэта за баба, якая ў афіцэрскіх штанах і на брычцы катаецца. Казалі, што яна і п’е як мужык. Ты во лепш глянь, куды хлопцы падзеліся. Нешта я іх ужо з гадзіны дзве не бачу.
   Як не імкнуўся Лявон перавесці размову на другую тэму, Усця сэрцам адчувала, што Вера Сямёнаўна не тая кабета, якая спраўнага мужыка прапусціць. А Лявон, яна добра ведала, да бабскага цела гарачы. Праўда, Усця не стала, як гэта звычайна рабіў сам Лявон, калі хацеў яе абразіць, успамінаць былых мужавых каханак ці знаёмых дзевак, адкрыта раўнаваць яго да гэтай прыезджай начальніцы. Усця добра разумела, што яна і Верка – зусім рознага поля ягады. Але сэрца яе было не спакойным.
   Вера Сямёнаўна прыехала дадому як заўсёды на брычцы, калі абодва работнікі  завяршылі справу,   злезлі ўжо са страхі і ставілі на месца драбіны, падбіралі на панадворку старую салому.
   - Ну, што?  - аглядаючы на шэрым фоне старой саламянай страхі новую жоўтую лапіну, запытала Верка, - цяпер дождж не будзе заліваць гарышча і столь?
   - Не сумлявайцеся, Вера Сямёнаўна, - спецыяльна пры Сафроне назваў Лявон Верку на “вы”, - зрабілі ўсё як штык. Нават не капне. Гэта вось Сафрон, як маладзейшы на самым версе страхі сядзеў, кастру на вільчаку разроўніваў. Ён ужо многае ўмее па гаспадарцы рабіць. Добры хлопец.
   - Добры то добры. Толькі дзе яго бацька і дзед? Яны ж – ворагі народа. А ў ворагаў дзеці добрымі не бываюць.
   - Вера Сямёнаўна, а пры чым тут дзеці? Яны ж за бацькоўскія справы, якімі б яны не былі, не павінны адказваць, - ужо злуючыся, спрабаваў заступіцца за Антонавага сына Лявон.
    Ён раптам у асобе Веркі ўбачыў не былую каханку, якую яшчэ хвіліну назад хацеў бы прыгалубіць, не згаладалую без мужыка кабету, а начальніцу, камуністку, жорсткую і бязлітасную да простых людзей. Верка ўбачыла, як Лявон са злосцю шпурляе вілкамі старую салому, скінутую са страхі, як ён, нават не выцершы вілачнік ад наліплага моху з вільчака, з сілай удзюбнуў іх у зямлю. Яна зразумела, што перастаралася са сваёй партыйнай прапагандай.
   - Ну, давайце, работнічкі, у хату, - палагоднела Верка. – Там у мяне ў печы яшчэ з раніцы бульба тушыцца з мясам…
   - Дзякуй, Вера Сямёнаўна, - апярэдзіў Лявона падлетак.  – Але мама мне сказала скора быць дома.
   - Ладна, пачакай тут.
   Верка адамкнула ўнутраны замок дзвярэй хаты, на колькі хвілін знікла ў цёмных толькі з адным маленькім акенцам  сенях, і хуценька, быццам за ёй нехта гнаўся, тут жа выслізнула на вуліцу. Адразу ж перадала хлопчыку некалькі рублёў.
   Была яна, як заўсёды ў афіцэрскіх галіфэ, але добра падагнаных па стройнай фігуры, і блішчастых хромавых ботах. З-пад ружовай, як тады называлі – “пралетарскай” берэткі, выбіваліся цёмна-каштанавыя валасы, і Верка, ведаючы, як яны прыхарошваюць твар, толькі дзеля прыліку здзімала іх з вачэй лёгкім подыхам ніжніх поўных падмалёваных вуснаў. Колькіх кавалераў яна зачаравала такім выштукаваным спосабам, ужо і не лічыла. Ведала, што калі яшчэ пры гэтым таямніча, з намёкам усміхнуцца мужчыне, паказаўшы белыя ад прыроды зубкі, рэдкі які з іх не клюне на гэтыя маўклівыя жаночыя прызывы.
   - А вы, Лявон, застаньцеся на хвілінку, - сказала Верка  аслупенеўшаму Жыгуле. – Нам трэба многае абмеркаваць.
   Гэта афіцыйнае “вы” апусцілі Лявона на грэшную зямлю. Зноў перад ім была не проста вабная жанчына, а начальніца, лічы - класавы вораг. Жыгула не ведаў , куды дзець свае загарэлыя, ў мазалях дужыя рукі, баяўся і глядзець у вочы Верцы. Ён прадчуваў альбо падман ці нейкую абразу.
   - Ты не тушуйся, - супакоіла брыгадзірша, калі сын Антона пайшоў са двара. – Сядзь, калі ў хату не хочаш ісці. Тут і пагаворым.
   Каб неяк узяць сябе ў рукі і рашыць, зайсці павячэраць у хату ці не, Лявон скруціў самакрутку і закурыў.
   - А ў мяне дома ёсць крамныя папяросы “Казбек”. Ты курыў такія?
   - Неяк раз афіцэр частаваў, - азваўся Лявон,  выпускаючы  дым у бок. – Ат, нічога добрага ў таго “Казбека” няма. Толькі кашаль потым душыць.
   - А я так марыла, што мы пасядзім удвух за сталом. Пагаворым. Як жылося раней, што будзе заўтра, - лагодна гладзячы Лявонаву руку, панізіўшы голас, буркавала, як тая галубіца Верка. – Ты ж ведаеш, як я да цябе адношуся. Дапаможаш ты нам завяршыць калектывізацыю, не кінем цябе і мы. Трэба ўсё ж ісці табе ў калгас. Рана ці позна, але нікуды ты са свайго хутара не дзенешся. Усёроўна прыйдзецца пісаць заяву…
   - Я, гэта…, - спрабаваў нешта пярэчыць Лявон. Але Верка зноў, як і тады ў сельсавеце, стрэльнула ў яго бок агеньчыкам шэрых вачэй.
   - І не ўпірайся. Я ж ведаю,  мне мае людзі казалі, што ты водзішся з гэтымі Лустамі, шэпчышся па заўголлям з Антонавай жонкай. Яны ж – ворагі савецкай  улады, кулакі. Навошта ты гэтага смаркача, іх сына з сабой узяў? Ты думаеш, што мы ўсяго  не ведаем? Глядзі, Лявон: трапіш у спісы падкулачнікаў, то і засудзяць. Дзеці сіратамі застануцца. Цацкацца з табой больш ніхто не будзе…
   - Вера Сямёнаўна, Верка, - устаў Лявон, - дай мне яшчэ колькі часу падумаць. Ну, не гатовы я аддаць усё нажытае ў калгас. Ну, не магу я. Шкада і таго ж новага каняку, я толькі што купіў, і новай вупражы. Калёсы вось сам толькі што зрабіў. Зямля патроху радзіць стала…
   Але для Веры Сямёнаўны гэтыя “кулацкія” аргументы Лявона былі як тая стрэмка пад пазногаць: і балюча, і выцягнуць адразу немагчыма.
   - Як хочаш, - рэзка ўстала Верка. – Я цябе папярэдзіла. Баўтрук цяпер складае спісы кулакоў па ўсяму сельсавету. Там ужо запісаны Лусты. А твой хутар - адзіны на ўсю вёску, землі якога яшчэ не абагулены.
   Памяняўшы тон і тэму размовы, Верка зноў шмыганула ў адчыненыя дзверы сеняў.
   - На вось. За работу. Бяры – бяры. Дзяцей жа многа нараджаў…
   Лявон узяў грошы неяк аўтаматычна, усё яшчэ баючыся глянуць Верцы ў яе шэрыя і, здавалася, такія прызыўныя вочы. Яму так хацелася, каб яна сказала, што ў калгас ісці не трэба, каб Верка, як і тады, пры Польшчы, зрабілася падатлівай, каб яна стала зноў жанчынай, а не начальнікам. Але гэта была толькі летуценная думка, шалёная, гарачая, незбыўная. Ён бачыў, што Верка і сама не можа дазволіць сабе стаць мяккай, ласкавай, спагадлівай. Яе таксама цягне да гэтага чалавека, сарамяжлівага, але моцнага мужчыны.
   Да дому Жыгула ішоў як на ватных нагах, хаця быў цвярозы. Ён міжволі сціскаў у руцэ тыя грошы, аж спацелі рукі.
   - Вось, - паклаў ён на край стала дзве скамечыныя асігнацыі, - зарабіў, называецца.
   Усця глядзела на Лявона і не пазнавала яго. Звычайна, калі ён што-небудзь каму рамантаваў ці рабіў новае, яму, акрамя грошай, плацілі яшчэ і гарэлкай. Часцяком ён прыходзіў з заробкаў на добрым падпітку. Так было заведзена не толькі ў Вірулях, але і ў навакольных вёсках. А тут – цвярозы. І з грашыма.
   Жыгула быў на ўсе рукі майстар. Мог і вокны ў новы дом уставіць, і цабэрак ці маслабойку зрабіць, і печ злажыць. Пра аплату дамаўляўся наперад. А пра хмельны пачастунак чалавек і сам павінен быў здагадацца.

Пячнік

   Неяк раз ён рамантаваў печ у адзінокай стараватай Міхаліны, якая не мела ні мужа, ні дзяцей. Тая была вялікая жмінда, нават калі каму пазычала грошы, то заўсёды патрабавала аддаць больш і, галоўнае, у прызначаны дзень, не пазней. Хто не мог ці забываў аддаць доўг своечасова, таму яна больш і не пазычала.
   Калі Лявон скончыў работу і, каб даказаць, што цяга ў печы стала намнога лепшай, запаліў некалькі трэсак. Міхаліна пайшла некуды ў сені, доўга грымела там нейкімі сундукамі і прынесла заціснутыя ў жмені рублі:
   - Вось. Дзякуй. Сёння пакуль усё аддаць не магу. Мне самой яшчэ доўг не вярнулі.
   Лявон і да гэтага не асабліва хацеў ісці да такой жмінды ў заробкі, а цяпер і зусім расчараваўся: дзеля некалькіх рублёў  цягнуцца зноў да яе ў хату?
   Гаспадыня, заўважыла, што Лявон нечага мнецца і скумекала:
   - Ты трохі пачакай, пакуль. Я - зараз. Да магазіншчыцы  во збегаю.
   Лявон думаў, што за бутэлькай. Туды было, лічы, з паўкіламетра. І Лявон, каб правучыць  скнарлівую кабету, рашыў падлажыць Міхаліне “свінню”. У яго даўно ў торбе, запэцканай у гліну, якую ён браў з сабой, калі каму перпбляў печ, разам з кельмай, спецыяльным малатком і іншымі прыладамі валяўся кавалак старой гумавай галошы. Ёю Лявон, калі трэба было, выроўніваў шво паміж цаглінамі, прыглажваў гліну ля дзверцаў.
   “Паспею”, - падумаў Жыгула. І пакуль Міхаліна хадзіла ў краму, ён хуценька выняў з цэнтра поду цагліну і падлажыў пад яе кавалак гумы. Усё зноў замазаў глінай, зараўняў і  гэта месца засыпаў попелам.
   Гаспадыня прыбегла ў хату захакаўшыся.
   - Во, каб іх карбунка, і ў краме грошай лішніх не аказалася. Кажуць, учора вечарам здалі. Маняць. Ужо, глядзі што палуднаваць нада, яны ж нешта натаргавалі. Пэўна ж грошы ў іх ёсць. Во, не далі. Каб на іх хвароба, каб…
   Лявон не стаў слухаць далей праклёны Міхаліны. Тая не толькі не аддала ўвесь заробак адразу, дык нават і не прыдбала загадзя хаця б бутэльку самагонкі, калі ўжо на крамную гарэлку пашкадавала грошай. “Ну ты мяне яшчэ папомніш, - злаваўся ў думках Жыгула. - Прыйдзе каза да ваза ды папросіць сена”.
     Лявон холадна развітаўся, скруціў  самакрутку і падаўся з хаты. На твары яго блукала загадкавая ўсмешка. Незнаёмы чалавек, убачыўшы б гэтага высокага худаватага мужчыну ў запэцканай у гліну вопратцы і з нейкай утрапенай усмешкай, відаць, падумаў бы, што перад ім хворы на галаву чалавек. Вось ідзе па вуліцы і сам сабе ўсміхаецца.
   Пасля таго выпадку прайшоў, відаць, з тыдзень. Лявон ужо і забыўся пра тыя заробкі ў Міхаліны, але раптам яна сама прыбегла да яго аж на хутар.
   - Лявонка, - узмалілася кабета, - ты прабач, што я адразу не магла аддаць усе грошы. Вось тут усё, як дамаўляліся. І печ добра гарыць, і дыму цяпер ў доме няма. А вось нешта так смярдзіць адтуль, што, калі залажу юшку, дыхаць у хаце няма чым, і галава кружыцца. Нейкай палёнай гумай цягне. Я ўжо вымяту, бывала, ўсе вугольчыкі памялом, усё перагляджу, можа дзе што завалілася – чыста. А ўсёроўна смярдзіць. Ты ўжо, будзь ласкаў, прыйдзі, паглядзі, што там і як. Я заплачу адразу.
   - Добра, зайду. Гляну, калі будзе час, - паабяцаў Лявон.
   Ён ведаў, што смурод у печы ад таго кавалка гумы, але выгляду не падаваў. Трэба ж было неяк правучыць прагавітую кабету.
   Да Міхаліны выбраўся дні праз два. З сабой прынёс  у абрэзанай старой бляшанцы з-пад малака ўжо замешаную гліну, усе свае прычындалы пячніка.
   - Ну што тут у цябе, паказвай.
   Міхаліна мітусілася ля пячы, перастаўляла вілкі, грымела качаргой, падпальвала і гасіла трэскі і наогул, здавалася Лявону, што яна літаральна вісіць над ім.
   - Ты ўжо, Лявонка пастарайся знайсці прычыну, - усё прыгаворвала гаспадыня. – Можа трэба …
   - Так, - нарэшце не вытрымаў Жыгула, - ты мне не падказвай. Сам буду шукаць тваю прычыну. Толькі не лезь пад рукі, не перашкаджай. Я не люблю, калі нехта глядзіць, як і што я раблю. І наогул, ты надта ўжо суха аб усім просіш.
   - Добра, добра. Я ўсё зразумела. Я – зараз.
   Лявон убачыў, як Міхаліна, накінуўшы на плечы нейкі лапсярдак, падалася ўбок вясковай крамы. “Ага, здагадалася”, - зласліва падумаў Жыгула. Не будзеш во скнарнічаць. Не магла адразу ж тую бутэльку пазычыць у каго ці купіць.
   Пакуль Міхаліна бегала за бутэлькай, Лявон хуценька, вопытным рухам падкалупнуў цагліну, пад якой ляжаў кавалак гумы, і запіхнуў яе ў сваю рабочую торбу. Пакласці цагліну на месца і зараўняць под печы, прысыпаць яго попелам было зусім проста. Калі гаспадыня зайшла ў хату, Лявон ужо памыў рукі, выцер іх новай астаўлянкай, якая вісела на драціне, нацягнутай перад каптуром, і сеў, каб скруціць цыгарку.
   - Ну што, знайшоў прычыну? А што ж было?
   - Знайшоў. А што было, таго не будзе.
   - Дык усё ж скажы, што?
   - Ты што, таксама пячніком хочаш стаць? Кожны рабіць тое, што ўмее. Ты вось умееш грошы вырошчваць, дык і сей іх. Я ж не пытаюся, як ты гэта робіш, хаця, канечне, мы ўсе ведаем. У цябе свой сакрэт, а ў мяне свой. Не бойся, цяпер не будзе смярдзець. Ну, можа пакуль стары пах у комін не выцягне. Ты толькі адлажы во юшку, каб скразнячок атрымаўся.
    Лявон забраў абяцаныя грошы і бутэльку крамнай гарэлкі і задаволены,  ўсмешлівы, падаўся з хаты. Ён не хацеў з гэтай скнарай адкаркоўваць такі дэлікатэс, і панёс бутэльку дамоў. Жыгула і раней, калі рабіў каму-небудзь печ і бачыў, што гаспадар-жмінда, каб правучыць таго, умуроўваў наверсе ў коміне кавалачак шкла. Як толькі гаспадыня запальвала ў печы і цяга станавілася мацней, комін пачынаў гудзець ці нават вішчэць, як тое парася. Ды так праціўна, быццам хтосьці цвіком па шклу водзіць. Пакуль гаспадар не здагадваўся, што печніку, акрамя аплаты, трэба яшчэ нешта даць і для душы. І гэта не заўсёды была гарэлка. Нехта прыносіў слоічак мёду, другі клаў у торбу печніка кавалачак вяндліны ці нават колца сваёй каўбасы, нехта, ведаючы, што ў Лявона многа дзяцей, сыпаў з дзесятак яблыкаў. Жыгула, канечне, любіў і выпіць, але пра сваіх дзяўчынак і сыноў не забываў.
   Вядома ж, Цішку, як самаму меншыму, даставаўся і смачнейшы кавалачак, і спялейшы яблык. Толькі здаралася гэта вельмі рэдка. Такі дзень, калі бацька, зарабіўшы недзе грошай, прыходзіў дамоў цвярозы і прыносіў у торбе якія-небудзь прысмакі, быў для Цішкі амаль святочным. Лявон тады прыцягваў яго да сябе, гладзіў чорны вожык валос і ўсё прыгаворваў:
   - Ну што, калашмэт ты гэткі, рады, што я прынёс? Ты хоць маці слухаешся? А то я, - цвярдзеў голас Лявона, а Цішка добра ведаў, што азначае гэта самае  “а то я”!...
   Хлопчык ужо хадзіў у чацвёрты клас, па навуцы многа ведаў больш за бацьку, асабліва ж пра калгасы, але ў такія шчаслівыя хвіліны ніколі не чапаў гэту балючую для ўсёй сям’і тэму.

Змяіныя выкрунтасы

   Пасля той размовы з Веркай Лявон зразумеў, што ад калгаса яму не адкруціцца, як таму трусу ад удава, і літаральна перад самым новым, 1952 годам усё ж напісаў заяву ў калгас. Жыгула ведаў ужо, што прынята пастанова ўрада аб высяленні кулакоў і падкулачнікаў у Казахстан ці некуды на Поўнач, і баяўся, што чарга можа дайсці і да яго. У Лявона абрэзалі зямлю: забралі Барысаўку з яе маладымі яшчэ сасонкамі, журавіннае балотца, кустоўе і лагі, а таксама за Віраўлянкай амаль гактар балота. Пакінулі толькі шэсцьдзесят сотак каля сядзібы. Жыгула сам, як калісьці партызанам на Бягомальўчыну вёў кароўку, амаль плачучы, завёў і каня на агульную стайню.
   Самога Лявона як спраўнага майстра залічылі ў будаўнічую брыгаду. Амаль усю зіму 1952 года ён, як і астатнія мужчыны, нарыхтоўваў бярвенні для будучых вялікіх калгасных пабудоў: свінарніка, кароўніка, новай стайні для коней. Па загаду чарговага старшыні калгаса Рыгора Нэндзы, ціхага, мурлатага мужчыны, вечна ў насунутай на нос  вялікай шапцы з бабра, яны пачалі рэзаць стары панскі бор за Аблогамі. Казалі, што ціхоня Рыгор ужо здружыўся з брыгадзіршай і нават  колькі разоў начаваў у яе дома. І Лявон нарэшце датумкаў, што Верка хацела толькі аднаго – хутчэй уцягнуць у калгас апошняга ў  вёсцы аднаасобніка. Ну, можа яшчэ і трошкі пацешыцца.
   Стары бор за Аблогамі пры Польшчы належыў пані Яроцкай, і ляснік Юзюк Славінскі,  заўсёды выганяў вяскоўцаў з яе лесу. Там нельга было збіраць ягады ці грыбы, нават нарыхтоўваць сухое ламачча.
   І цяпер усё гэта стала напатрэбным. Бор на вачах парадзеў за зіму амаль напалавіну. Ад лесу да калгаснага двара было больш двух кіламетраў. Гатовае бярвенне везлі сюды, калі тоўстае, то па аднаму, танейшых – па два, на двайных падсанках. За апошнімі напалову карацейшымі, чым сані, звычыйна ішоў паганяты. Бывала, што такі абоз з васьмі-дзесяці падвод расцягваўся на паўтары-дзве сотні крокаў. Лепшыя бярвенні, камлі, калгасныя будаўнікі везлі спярша на чыгуначную станцыю ў Паленава – трэба было выканаць дзяржаўны план лесанарыхтовак. А ўжо карацейшыя, сукаватыя бярвенні ўвечары, калі паспявалі, прывозілі на калгасны двор.
   Здаралася, што брыгадзір будаўнікоў Аляксей Прызба, дамовіўшыся з нейкім чарговым заказчыкам, загадваў завезці таму ў двор чатыры-пяць бярвенняў. Вядома ж незадарма. У асноўным людзі разлічваліся самагонкай. І тады, напрацаваўшыся ў лесе за дзень, Лявон і другія мужчыны, бывала, нават не закусваючы, пілі на марозе халодную гарэлку, ад якой, на жаль, цяплей не станавілася.
   Распрогшы каня ля калгаснай стайні, Жыгула не столькі п’яны, колькі галодны і злы цягнуўся па замеценай сцяжынцы на свой хутар, за кіламетр ад вёскі. Усця ўжо здалёк вызначала, наколькі п’яны Лявон, і заўсёды старалася падагрэць ці бульбу, ці якую кашу і хутчэй паставіць на стол. Лявон звычайна бурчэў на жонку, каб толькі яе пастрашыць, але перш-на-перш патрабаваў глыток адгону. Маўляў, апетыту няма. Глынуўшы, лаяўся на свайго брыгадзіра, на тую ж Веру Сямёнаўну, на ўсё начальства наогул. Добра ж, калі Аляксей Прызба ставіў яму ў ведамасці працадзень. А бывала, калі Лявон спачатку не хацеў везці крадзеныя бярвенні каму-небудзь у двор, брыгадзір яму потым і палову працадня не ставіў. Хочаш-не-хочаш, а даводзілася цярпець такое і рызыкаваць, а ўвечары прапіваць заробленае. І ўсе маўчалі.
   Калі бацька ўвальваўся ў хату нецвярозы пасля цяжкай работы ў лесе, дзеці звычайна паспявалі ўжо зрабіць урокі. Цішка ведаў, што ў такі вечар Лявон, калі яму што не спадабаецца, можа і лыжкай па ілбе трэснуць у час агульнай вячэры за сталом, ці дзягай джагнуць вінаватага. Калі ж быў на слабым падпітку і ў гуморы, то нарочна тэатральна пытаўся ва ўсіх, ні да кога асобна не звяртаючыся:
   - Ці пазваць гэта нам дзягу вячэраць?
   І не чакаючы адказу, выцягваў са штаноў шырокую і доўгую дзягу з цяжкай жалезнай спражкай, вешаў на шыю. Часцей за ўсё ў такім выпадку за сталом дзеці елі ціха, ніхто ні з кім не вадзіўся і не валтузіўся. Лявон і сам потым забываўся, што дзяга вісіць у яго на шыі.
   Аднойчы ён, паабедаўшы, стаў зноў збірацца на работу. Вядома ж, не падпяразаўшы штаны, на вуліцу не пойдзеш.
   - Дзе мая дзяга?, - падняў ўсіх на ногі Лявон, - мне ўжо даўно трэба ісці. Шукайце! Брыгадзір вунь пад’ехаў.
   Дзеці і нават Усця кінуліся варушыць вопратку на самаробнай канапе, на вешалках, заглянулі нават ў чыстую палову хаты, куды Лявон і не заходзіў, але дзягі нідзе не было. Ён і сам сагнуўся, каб паглядзець, можа яна дзе звалілася пад лаўку за сталом. У гэты момант дзяга, якая ўвесь час так і вісела ў яго на шыі, бразнулася спражкай аб падлогу. Дзеці зарагаталі з такіх пошукаў, але Лявон толькі вінавата ўсміхнуўся. Не папрасіўшы прабачэння, Жыгула падперазаў штаны, і закурваючы цыгарку, выйшаў на вуліцу. Там яго ўжо чакаў сам брыгадзір Прызба, седзячы на санях на   ахапцы сена.                                                                
   У красавіку, калі ўжо стала добра падсыхаць зямля, Вера Сямёнаўна пачала пасылаць калгаснікаў развозіць па загонах гной з вялізных куч. Праўда, яго хапала толькі на бліжэйшыя палеткі. І не таму, што было мала: хто ж павязе на калёсах па вясенняй гразі за кіламетр ці далей гной. Далёкія палеткі так і заставаліся без угнаенняў. Канечне, каб сеялі ярыну як і раней, да калгасаў, то кожны гаспадар угноіў бы глебу там, дзе трэба. А тут і раён, і сельсавет патрабавалі садзіць на лепшых палетках то нейкі коксагыз, з якога, казалі, можна вырабляць гуму, то засяваць ільном, то дыктавалі, калі трэба садзіць бульбу.
   Новыя калгаснікі толькі смяяліся з такога гаспадарання, але былі вымушаны падпарадкоўвацца. Скажаш што-небудзь насуперак – і адразу ты – вораг савецкай улады і падкулачнік. Лепш было маўчаць. Але ж людзі разумелі, што коксагыз ці лён есці не будзеш, трэба сеяць жыта, ячмень, авёс, пшаніцу, адным словам, тое, што можна ўвосень раздзяліць на трудадні. Ля дамоў жа, на сядзібах, на гэтых сарака ці шасцідзесяці сотках зерня на ўвесь год не вырасціш. Ды і сеяць на прысядзібным участку можна было толькі тады, калі ўжо былі ўзараны і забаранаваны калгасныя палеткі, калі адпачылі коні.
   А лепшыя тэрміны сяўбы  і азімай і вясновай ярыны беззваротна праходзілі. Які мог быць там ураджай на тых сотках?  
   Лявон ведаў, што восенню тым, хто ўступіў у калгас раней, на працадзень выпадала па трыста грамаў зерня. Некаторыя за ўвесь год зараблялі па чатыры-пяць мяхоў збажыны. Як можна было на гэта пражыць? Што ўжо будзе сёлетняй восенню, ніхто не мог угадаць. Азімыя хоць і перазімавалі нядрэнна, але без гною не хацелі як трэба кусціцца, хаця сонца ўжо добра прыгравала.

Храмое гусянятка

   У такія вясновыя цёплыя дні Цішку ды і ўсім вучням сядзець у школе за партамі было маркотна. Калі звінеў званок на перапынак, дзеці, шчоўкаючы накрыўкамі цесна пастаўленых школьных партаў, міжволі штурхаючы адзін аднаго, выбягалі на вуліцу. Аднойчы Цішка бачыў, як па гасцінцы ціха  і бязмэтна шпацыравалі туды-сюды высокія прыгожыя, як на здымках у часопісе  хлопец і дзеўка ў прыгожай крамнай сукенцы. Хлопчык ведаў, што гэта была Хрысціна, а ў новым шэрым касцюма – Юльян. Цішка чуў, як на сяле казалі, што яны любяцца, а цяпер во збіраюцца назаўсёды ехаць некуды ў Польшчу, на новыя землі ў Зялёную Гуру. І туды, і яшчэ ў нейкі горад, што ля Балтыйскага мора, ужо многа хто паехаў з Марозаўскага сельсавета. І не толькі маладыя, а нават і сталыя вяскоўцы з дзецьмі і старымі бацькамі.
   Хрысціна і Юльян былі палякамі. Недзе там, у Польшчы яшчэ да вайны жылі іх родзічы, і цяпер многія вяскоўцы, каб не ісці ў калгас, ад’язджалі за мяжу, вербаваліся на Поўнач ці ў шахты Данбаса. Хоць і там хлеб быў і нялёгкі, але усё ж лепей зарабляць цяжкія грошы, губляць здароўе, чым увесь год працаваць за нейкія палачкі-працадні. Дакладней, лічы, што дарма.
   Гледзячы як шпацыруюць Хрысціна і Юліьян, сам Цішка яшчэ не здагадваўся, што хутка, літаральна ў канцы красавіка яму давядзецца перажыць нешта падобнае або нават страшнейшае – развітанне на ўсё жыццё.
   Тады ў школу ён ішоў адзін. Старэйшы брат Сцёпан ўжо хадзіў у пяты клас дзесяцігодкі, што была ў Марозаўцы, і падаўся з дому раней. Цішка цяпер так стараўся выбіраць час, каб ля сядзібы Лустаў аказвацца якраз тады, калі з варот у школу выходзіла і Юзюня. Іншы раз яму ўдавалася з ёй прайсці гэтых дзвесце-трыста крокаў разам. І хоць яны размаўлялі аб усім адразу і ні аб чым канкрэтна, хлопчык усёроўна быў удзячны дзяўчынцы, што яна яго не цуралася.
   У сям’і Юзюні ведалі, што ўсе яны трапілі ў спісы кулакоў і іх павінны выселіць. Калі гэта можа здарыцца, а можа неяк абыйдзецца і людзі застануцца жыць на сваёй сядзібе, ніхто не ведаў. Таму дзяўчынка ў апошнія дні хадзіла сумная, іншы раз нават заплаканая. Цішка, шкадуючы траюрадную сястрычку-прыгажуню, гатовы быў і сам расплакацца. Ды не дазваляў мужчынскі гонар.
   У той красавіцкі дзень ва ўсё неба гарэла сонца. Ні хмурынкі, ні ветра. Ля сядзібы Лустаў, дзе на высокай жэрдзіне была шпакоўня, седзячы на яе стрэшцы, несупынна лапатаў крыльцамі і спяваў чорны шпак, дразнячы спевы і ластаўкі, і грака, і нават салаўя. А ўнізе, у гародчыку, за невялічкім пафарбаваным штыкетам ужо вось-вось быў гатовы распусціцца куст бэзу. Набухлі пупышкі і ў старой бярозы, якая расла на рагу вуліцы, што спускалася ўніз да Віраўлянкі.
   Постаць Юзюні Цішка заўважыў далёка наперадзе: відаць, яна выйшла раней звычайнага. Як не прышпорваў хлопчык крок, а да школы так і не змог дагнаць дзяўчынку. Бегчы подбегам на віду ва ўсёй вёскі было сорамна: яшчэ пачнуць дражніць жаніхом і нявестай, як было калісці з суседкай Люськай. Да таго ж Юзюня пайшла да школы не па сухой і ўтрамбаванай дарозе, а напрасткі, праз нізкую аселіцу, па якой бегла да Віраўлянкі кволая ручаінка. Дзяўчынка лёгка, быццам на крылцах пераскочыла яе і праз колькі хвілін знікла за дзвярыма школы.
   На трэцім уроку ў клас за Юзюней, не дачакаўшыся перамены, прыйшоў старэйшы брат Сафрон. Яму ўжо ішоў сямнаццаты год, і быў ён нават вышэйшы за настаўніцу Наталлю Фядотаўну.
   - Прыехалі. Толькі што, - выдыхнуў хлопец.
   Настаўніца ўсё зразумела: Юзюню – лепшую вучаніцу ў класе і нават у школе – ад яе забяруць. Відаць – назаўсёды. Але Наталля Фядотаўна не мела права паказваць перад дзецьмі, што шчыра спачувае і самой дзяўчынцы, і яе зусім ужо даросламу брату.
   - Ну, ідзі, Юзюнька, ідзі, - настаўніца лёгка датыкнулася да плечука дзяўчынкі. – Пэўна, так трэба. І ўсёроўна ўсюды вучыся. У кожнага ж свой лёс.
   На вачах у настаўніцы, якая, здавалася, неяк адразу пастарэла, з’явіліся слёзы. Такія непатрэбныя цяпер перад вучнямі. Юзюня сабрала падручнікі і сшыткі ў куплёны, відаць, яшчэ дзедам партфельчык, перадала яго Сафрону і першай пайшла з класа. Цішка аж прыпадняўся, каб убачыць, ці азірнулася дзяўчынка. Але з-за спіны брата былі відаць толькі канцы як заўсёды двух вялікіх бантаў з белага паркалю на галоўцы дзяўчынкі.
   На нейкі момант, калі Сафрон асцярожна, без стуку прычыніў дзверы, у класе усталявалася цішыня. Наталля Фядотаўна, якая стаяла бокам, каб ніхто не бачыў яе вачэй, натужна спытала:
   - Хто сёння дзяжурны? Прынясіце вады.
   Цішка не дзяжурыў, але ён бадай больш за іншых разумеў настаўніцу, бо шкадаваў Юзюню яшчэ больш, чым Наталля Фядотаўна.
   - Можна я? – падняў ён руку.
   - Ну, бяжы. Прынясі.
   Цішка спадзяваўся, што яшчэ раз убачыць Юзюню, але яна з братам ужо выйшла за невысокую школьную брамку. Зачэрпнуўшы паўконаўкі вады, што стаяла ў жалезнай бочачцы ў калідорчыку, хлопчык падаў яе настаўніцы.
   - Дзякуй, Цішка.
   Наталля Фядотаўна, зноў адвярнулася да акна, глынула трошкі і дрыжачымі рукамі паставіла конаўку на падаконнік.
   - Ну, усё, дзеці, - прадаўжаем урок, -  пастаўленым голасам, быццам бы нічога асаблівага на здарылася, сказала Наталля Фядотаўна. – Да дошкі пойдзе…
   Цішка не мог больш слухаць з увагай, што гаворыць настаўніца. А яна зноў хадзіла між радоў парт першакласнікаў, паказвала ім, як правільна трэба трымаць ручку, каб пяро не пырскала чарнілам на сшытак у касую лінейку, камусьці напаўголаса тлумачыла, як трэба рашаць задачку. Але адчувалася, што яна робіць гэта быццам аўтаматычна, як завядзёная, а думкі яе недзе далёка, а не тут, з дзецьмі ў класе.
   Трэці і чацьвёрты ўрок Цішка, лічы дасядзеў проста так.  Ён таксама, як і Наталля Фядотаўна, нешта пісаў у сшытку, спрабаваў рашаць задачку – хутка ж экзамены за чацьвёрты клас, але ў яго гэта дрэнна атрымлівалася. Настаўніца ведала, што Цішка даўно сябруе з Юзюней, што яна яго траюрадная сястрычка, і што цяпер гэта цяжкая страта для хлопчыка, і таму яго не турбавала.
   Яшчэ ледзь празвінеў званок з апошняга ўрока, Цішка, схапіўшы торбачку з падручнікамі, першым выскачыў за школьную брамку.
   Ад сядзібы Лустаў да гасцінца, павольна валюхаючыся на вясенніх калдобах, ехала падвода. Спераду на кані гарцаваў нейкі вайсковец, другі кіраваў падводай. Побач з ёй ішоў, залажыўшы рукі за спіну, старшыня сельсавета Баўтрук, быццам чалавек, які зрабіў вельмі цяжкую і важную работу.
   Юзюня, ужо без белых бантаў і з распушчанымі валасамі сядзела з старэйшым кульгавым братам на нейкіх катомках, прыкрытых стракатай саматканаю коўдрай. Сафрон, маці Юзюні – Гелена, старая бабуля і нямы дзядзька Язэп цягнуліся ззаду. Выйшаўшы на гасцінец, усе без каманды спыніліся. Першай абярнулася тварам да сваёй сядзібы, пакланілася дому  і перахрысціла яго ў паветры бабуля. За ёй – астатнія. Юзюня ці то не ўмела хрысціцца, ці рукі не слухаліся, але толькі падняла да вачэй і апусціла худзенькую ручку. Цішку так стала шкада яе, што самі сабой пакаціліся з вачэй слёзы. Ён не выціраў іх, а толькі, нікога не саромеючыся, шмыгаў носам і чамусьці сцягнуў з галавы шапку.
   Побач, ля школы стаялі і другія вучні, і сама Наталля Фядотаўна, прыціскаючы нейкую белую хусцінку да твару. А на тым баку, спыніўшы брычку, як звычайна ў вёсцы прапускаюць пахавальную працэсію,чакала праезду раскулачаных Вера Сямёнаўна. Яна пазірала на ўсё гэта з нейкай нецярплівасцю ці, можа, асалодай, што вось нарэшце апошнія “ворагі народа” пакідаюць вёску. Цяпер у доме Лустаў, ведала брыгадзірша, будзе калгасная кантора.
   Калі Юзюня праязджала ля натоўпу, яна, відаць, развітваючыся і таксама не хаваючы слёз, махнула ўсім рукой. Цішку падалося, што менавіта яму асабіста. І ў гэты момант, у яе з рук выпаў той прыгожы цацачны мядзьведзік, якога Цішка бачыў у іх дома, калі будучы падпаскам, абедаў у іх. Юзюня відаць не заўважыла гэтага, бо конь вайскоўца, які цяпер ехаў збоку падводы, наступіў на цацку капытом.
   Ці бачылі гэта другія вучні, Цішка не ведаў, але як толькі падвода ад’ехала крыху далей, хлопчык пераскочыў яшчэ не прасохлую ад вады канаву і кінуўся на гасцінец – падняць мядзведзіка. Вайсковец, не разумеючы, чаго гэты падшыванец кідаецца ледзь не пад ногі каню, на ўсякі выпадак сцебануў з усяго размаху Цішку нейкай цяжкай плёткай па галаве. У таго на хвіліну аж пацямнела ў вачах, і ад нечаканасці ён упаў тварам у жвір.
   - Што ж ты робіш, дурненькі, - выціраючы хусцінкай пачырванелы ад удару лоб Цішкі, ушчувала яго настаўніца, якая падбегла, каб падняць яго. – Вайсковец жа пэўна падумаў, што ты на яго нападаеш. Мог нават і застрэліць, ці што.
   З другога боку гасцінца моўчкі глядзела на мурзатага і пабітага Цішку брыгадзірша Вера Сямёнаўна. Хлопчыку падалося, што яна ўсміхаецца.
   Пакуль ісці дамоў, Цішка паспеў добра абмыць твар. Праўда, след ад удара пачырванеў і распух. Але асаблівага болю хлопчык не адчуваў. Наадварот, ён быў рады, бо паспеў яшчэ да ўдару схапіць са жвіру Юзюнінага мядзьведзіка. Цішка потым абтрос яго, выдуў з мяккай і, здавалася, цёплай футры дробныя пясчынкі і паклаў яго за пазуху. Праўда, у цацкі адарваўся адзін маленькі чорны гузік  - вочка.
   Міма сядзібы Лустаў Цішка ішоў павольна, нават ледзь перастаўляў ногі. Вароты ў двор былі расчынены на ўсю шырыню, у расхрыстаным вакне вецер калыхаў квяцістую фіранку, на панадворку валяліся нейкія паперы, кавалкі разбітага жбанка, рассыпанае зерне. Па двары хадзіла адзінае леташняе недарослае і хворае гусяня і палахліва “чаўкала”, падзываючы маму-гусыню. Цішка бачыў гэту нябогу  многа разоў, калі хадзіў міма ў школу. У таго была крывая дзюба, і яно не магло само шчыпаць траву, таму  кармілі яго толькі гатовай мешанкай.  
   А цяпер яно аказалася нікому не патрэбна. І гэта “чаўканне” было плачам птушкі аб разбураным гняздзе.
   Хлопчык мог бы пашкадаваць яго і ўзяць да сябе дамоў, але ён ніколі не браў чужога. А што скажа маці, дзе ўзяў ды й навошта? Бо дома, пэўна, яшчэ не ведалі, што раскулачаную сям’ю Лустаў пад аховай вайскоўцаў вывезлі з вёскі. Відаць, назаўсёды.
   Больш ніколі Цішка не ўбачыць Юзюню, не будзе есці мёд у яе хаце, бараніцца ад злых вялікіх гусакоў. Нічога гэтага не будзе.
   Ён сеў пад вакном на лавачку, дзе мінулым летам гутарыў з Юзюняй, і, ужо нікога не саромеючыся, горка заплакаў.
   На гэтым і скончылася яго цяжкое і кароткае дзяцінства.


          



  

Свидетельство о публикации № 02102014105312-00367642
Читателей произведения за все время — 189, полученных рецензий — 0.

Оценки

Голосов еще нет

Рецензии


Это произведение рекомендуют