Сёння час, браткі, цікавы:
Рэферэндум* адгрымеў,
У Палаце зноўку справы* ,
Толькі лёс, як і рыпеў,
Так й рыпіць іржавым колам
У сівую далячынь…
З н а ё м с т в а .
Зноў прыбег Яцкоў Мікола* -
Закрычаў: “Панас, прыкінь:
Каб не выбары ў Палату
І не гэты ўвесь сыр-бор,
Не зайшоў бы ён у хату!
Хто? Завуць яго Рыгор*,
Ён з падворка Кастусёва,
Што ў бялыніцкай зямлі,
І прыехаў аж са Шклова
Ў нашы сціплыя Брылі*.
А ты памятаеш, братка,
Як брылеўская ўся хатка
Загула, зашамацела,
Калі хтось вусаты смела
Абдымаў жанчын ля крамы
І лятаў туды – сюды?
Гэта быў Рыгор, той самы, -
Спрытны, моцны, малады.
З ім былі Таборка Вова*
Сам Віталька Васількоў*,
Нейкі хлопец з Магілёва –
І яны без лішніх слоў
Падзяліліся сакрэтам:
Абляпілі ўсё партрэтам,
На якім царква, Рыгор
І - дарога аж да зор…
І знаёмства жа, вядома,
Адбылося ў той прыезд.
Потым – выбарчыя стромы,
Спадзяванняў цёмны лес,
Паражэнне…
І імкненне
Ўсё ж Брылі не забываць –
Бо з’ядналася карэнне
І сімпатый не адняць.
Вось такая, брат, пятрушка!
Тут палітыка – ого!..”
З а п р а ш э н н е .
Змоўк Мікола.
Вецер гушкаў
За Рудэяй* між стагоў.
Вечарэла.
І паэце
Свой падоўжыў успамін:
“Усё-ткі ён мяне прыкмеціў!
Бо аднойчы раптам, блін,
Тэлефон устрапянуўся.
І у трубцы зноў пачуўся
Голас шчырага Рыгора:
“У мяне, - гаворыць, - гора:
З магілёўскае прасторы
Трэба ўсіх хлапцоў сабраць
Й талакой абмеркаваць
Траекторыю “пралёту”*.
Ну, а ты, мой сябра, потым
Будзеш песні нам спяваць*.
А ці згодны? Ой, цудоўна!
Я ўжо думаў – скажаш “не”.
Усё мы зробім там грунтоўна,
Будзе сонейка ў акне!
Збор у “Коле”*, у нядзелю!
Усё! Чакаю!”…
Бачыш, як!..
Ну, вядома ж, паляцелі,
Бо ў Брылях тых ні х… халеры
Не бывае – хоць ты плач!
Калі й мае што памеры,
Дык брылеўскі вечны срач.
Ч к а л а в а , 1 6 .
Чатырнаццатага* ранкам
Я і Алачка-каханка*,
Дзетак кінуўшы, сабаку,
Кіламетраў восем з гакам
Сухарэўскім аўтабанам*
Пёрлі так, што пыл слупом.
Падрулілі трошкі рана,
Вось і “Чкалава”, той дом*
“Дзынь!”, калітка падалася,
Два ахоўніка глядзяць,-
Во ў якім жывём мы часе!
Думаў, будуць нас “шманаць”
На прадмет, напрыклад, бомбы.
Не, звычайны фэйс-кантроль.
Ой, вы, “Колавы” вантробы,
Палітычная юдоль!..
А народу – да халеры.
Рэгістрацыя: “Вы хто?” –
“Мы – брылеўскія жаўнеры!” –
“Глянь – вяскоўцы ў нас!” –
“А то!” –
“Да якога ж вас хаўрусу
Прыпісаць?.. Чакайце! Шэф!
Вось куды іх?” – “Беларусы?” –
“Так!” – “Пішыце ў БНФ!”*
О, партыйцамі мы сталі!..
Нейкіх нам газэт напхалі
І напрамак паказалі –
Вось мы ў залі.
Тут – Рыгор,
Як той дзядзька Чарнамор –
На чале ўсяго працэсу.
Нас убачыў, прасвятлеў:
“Ну, нарэшце з свайго лесу
Вы ўлятаеце ў наш спеў!
Малайцы! Бліжэй сядайце –
Каб убачыць і пачуць.
Усё, пабег я, выбачайце, -
Трэба трошкі тут зірнуць!”
А спадарства прыбывае,
Важных постацей зашмат;
Адчуваецца – кроў грае:
Кожны тут, як той Сакрат*,
Што калісьці не схіліўся
І ў гісторыю ўляпіўся,
Узбударажыўшы вякі.
Параўнанне тут з рукі,
Бо у зале невялічкай
Адчуванне надышло
Гістарычнага падліку,
І ўжо нешта загуло…
П а ч а т а к .
І над гэтам голас звонкі –
Кастусёў пачаў хаду:
“Трэба нам пакінуць звонку
Нашых сварак чараду!
Мы ж уладам паказалі,
Што ёсць праўда,
гонар,
моц!
Сваю ніву мы ўзаралі!
І хай знае шклоўскі поц,
Што мы ёсць,
былі
і будзем,
Што свабодныя мы людзі,
І ўсё болей нас штодня!
Ну, а лічбы – то хлусня:
Ўлады ўсё падтасавалі –
Не такі там быў працэнт!
Рэпутацыю ушчэнт
Усёй краіне абламалі –
Апусцілі аж дасюль!
Але ўжо паўсталі хвалі
І іх бачна адусюль!”
Зачапіў сваёй прамовай
Наш Рыгорка грамаду –
Загудзелі ўкруг галовы:
“Бу-бу-бу” ды “ду-ду-ду”
І скрозь гэта балбатанне
Лёха Колчын* танкам прэ:
“Мы рабілі назіранне!
І ніхто не адбярэ
У “вясноўцаў”* лічбы тыя –
Не прастыя – залатыя! –
Па акрузе 73!*
Пра заявы і адмовы,
Пра зняважлівыя словы
І пра ціск той стопудовы, -
Ай, халера іх бяры!
Добра, што далі ўсім веры
Нашы госці-гандальеры –
Аж з Венецыі самой!
Там камісія такая*,
Што, ну проста – Божа ж мой!”
Бач, Італія якая –
Як стаіць за нас гарой!..
За трыбуну тут узяўся
Пан Макананка Віталь*:
“Хлопцы! Я тут разабраўся
Як нам трэба тую сталь
Гартаваць і гартавацца!
Мы за гвалт не будзем брацца –
Мы паціху, спакваля
Уладкуемся ў засадзе,
Скажам гэтай гадскай ўладзе:
“Хопіць вашага ля-ля!”,
І з таго, што сёння маем,
Геніяльна адшукаем
Мы персону, бо – пара!
Без персоны ўсё – мура!
Заадно на тых артыстаў,
Што працуюць на рэжым,
Плюнем мы разочкаў трыста!
Скажам мы: “Ганьба!” ўсім ім!
У Літву няхай з’язджае
Кожны здатны наш спартсмен!
Мы нікога не пужаем!
Крочым мы да перамен!”
П е р а п ы н а к .
І на той спартыўнай ноце
Перапынак у рабоце
Аб’явілі.
І бягом
Грамада затупацела
Да сталоў, накрытых смела, -
Пачала смятаць нагбом
Бутэрброды, піва, сала.
Праз імгненне ўсё прапала –
Толькі й здолела мне Ала
Хлеба выхапіць кавалак
З грамам сціплай каўбасы.
Мы ж, браток, - беларусы:
Як не схопіш, дык не будзе –
Пераб’юць халтуру людзі,
Больш спрытнейшыя за нас.
Ну, дык вось. Мяне як раз
Тут Рыгор схапіў за яйцы,
Кажа: “Будзеш выступаць!
Трэба з вашага акрайца
Нешта трапнае сказаць.
Падрыхтуйся і – наперад!” –
Сам пабег кудысь за дзверы.
Што казаць?.. О, ёсць ідэя:
Камісарскі “чорны спіс”*!
Трэба гэту дыарэю,
Нечаканы той сюрпрыз
Перагледзець прынцыпова,
Бо было камусь х..ёва –
Ён тут дроў і наламаў.
В а с і л ь .
А тым часам, ззаду ўзяў
Хтось мяне за локаць цвёрда, -
Я, браточак, ледзь не пёрднуў
З нечаканасці такой!
Азірнуўся: Божа мой,-
Сам Аўраменка! Свяціла!
Ніў медычных васілёк!
Песні піша – там жа сіла*!..
І адразу: “Дзе насіла!
З-пад якіх глядзеў аблок
Ты на гэта ўсё, Мікола?”
І спачатку неяк квола,
А затым чароўным стансам
Упляліся словы ў час…
Нават Суднік* прэферансам
Спакусіць не здолеў нас.
І канапа Васількова
Паўтарала нашы словы,
І пакой нас казытаў…
Д ы с к у с і я .
А між тым, ізноў паўстаў
Подых велічнага сходу;
Значна больш ужо народу –
Над усімі зноў Рыгор:
“Так, прадоўжым наш сыр-бор!
Хто наступны? Зараз гляну, -
Слова, хлопцы, Падаляну*!”
Паглядзеў на усіх трывожна
Камуніст – сустаршыня:
“Так далей нам жыць няможна!
Гэта ж нейкая х..йня:
Не паспеў стаць кандыдатам,
Як мяне з ліцэя – вон!*
Усе мы трапілі за краты!
Хай гучыць набатны звон!
Трэба йсці нам да народа –
Ён чакае нас даўно!
А не то замест свабоды
Атрымаем зноў гаўно!”
Тут шклаўскія загудзелі,
Падхапіўся пан Шчарбак*:
“Дзе ж “пяцёркаўцы”* сядзелі?
Ну, чаму такі бардак?!
Ці ўстрывожылі бабулю
І “Пяцёрка”, і той “Плюс”?
Ды куды! Ізноўку дулю
Атрымалі мы пад вус!
Кожны шчэміцца да ўлады –
Пальцам ткні, дык прайдзісвет!
Грошы нам аддайце, гады,
І не засціце нам свет!”
Тут здалося: зараз Саша
Пакалоціць менчукоў.
Ну, шклаўскія – радасць наша:
А ні-ні без кулакоў!
Жвава ўціснуўся Рыгорка:
“Зараз выступіць Яцкоў!”
Я пачаў: “Спадарства! Горка!
Мы ж аб тэйбл фэйсам зноў
На..бнуліся ў “Праграме”!
Пункт чацвёрты: “чорны спіс”.
Што – ў тым выбарчым бедламе
Не было праўдзівых рыс?!
Я ў Брылях быў старшынёю -
Нервы рваў я той х..йнёю
І сумленне не згубіў!
Атрымалася – набыў
На Эўропу забарону
І шлагбаум на шляху.
Гэта што ж за забабоны?
У каго знясло страху?!”
У адказ – аднекуль з краю:
“Мы ж цябе, Мікола, знаем:
З намі ты заўжды заўзята!
Куды хочаш – туды едзь!
Ну, а тых фальсіфікатаў
Ва ўсе дзіркі будзем мець –
Хай не лезуць, дзе не трэба!
Зробім ім з аўчынку неба!”
Супакоілі старога –
Ўжо не ведаў, што й рабіць.
Толькі холадам аблога
Ледзь паспела зачапіць…
Загрымеў Беразіенка* -
Камуніст,
прафесар,
штык:
“А нашто нам Лукашэнка?
Губернатару кірдык
Мы зрабіць павінны дружна!
Да Батуры*! Глянем мужна
Ў тыя хітрыкі вачэй!
Ды за сраку свалачэй!
Ды пастукацца ў вароты
Упраўлення КДБ* -
Хай распішуць нам па нотах
Праўду ўсю – ад “а” да “бэ”!”
О, ты глянь: без КДБ мы
Ну, нікуды, тваю маць!
Калі шчэ няма праблемы –
Можам хутка атрымаць!
Тут бабруйцы піханулі
Свайго Хоцьку* да відна:
“Хлопцы! А ці вы не чулі?
Ідзе халодная вайна!
Мы запомнім гурт варожы,
Й – можа, гэта непрыгожа –
Потым іх усіх абложым –
Не, не матам – пракурорам!
Будзе свята і у нас!”
Ой, з бабруйскімі зноў гора!..
А, між тым, у нас атас –
Шклоўскі хлопец на трыбуне:
“Я - Алейнікаў*! Так, - з тых!
З гарадзецкай нашай пуні
Чуем мы апошні ўздых
Змардаванай, кволай вёскі!
Пазнасіліся ў абноскі!
Трэба рухацца да ўладаў,
Каб яны рабілі, гады,
У вытворчасці уздым!
Ну, а ўлеткі пра мільярды* -
Абы што, туфта і дым!”
Чуеш? – Зноўку, ну, няможна
Без уладаў! Нейкі клін!..
А тым часам, асцярожна
Лезе самы мужны сын
Бессмяротнага народа –
Бора Бухель*: “Да свабоды
Трэба крочыць праз падлік!
Назіральнікаў паставім,
І адсочым, і паправім,
А хто супраць – ім чык-чык
З дапамогаю актыву,
Што збярэцца ля дзвярэй!
Вось такая перспектыва!
Не падумае яўрэй –
Дык ніхто ж не варухнецца!
Ой-вэй, сэрца маё, сэрца!..
Толькі трэба трошкі грошай –
Тысяч дзвесьце тых “грыноў”*, -
Будзе ўсё тады прыгожа –
Ад асноў і да высноў!”
О, карысці ўсё ж нямала
Ад сяброўскага кагала!..
І бабруйцы не ўцярпелі:
Загудзелі, закрахцелі –
Во, генетыка дае! –
І Алесь Чыгір* устае:
“Што вы ў офісах паселі?!
Да людзей ідзіце, пні!
Вунь я ў вёсках трошкі сеяў –
Дык адразу карані
Набрынялі, патаўсцелі
І такімі сталі вось!
Толькі там мы счуем штось!”
А ўсё кажуць: вёска, вёска…
Мы – патрэбныя заўжды!
Мы не кропка, браце, - коска,
Лёсу спеўныя лады!..
За бабруйцам – магілёўцы:
Вунь Сярожа наш, Фамін*,
З барады залускаў слоўцы:
“Хто адкажа мне? Іхь бін,
Ну, зусім не разумею –
Што дзяліць нам? Ну, чаму
Часам гушкаюць завеі?
Зараз голас уздыму:
Раз’яднання нам не трэба!
Мы жа моцныя! Нас – раць!
І над намі – наша неба!
Нашых коней -- не стрымаць!”
Васількоў тут падхапіўся:
“Я, шаноўныя, здзівіўся –
Як мы добра спрацавалі,
Як мы ўлады напужалі!
Сёння ж трэба ў шыю гнаць
Ад сябе расчараванне!
Патрабуецца абраць
Нам Персону! І абранне
Хай наш градус палітычны
Узнясе аж да нябёс!
Хлопцы! Будучыня кліча!
Спраў наперадзе ў нас – воз!”
Васількоў, вядома ж, - сіла!
Мы за ім, як за сцяной, -
Вунь як словам уздыбіў крылы!
Ой, ну выліты герой!..
Мілінкевіч* (што з Гародні)
Са сваіх вышынь заходніх
Нам паблажліва сцадзіў:
“Я тут троху пахадзіў,
Усё агледзеў, і адзначу –
Ой, гаротны ваш усход:
Горад стогне, вёска плача,
І -- затурканы народ.
Мы ж на захадзе – працуем:
Вёску планамі мацуем,
Стос праграм распрацавалі
Для мястэчак. Не сядзім!
І ў квітнеючыя далі
Мы упэўнена глядзім!”
Ой, занудлівую п’есу
Тую чулі сто разоў!
Мы для іх – заўсёды Крэсы*,
Тормаз іхняга прагрэсу,
Тля крывіцкіх каранёў.
Да размовы падключыўся
Арцішэўскі* з “Грамады”*:
“Шмат чаму я навучыўся,
Бачу: крок нам да бяды!
І Беслан*, і рэферэндум –
Ланцуга адно звяно!
Усякім бабкам зробім пендаль!
І патрэбна нам адно –
Каб дзяржавай кіравала
Толькі партыя мая!”
Збоку шэпты: “Ўсё ім мала!
Не дадзім ім ні..уя!”
Тут у гальштуку й кашулі
Янукевіч* з БНФ:
“Я хачу, каб вы пачулі:
Перамога ўлады – блеф!
Мы саставім спісы ўсё-ткі –
То, спадар Яцкоў не вам! –
Будуць ім яшчэ адсоткі!
Ох, прыпомнім той бедлам!..
FM-станцыі падключым!
Будзем Юшчанку* прасіць
З Украіны ўсё агучыць, -
Не ўсё ж сала стуль вазіць!”
Тут ужо піхае Лёшу
Севярынец Паша*: “Мы
Ўсё зрабілі бы прыгожа,
І грымелі бы грамы,
Каб былі адзіным звязам!
Крыкнем разам: “Гэй! Да нас! –
Усім дадзім процівагазы,
Калі ўлады пусцяць газ!”
Мінск, вядома ж, падстрахуем.
Чым? Маім магутным
фронтам –
Ён, нібыта тая гонта,
Захіне і уладкуе!
Паглядзіце: бабка тая
За ідэю ўжо гарой!
Пераможа той, хто мае
Волю, веру і настрой!”
Севярынец скончыў. Слова
Папрасіў Лабковіч Вова*
( Божа ж мой, - зусім малеча!
У якім ты класе, а? ): “Лукашэнка ўсё нявечыць,
Але тут не Азія!
І трагэдыю Айчыны
Трэба нам, браты, спыніць!
Ваяры мы і мужчыны!
Хопіць нам нудзіць і ныць!
Калі трэба, у падполле
Вас усіх я завяду!
Хай жывуць свабода, воля!”
Вось табе і ду-ду-ду!
Хоць і шыбздзік-недаростак,
Але ўсё не так і проста…
Тут з цікавым успамінам
Юра Новікаў* падбег:
“Хто хацеў, той, хлопцы, грымнуў!
Вось у нас быў смех дык смех:
Там, па “Кошкінаму дому”*,
Бегаў Лебедзеў* вядомы,
Калі мы з’яўляліся!
Ой, ужо пужаліся –
І, што трэба, нам рабілі, --
Знаць, былі мы ўсё-ткі ў сіле!”
Як сказаць… І “вертыкальцам”*
Той, на Плошчы, грозіць пальцам,
І выслоўе між тых веж:
“Зломіш, але не сагнеш!”*
Камуніст Калякін*, важкі,
Хоць папіў у Гомлі бражкі*,
Але ясны розум меў:
“Зразумець я тут сумеў:
Улада справу праіграла,
Усё прафукалі і мы –
Хоць было, вядома ж, мала
Да сканання той зімы.
Не згубіць, не разгубіцца –
Каб наступны дзень адкрыцца
Перад намі змог спаўна!
Мэта ў нас усіх адна –
Каб стратэгія буяла,
Каб Персона паўставала,
Каб надзея не згасала –
Што ўсё добра будзе ў нас!
Знаю: ўжо павінен час
Надысці, калі ўсталюем
Спадарожнік для ТБ –
І тады ўжо намалюем!
І ніхто не абскубе
З дрэва нашага лісты, -
Знікне цемра нематы,
Хоць і хоча звесці нас
Найглаўнейшы прэзідэнт!
Бачу: вось ён, светлы час!
Веру: будзе прэцэдэнт!”
Во якія камуністы
Ў нашых шэрагах, браток!
Як раней: усё празрыста,
У памкненнях – ясна, чыста,
Словы – мудрасці глыток…
Тут узняўся самы першы
Наш плейбой і прыгажун –
Дабравольскі*. Словы-вершы
Паліліся – жу-жу-жу:
“Хоць і будуць нас пытацца
І выкручваць нам яйцы –
Мы не скажам: хто, калі,
І ў які мы бок пайшлі.
Бо заб’юць і закапаюць –
То ж дзяржаўны тэрарызм!
Успамінаў нам хапае
І хапае ўладных клізм.
Не ў сталіцы зробім справу –
Хай правінцыя дае,
Хай магутна паўстае
Хваля злева,
хваля справа!
На майданах хай мандаты
Уручае сам народ!
Як убачыць: не манда ты –
Усё падпіша.
І - ў паход!
Мы, вядома, услед пакрочым,
Усё падлічым і адсочым –
Будуць месцы: раз, два, тры.
І тады ўжо дагары
Перавернем рэчаіснасць –
І зацвердзім
нашу
існасць!
Перамога! Ну, а потым
Зробім важную работу –
Абразанне!
То не смех:
Паўнамоцтвы ўзяць не грэх!
Вунь парлямэнт размахнецца,
І свайго захоча ўрад, -
Там такія будуць перцы,
Што хавай, браточак, зад!
За работу! І – наперад!”
Вось такія інжынеры
І памкненняў, і душы!
Ты, браток, пішы, пішы!..”
Змоўк Мікола ў задуменні.
Вечар плыў да дальніх гмін.
І праз некалькі імгненняў
Зноў загойсаў успамін:
“Ну, вядома ж, падлічылі
“За” і “супраць” галасы.
Ледзь са сракі не злупілі
Арцішэўскаму трусы –
Ён хацеў пасіянарнасць*
У Праграму запісаць.
Закрычалі: “Гэта марнасць!
І нашто нам тая гаць!..”
І сівога “грамадоўца”
Да інфаркту давялі –
Прычапіліся да слоўца!
І куды мы заплылі?..
Вось такая адбылася,
Дружа мой, дыскусія!
Што злілося ў гэтым часе –
Ведаць не бяруся я.
Розных поглядаў гучанне,
Нейкі шлях крыжовы…
І ў вачах расчараванне
У Таборкі Вовы.
Ш а л к е в і ч .
Перапынак. І аб’ява:
“Хлопцы, стой – Шалкевіч* тут!
Хто не ведае: ён – з’ява!
І з Гародні свой маршрут
Дзеля нас сюды намеціў!
Зараз мы яго прывецім!
Дзе ты, лысы наш абрэк?”
І з’явіўся чалавек –
Можа, жыд, а мо і грэк
З палымянымі вачамі,
З адмысловымі ключамі
У руках – як у Пятра, -
Нам у рай ужо пара…
Страпянулася гітара,
Бомкнуў сіплы кантрабас,
І ўзляцела – пра папары,
Пра жыдоўскія кашмары,
І пра Зосін светлы час…
Паміж песнямі – гаворка
І смяшынак ліхтары, -
Усё Шалкевіч бачыць зорка
На двары,
чорт пабяры!..
І задумалася ціха
Наша тая талака.
Будуць песні –
знікне ліха,
І паглыбіцца рака
Лёсу нашага святога.
Развінецца ўсцяж дарога –
Дзе “Пагоня”, і прасцяг,
Й бел-чырвона-белы сцяг.
Вось, урэшце, адгучала
Песень светлых чарада.
А камусь здалося мала –
Закрычалі: “Барада!
Праспявай, як павалілі
Вы Яновічаў той плот!*”
А Шалкевіч: “Адурылі
Галаву! Няма тых нот!”…
І пабег пад пляск далоняў
З-пад трапечучых сцягоў*
На свае ліхія гоні,
Дзе ў атавах ходзяць коні –
Аж да самых да снягоў…
Н е д а п е т а я п е с н я .
А за ім пабегла кола –
Хто куды.
Крычыць Рыгор:
“Будзе шчэ спяваць Мікола
Пра спрадвечны наш дакор!”…
Але тупат шматгалосы
Ўміг за ярам недзе сціх –
Толькі рэха па пракосах…
Ой, не будзем мы пра тых!
Счулі слова Кастусёва
І Агееў*, і Мурзін*,
І Тамара Маскалёва*,
І сябрына Васількова –
Так што я ўжо не адзін.
І, заторкнуўшы касэту
У дрымучы апарат,
Я сябрам адкрыў сусветы
Непачутых шчэ паэтаў* -
І адразу ўзнёсся лад,
І усім захарашэла…
І бясконца б так было,
Але – каб яно згарэла! –
Нешта ў “SONY” загуло,
Перданула і заціхла –
Быццам там якое ліха
Ці варожы элемент.
Быў, аднак, апладысмент,
Хоць і песня недапета –
“Дзякуй” счуў я і за гэта.
І аўтографаў, дарэчы,
Нават пару падпісаў, --
Во якое мне на плечы!
Знакамітым, глянь ты, стаў!..
І руку мне доўга трэслі,
І значочак свой прынеслі –
Дзе ў блакіце лічба “пяць”.
Тут Рыгор на Алу – глядзь:
“Дзе значок? Няма? А ну-ка! –
Свой здымае без прынукі , --
Будзеш дзядзьку ўспамінаць!”
А калі я вякнуў ціха,
Што наперадзе ў нас ліха
І ісці нам пехатой –
Васількоў узняўся: “Стой!
На!” – і выцягнуў з штаніны
Свой таўсценны
кашалёк.
К о д а .
І былі мы праз гадзіну
У Брылях.
Адтуль здалёк
Позірк кінулі яшчэ раз
На вялікія памеры
Ў лёс зыходзячага дня…
Вось такая, брат, х..йня!
Выбачай ужо, Панасе, -
Растрындзеўся нешта я!
Будзь! Пакуль!”
І знік у часе,
Дзе у кожнага свая
Непаўторная дарога –
Да сябе,
людзей
і Бога.
17 лістапада 2004 г –
18 студзеня 2005 г.
З а ў в а г і і т л у м а ч э н н і .
Рэспубліканскі Рэферэндум адбыўся 17 кастрычніка 2004 г. Каб
падоўжыць свае паўнамоцтвы, А.Лукашэнка абвесціў яго правя-
дзенне разам з выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыя-
нальнага сходу Рэспублікі Беларусь і вынес на разгляд наступнае
пытанне: “Разрешаете ли Вы первому Президенту Республики Беларусь Лукашенко А.Г. участвовать в качестве кандидата в Пре-
зиденты Республики Беларусь в выборах Президента и принимаете
ли часть первую статьи 81 Конституции Республики Беларусь в
следующей редакции: «Президент избирается на пять лет непосред-
ственно народом Республики Беларусь на основе всеобщего, сво-
бодного, равного и прямого избирательного права при тайном голо-
совании»?
Маецца на ўвазе Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэс-
публікі Беларусь, выбары ў якую адбыліся 17 кастрычніка 2004 г.
Мікалай Адамавіч Яцкоў – паэт і кампазітар (не толькі мясцова-
га маштабу), дырэктар Брылеўскага сельскага Дома культуры Магі-
лёўскага раёна.
Рыгор Андрэевіч Кастусёў – старшыня Магілёўскай абласной Рады Партыі Беларускі Народны Фронт, кандыдат у дэпутаты Па-
латы прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 72. У гэтай
бітве праявіў ваяцкія здольнасці і быў вельмі здзіўлены тым, што
перамога трапіла ў рукі Уладзіміра Канаплёва.
Вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці, дзе з 1981 года працуе Мікола Яцкоў. Вядома па рукапісных крыніцах з
XVI стагоддзя. У 1560 г. сяло, 45 “дымоў”, у Магілёўскай воласці,
дзяржаўная ўласнасць. У 1580 г. аддадзена ў пажыццёвае вало-
данне памешчыку. У 1592 г. цэнтр войтаўства Магілёўскай волас-
ці Аршанскага павета. У 1635 г. 48 двароў, меўся млын. У 1785 г.
49 двароў, 327 жыхароў, у складзе маёнтка Любуж Магілёўскага павета; уласнасць памешчыка, які меў у 1866 г. ў вёсках Брылі і
Любуж 2765 дзесяцін зямлі, 2 млыны, пастаялы двор. Частка вяс-
коўцаў займалася сталярным промыслам. Па перапісу 1897 г. сяло
(35 двароў, 201 жыхар, школа граматы, піцейны дом) і фальварак
(1 двор, 11 жыхароў) у Палыкавіцкай воласці Магілёўскага павета.
У 1909 г. 43 двары, 258 жыхароў, дзейнічала школа (народнае ву-
чылішча). У 1926 г. вёска (23 двары, 153 жыхары) і хутары (72
двары, 436 жыхароў). У 1929 г. арганізаваны калгас “Змагар”.
На пачатку 1930-х гадоў 4-гадовая школа ператворана ў 7-гадо-
вую (273 вучні). У Вялікую Айчыную вайну з ліпеня 1941 г. да
27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашісцкімі захопнікамі.
пасля вайны з’яўлялася цэнтрам калгаса імя Ільіча (зараз СПК
“Качурына”) і сельскага Савета.
Уладзімір Аляксандравіч Таборка – адзін з кіраўнікоў Магілёў-
скага грамадскага аб’яднання “Кола сяброў” і “хросны бацька”
“брылеўскага прарыву” ў Нямеччыну: паспрыяў таму, што некаль-
кі пакаленняў нашых дзетак пабывалі “за кардонам” і шмат чаго
зразумелі ў гэтым жыцці.
Віталь Рыгоравіч Васількоў – кіраўнік Магілёўскага грамадскага
аб’яднання “Кола сяброў”, яшчэ адзін Рыгоравіч у навейшай гісторыі нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны.
Рудэя – рака, што цячэ каля вёскі Брылі.
Гаворка ідзе пра канферэнцыю дэмакратычных арганізацыяў Ма-
гілёўскай вобласці “Беларусь – позірк у будучыню”, якая і дала
назву гэтаму апавяданню.
Маецца на ўвазе, што Мікола Яцкоў з’яўляецца аўтарам і выка-
наўцам каля 800 песен на вершы больш чым 120 беларускіх і ін-
шаземных паэтаў.
Скарочаная назва Магілёўскага грамадскага аб’яднання “Кола
сяброў”.
14 лістапада 2004 г.
Ала Міхайлаўна Яцкова – жонка, паплечніца, сааўтар, самы пер-
шы рэдактар і крытык усяго таго, што робіць Мікола Яцкоў.
Шлях з Мсціслава на Магілёў, які пралягае праз суседнюю вёску Сухары, а таксама і каля вёскі Брылі.
Вуліца Чкалава, дом № 16 – адрас у Магілёве, па якому месціцца
офіс Магілёўскага грамадскага аб’яднання “Кола сяброў”.
Абрэвіятура назвы “Партыя “Беларускі Народны Фронт”.
Сакрат (Ѕōkrátēs, 470 (469) – 399 да н.э.), старажытнагрэчаскі
філосаф. Вусна распаўсюджваў свае погляды ў Афінах, дзе меў
многа вучняў і паслядоўнікаў (Платон, Антысфен, Арыстып, Эў-
клід з Мегар і інш.). Абвінавачаны ў тым, што ўвёў новых ба-
гоў і дрэнна ўплываў на моладзь. Пакараны смерцю (прыняў атруту). Паводле Сакрата, задача філасофіі не пазнанне прыроды і сутнасці рэчаў, а пошук адказу на пытанне, як трэба жыць: “Па-
знаць самога сябе”. Мудрасць – аснова высокамаральных учынкаў;
чалавек, які ведае дабро, будзе дзейнічаць па-добраму, і наадварот.
Веды – думка, паняцце пра агульнае. Чалавек усведамляе і ацэнь-
вае канкрэтныя ўчынкі толькі з дапамогай нейкіх апрыёрных агульных ведаў (паняццяў). Ісціна дасягаецца праз раскрыццё су-
пярэчнасцей ў суджэннях праціўніка. Вучэнне Сакрата з’явілася
адным з тэарэтычных вытокаў аб’ектыўнага ідэалізму і ідэаліс-
тычнага метаду – “дыялектыкі” Платона.
Аляксей Колчын – адзін з кіраўнікоў Магілёўскай філіі права-
абарончай арганізацыі “Вясна”.
Сябры праваабарончай арганізацыі “Вясна”, якія пайшлі цяжкім
шляхам назірання на Рэферэндуме і выбарах 17 кастрычніка 2004
года.
Магілёўская-Кастрычніцкая выбарчая акруга № 73 па выбарах
дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі
Беларусь, дзе балатаваліся такія вядомыя ўсім людзі, як Васіль Аў-
раменка (вынікі галасавання: “за” 10516, “супраць” 51177), Ула-
дзімір Падалян (“за” 5473, “супраць” 56220), Сяргей Фамін (“за”
5567, “супраць” 56126).
“Венецыянская камісія” – па чутках, сур’ёзны інстытут еўрапей-
скіх юрыдычных і праваабарончых структураў, прадстаўнікі якога
ўважліва назіралі за ходам Рэферэндума і выбараў 17 кастрычніка
2004 года.
Віталь Макаранка – адзін з кіраўнікоў магілёўскай абласной Ра-
ды партыі Беларускі Народны Фронт.
Маецца на ўвазе пункт 4 праекта “Праграмы агульных дзеянняў
дэмакратычных сілаў Магілёўскай вобласці на перыяд 2004-2006
г.г.” “Дэлегітымізацыя рэжыму”:
• распаўсюд інфармацыі аб сапраўдных выніках рэферэндуму і
выбараў, у тым ліку з мэтай ціску на фальсіфікатараў (парушаль-
никаў закону);
• стварэнне “чорнага спісу” фальсіфікатараў, у тым ліку ў Інтэрне-
це, з мэтай будучага прыцягнення іх да адказнасці. Не павінна быць
учынкаў без наступстваў;
• звароты да еўрапейскіх структураў з мэтай забароны імі ўезду ў
краіны Еўрапейскага Саюзу кіраўніцтву выбарчых камісій;
• стварэнне атмасферы асуджэння вакол пэўных асобаў.
Васіль Аляксеевіч Аўраменка – урач 2-га неўралагічнага аддзя-
лення Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапа-
могі, сябра Магілёўскага грамадскага аб’яднання “Кола сяброў”,
вядомы аўтар і выканаўца шчырых і шчымлівых беларускіх пе-
сен. А таксама і талковы публіцыст, чые матэрыялы лічаць за
гонар друкаваць вядомыя і паважаныя беларускія выданні. Спра-
баваў перамагчы ў барацьбе за дэпутацкі мандат па Магілёўскай-
Кастрычніцкай выбарцай акрузе № 73, але, на жаль, не атрымала-
ся.
Генадзь Вітольдавіч Суднік – аксакал дэмакратычнага руху на Магілёўшчыне. Да 1994 года ўзначальваў Магілёўскае абласное
тэлебачанне і радыё. Потым рэдагаваў магілёўскую абласную
дэмакратычную газету “Тыднёвік магілёўскі”, стаяў ля вытокаў
стварэння грамадскага аб’яднання “Кола сяброў”.
Уладзімір Фядотавіч Падалян – першы сакратар Магілёўскага
абласнога камітэта Партыі Камуністаў Беларускай, кандыдат у
дэпутаты па Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 73.
Маецца на ўвазе тое, што У.Падаляна вымусілі пакінуць пасаду
намесніка дырэктара аднаго з магілёўскіх ліцэяў, калі ён вырашыў
ісці ў дэпутаты, насуперак афіцыйным “устаноўкам”.
Аляксандр Маісеевіч Шчарбак – вельмі імпульсіўны і гала-
сісты прадстаўнік шклоўскіх дэмакратычных плыняў.
Маюцца на ўвазе прадстаўнікі “Пяцёркі плюс” – народнай
кааліцыі, аснову якой склалі Партыя Беларускі Народны Фронт,
Беларуская партыя працы, Беларуская сацыял-дэмакратычная
Грамада, Аб’яднаная Грамадзянская партыя, Партыя Камуністаў
Беларуская. Распрацавала канкрэтныя прапановы і заканапраекты,
каб палепшыць эканамічную сітуацыю ў краіне, падвысіць узро-
вень жыцця ўсіх людзей. Праграма мае назву – “Пяць крокаў да лепшага жыцця”:
1. Дастойнае жыццё – кожнаму!
2. Даць людзям працаваць.
3. Улада для народа.
4. Дзяржаўныя грошы – на службу народу.
5. Павага ў свеце.
Мікола Яцкоў быў старшынёю Брылеўскай участковай выбарчай
камісіі па выбарах дэпутатаў і правядзенню Рэферэндума 17 каст-
рычніка 2004 года. Дарэчы, у выбарчых кампаніях у якасці сябра, а потым і кіраўніка участковай выбарчай камісіі Мікола Яцкоў удзельнічае з 14 студзеня 1984 года.
Валерый Беразіенка – адзін з кіраўнікоў Магілёўскага абласнога
камітэта Партыі камуністаў Беларускай. Прафесар, доктар тэхніч-
ных навук – гэтыя абставіны заўсёды надаюць яго выступленням
лекцыйны характар, дзе логіка і назідальнасць – галоўныя рысы.
Барыс Васільевіч Батура – старшыня Магілёўскага абласнога
выканаўчага камітэта, наш “губернатар”.
Абрэвіятура назвы “Камітэт дзяржаўнай бяспекі”.
Ігар Хоцька з Бабруйску пакінуў уражанне непрымірымага і
бескампраміснага барацьбіта, што, як здаецца, не вельмі добра для
чалавека, які імкнецца сказаць нешта сваё ў палітыцы.
Уладзімір Алейнікаў – прафсаюзны лідэр са знакамітага саўгаса
“Гарадзец” Шклоўскага раёна (адкуль у палітыку пасунуўся і
А.Лукашэнка), чалавек просты і без “выпяндрожу”. Здаецца,
радня вядомаму артысту савецкага кіно Пятру Алейнікаву.
Гаворка ідзе пра вядомую улетку “Долларовые миллионеры
Беларуси” (аўтары Уладзімір Мацікевіч і Сцяпан Сухавенка),
якая нелегальна шырока распаўсюджвалася на час правядзення
Рэферэндуму і выбараў 17 кастрычніка 2004 г. Там надрукавана
хто і колькі з беларускага кіраўніцтва накраў грошай. Зроблена
па прынцыпу АБК (адна баба казала), бо няма ніякай магчымасці
праверыць гэтую “фактуру”.
Барыс Бухель – актыўны удзельнік магілёўскіх дэмакратычных
і праваабарончых плыняў. З аднаго боку, гэта не вельмі стасуецца
з прыроднай асцярожнасцю дадзенай этнічнай ментальнасці. Але,
з другога боку, разумееш, што ў складаныя моманты гісторыі
абавязкова з’яўляецца хтось рацыянальны і мэтанакіраваны, які
запальвае сэрцы і вядзе за сабой. Мы памятаем, хто з’явіўся
галоўным “рухавіком” Кастрычніцкага перавароту ў 1917 годзе.
Жаргоннае слова ад “green” – зялёны (колер долара – грашовай
адзінкі Злучаных Штатаў Амерыкі).
Алесь Чыгір – хоць і малады, але ўжо шмат чаго зрабіў карысна-
га ў дэмакратычным жыцці Бабруйска. Прозвішча абавязвае яго
не толькі ўладкоўваць сваю асабістую пасеку, але і пра народ думаць.
Сяргей Аляксандравіч Фамін – актыўны ўдзельнік незалежнага
прафсаюзнага руху на Магілёўшчыне. Быў кандыдатам у дэпута-
ты па Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 73. Вельмі
спадзяваўся на дапамогу сваёй барадата-прасцецкай знешнасці і
ўменню весці “каліграфічныя” размовы аб усім і ні аб чым. Але…
Аляксандр Мілінкевіч – кіраўнік гарадзенскага грамадскага аб’-
яднання “Ратуша” (накшталт нашага “Кола сяброў”), адзін з кі-
раўнікоў руху “Рэгіянальная Беларусь”.
“Крэсы Ўсходне” (ад польскага kres - вобласць. мяжа. кардон),
назва, якую ўжывалі афіцыйныя польскія ўлады ў дачыненні да
Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, калі яны ўваходзілі ў
склад Польшчы (1921 – 1939 г.г.).
Валерый Арцішэўскі – прадстаўнік з Мінску ад партыі Беларус-
кая сацыял-дэмакратычная Грамада. Негледзячы на сталы ўзрост
і сівыя валасы, па-юнацку захоплены калізіямі палітычнай бараць-бы.
Партыя Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. Кіраўнік –
Станіслаў Станіславіч Шушкевіч. Паводле ідэялогіі бліжэйшая
да Беларускага Народнага Фронту. Сацыялагічныя апытанні паказ-
ваюць досыць высокі ў параўнанні з іншымі партыямі рэйтынг
БСДГ – да 6%; гэта можна патлумачыць вядомасцю і аўтарытэтам
С.Шушкевіча.
Сумнавядомы горад у Паўночнай Асеціі (Расія), дзе 1 верасня
2004 года тэрарыстамі былі захоплены ў заложнікі больш за
1000 вучняў і настаўнікаў школы № 1, амаль палова з якіх загі-
нулі.
Аляксей Янукевіч – адзін з кіраўнікоў партыі Беларускі Народ-
ны Фронт. Малады, хваткі, па-еўрапейску прагматычны. Можа, з
гэтай нагоды ягоная беларускасць мае размытыя і не вельмі
акрэсленыя рысы.
Віктар Юшчанка – кандыдат у Прэзыдэнты Украіны на выбарах
2004 года, лідэр так званай “аранжавай рэвалюцыі”.
Павел Севярынец – старшыня “Маладога Фронту” (з 1999 г.) –
маладзёвага крыла Беларускага Народнага Фронту. Намеснік стар-
шыні БНФ. У 1998 г. правёў два месяцы ў турэмным зняволенні
пасля буйной акцыі пратэсту, наладжанай беларускай апазіцыяй.
Здольны прымаць камандзірскія рашэнні. Адчуваецца, што ягоным
крылам цесна ў сёняшняй апазіцыйнай прасторы.
Уладзімір Лабковіч – адзін з лідэраў Беларускага Народнага
Фронта. Мае здзіўляюча малады ўзрост, але калі паслухаць ягоныя
палымяныя прамовы, то з’яўляецца неадольнае жаданне звяртацца
да яго не “Уладзімір”, а “Валадар”.
Юрый Новікаў – старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі
Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Здаецца, упэўнены
ў тым, што да ўсіх трэба ставіцца па прынцыпу: “Калі не паважа-
юць, то няхай баяцца!”
Мясцовая магілёўская тапанімічна-фальклорная мянушка будын-
ка Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г.Магілёва, дзе раней мес-
ціўся Цэнтральны раённы камітэт Камуністычнай партыі Белару-
сі г.Магілёва, першым сакратаром якога была Тамара Рыгораўна
Кот.
Яўген Аляксандравіч Лебедзеў – кіраўнік Адміністрацыі Каст-
рычніцкага раёна г.Магілёва. Дзядзька даволі сур’ёзны, і не вель-
мі зразумела, чаму ён бегаў “на цырлах” перад прадстаўнікамі
апазіцыі, - можа, з вялікай павагі да гэтых мужных людзей, а, маг-
чыма, адчуў, што палітычнае надвор’е можа і памяняцца.
Аўтарскае абазначэнне прадстаўнікоў уладнай “вертыкалі”.
Гаворка ідзе пра сонечны гадзіннік у выглядзе скульптурнай
кампазіцыі на Плошчы Зорак (каля кінатэатра “Радзіма”) у г.Ма-
гілёве. І няхай адліты там у бронзе дэвіз Магілёва (“Зломіш, але
не сагнеш!”) гістарычна не вельмі дакладны, - гэтыя словы ўжо не
дадуць Магілёву і магілёўцам спыніць сваю рашучую хаду ў бок
еўрапейскіх каштоўнасцяў, якая пачалася аж у 1577 годзе – з на-
даннем гораду Магдэбургскага права.
Сяргей Калякін – першы сакратар Цэнтральнага Камітэта Партыі
камуністаў Беларускай. Разумны, лагічны, але больш нагадвае нем-
ца, чым рэвалюцыянера з палымянымі вачамі, за якім, забыўшы
пра ўсё, пойдуць людзі.
Маецца на ўвазе тое, што перад Магілёвам С.Калякін у складзе
дэлегацыі быў на падобнай канферэнцыі ў Гомеле.
Аляксандр Дабравольскі – намеснік старшыні Нацыянальнага
камітэту Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі. Быў дэпутатам не
толькі Вярхоўнага Савета Рэспублікі беларусь 13-га склікання,
але яшчэ раней нават уваходзіў у склад Вярхоўнага Савета СССР
(у 1989-1991 г.г.). Сапраўдны палітычны зубр (ці мамант?). Па
знешнему выгляду і сібарыцкіх манерах не скажаш, што ён дзеля
ідэі здолее перабрацца на нейкі час у шалаш – як у свой час гэта
зрабіў вядомы У.Ульянаў (Ленін).
Пасіянарнасць (ад грэчаскага passio – пачуццё, пакута), неа-
дольная цяга людзей да ажыццяўлення сваіх ідэалаў. З’ява пасія-
нарнасці ўведзена Л.М.Гумілёвым. Паводле Гумілёва, пасіянар-
насць ляжыць у аснове ўсякіх дзеянняў, якія пакідаюць след у
гісторыі. Яна фарміруецца ў выніку моцных усплёскаў біяхіміч-
най энергіі космасу і канцэнтруецца ў параўнальна невялікіх
абласцях зямной паверхні. На падставе гэтай ідэі Гумілёў стварыў
пасіянарную тэорыю этнагенезу, у цэнтры якой уяўленне пра
этнас, як біясферны, несацыяльны феномен чалавечых паводзін.
Пасіянарныя “штуршкі” нараджаюць павышаную сацыяльную
актыўнасць, якая ў пэўных гісторыка-геаграфічных умовах са-
дзейнічае ўтварэнню новых этнасаў і этнічных сістэм (супер-
этнасаў). Энергія пасіянарнасці забяспечвае стварэнне і існаван-
не ў біясферы Зямлі усёй разнастайнасці этнічных сістэм – пры-
родных калектываў людзей з агульнымі стэрэатыпамі паводзін,
на якія накладвае адбітак геаграфічнае асяроддзе, культурная тра-
дыцыя і этнічнае акружэнне.
Віктар Шалкевіч – вядомы на Беларусі і далёка за яе межамі
гарадзенскі паэт і спявак. Мае вострае вока і аглушальнае пачуццё
гумару. Калі прыгледзецца да яго ўважліва, то за знешняй адчыне-
насцю можна ўбачыць вялікі сум і пэўную адзіноту.
Маецца на ўвазе песня Віктара Шалкевіча “Гарадоцкі раманс”,
навеяная знаёмствам у Крынках (Польшча) з Сакратам Яновічам -
пісьменнікам, самым вядомым беларусам на Беласточчыне. Пасля
знаёмства з гэтым творам С.Яновіч яшчэ доўга бурчэў, што Шал-
кевіч абы што наплёў пра ягоны вельмі дабротны плот.
“Гарадоцкі раманс”
Калі на захадзе забліскаюць зарніцы,
І сон паморыць і жывёлу, і людзей,
Прыходзь тады, мая Марыська, да крыніцы,
Як мае быць, нам заспявае салавей.
Закрэхчуць жабы гэтак млосна у балоце,
Як быццам заўтра не крахтаць ім і не жыць.
І пры паваленым Яновічавым плоце
Мы станем ціхенька і будзем гаварыць.
Быў я ў Гайнаўцы ў мінулым панядзелку.
Вазілі з бацькам на продаж воз гаршкоў,
І даў стары мне трохі грошай на гарэлку,
А я замест карчмы у краму – шасць цішком.
Забег у надта у пажондную я краму,
Дзе мае гэшэфт сам пан Валовіц Абрам.
І, сталкаваўшыся з Валовіцам Абрамам,
Купіў пярсцёнак. Прыдзеш, то табе аддам.
Во, певень заспяваў. За ім другі і трэці.
На лямпы фукнуў працай здушаны народ.
Цябе ж, Марыся, пэўна дзецьці носяць чэрці.
Хай лепш прынеслі б пад Яновічавы плот.
Пара ісці, напэўна трэцяя гадзіна,
Бо месяц ссунуўся за Крынкаўскі бальшак.
І з плота я цягну здаровую тыніну
Каб мне было чым адбівацца ад сабак.
Віктар Шалкевіч спяваў свае песні на фоне прымацаваных да
сцяны памяшкання сцягоў дэмакратычных арганізацыяў і партый,
прадстаўнікі якіх удзельнічалі ў канферэнцыі.
Аляксандр Рыгоравіч (!) Агееў – навуковец-гісторык, дацэнт,
дэпутат Магілёўскага гарадскога Савета (ці не адзіны там прад-
стаўнік мясцовых дэмакратычных плыняў).
Сяргей Мурзін – прадпрымальнік з г.п.Дрыбін і актывіст
тамашняга местачковага дэмакратычнага жыцця. Добра, што ў
такіх мядведжых кутах заварушылася нешта новае, маладое і
моцнае.
Тамара Міхайлаўна Маскалёва – актывістка магілёўскага дэма-
кратычнага руху. Негледзячы на паважаны ўзрост, сапраўдная пія-
нерка – у першапачатковым значэнні гэтага слова: французскае
pionnier – першапраходзец, пачынальнік, той,хто пракладвае
новыя шляхі ў якой-небудзь вобласці дзейнасці.
У выкананні Міколы Яцкова прагучалі песні на вершы беларус-
кіх паэтаў Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законнікава і Эдуарда Аку-
ліна.