А калі ўсё ж падысці да тэлефона і набраць тыя шэсць лічбаў, якія (дзіўна самой) яна запомніла адразу?
Ну не можа ж бясконца доўжыцца праклятая паласа, што чорнай вужакай успаўзла на яе, здавалася, бязвоблачны жыццёвы шлях! Нішто ў свеце не доўжыцца бясконца і, хто ведае, можа, тая выпадковая сустрэча і ёсць выратавальнае святло ў канцы тунеля?
* * *
“Прабачце, калі ласка, ці не маглі б вы пакінуць свій красворд і крышачку пагаварыць са мною?”
Ну вось, не хапала яшчэ мне, немаладзенцы ўжо, легкадумнага дарожнага флірту!
Я ўзняла галаву, каб сказаць што-небудзь з’едліва-знішчальнае (гэта я ой як умела!) і разгубілася пад ягоным позіркам. Была ў тым позірку ніякаватасць ад уласнай, відаць, для самога нечаканай смеласці, і яшчэ штосьці неакрэсленае, амаль няўлоўнае, але шчымліва знаёмае мне. Што?
Я адклала часопіс з красвордам убок і, праглынуўшы гатовыя ўжо саскочыць з маіх вуснаў калючыя словы, уважліва паглядзела на яго.
Вялікія блакітныя вочы… Не стасуюцца з уяўленнем пра воблік сапраўднага мужчыны? Ды лухта гэта! Кожны з нас – непаўторны. І мне здаецца кашчунным памкненне нейкіх там “вучоных” (астролагаў? Псіхолагаў?) давесці пра тры-чатыры тыпы людзей, зыходзячы з іхняй знешнасці. Мы ж не жывёльны статак, дзе па колеру поўсці і форме цела вызначаюць пароду індывідума.
А вось рукі ў яго якраз з тых, што падабаюцца мне: дужыя, з доўгімі гнуткімі пальцамі. Праўда, вялікі і ўказальны пажаўцелі ад тытуню – відаць, зашмат курыць, прычым, танныя цыгарэты. Валасы густыя, цёмна-русыя. Над ілбом тонкая сівая пасмачка. Яна ніколечкі не псуе, а нават упрыгожвае яго. А вось зеленаватая сарочка да светла-шэрага касцюма зусім не пасуе. І чаравікі люстраным бляскам не вызначаюцца.
Размаўляючы, ён, раз-пораз усміхаўся – такім чынам, відаць, імкнуўся схаваць сваю прыродную скаванасць. – увогуле, паводзіў сябе несамавіта: за тыя сорак хвілін, якія ехалі ў дызелі, паспеў наштось паказаць усе свае дакументы. Нават тое пасведчанне. Дзівак! Хіба такія пасведчанні паказваюць жанчыне пры першым знаёмстве? Ён нібы прачытаў мае думкі і пачаў апраўдвацца: “Ведаеце, у мяне інфаркт быў, а пасля яго – другая група інваліднасці. А вось с сённяшняга дня ( я якраз з камісіі еду) – трэцяя. Значыць, я зноў змагу жыць і працаваць, як і ўсе нармальныя людзі. Не, вы, відаць, не разумееце, якое гэта шчасце! Гэта я вам потым растлумачу, пры наступнай сустрэчы. Добра?”
Потым? Хіба ў яе з гэтым крыху смешнаватым у сваёй адкрытасці чалавекам можа быць агульнае “потым”? Ды немагчыма яно, такое “потым” ні з кім, апроч Міколы. Не! Хопіць падманваць сябе і суцяшаць недзе вычытаным глупствам пра тое, што мужчына здольны кахаць адразу дзвюх жанчын.
Цютчаў? Бунін? А можа, там ніякага кахання і не было, а была звычайная распуста, падфарбаваная штучнай узнёсласцю? Ды і Мікола мой – не Цютчаў і не Бунін. Звычайны, нічым не адметны мужчына мой Мікола. Мой? Ды які ён ужо мой? Чужы. Даўно чужы мне чалавек…
А можа, лепей было, каб я не ўведала нічога і жыла, як раней? Не ведала ж столькі часу, не здагадвалася нават… А ўсё тая брыдкая сумка! Не, сумка зусім не брыдкая. Вельмі прыгожая сумка: з мяккай цёмна-вішнёвай скуры, з вялікай металічнай засцежкай. Калі я шыбанула яе за акно, дык адразу ж нехта падабраў.
* * *
У Вольгі вочы загарэліся, калі яна ўбачыла сумку:
– Які цуд! Я такой ні ў каго ў горадзе не бачыла!
– І не ўбачыш! Мне яе ажно з-за акіяна прывезлі. Шкада толькі вось тут, ля засцежкі, драпіна. Якраз на відным месцы. Ды гэта можна паправіць. Зафарбаваць чым-небудзь. Хоць губной памадаю.
Вольга пачапіла сумку на плячо, крутанулася ля трумо і прыжмурыла вочы.
Ну вось, зараз… Я добра ведаю Вользіну звычку. З дзявок яна ў яе. Як угледзіць у каго са знаёмых што-небудзь вартае з апраткі ці біжутэрыі, абавязкова “напракат” выцыганіць. Раней уласна мяне яе просьбы ніколі не бянтэжылі. Я і сама, рэдка праўда, але сёе-тое ў яе пазычала. Але гэта было даўно, яшчэ ў студэнцкія гады. Цяпер я нізавошта не апранула б чужой адзежыны, хай яна хоць залатая будзе. А Вольга… Якой была, такой і засталася. Для яе галоўнае – падабацца. Быццам іншых праблем у жыцці мала!
Вольга адышлася ад трумо і ўмольна зазірнула мне ў вочы:
– Слухай, Наташа. Мне паслязаўтра ў камандзіроўку, а я, сорамна сказаць, вартай сумкі якраз і не маю. Ну, такой, каб дакументы пакласці ды касметычку.
“Добра хоць абутак мой табе не падыходзіць”, – усміхнулася я сабе, успомніўшы, з якой зайздрасцю пазірала Вольга на мае “лодачкі” трыццаць шостага памеру (у яе – трыццаць восьмы), а ўслых прамовіла:
– Бяры. Хочаш, я табе ўвогуле яе падару? Я не вельмі і хацела яе браць – у мяне ўсё роўна ні ў гардэробе такога колеру няма, ні абутку – але няёмка было адмаўляцца: сама ж прасіла сумку прывезці, а пра колер неяк сказаць забылася. Так што бяры, карыстайся.
Вольга аж заззяла ўся:
– Наташа, ты не думай, я абавязкова аддзячу. А чаму ты спахмурнела? Мо ўжо шкадуеш?
– Ды не з-за сумкі я. Колі няма, паслязаўтра ты ад’едзеш. Хутчэй бы заняткі пачаліся. Я ўжо па дзецях сваіх засумавала. Ведаеш, мне пашанцавала з класам. Вось, напрыклад, Дзімка Воранаў…
– Ды кінь ты! – перабіла Вольга. – Знайшла па кім сумаваць. Я ўвогуле не разумею, як можна працаваць з цяперашнімі дзецьмі. Ну добра, пайшла я, а то яшчэ абдумаешся і назад сумку забярэш. А ты, каб не сумаваць, не сядзі дома, да Максіма ў госці схадзі ці іх да сябе запрасі. Пачытай. Хочаш, я табе Пікуля прынясу?
– Дзякуй, але Пікуль мне не вельмі… А Максім… Максіму, як ажаніўся, я адразу непатрэбная стала. Забяжыць калі на хвілінку-другую для прыліку. Мабыць, жонка не пускае. Не ўпадабала мяне нявестка. Ніяк дараваць не можа, што я супраць іхняга шлюбу была. Але ж ты сама падумай. Па-першае, яна майму сыну не пара: я з такой сям’ёю, у якой яна расла, за ганьбу лічу радніцца. Ды і сама яна чаго вартая? Ні знешнасці, ні адукацыі, ні выхаванасці. Я ўжо Максіму гаварыць стамілася, каб разводзіўся, пакуль дзяцей не нажылі. Яму ж толькі дзевятнаццаць было, як яна навязалася. Навошта было ў такія гады хамут сабе на шыю чапляць? На завочнае вунь перавёўся, працаваць пайшоў. Трэба ж карміць гэтую лайдачку. Але я, няхай Бог даруе, усе свае сілы пакладу, але развяду іх. Потым сам жа мне дзякуй скажа.
– А я думаю, няхай бы жылі, калі жывецца. Ды і здаецца, яна цяжарная ўжо. Не будзеш жа ты ўласнага ўнука ці ўнучку сіраціць. А ўрэшце, гэта не мая справа. А Мікола калі паехаў?
– Тыдзень таму.
– А што ён там, у санаторыі, лечыць?
– З ныркамі ў яго непарадак. І адпачнём. Ён ад мяне, я – ад яго. А то ён на дурной сваёй рабоце апошнім часам зусім знерваваўся. Зраблю яму якую-небудзь зусім дробязную заўвагу – ён толькі што на сцяну не лезе: так злуецца: “Надакучылі твае сентэнцыі!” А я хіба благога яму жадаю?
– Легкадумная ты, Наташа. То ў прафілакторый яго аднаго выпраўляеш, то ў санаторый. Не баішся? Ведаеш, якія там бабы нахабныя? Святога і то звядуць.
– Ну, не ведаю, як святога, а Колю майго не звядуць. Увогуле, глупства гэта: “адбіла”, “адбіў”. Хто моцна да сям’і прыбіты, таго не адаб’еш. Я свайму мужу веру. Ды і хіба можна разам жыць і не верыць?
* * *
Муж вярнуўся з санаторыя загарэлы, вясёлы, з агромістым букетам улюбёных маіх рамонкаў. Я з замілаваннем глядзела на яго памаладзелы твар, радавалася, як радавалася яму заўжды нават пасля самага кароткага расстання. Мы разам накрылі святочны стол, павячэралі, потым, абняўшыся, бы маладыя, сядзелі на канапе і глядзелі тэлевізар. І ноч у нас была цудоўная і непаўторная.
А потым наступіла раніца. Тая самая нядзельная раніца… Мікола ўпрасіў мяне пасля снедання наведаць сына з нявесткаю. Ён гатаваў каву (кава ў яго заўжды атрымлівалася смачнейшая, чым у мяне), а я перабірала фотаздымкі, якія муж прывёз з санаторыя. Фотаздымкі былі каляровыя, яркія, вельмі выразныя. Занадта выразныя. Скажыце, навошта рабіць такія фотаздымкі, каб бачней была кожная зморшчынка на твары, кожны гузік на вопратцы і нават тая драпінка (яна так і не зафарбавала яе!) на відным месцы каля металічнай засцежкі на цёмна-вішнёвай скуранай сумцы! Навошта?! Гэта адчайнае “навошта” я, відаць, пракрычала, бо муж выскачыў з кухні і кінуўся да мяне:
– Што здарылася?! Табе блага?!
Я маўчала, сціскаючы ў руках фотаздымак, з якога яснымі вачыма глядзеў на мяне мой дарагі муж, мой Коля. Коля сядзеў на лаўцы ў нейкім скверы, а побач з ім стаяла мая (вядома ж, мая) сумка. Тая самая сумка, якую я падаравала даўняй і вернай сваёй сяброўцы Вользе і з якой яна паехала ў камандзіроўку. Дык вось у якую камандзіроўку яна паехала!
У галаве маёй адзін за адным мільгалі ўспаміны. Як жа я не бачыла нічога? Гэта ж убачыў бы нават сляпы!
У гэты час у дзверы пазванілі і Мікола пайшоў адчыняць. На парозе са злашчаснай сумкаю ў руках стаяла Вольга.
– Ты ўжо прыехаў? – “здзівілася” яна, зірнуўшы на Міколу і рушыла да мяне. Я тыцнула фотаздымак у Вользіны працягнутыя для абдымкаў рукі, сварвала з яе пляча сумку і выкінула яе за акно.
Яна адразу ўсё зразумела. Але не разгубілася. Прысела на канапу і спакойна прамовіла:
– Коля, сядай побач, гавары.
Ён паслухмяна сеў і пачаў уважліва разглядаць малюнак на дыване.
Убачыўшы, што Мікола гаварыць не збіраецца, Вольга рашуча ўстала і на адным дыханні выпаліла:
– Наташа! Я кахаю твайго мужа. Ён мяне – таксама. У санаторыі мы былі разам. А ты, – яна павярнулася да Міколы, – зрабі тое, што павінен быў зрабіць яшчэ тры гады таму. Ну! Табе дапамагчы? Дзе твае рэчы? А ўрэшце, нам нічога не трэба. Пойдзем?
І ён пайшоў… Але ж ён не хацеў ісці! Я ж бачыла: ён не хацеў! Яна штосьці зрабіла з ім, штосьці такое, з чаго ён стаў непадуладны сабе! Ён абдумаецца і прыйдзе.
Я чакала. Месяц. Два. Тры. Паўгода. Ён не прыйшоў. Прыйшло пісьмо. Ад яе.
“Дзень добры, Наталля! Пішу не таму, што хачу прасіць, каб ты даравала мне. Я ведаю: такога не даруюць. Ды і – не буду крывадушнічаць – не адчуваю я ніякай віны – вінаватая ты сама. Я пастараюся растлумачыць, чаму, хаця не ўпэўнена, што ты зразумееш, бо ты – настаўніца. Так, ты перш за ўсё настаўніца, а часам мне здаецца, што ты – толькі настаўніца. А жанчына… Па-мойму, гэтыя два паняцці ўзаёмнавыключныя. Некалькі гадоў таму я раіла табе памяняць прафесію, хоць ведала, што мяняць яе табе позна: той, хто больш за дзесятак гадоў адпрацаваў у школе, ужо ні на што болей не здатны і нідзе не можа прыжыцца, бо ён даўно выпаў з рэальнага, непрыдуманага жыцця і зрабіўся рэліктавай істотай, шэрай, нецікавай і вартай жалю. Калі б ты хоць на хвіліну магла паглядзець на сябе збоку, паслухаць сябе! Ты, мабыць, ніколі не заўважала, што, дзе б ні была, заўжды гаварыла толькі пра школу, а калі і гаварыла пра што іншае, то абавязкова з павучальнай настаўніцкай інтанацыяй. Ты прыгнятала людзей сваёй прысутнасцю. Прыгнятала яго, свайго мужа, увесь час выхоўваючы яго, ламаючы як асобу. А твой сын? Мабыць, не трэба гаварыць табе, чаму адышоў, адвярнуўся ад цябе адзіны твой сын?
Ты, як і выключная большасць тваіх калег, ніколі не дазваляла сабе разняволіцца, адчуць сябе жанчынаю. Ты ніколі не думала пра гэта? Дзе там! У цябе не было часу думаць пра такія дробязі, як і пра ўсё астатняе, акрамя школы. А што такое сёння твая школа? Скопішча (скажу як наймякчэй) маленькіх путан і наркаманаў. А з усёй друкарскай прадукцыі іх цікавіць хіба што “Эммануэль” ды дзве-тры паршывыя газеткі, якія пад выглядам “клопату пра здароў’е нацыі” прапагандуюць самую ганебную разбэшчанасць.
Ведаеш, у мяне раптам прапала жаданне пісаць табе, бо адчуваю: усё дарэмна. А Міколу я табе не аддам. Ды і сам ён не захоча пайсці ад мяне. Чаму? А вось гэта ўжо мая маленькая таямніца. Вось і ўсё. Не зважаючы ні на што, жадаю табе стаць шчаслівай”.
Мне трэба было адразу парваць і выкінуць гэты брыдкі ліст. А я чамусьці не выкідаю і ўсё часцей перачытваю яго. Навошта? Мая кволая надзея на тое, што Мікола калі-небудзь вернецца, даўно сплыла ў нябыт. Замест яе пасялілася ў сэрцы страшэнная пустата, ад якой мяне ўжо не ўратоўвае нават некалі любімая мая школа, якую я з нядаўняй пары пачынаю паціху ненавідзець. Максім са сваёй каханай жонкаю з’ехаў на радзіму да яе бацькоў, і я ўпершыню спазнала, якая бязлітасная рэч – адзінота. Адзінота! Ды гэта ж яе горкі адбітак ляжаў у глыбіні тых не па-мужчынску вялікіх блакітных вачэй майго нядаўняга знаёмага!
“Я вас вельмі прашу: пазваніце мне…”
Дык чаму ж я вагаюся, чаму катую сябе сумненнямі і стараюся сцерці з памяці тыя шэсць лічбаў?..
Чаму?
Публикации на сайте о событиях на Украине и их обсуждения приобретают всё менее литературный характер. Мы разделяем беспокойство наших авторов. В редколлегии тоже есть противоположные мнения относительно происходящего. Но это не повод нам всем здесь рассориться и расплеваться. С сегодняшнего дня (11-03-2022) на сайте вводится "военная цензура": будут удаляться все новые публикации (и анонсы старых) о происходящем конфликте и комментарии о нём. И ещё. Если ПК не видит наш сайт - смените в настройках сети DNS на 8.8.8.8
"Шторм"
Новые избранные авторы
Новые избранные произведения
Реклама
Новые рецензированные произведения
Именинники
Содержание
Поэзия
Проза
Песни
Другое
Сейчас на сайте
Всего: 358
Авторов: 0 Гостей: 358
Поиск по порталу
|
Автор: Валентина Кадетова
Апавяданне
© Валентина Кадетова, 11.05.2012 в 14:12
Свидетельство о публикации № 11052012141252-00273652
Читателей произведения за все время — 26, полученных рецензий — 0.
Оценки
Оценка: 5,00 (голосов: 1)
РецензииЭто произведение рекомендуют |